Смаро́дзіна ‘чорныя парэчкі, смародзіна’ (ТСБМ), смаро́да, смуро́да, смаро́днік, смуро́дзіна, сму́роды, смаро́дніна ‘адна ягада або куст смародзіны’ (ЛА, 1). Укр. сморо́дина ‘чорныя парэчкі’, рус. сморо́дина ‘парэчкі; чорныя парэчкі’, польск. smrodzina, smrodynik, дыял. smardlina, smarglina, чэш. smradinka, smradina, славац. smrdlenka. Параўн. таксама каш. smarʒëna ‘чорныя парэчкі’, smarglëna ‘чаромха’, н.-луж. smrod, smrodyn ‘чаромха; крушына’, серб.-харв. смрдѝка ‘крушына’, славен. smŕdež ‘тс’, балг. смрдлика ‘чаромха’, макед. смрделика ‘від ядлоўцу’. Прасл. *smorda, *smordina ‘парэчкі, чорныя парэчкі’. Да слав. *smordъ ‘моцны пах, смурод’ (гл. сморад); расліна названая так з-за моцнага паху’, аналагічна нова-в.-ням. Stinkbaum пры stinken ‘смярдзець’. Для паўднёваславянскіх моў Мяркулава (Очерки, 213 і наст.) узнаўляе форму з асновай *smord‑ у значэнні ‘расліна з моцным пахам’. Гл. таксама Праабражэнскі, 2, 338; Фасмер, 3, 691–692; Махэк₂, 561; Шустар-Шэўц, 1324; SEK, 4, 321.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сікляк ‘мурашка’ (Інстр. 2), сіклі́ўкі, сікля́хі, сікуны́, сіку́чкі ‘малыя рудыя мурашкі’ (чэрв., віл., паст., круп., лудз., Сл. ПЗБ), сіку́шкі ‘мурашкі’ (Сл. рэг. лекс.), сі́каўка ‘малая рудая мурашка’: сікаўка як сікнет ядам (барыс., Сл. ПЗБ). Ад сікаць і асновы прым. сікл‑, параўн. сіклі́вы ‘які выдзяляе пякучую вадкасць’ (чэрв., Сл. ПЗБ). Тое ж рус. пск. сікля́ха ‘мурашка’, сікля́шнік ‘мурашнік’. Лаўчутэ (Балтизмы, 131) мяркуе, што разглядаемыя назвы мурашкі таго ж паходжання, што і назва рыбы сікла (гл.). Асноўны прызнак, што іх аб’ядноўвае — ‘невялікі, дробны’ — прадстаўлены лат. sîks ‘маленькі, дробны’. Аднак шырокае распаўсюджанне назваў мурашак з коранем сік‑ і наяўнасць такой матывацыі ў іх назвах далёка за межамі балтыйскага рэгіёна, параўн. ненец. javoroptsa ‘мурашка’ < jaw ‘мача’ і інш., цалкам адводзіць такую версію іх паходжання, гл. Анікін, Опыт, 277; Трубачоў, Труды, 1, 505–506.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́йнік ’агент тайнай паліцыі, сышчык, шпік’ (вілен., Стан.), ’шпіён’ (глыб., Жыв. НС). Семантычная кандэнсацыя словаспалучэння та́йны агент. Сюды, відаць, і та́йнік ’сябар, супольнік, памочнік’ (Ласт.), параўн. польскае wtajemniczony ’ўведзены ў курс справы’. Да тайны1 (гл.).

Тайні́к1 ’тайнае сховішча’ (ТСБМ). Запазычанне з рус. тайни́к ’памяшканне, месца, якое служыць таемным прыбежышчам або сховішчам’; у гэтым значэнні ст.-рус. та́иникъ фіксуецца з канца XV ст. (Сразн.).

