Кама́р, къма́р, кома́р, кума́р ’двухкрылае насякомае-крывасмок Culex pipiens’ (ТСБМ, Сцяшк., Бяльк., Яруш., Растарг., Сл. паўн.-зах., ТС; КЭС, лаг.), камарно́ ’шмат камароў’ (Янк. 3.), камарня́ (Бяльк., Сцяц. Нар., Сл. паўн.-зах.; чэрв. Нар. лекс.), камарне́ча (Ян.), камарэ́ча ’тс’ і агульная назва мошак (Інстр. II, Некр., Янк. 3., Сержп., ТСБМ, ТС), мсцісл. кымарьё ’тс’ (З нар. сл.). Укр. кома́рь, бойк. комари́ці ’машкара’, рус. кома́р(ь) ’тс’, ’мурашка’, раз. кама́р ’тс’, польск. komar, ст.-польск. і дыял. komór, komor, kumar, kumor, komos, kumas, komosa, kamosa, kamor ’камар’, н.-луж. komar, в.-луж. komor, чэш., славац. komár, славен. komár, серб.-харв. ко̀мар, макед. ку́мар, ко́мар, комарец, балг. комар, кумар, кумарь ’тс’. Прасл. komarъ//komarь. І.‑е. адпаведнікамі з’яўляюцца: літ. kamãnė ’сляпень; лясная пчала’, лат. kamane ’чмель, сляпень’, літ. kamìnė ’лясная пчала’, лат. kamine, kamene, ст.-прус. camus ’чмель’, далей с.-в.-ням. hummen ’гудзець’, humbal ’чмель’, ням. Hummel ’пчала’, нарв. humre ’іржаць, бурчаць’ (Фасмер, 2, 301; Слаўскі, 2, 377–378; БЕР, 2, 568). Немінен (Lingua Pozn., 3, 187–205) і Фрэнкель (212) гэту лексему звязваюць з прасл. komъ ’клубок, рой, камяк, камлыга, груда’ (гл. камы́), параўн. бел. выраз «камары мак таўкуць» — калі камары роем, слупам (клубком) круцяцца то ўгору, то ўніз. У такім выпадку вылучаецца суфікс ‑ар і ‑or, ‑ór таксама, як і ‑ах‑а ва ўкр. комаха ’насякомае’, ’мурашка’, ‑os‑, ‑os‑ у польск. лексемах (Гл. вышэй). А Махэк₂ (271) і Яначэк (Slavia, 24, 3) залічаюць у спіс балт. адпаведнікаў і літ. šamalуė́lis ’камар’ і mãšalas ’мошка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

паспрача́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Уступіць у спрэчку з кім‑н. Злосць следчага выклікала ў Сяргея не страх, а жаданне паспрачацца і даказаць сваё. Машара. [Лемяшэвічу] прыемна было пабыць некалькі гадзін у прыгожых утульных пакоях з мяккай мэбляй, з’есці смачны дамашні абед, выпіць чаю, пагутарыць і нават паспрачацца з гаспадаром. Шамякін. // Пабіцца аб заклад. Проста паспрачаўся [Андрэй] з хлопцамі, што з’есць камяк снегу і нічога яму не будзе. Васілевіч. Яшчэ ў дарозе Том паспрачаўся, што зводзіць усіх у Мурманску ў кіно, і яны сядуць там побач з рускімі. Шамякін. // Пасварыцца, палаяцца. [Галя:] — Чаму не прывёў яго [Змітрака]. — А-ат, — зморшчыўся Іван. — Між намі прабегла чорная кошка. Што, не верыш? Учора былі памірыліся, ды сёння зноў паспрачаліся. Ваданосаў.

2. Спрачацца некаторы час. Пакуль яшчэ трохі паспрачаліся пасля галасавання, пакуль усе разышліся, на вуліцы сцямнела. Кулакоўскі. Прапанова сустрэць новы год разам — спадабалася [хлопцам і дзяўчатам].. Крыху паспрачаўшыся, вырашылі: дзе большы пакой, там і быць вечару. Шахавец.

