Прыпё́ка ’рэдкі тварог са смятанай’; ’тоўчаная бульба са смятанай, з маслам, з салам, з яйкамі’; ’чыстая смятана’; ’тоўчаны мак, каноплі, намазаныя тонкім слоем на сачэнь’ (Нік. Очерки), таксама прыпека́нікі ’дранікі’ (шуміл., Сл. ПЗБ). Рус. дыял. припёк, припёка ’праснак, дранік, булачка, якую выпякаюць на велікодным тыдні’; ’дробныя ячныя крупы ці мак, яйкі, якімі пасыпаюць печыва, аладкі, блінцы’. Нулявы дэрыват ад дзеяслова прыпякаць (гл. пячы) з тэматычным ‑а‑. Паводле Чарныш (Слов. лексика, 88), арэальнае руска-беларускае ўтварэнне для абазначэння розных начынак, пасылак і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прысло́н, прысло́нь, пры́слань, прысло́нік, прысло́ны ’месца, якое добра асвятляецца сонцам’; ’схіл гары, звернуты да сонца; сонечны бок’ (полац., Нар. лекс.; в.-дзв., даўг., брасл., маст., Сл. ПЗБ), прысло́ньне ’чырвоны слуп над сонцам на захадзе’ (кобр., Нар. лекс.), пры́сонне ’круг вакол сонца’ (Клім.). Спалучэнні прыназоўніка пры (гл.) і назоўніка *слонь, *сонь, што перадаюць старую форму прасл. *sъlnь ’сонца’, якая была заменена ў славянскіх мовах вытворным з памяншальным суфіксам *sъlnьce — літаральна ’сонейка’. Параўн. форму з поўнагалоссем рус. по́солонь ’па сонцу’, гл. Фасмер, 3, 340.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́шлы ’які прыйшоў адкуль-небудзь, нетутэйшы, чужы’; ’які прыйдзе, наступіць; будучы’ (Ласт., Байк. і Некр., Шат., ТСБМ; арш., шчуч., маст., зэльв., слонім., глус., добр., ЛА, 3), ’які прыйшоў, надышоў (аб часе)’ (Мал.), ст.-бел. пришлый ’будучы’. Рус. при́шлый ’нетутэйшы, чужы’, смал. ’наступны’, укр. при́шлий ’будучы’. Першапачаткова дзеепрыметнік на ‑л‑ ад дзеяслова прыйсці. Другое значэнне, магчыма, з польск. przyszły ’тс’, параўн., аднак, ст.-бел. пришлое ’будучае’ (1562 г.), якое Карскі (2–3, 42) разглядае як звыклы дзеепрыметнік прошлага часу. Гл. пры́шласць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́хлы ’поўны, тоўсты, мяккі’ (ТСБМ), ’апухлы’ (ТС), ’пульхны, пышны (пра хлеб)’ (брасл., дзятл., Сл. ПЗБ), ’пухкі’: падушка пухлая, пухлы снег (брасл., в.-дзв., там жа), укр. пу́хлий ’поўны, апухлы’, рус. пу́хлый ’тоўсты, поўны, раздуты’, ст.-чэш. pouchlý ’бясплодны; пусты’, харв. чак. pûhal ’пусты, уздуты, раздуты’, славен. púhel ’тс’, ст.-слав. пухлъ ’пусты’. Прасл. *puxlъ ’надуты’, прыметнік ад *puxati sę ’надувацца’ (гл. пухаць), параўн. Сной, 514; Фурлан–Бязлай, 3, 135. Чарных (2, 85) лічыць усх.-слав. словы новаўтварэннямі на аснове *puxnǫti (гл. пухнуць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пы́зы ’бульбяныя клёцкі з мясам’ (Скарбы), пы́за (pyza) ’страва даўніх часоў, прыгатаваная з канаплянага малака’ (Варл.), пэза ’булачка, начыненая салам’ (Нас.), укр. пизи ’вараныя галушкі з кіслага грачанага цеста, ядуць з часныком і алеем’, польск. pyza ’від клёцак’; перан. ’круглая, тоўстая шчака’. Няясна; паводле Банькоўскага (2, 972), рэгіянальнае старажытнае слова (Мазоўша, Вялікапольшча), з якога выводзіцца прыметнік pyzatyʼтаўсташчокі’, Брукнер (450) апошняе слова звязвае з рухае ’рыць зямлю; перабіраць у ядзе’, pūzdro, pužo і параўноўвае з рус. пыж ’пусты арэх’, пыжить ’уздуваць’. Гл. папярэдняе слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пы́шка1 ’круглая пульхная булачка’ (ТСБМ; в.-дзв., калінк., Сл. ПЗБ; Бяльк.), ’печыва з мукі і бульбы’ (лід., Сл. ПЗБ), ’мерзлая, перазімаваўшая на полі бульба’ (слуц., Жыв. сл.; пух., Сл. ПЗБ), пы́шка ’тс’ (Жд. 2; Жд. 3), рус. пы́шка ’пышка, пампушка’. Утворана ад пы́шкаць ’брадзіць, пухкаць (пра цеста)’, параўн.: подходзіць хлеб да пушкае (ТС), гл. пы́хаць, пышэ́ць.

