адхадзі́ць, ‑хаджу, ‑ходзіш, ‑ходзіць; зак.

1. Прахадзіць куды‑н., дзе‑н. пэўны час. Такі ўжо заведзены лад у паноў: хто не адходзіць у школу да чатырнаццаці год — плаці штраф або адседжвай у каталажцы пры гміне. Брыль. [Ёська:] — Прыйшоў дадому, тут табе толькі ведай гуляй, на вячоркі хадзі, а ён лёг і ляжыць. — Я пасля сваё адхаджу, — сказаў Кастусь, — як ачуняю. Галавач.

2. Скончыць, перастаць хадзіць па якой‑н. прычыне. — Не-е, сусед. Прыйшоў адвітацца. Мне ўжо тут не жыць. Не жылец я ў Лонве... — [Парыпан] уздыхнуў і нагнуўся над сталом, загаварыў цішэй. — Адхадзіў я сваё па лесе... Пташнікаў.

3. Разм. Адлупцаваць каго‑н. чым‑н. [Ахрэм:] На цябе не крычаць трэба, а вось гэтым кіем адхадзіць. Губарэвіч. Нават і пасля таго, як шафёр добра адхадзіў мяне скуранымі рукавіцамі за тое, што я пачапіўся за борт, думка працаваць на аўтамашыне не пакідала мяне. Сергіевіч.

4. Клопатамі, пільным доглядам выратаваць ад смерці; адхаяць. [Начхім:] — [Каржаневіча] накіравалі ў шпіталь. Ледзь адхадзілі, а потым камісавалі. Алешка. [Жанчына:] — А гэтага бычка, што я ледзь адхадзіла, яшчэ паіць трэба. Кулакоўскі.

•••

Адхадзіць ногі — змарыцца, стаміцца (ад хады).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)