3. перан. Пазмагацца, паспаборнічаць з кім‑, чым‑н. Вось побач з поездам ляціць варона, нібы ёй хочацца паспрачацца ў быстрыні з ім. Колас. Ты крычыш, мора, а я Не магу паспрачацца з табою, Ты завеш, мора, а я Тваіх даляглядаў баюся. Кірэенка. І кожны, хто бачыў Клумава, верыў: такі чалавек можа паспрачацца са смерцю. Новікаў. // Зраўняцца, стаць нароўні з кім‑, чым‑н. Па мяккасці гумару, па зайздросным пачуцці мастацкай меры, уменні дасканала стварыць вобраз .. песня можа паспрачацца і з лепшымі паэтычнымі ўзорамі фальклору. Ліс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скруці́цца, скручуся, скруцішся, скруціцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Туга звіцца. Вяроўка скруцілася. // Скачацца трубкай, загнуцца, закруціцца з краёў. Бяроста затрашчала, скруцілася, начадзіла пахучым дымам. Шамякін. Павязка за ноч аб’ехала, намокла на дажджы, бінты скруціліся. Мележ.

2. (звычайна са словамі «у клубок», «у абаранак» і пад.). Кладучыся ці лежачы, сагнуцца, скурчыцца. [Змяя] ляжала, скруціўшыся, на пяньку і грэлася на сонейку. Маўр. Хацелася легчы пад гусцейшую елачку, скруціцца ў клубок. Жычка. Максімка зусім скруціўся ў камяк. Чорны.

3. Злучыцца ў выніку скручвання; зліцца. Адна з адной рынуцца [хвалі] ўглыб, як магілу, Там скруцяцца, узнімуцца клубам, дугой. Купала.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сашрубавацца. Гайка скруцілася.

5. Сапсавацца пры зашрубоўванні, адкручванні. Кран скруціўся. // перан. Разм. Змяніцца, перайначыцца. [Нічыпар:] Ай, Міхал, Міхал!.. Ты ўжо вялікім начальнікам быў... І думаў, да скону панаваць будзеш. Ажно бачыш, як усё скруцілася? Кучар.

6. Разм. неадабр. Прапасці, знікнуць. Ад сына, відаць, ужо помачы не чакай: скруціўся з дому, разлайдачыўся, распіўся. Грахоўскі.

7. Разбэсціцца, разлайдачыцца. І пра пшаніцу, і пра гэта я расказаў табе, хоць і ведаў, што ты будзеш хадзіць па пасёлку і ўсім будзеш жаліцца, што твой мужык скруціўся, што ён апошнюю скібку хлеба адбірае ў родных дзяцей і нясе палюбоўніцы. Кудравец. Дырэктар і расшчодрыўся. Думаў, што чалавек будзе жыць, сям’ю глядзець, а ён разбэсціўся, скруціўся... Гроднеў.

8. Разм. неадабр. Уступіць у інтымныя зносіны з кім‑н., сысціся з кім‑н. Жонка [старшыні] так скруцілася з бухгалтарам, што не саромелася замыкацца з ім у калгаснай канцылярыі. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сця́цца 1, сатнуся, сатнешся, сатнецца; ‑нёмся, ‑няцеся; пр. сцяўся, сцялася, ‑лося; зак.

Схапіцца, счапіцца ў бойцы, барацьбе, сварцы. Народ прачынаецца ад доўгага сну, страсае з душы рахманасць і .. гатовы твар у твар сцяцца з ворагам-акупантам. Машара. Волечка сцялася грызціся з Гельскім. Чорны.

сця́цца 2, сатнуся, сатнешся, сатнецца; ‑нёмся, ‑няцеся; пр. сцяўся, сцялася, ‑лося; зак.

1. Сабрацца ў камяк, скурчыцца; сціснуцца. [Шыковіч:] — Я хацеў спытаць у вас пра Савіча. Доктара Савіча. Сцяпана Андрэевіча. — Як .. [Сухадоліха] адразу змянілася! Адступала на крок, нібы спалохалася. Сцялася неяк уся, ажно ростам паменшала. Шамякін. Не вытрымаў тут Міколка, аж затрымцеў увесь, сцяўся ў камочак. Лынькоў. Вяргейчык неяк ураз увесь сцяўся, звяў, зрабіўся маленькі, палахлівы, як верабей. Сачанка.