Пы́шка2 ’ганарлівец, надуцік; пястун, раскошнік’ (Нас.), сюды ж пы́шыцца (пы́шицьца) ’надзімацца’ (Нас.), пы́шаны (пы́шенный) ’фанабэрысты, непадступны’ (там жа). Ад пыхаць, пышны (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пяліна́ ’палова’ (лудз., Сл. ПЗБ). Выводзяць з літ. pelaĩ ’тс’ з суфіксацыяй зборнасці (Грынавяцкене і інш., там жа). Магчыма, самастойнае ўтварэнне ад пялі́ць ’палоць’ (Сцяшк.), дзе выступае аснова *pel‑, параўн. рус. дыял. пела́, пелы́ ’палова, мякіна, шалупінне’, што прадстаўлена таксама ў *pelti, *pelvǫ, параўн. ст.-слав. плѣти, плѣвѫ і пад., гл. палоць, палова. Паводле Куркінай (Этимология–1981, 15), для гэтых асноў характэрныя цесныя семантычныя адносіны: ’рваць пустазелле’ — ’палова, шалупінне, адкіды’, інакш Фасмер, 3, 227, 312, 317; ESJSt, 11, 657–658, з літ-рай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пярдзе́ць ’pedere’ (Федар. 6), сюды ж пярдзі́на ’від грыбоў’: ета пярдзіна, ён — як атрава (Бяльк.), укр. перді́ти ’pedere’, рус. перде́ть, польск. pierdzieć, палаб. pohrde, чэш. prděti, славац. pdieť, в.-луж. pjerdźeć, н.-луж. pjerźeś, серб.-харв. пр́дети, славен. prdẹ́ti, балг. пърдя́, макед. прди ’тс’. Прасл. *pьrděti, параўн. літ. pérsti, pérdžiu, лат. pir̃st, pęr̃du, ням. furtzen, ст.-інд. párdatē, грэч. πέρδομαι ’тс’ (Фасмер, 3, 235–236; Скок, 3, 29–30; Шустар-Шэўц, 2, 14, 1080; Махэк₂, 482–483; БЕР, 6, 81; Банькоўскі, 2, 557).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́бін1 ’служыцель культу, духоўны кіраўнік веруючых у яўрэйскай рэлігійнай абшчыне’ (ТСБМ, Гарэц.), рабе́й ’тс’ (Сержп.), рабэй ’тс’ (Нас.) ст.-бел. рабей, рабинъ, раббинъ, равви, рави, рус. равви́н, укр. ра́бин, польск. rabin, чэш. rabín, літ. rãbinas. Упершыню зафіксавана ў помніках старабеларускай пісьменнасці ў форме рабинъ (раббинъ) у 1506 годзе. Са ст.-яўр. rabbî ’мой настаўнік’. Як мяркуе Фасмер, тут, магчыма, сінгулятыўнае слав. ‑inъ (Фасмер, 3, 428).

Ра́бін2 ’рабы чалавек’ (міёр., З нар. сл.). Ад рабы (гл.) з іранічнай адсылкай да папярэдняга слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раве́снік ’чалавек аднолькавага ўзросту з кім-небудзь’ (ТСБМ, Бяльк.), ’аднагодак’ (вільн., дзятл., карэл., віл., кам., Сл. ПЗБ); раве́сніца ’аднагодка’ (ТСБМ; навагр., шчуч., лід., Сл. ПЗБ). Рус. ровесник, укр. рове́сник, чэш. rovesník, польск. rowieśny ’аднаго ўзросту’. Суфіксальнае ўтварэнне ад той жа асновы, што і ро́ўны (гл.). Падобна на тое, што тут мела месца складанне асноў ро́ўны і вясна́ ў значэнні ’год’. Сной (Безлай, 3, 156) мяркуе, што на падставе гэтых форм можна рэканструяваць *orvesnikъ > ад прыметніка *orvesьnъ, другаснага ў адносінах да *orvьnъ ’роўны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)