Тайні́к2 ’падучая хвароба’ (Касп.). Семантычная кандэнсацыя словаспалучэння та́йная хвароба, дзе семантыка тайны1 (гл.), хутчэй за ўсё, ’няясны па паходжанні’, г. зн. не маючы знешніх прыкмет; унутраны. Сярод апісаных найбольш прадуктыўных славянскіх семантычных мадэлей эпілепсіі (Усачова, Слав. др., 3, 611–612) матыў ’тайны’ з такім разгалінавым напаўненнем не адзначаны, таму яго трэба лічыць уласна беларускім этналінгвістычным феноменам. Часцей, у прыватнасці ў замовах (жлоб., карм., нараўл., БНТ, Зам.), патайнік, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́сна ’млосна’ (гродз., Сл. ПЗБ), то́скна ’тужліва, сумна’ (Ласт.), ст.-бел. то́скно ’тс’ (XVII ст., Карскі, 1, 88). Да таскні́ць ’тужыць, нудзіцца, сумаваць’ (гл.), параўн. ст.-польск. teskno/tesno ’сумна’, ’непрыемна, крыўдна’ і спрошчанае дыял. ckno (*tъskn‑ > *tskn‑ > ckn‑) ’сумна, тужліва’, ’моташліва, нудліва’, ’саладжава’, н.-луж. tešno, stysno ’палахліва, жудасна’, ’цяжка, змрочна’, в.-луж. tyšno ’тс’, ’сумна, маркотна, засмучана’, чэш. je mu teskno ’яго сум, туга бярэ за сэрца’, славац. teskno, tesno ’тужліва’. Да праславянскага прыметніка *tъsknъ ’смутны, тужлівы, прыгнечаны’, які ад назоўніка *tъska ’смутак, прыгнечанасць, дрэннае самаадчуванне, млоснасць, нуда’ (гл. таска), параўн. рус. тоска́ ’туга, нуда, смутак’, стараж.-рус. тъска ’бура на моры (з марской хваробай)’, ’цяжкасць, гора, сум, неспакой’ (Борысь, 632; Фасмер, 4, 88; ЁСУМ, 5, 612). Найбліжэйшым і.-е. адпаведнікам з’яўляецца літ. taũsti ’сумаваць’ (Махэк₂, 641).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыш- у прыгаворцы: Сем пол наперадзе, / Чаму мяне не бераце. / І трыштыкі туды ж такі (Вушац. сл.). Няясна. У трыштыкі вычляняецца фармант ‑тыкі, адносна якога Насовіч сцвярджае, што ён далучаецца да слоў як бы для пацверджання (Нас.), гл. такі2. Параўн. запісанае на Смаленшчыне три́ш‑таки ‘выклічнік, што ўжываецца для выражэння незадавальнення’ (?): у триш‑таки тудыш‑таки (СРНГ). Першую частку можна зблізіць з тры́шты (гл.), параўн., аднак, харв. trîž, triš ‘тры разы, тройчы’, чарнаг. три̂ш ‘тс’, серб. цімак. триш ‘тс’, балг. триж ‘тс’, макед. триш ‘тс’, што выводзяцца з прасл. *trišьdъ, гл. Ільінскі, Зб. Ягічу, 298; Скок, 3, 501; Младэнаў, Диалектология, 547–550; Тодараў, Этим. етюди, 149. Адзіная засведчаная ў паўночнаславянскім арэале беларуска-паўднёваславянская паралель з канцавым ж/ш са значэннем ‘тройчы, у тры разы’? З-за фармальных цяжкасцей малаверагодна вывядзенне з трышты (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэ́йка1 ‘мяльшчык, мяльшчыца’ (светлаг., хойн., Мат. Гом.), ‘трапальшчыца’ (хойн., ЛА, 2, Трух.); ‘мяліца, церніца, на якой труць лён, каноплі’ (ельск., Мат. Гом.). Да церці (гл.). Суфіксацыя, як у жне́йка, варажэ́йка і пад.

Трэ́йка2 ‘тройчы’ (Сцяшк. Сл.), трэ́йкі ‘тс’ (Янк. 1; маз.. Мат.), трэ́йко ‘тс’ (Нар. Гом., ТС). Параўн. укр. тре́йки ‘тс’. Утвораны пры дапамозе канцавых часціц з элементам ‑к‑ (гл. Копечны ў ESSJ SG, 1, 316), як у словах колькі, укр. скі́лько, польск. kilko, kilka, серб. ко̏лико, балг. колко і пад. Да тры, гл. тройка1. Карэннае ‑эй‑ замест ‑ой‑ можна патлумачыць уплывам балцкага субстрату, параўн. літ. trejì ‘тры’, trẽjos ‘трое’, лат. treji ‘трое’ (якое ўжываецца толькі з множналікавымі назоўнікамі), trejāds ‘траякі’; аднак, хутчэй за ўсё, тут мае месца варыянтнасць асноў *tri‑/*tre‑, параўн. трэці, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туне́ц ‘вялікая драпежная прамысловая рыба, Thunnus thynnus L.’ (ТСБМ), ‘рыба Thunnus vulgaris’ (Некр. і Байк.). Параўн. укр. ту́нець, туне́ць, рус. туне́ц, польск. tuńczyk, н.-луж. tunowa ryba, чэш. tuňak, славац. tuniak, славен. tún, túna, харв. tȕna, tûn, серб. ту̏њ, ту̀ња, макед. туна, туњ, балг. тон ‘тс’. Агульнаславянскае, запазычана праз ням. Thun(fisch), якое з італ. tonno < нар.-лац. thunnus, а апошняе са ст.-грэч. νύννος ‘тс’ < ст.-яўр. tannī́n ‘марская пачвара’ (Фасмер, 4, 121; Голуб-Ліер, 493; ЕСУМ, 5, 676). Сной₂ (791) услед за Фрыскам (1, 694) і Клюге₂₂ (729) ст.-грэч. νύννος выводзіць з нейкай старой міжземнаморскай мовы, магчыма, з фінікійскай, прыводзячы для параўнання ст.-яўр. (гл. вышэй) і араб. tinnīn ‘вялікая рыба’. Паводле Скока (3, 523), гэта далмацінска-раманскі рэлікт лац. thynnus, thunnus, які стаў балканскім італьянізмам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гу́бка 1, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

Памянш.-ласк. да губа ​1.