2. Шчыльна злучыцца (пра губы, пальцы і пад.). Прачытаў [Лазавік] першыя словы, і шчокі яго пабялелі, сцяўся рот. Хомчанка. Рысы твару .. [Скуратовічыхі] ахаладзелі, губы сцяліся. Чорны. Гэлька не магла глядзець у вароты хлява, яна адвярнулася ў другі бок. Сашчапіліся пальцы ў кулакі, сцяліся зубы. Сташэўскі.

3. перан. Сціснуцца, выклікаўшы цяжкае дыханне (пра грудзі, горла і пад.). Чарнеў маўкліва чакаў, і ў Клімчанкі сцялося ўнутры. Быкаў. Адчуць боль пад уплывам якога‑н. пачуцця (пра душу, сэрца). І ад нейкіх блытаных, перам[я]шаных думак, ад усяго, што прынёс гэты дзень, у Сяргея сцялося сэрца. Адамчык.

4. Зацвярдзець пад уздзеяннем марозу. На дварэ люты, а ў паветры зусім мякка, маразы бываюць ледзь-ледзь, як вадзе сцяцца. Ермаловіч. На вечар хмары разышліся, зусім недарэчы высвеціў месяц, пачала халоднай скарыначкай падстываць гразь, і ў лужынах тонка і лёгка сцяўся лядок. Жук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пліта́, плыта́, плі́тка ’вялікі плоскі камень або кавалак металу з роўнай паверхняй’, ’кухонная печ з канфоркамі’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Яруш., Сл. ПЗБ; навагр., астрав., воран., Сцяшк. МГ), ’засохлы камяк зямлі на засеяным полі’ (Яшк.), ’ссохлая луста зямлі, крыга’ (ТС), ’вялікі кавалак апрацаванай гліны’ (клец., ЖНС), плі́та ’вялікая крыга’ (лёзы., Яшк.), пліта́ ’тс’ (лёзн., ЛА, 2), ’памост ці камень на беразе рэчкі, дзе мыюць бялізну’ (шчуч., Сцяшк. Сл.), ’вялікі кавалак сала’ (лун., мазыр., Шатал., ЛА, 4), плі́ты ’брыкет’ (Сцяшк. Сл.), пліта́ ’раскладка снапоў для малацьбы’ (рагач., ДАБМ, камент., 872), ’застаронак у гумне’ (кіраў., рагач., бабр., ЛА, 2), плі́та ’тарпа сена, саломы, снапоў’ (кіраў., Нар. сл.), пліта́ ’сцірта’, ’зляжалы пласт сена’ (рагач., гродз., Сл. ПЗБ; рэч., ЛА, 2), пліта́ ’касцёр дроў’, плі́та ’тс’ (асіп., жлоб., рагач., бабр., ЛА, 1), ст.-бел. плитка ’адзінка колькасці солі’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. пли́та, рус. плита́ ’пліта’, стараж.-рус. плита ’кавалак каменя з плоскай паверхняй’, ’цэгла’, польск. plitaбел.), płytaукр.), балг. пли́та ’цэгла’, магчыма, серб.-харв. пли̏тица ’плыткая міска’. Звычайна збліжаюць са ст.-грэч. πλίντος ’цэгла’ (Фасмер, 3, 283). Магчыма, некаторыя лексемы (напр., балгарская) узыходзяць да навагрэч. πλίθα ’цэгла з гліны і саломы’ (БЕР, 5, 354), аднак трэба прыняць пад увагу пашырэнне (усх.-слав. тэрыторыя) і суаднесці з літ. plytéti ’распасцірацца’, plìsti ’тс’, у такім выпадку можна гаварыць аб лексеме пліта́ як аб балтызме (Банькоўскі, 2, 610). Сюды ж плітня́к ’вапняковая ці пясчаная парода, якая лёгка раздзяляецца на пліты’, плітава́ць ’абчэсваць камень у выглядзе пліткі’ (Шат.), плі́тка ’кара’ ў выразе: пліткай узяцца ’пакрыцца струпамі’ (докш., Сл. ПЗБ), плі́ты ’прыступкі ганка з каменю’ (воран., Сцяшк. МГ), плітоўка ’расколатыя на кавалкі камяні’, плітоўнік ’малаток для расколвання камянёў на кавалкі’ (Скарбы).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́чка1 ’нырка’ (Дразд.; Ян.; паст., Сл. ПЗБ), ст.-бел. почка, укр. по́чка, рус. по́чка, ст.-рус. почька. Лічыцца вытворным ад пяку́, параўн. у семантычных адносінах пе́чань і каш. povarka ’нырка’ < прасл. *variti ’варыць’ (Фасмер, 3, 348; Праабражэнскі, 2, 118). Гл. таксама па́чка.

