запусціць 1, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак., каго-што.

1. чым у каго-што. Кінуць з размаху. [Шаманскі] скамячыў снежку і запусціў у.. [Валянціну], знарок завысіўшы. Дуброўскі. Муляр схапіў камяк сухой вапны, крыкнуў і запусціў яго ў варону. Карпюк.

2. Прымусіць падняцца, узляцець. Запусціць змея. Запусціць штучны спадарожнік Зямлі. Запусціць ракету.

3. Прывесці ў дзеянне; пусціць. Запусціць станок. Запусціць матор. // Пачаць, наладзіць масавы выраб чаго‑н. Запусціць новую мадэль у вытворчасць.

4. Разм. Засунуць куды‑н. унутр; апусціць. [Віктар] ёмка прыладзіўся на галіне і запусціў у дупло руку. Маўр. Кожнаму, хто хацеў паласавацца мёдам, давалася права падысці да стала і запусціць у цёрла руку з кавалкам хлеба. Колас. // Усадзіць, уваткнуць у што‑н. Запусціць джала. ▪ Дзяцел заўзята супраціўляўся, і сычык, які запусціў яму ў спіну кіпцюры, не мог разлічваць на хуткую перамогу. Самусенка.

5. Змясціць, упусціць куды‑н. з пэўнай мэтай. Запусціць малькоў карпа ў сажалку. // Разм. Дазволіць зайсці, пусціць куды‑н. Запусціць кароў у лес.

6. Разм. Уліць, упырснуць куды‑н. Пчала запусціла яд. ▪ Тым часам доктар запусціў морфію. Нікановіч.

7. без дап. Разм. Вельмі хутка пабегчы, паехаць і пад. Запусціць рыссю.

•••

Запусціць руку (лапу) у што — незаконна захапіць што‑н., пакарыстацца чым‑н. чужым.

запусціць 2, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак., каго-што.

1. Пакінуўшы без догляду, без увагі, прывесці ў стан заняпаду; закінуць, занядбаць. Запусціць работу. Запусціць гаспадарку. ▪ А вучобу я ўсё-такі запусціў і апошні курс расцягнуў на два гады. Якімовіч. // Даць развіцца (хваробе), не прыняўшы своечасова пэўных мер. Запусціць хваробу.

2. Перастаць стрыгчы, даць магчымасць вырасці (пра валасы, ногці і пад.). Запусціць бараду. ▪ Яшчэ ў семінарыі Алёшка запусціў сабе вусікі. Колас.

3. Перастаць апрацоўваць, даць зарасці травой, пустазеллем. Запусціць зямлю.

4. Перастаць даіць перад ацёлам. Запусціць карову.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)