•••

Губкі банцікам — пра невялікі, звычайна жаночы, рот з крыху ўзнятай і прыгожа выгнутай верхняй губой.

гу́бка 2, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

1. Мнагаклетачная беспазваночная марская жывёліна тыпу прасцейшых, якая вядзе сядзячы спосаб жыцця.

2. Мяккі, порысты касцяк некаторых відаў гэтых жывёлін, які добра ўбірае вільгаць і выкарыстоўваецца ў медыцыне і тэхніцы. // Порыстая мачалка з гумы або іншых матэрыялаў. Мыцца губкай.

гу́бка 3, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

Высушанае цела губы-грыба, якое служыць для здабывання агню. Сымон, як злодзей, мех знімае, У хлеў падпал кладзе ў куток, Па скалцы крэсівам чок! чок! І іскру ў губцы раздзімае. Колас.

гу́бка 4, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

Уст. Мера асновы, палатна даўжынёй на хатнюю сцяну. Рукі ўжо вядуць несканчона доўгую нітку па бярвенчатай сцяне: на хвіліну спыніўшыся, яны палічаць пасмы і зноў снуюць і снуюць — губка за губкай, губка за губкай. Палтаран. Ішла.. [Хіса] пазычыць у сястры бёрда — скора трэба выткаць кросны губак на восем. Каваль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адхадзі́ць, ‑хаджу, ‑ходзіш, ‑ходзіць; зак.

1. Прахадзіць куды‑н., дзе‑н. пэўны час. Такі ўжо заведзены лад у паноў: хто не адходзіць у школу да чатырнаццаці год — плаці штраф або адседжвай у каталажцы пры гміне. Брыль. [Ёська:] — Прыйшоў дадому, тут табе толькі ведай гуляй, на вячоркі хадзі, а ён лёг і ляжыць. — Я пасля сваё адхаджу, — сказаў Кастусь, — як ачуняю. Галавач.

2. Скончыць, перастаць хадзіць па якой‑н. прычыне. — Не-е, сусед. Прыйшоў адвітацца. Мне ўжо тут не жыць. Не жылец я ў Лонве... — [Парыпан] уздыхнуў і нагнуўся над сталом, загаварыў цішэй. — Адхадзіў я сваё па лесе... Пташнікаў.

3. Разм. Адлупцаваць каго‑н. чым‑н. [Ахрэм:] На цябе не крычаць трэба, а вось гэтым кіем адхадзіць. Губарэвіч. Нават і пасля таго, як шафёр добра адхадзіў мяне скуранымі рукавіцамі за тое, што я пачапіўся за борт, думка працаваць на аўтамашыне не пакідала мяне. Сергіевіч.

4. Клопатамі, пільным доглядам выратаваць ад смерці; адхаяць. [Начхім:] — [Каржаневіча] накіравалі ў шпіталь. Ледзь адхадзілі, а потым камісавалі. Алешка. [Жанчына:] — А гэтага бычка, што я ледзь адхадзіла, яшчэ паіць трэба. Кулакоўскі.

•••

Адхадзіць ногі — змарыцца, стаміцца (ад хады).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; зак.

1. каго-што. Праляцець вакол каго‑, чаго‑н. Абляцець вакол зямлі. □ Абляцеў Іван два разы свет на кані гнядой масці і вярнуўся дахаты. Якімовіч. // Праляцець збоку, мінуўшы каго‑, што‑н.

2. каго-што. Лётаючы, пабыць у многіх месцах, усюды. Род Забродскіх раскінуўся тут на паўсотні кіламетраў вакол, дык каб нават і на самалёце, то за дзень усіх не абляціш. Кулакоўскі. // перан. Разм. Хутка абысці, аб’ехаць пэўную прастору, мясцовасць. [Тоўхарт] адразу пабег аглядаць маёнтак ..Нягледзячы на сваю паважнасць, ён вельмі шпарка абляцеў усё. Чорны. // перан. Хутка распаўсюдзіцца, зрабіцца ўсім вядомым (пра чуткі, ідэі, навіны і пад.). Вестка аб тым, што ў шпіталь прыехаў Ленін, імгненна абляцела ўсе паверхі. П. Ткачоў. Ленінскі запавет абляцеў увесь свет. Прыказка.

3. каго-што. Разм. Праляцець хутчэй за каго‑, што‑н.; апярэдзіць у палёце.

4. без дап. Апасці, абсыпацца (пра лісце, пялёсткі кветак і пад.). Адлютавалі маразы, Цвет абляцеў духмяны з вішні. Зарыцкі. // Астацца без лісця, пялёсткаў. Замаркотнелі далі, Абляцелі крушыны, Толькі зерні ўставалі Там, дзе сейбіт іх кінуў. Броўка.

5. без дап. Адваліцца, адпасці. Тынк са сцен абляцеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)