По́чка2 ’пупышка’ (ТСБМ), по́чачкі ’пупышкі’ (паст., Сл. ПЗБ), рус. по́чка ’тс’, укр. по́чка ’пладовая костачка; семечка гарбуза’, польск. pestka ’семечка’, ст.-польск. і дыял. pecka ’сярэдзіна плода з насеннем’, чэш. pecka ’семечка; каменьчык’, в.-луж. počka, дыял. pačka ’тс’, н.-луж. packa, дыял. pecka ’тс’, харв. кайк. pečka ’ягада вінаграду’, чак. paćka ’семечка, сярэдзіна плода; ягада вінаграду’, славен. pečkà ’пладовая костачка’, pečèk ’костачка віннай ягады’. Беларуская лексема, відаць, запазычана з рус. почка ’тс’, якая не мае пэўнай этымалогіі (Фасмер, 3, 348). Борысь (Czak. stud., 99) узводзіць да прасл. *pъtʼka‑ ’штосьці круглае, камячок, каменьчык, семечка, пупышка’, вытворнае з суф. ‑ьka ад рэдкага прасл. *pъtʼa ’нешта круглае, груда, камень’, што рэканструюецца на базе польск. pce ’падстаўкі пад бочкі ў склепе’, дыял. pecaкамяк гліны, вапны, снегу, зямлі’, ’вашчына з мёдам’, ’бохан хлеба’ і памяншальных дэрыватаў ад яго: харв. pajca (< *pъtʼьca), paćak, славен. peček (< *pъtʼьkь) ’вінаградны атожылак; семечка; гарошак’, роднаснае літ. paũtas ’яйка, ядро’, лат. pàuts ’тс’ і далей з літ. puntù, puntaũ, pùsti ’набухаць’ (Мацэнаўэр, LF 14, 414). Гл. таксама Банькоўскі, 2, 522; Бязлай, 3, 19. Спробы аддзяліць форму *počьka ад іншых славянскіх слоў і аднесці да рус. чкатъ, чикать, чкнуть, прочкну́ться ’лопацца (пра пупышкі)’ (Міклашыч, 38; Бернекер, 1, 166) маюць пэўныя семантычныя падставы, бо ў аснове намінацыі — значэнне ’раскрывацца’, параўн. по́каць, по́кацца ’распускацца (пра пупышкі)’ (гл.) і паралельнае ўтварэнне ад пу́каць, пу́кацца лопацца’ — пучча ’кветаноснае сцябло, стрэлка’ (гл. пук). Параўн. по́каўка ’пупышка’ (Стан.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

запусці́ць 1, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак., каго-што.

1. чым у каго-што. Кінуць з размаху. [Шаманскі] скамячыў снежку і запусціў у.. [Валянціну], знарок завысіўшы. Дуброўскі. Муляр схапіў камяк сухой вапны, крыкнуў і запусціў яго ў варону. Карпюк.

2. Прымусіць падняцца, узляцець. Запусціць змея. Запусціць штучны спадарожнік Зямлі. Запусціць ракету.

3. Прывесці ў дзеянне; пусціць. Запусціць станок. Запусціць матор. // Пачаць, наладзіць масавы выраб чаго‑н. Запусціць новую мадэль у вытворчасць.

4. Разм. Засунуць куды‑н. унутр; апусціць. [Віктар] ёмка прыладзіўся на галіне і запусціў у дупло руку. Маўр. Кожнаму, хто хацеў паласавацца мёдам, давалася права падысці да стала і запусціць у цёрла руку з кавалкам хлеба. Колас. // Усадзіць, уваткнуць у што‑н. Запусціць джала. □ Дзяцел заўзята супраціўляўся, і сычык, які запусціў яму ў спіну кіпцюры, не мог разлічваць на хуткую перамогу. Самусенка.

5. Змясціць, упусціць куды‑н. з пэўнай мэтай. Запусціць малькоў карпа ў сажалку. // Разм. Дазволіць зайсці, пусціць куды‑н. Запусціць кароў у лес.

6. Разм. Уліць, упырснуць куды‑н. Пчала запусціла яд. □ Тым часам доктар запусціў морфію. Нікановіч.

7. без дап. Разм. Вельмі хутка пабегчы, паехаць і пад. Запусціць рыссю.

•••

Запусціць руку (лапу) у што — незаконна захапіць што‑н., пакарыстацца чым‑н. чужым.

запусці́ць 2, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак., каго-што.

1. Пакінуўшы без догляду, без увагі, прывесці ў стан заняпаду; закінуць, занядбаць. Запусціць работу. Запусціць гаспадарку. □ А вучобу я ўсё-такі запусціў і апошні курс расцягнуў на два гады. Якімовіч. // Даць развіцца (хваробе), не прыняўшы своечасова пэўных мер. Запусціць хваробу.

2. Перастаць стрыгчы, даць магчымасць вырасці (пра валасы, ногці і пад.). Запусціць бараду. □ Яшчэ ў семінарыі Алёшка запусціў сабе вусікі. Колас.

3. Перастаць апрацоўваць, даць зарасці травой, пустазеллем. Запусціць зямлю.

4. Перастаць даіць перад ацёлам. Запусціць карову.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пыж1 ’драўляная затычка для круглай адтуліны’ (Нас.), ’кавалачак дрэва, які закладваецца ў вугал зруба пры спалучэнні бярвенцаў’ (жабін., Нар. сл.), пыжч ’тс’ (кам., там жа), пыж ’калок, якім прымацоўваецца ярмо да дышля воза або саней’ (Бес.), ’невялікі драўляны шар або абрубак ад палкі (пры гульні “ў пыжа”)’ (Нас.; БНТ, Гульні), ’затычка з лямцу, шэрсці або картону ў патроне для паляўнічай стрэльбы’ (ТСБМ), ’малеча, карапуз’ (Бяльк.), мн. л. пыжэ́ ’стрыжні птушыных пер’яў’ (карэліц., Сл. ПЗБ), ’бутоны’ (навагр., Жыв. сл.), пы́жык ’кароценькая затычка; тоўсценькае дзіця’ (Нас.), ’тоўсты блін з кіслага цеста; булачка’ (рас., Шатал.; шальч., Сл. ПЗБ), ’хлопчык, які слаба расце, малы’ (Бяльк.), параўн. укр. пиж ’від дзіцячай гульні’, рус. пыж ’затычка ў патроне; пустое, няўсхожае насенне; шар або абрубак (у дзіцячай гульні); папярочны брусок у носе і карме лодкі; булачка’, пы́жык ’маларослы, надуты чалавек’; адносяць сюды і балг. пи́жо ’нехрышчонае дзіця’. Значэнне гэтай групы слоў канцэнтруецца вакол паняццяў ’затычка, шпунт, калодачка’, ’неразвіты плод’, ’пышка, булачка’, што дае магчымасць далучыць сюды бел. пужо́к ’схованка для рыбы ў канцы лодкі’ і пужы́на ’пустое зерне’ (гл. зыходныя формы, хутчэй за ўсё, *пыжок, *пыжына з тыповым для тураўскай гаворкі пераходам ы > у пасля губных). Роднаснае літ. paugžlỹs, pūgžlỹs ’апалонік’, pùžas ’брухаты’, pùžti ’аслабець’, узыходзіць да і.-е. *pōu̯‑, *pū‑ ’дуць, надувацца’, што дае падставы для рэканструкцыі асновы прасл. *pyž‑ (Куркіна, Этимология–1971, 71–72); Тапароў (Балтийские яз., 45) лічыць рус. маск. пыж ’бясплоднае, няўсхожае насенне’ балтызмам, што малаверагодна па лігвагеаграфічных прычынах; па семантычных і лінгвагеаграфічных прычынах сумнеўна вывядзенне рус. арх. пыж ’папярочны брусок, устаўлены ў нос лодкі’, параўн. пск. носовой пыж, кастр. ’нос судна’ з комі, удм. piž ’лодка’, мар. puš ’тс’ (Фасмер, 3, 417).

*Пыж2, пуж ’гарнастай’, памянш. пы́жык: раншы дорогі буў пыжык (ТС), пы́жык ’паўночны алень ва ўзросце да двух месяцаў, а таксама футра з яго’ (ТСБМ). Выводзяць з удм. pužej ’паўночны алень’, комі pež ’аляня, якое яшчэ не мае рагоў’ і пад. (Фасмер, 3, 417: лічыць гатую этымалогію “безукоризненной”); іншая версія — аднясенне пыж2 да пыж1 (Праабражэнскі, 2, 159 і інш.) па лінгвагеаграфічных і семантычных прычынах, параўн. рус. дыял. пы́жик ’шкура невялікага мядзведзя’, ’птушка Vanellus gregarius Pall.’, ’стэпавы кулік, Charadrius’ (адносна апошняй гл. Фасмер, 3, 418), здаецца больш прымальнай. Чарных (2, 87) мяркуе, што фіна-угорскія словы запазычаны з рускай мовы, аналагічна Анікін (416–417), які схіляецца да версіі паходжання ад рус. пыжкамяк’, пы́жить ’настаўляць, растапырваць’, гл. пыж1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́га1 ’прылада да паганяння, пужка’ (Нас., Шат., Шпіл., Мал., Бяльк., Сцяшк. Сл., Сл. Брэс., Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Гом., Яруш., Гарэц., ТСБМ), púha ’тс’ (Тарн., Маш.), укр. пу́га ’тс’, ст.-польск. pąga, pęga ’раменны біч’ (з XV ст.); Шымкевіч спасылаецца на “валашска-малдаўскае пꙋ́гъ ’пужка’ (Шымк. Собр., 167). Звычайна звязваюць з пуга́ць < пужа́ць ’палохаць’, так ужо Чачот (“púha: bicz włościański i długi pastuszy. Musi pochodzić od pużać, straszyć”, Чач.) і Насовіч, што сустракае пярэчанне, паколькі названы дзеяслоў вядомы пераважна на рускай тэрыторыі, дзе назоўнік малаўжывальны (Праабражэнскі, 2, 148); аднак больш верагодная сувязь з гукапераймальным пуг(у), параўн.: шугу‑пугу кымару (веліжск., Шлюб.), пу́гаць ’сёрбаць, есці з прысвістам’, што перадае гукавы вобраз сцябання пугай, гл. у Праабражэнскага, 2, 148: “пуга — орудіе, которымъ щелкаютъ, хлопаютъ”, параўн. таксама сцяба́ць ’біць, лупцаваць’ і ’прагна есці, хлябтаць’. Менш верагодна з пу́га ’невялікі круглы прадмет, гузік, шарык’, паколькі такія прадметы прымацоўвалі на канцы (або завязвалі вузел у пугі), параўн. польск. pęga ’kulka ołowiana na rzemieniu do biczowania’, pąga ’coś kulistego’ (Банькоўскі, 2, 537). Страхаў (Балто-слав. этнояз. отнош., 45) следам за Талстым звязвае пу́га ’біч’ і праслав. *pǫga ’вясёлка’, рэканструяванае на падставе польск. сілез. puhga, славен. póga і серб.-харв. кайк. puga ’тс’, і прыводзіць літоўскія паралелі для назваў вясёлкі: diẽvo rykštė ’божы дубец’, orãrykštė, dangaus rýkšte ’нябесны дубец’. Сюды ж, відаць, пу́га ’сцябло без лісцяў’ (Ян.), ’адростак агурка, гарбуза’ (Мат. Гом.), параўн. рус. пле́ти ’сцябліны некаторых раслін’, пу́гавыця ’вяроўка’ (Бес.). Гл. таксама пу́га2.

Пу́га2 ’вага ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, камент., 809), ’журавель у калодзежы’: стаіш стовп, а на ставпу пуга лежыт, а до пугы прывязан ключ (бяроз., Шатал.). Хутчэй за ўсё, да пуга1 з-за знешняга падабенства, параўн. рус. хлыст ’тонкая жэрдка, шост’ і ’пуга, бізун’; менш верагодна да пу́га ’круглы прадмет, патаўшчэнне’ для абазначэння груза на канцы жураўля, гл. пуга3.

Пу́га3 ’божая кароўка’ (брэсц., Цыхун, вусн. паведамл.), сюды ж, магчыма, экспр. пу́га ’той, хто непакоіць, перашкаджае (аб дзецях, малых свойскіх жывёлах)’: чого гэта пуга малая мышае? (драг., Сл. Брэс., З нар. сл.). Узыходзіць да прасл. *pǫgy ’невялікі круглы прадмет, шарык, гузік, патаўшчэнне, вузел’, да семантыкі параўн. вузёл (пра малога хлопчыка) (гл.), балг. въ́зил ’вузел’; жарт. ’малы чалавечак’ і пад. Звычайна параўноўваюць з лат. puőga, puogs ’гузік’, ст.-інд. puñjasкамяк, маса’ (Фасмер, 3, 400).

Пу́га4 ’жанчына, якая любіць хадзіць па сяле’ (кобр., ЛА, 3). Няясна, магчыма, да наступнага слова.

Пу́га5 ’маланка, разрад’: у буру вялікая пу́га была на небе (брагін., Мат. Гом.). Геаграфічна блізкае бранск. пу́га ’мяцеліца’ (гл. Bałto-słow. zw. jęz., 29) дазваляе звязаць названае слова з лат. pűga ’парыў ветру, віхор’, літ. pugà ’мяцеліца, буран’ і асабліва з выразам versti pugàs ’утвараць шум, мітусіцца’, іншыя паралелі: ст.-ісл. fok: ’мяцеліца, завея’ ад fjúka ’гнаць, мясці’, с.-в.-ням. vochen ’дуць’ (Фасмер, 3, 399); пры гэтым нельга выключыць зрокавую і гукавую асацыятыўную сувязь з пу́га1 (гл.). Паводле Страхава (Балтослав. этнояз. отнош., 45), пу́га ’біч’ — атрыбут славянскага “громовержца” Іллі ў беларускіх і ўкраінскіх калядках: Дзе пугаю махне — там жыта расце.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сабра́цца, збяруся, збярэшся, збярэцца; збяромся, зберацеся; зак.

1. Сысціся, з’ехацца ў адно месца. Заўтра дзень кірмашовы ў сяле Сілічах, Там, ён [Цімох] ведае гэта, збяруцца сябры. Куляшоў. Калі ж мы зноў збяр[о]мся ў цесны круг, Як раніцай збіраюцца заранкі? Глебка. Яшчэ ў першы дзень, як толькі Сашка прыехаў у Багатую Граду, у дзедаву хату сабралася нямала хлопчыкаў і дзяўчынак. Даніленка. // Адкрыцца, пачаць сваю работу (пра сход, пасяджэнне і пад.). Раніцай павінен быў сабрацца савет МТС. Лобан. Можна сказаць, не пас[я]дж[э]нне гэта было, а сапраўдны сход. Увесь сельсавет сабраўся, і так яшчэ актывістаў пазвалі. Чорны. // Згрупавацца тым ці іншым чынам вакол каго‑, чаго‑н. Сабралася ў кола Шаснаццаць сясцёр, Усе маладыя, амаль аднагодкі. Здружыла ў змаганні, ў паходах жыццё І працай зраднілі сясцёр пяцігодкі. Лужанін. // Зляцецца ў чародкі (пра птушак). Па позвах тых гусі З лясоў і балот Сабраліся: хутка У вырай адлёт. Калачынскі.

2. Дайсці да якой‑н. колькасці, да якога‑н. ліку. Гасцей сабралася чалавек дваццаць. Дуброўскі. Войска, брат, ёсць. Узвод — не ўзвод, а аддзяленне добрае збярэцца. Брыль.

3. Паступова накапіцца ў адным месцы, у адных руках. Аднойчы здарылася так, што нам выдалі стыпендыю ды мой старэйшы брат прыслаў мне дапамогу — рублёў дваццаць пяць. Разам у мяне сабраўся цэлы капітал. Дубоўка. // перан. Адкласціся ў душы, набалець. У гэтай сцэне сабраўся ўвесь накіп усяго таго, што рабілася каля .. карчмы праз шмат год. Чорны. Старая зноў ўспомніла Лідачку, Міхася, і ўся тая злосць на жыццё, якую яна толькі мела, сабралася, здаецца, адразу. Брыль.

4. Адвольна назбірацца ў якой‑н. колькасці (пра вадкасць, пару і пад.). [Залатарова:] — Усё зразумела. У воку сабралася глаўкомная вадкасць. Мяжэвіч. Ралля паруе — цеплыня Сабралася за час зімовы. Прануза. // Паступова насунуцца, згусціцца (пра хмары, навальніцу). Пад вечар шэрыя хмаркі ўсё ж такі сабраліся ў адну і затулілі ўсё неба. Маўр. / у безас. ужыв. І, бач, зноў жа сабралася на дождж. М. Стральцоў. // Пачацца ў выніку паступовага нарастання пэўных змен у атмасферы. Пад раніцу дождж збярэцца.

5. Набухнуць (пра пупышкі дрэў, кветак). На верхавіне сцябла парасонам сабраліся пучкі, гатовыя распусціцца ў кветкі. Маўр.

6. Падрыхтаваць усё неабходнае ў дарогу. Сабраўся дзед Баўтрук, забраў сякія-такія рэчы, сякерку сваю цяслярскую вострую ўзяў і, не аказаўшыся нявестцы, выйшаў з хутара на дарогу. Колас. // Намерыцца пайсці куды‑н., пабываць дзе‑н. Сабраўся аднойчы дзядзька Антось у лес, закінуў стрэльбу за плечы, гукнуў Таксу. С. Александровіч. — Куды гэта ў поўнач сабралася? — нездаволена спытала .. [Маню] маці. Васілевіч. // з інф. Наважыцца зрабіць што‑н. — Ці не вагоны ты перасаджваць сабралася? Якімовіч. Часамі мне хочацца як-небудзь сабрацца перачытаць іх [ апавяданні] ды паправіць. Скрыган. // Надумацца стаць кім‑н. Сабрацца ў інжынеры.

7. (звычайна са словамі «сілы», «думкі», «дух» і пад.). Унутрана арганізаваць сябе. Трэба было супакоіцца, сабрацца з сілаю, суняць сэрца ў грудзях, каб ударыць без промаху. Быкаў. Мімаволі падкасіліся ногі, і Анісся прыхілілася да заснежанага плота, каб аддыхацца, сабрацца з думкамі. Лынькоў. Разгублены Папас не ўмеў сабрацца са словамі. Галавач. І дзіва, чым бліжэй падыходзіў [Сіліцкі] да Людмілінага дома, тым больш пачынаў хвалявацца.. Каля самага дома ён аж прыпыніўся, каб сабрацца з духам. Арабей. // Напружыць мышцы, падрыхтавацца да якога‑н. руху, дзеяння. Усё .. цела [Аляксея] напружылася, сабралася. Мележ. Кошка ў гэты момант .. ужо сабралася скокнуць, каб схапіць вераб’я. Бяспалы.

8. Стуліцца, як быццам зрабіцца меншым. Вялікі жаль да бацькі агарнуў усю .. малую істоту [Міколкі], і ён нібы сабраўся ўвесь у маленькі камок. Лынькоў. Бровы яе збегліся на пераноссі, і ўвесь твар сабраўся ў жаласлівы камяк. Крапіва. // Утварыцца, з’явіцца (пра маршчыны, складкі). Залатыя дзянькі прайшлі і канулі ў нябыт. Маршчынкі, як павуцінне, сабраліся ўжо каля вачэй. Чарнышэвіч. Лоб сабраўся ў гармонік і гэтым выразна аддзяляў сябе ад лысіны. Кулакоўскі.

•••

Сабрацца адно к аднаму — накапіцца чаго‑н. дзе‑н. (пра справы, незадавальненне, гнеў). [Злобіч:] — Даруй, Рыгор ... неяк з гарачкі я ... Сабралася адно к аднаму. М. Ткачоў.

Сабрацца (пайсці) у прочкі — звычайна пайсці ад мужа; пакінуць сям’ю, сваю хату з прычыны неладоў.

Сабрацца (прыйсці) у свіныя галасы — позна, у позні час, са спазненнем.

Хмары сабраліся над кім-чым гл. хмара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)