матёрый

1. (достигший зрелости, крепкий) мацёры, здараве́нны; (о растении) карана́сты, магу́тны; (взрослый) даро́слы; стары́;

матёрый волк мацёры (даро́слы, стары́) воўк;

матёрый дуб стары́ (карана́сты) дуб;

2. (опытный, знающий) перен., разг. дасве́дчаны; во́пытны;

3. (отъявленный, неисправимый) перен., разг. мацёры; закаране́лы, адпе́ты;

матёрый интрига́н закаране́лы (адпе́ты) інтрыга́н;

матёрый враг мацёры (закля́ты, закаране́лы) во́раг.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

бу́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Неспакойны, свавольны, нястрыманы, дзёрзкі. Буйны нораў. Буйная галава. □ Ах, сцяжыначка-сцяжына буйнай юнасці маёй. Машара. І будзем помніць мы яго ізноў Паэта — буйнага, жывога. Таўбін.

2. Моцны, нястрымны. Буйны вецер. Буйная паводка. Буйны гнеў. Буйная весялосць.

буйны́, а́я, ‑о́е.

1. Які складаецца з аднародных, больш чым сярэдняга памеру, адзінак; проціл. дробны. Буйное жыта. Буйны пясок. // Вялікіх памераў. Буйны колас. Буйныя кроплі расы. Буйныя літары. □ Зоры чыстыя, буйныя ўсыпалі неба. Карпаў. Пасыпаліся арэхі буйныя, поўныя, усе, як на падбор. Маўр. // Які адносіцца да віду, пароды вялікіх жывёл. Буйны драпежнік. Буйная рагатая жывёла. // Падкрэслена вялікі. Чалавек буйнога складу. Кадр буйным планам.

2. Багаты, раскошны; сакавіты. Буйныя косы. Буйная завязь. Буйная зеляніна.

3. Вялікі па плошчы, па колькасці насельніцтва. Буйны горад. Буйны прамысловы цэнтр. // Значны па сваіх памерах, магутны. Буйная электрастанцыя. Буйное прамысловае прадпрыемства. Буйны цэнтр навукі. // Вялікі па канцэнтрацыі сродкаў. Буйное землекарыстанне. Буйное сацыялістычнае земляробства. Буйная вытворчасць.

4. Вялікі па колькасці ўдзельнікаў. Буйная арганізацыя. Буйное танкавае злучэнне. Буйныя сілы ворага. // Значны ў колькасных адносінах. Буйныя сродкі. Буйныя капіталаўкладанні. // Вялікага маштабу, вялікай сілы, з вялікай колькасцю ўдзельнікаў. Буйныя ваенныя дзеянні. Буйная ваенная аперацыя. Буйное наступленне.

5. Выдатны, найбольш прыкметны сярод іншых. Буйны вучоны. Буйны спецыяліст. Буйная з’ява. Буйны мастацкі твор.

6. Хуткі, магутны. Буйны рост прамысловасці. Буйны выбух.

7. Значны па выніках, важны па значэнню. Буйная перамога. Буйное дасягненне. Буйны дэфект.

8. Важны, значны, радыкальны. Буйныя мерапрыемствы. Буйны крок па ўздыме прадукцыйнасці працы.

9. Багаты, шчодры. Буйная раса. Буйныя слёзы. Буйны дождж. Буйное сонца. // Багаты па выніках. Буйны ўраджай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разло́жысты, ‑ая, ‑ае.

1. Развесісты, раскідзісты, шырокі (пра дрэва, крону, галіны і пад.). А колькі самабытнага хараства ў гэтых адзінокіх разложыстых дубах, раскіданых па краях лесу, і гэтых пышна-купчастых хвоях у полі. Колас. З-пад цяжкіх, разложыстых шатаў струменіць духмянае і чыстае, як крынічная вада, паветра. Гамолка. Ад шляху пайшла бярозавая алея і ўперлася ў разложысты сад. Пестрак. // Які пашыраецца, расходзіцца кверху; развілісты. Буйвалы, важна несучы разложыстыя рогі, павольна цягнулі скрыпучую арбу. Самуйлёнак. Сям-там выглядалі з-пад .. [лістоў] запозненыя, разложыстыя кветкі белых лілей. Арочка.

2. Шырокі, пакаты; адкрыты, роўны. Добры луг там быў, трава расла, як чарот. Месца ўдалае, роўнае, разложыстае. Скрыган. І толькі ўздоўж рэчкі Пітамкі ляжалі разложыстыя паплавы. Асіпенка.

3. Які далёка чуецца, адбіваючыся рэхам. Магутны разложысты выбух скалануў вагон. Паслядовіч. Неба над прыціхлымі хатамі і агародамі нізалі стрэлы маланак і расколвалі разложыстыя ўдары грому. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ру́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што. Перамяшчаць, пхнучы ці цягнучы. Рухаць воз. // перан. Кіраваць перамяшчэннем каго‑, чаго‑н., накіроўваць куды‑н.

2. што. Прыводзіць у рух, прымушаць дзейнічаць. Рухае яго, кран гэты, і кіруе стромкай стралой пастаўлены ў зграбнай будцы самы сапраўдны трактар. Шынклер. [Рыбнікаў:] Пара можа і лакаматыў рухаць, і кацёл узарваць. Крапіва.

3. чым. Рабіць рухі, варушыць якімі‑н. часткамі цела. Рухаць рукамі. □ Свае праклёны .. [служка] шаптаў вечна і да таго прывык гаварыць сам з сабою, што нават у сне рухаў губамі. Бядуля.

4. перан.; што. Садзейнічаць развіццю чаго‑н. І кожны чуў у ранішняй пераклічцы гудкоў магутны гул суладнай чалавечай працы, якая ўзнімала ўгору гарады і сёлы, якая рухала ўперад жыццё. Лынькоў. Дысертанту стварылі ўсе ўмовы, толькі пішы, рухай наперад навуку. «Вожык».

5. Разм. Тое, што і рухацца (у 2 знач.). — Цяпер можна рухаць далей каму куды трэба, — выказаў Рыгор. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пы́шны ’раскошны, прыгожы; горды, фанабэрысты, непадступны’ (Нас., ТСБМ), ’напышлівы’: пышна цешча пышна, што къ зяцю не вышла (Нас., з вясельнай песні), пы́шны ’паважны, велічны, магутны’ (Варл.), ’пышлівы, ганарлівы’: баба тады пышна, як замуж вышла (Стан.), сюды ж пышне́ць ’рабіцца ганаровым, напышлівым’ (Нас., Гарэц.), пы́шніцца ’пахваляцца, фанабэрыцца’ (Др.), пышно́та ’чалавек, пераборлівы ў ежы’ (кобр., Нар. лекс.), ст.-бел. пышнитися ’тс’. Нельга аддзяляць ад пы́шны ’мяккі, пульхны’: пышны хлеб (ТСБМ, шальч., Сл. ПЗБ); параўн. укр. пи́шний ’горды, важны; раскошны, багаты’, рус. пы́шный ’тс’, дыял. ’поўны, круглы’, польск. pyszny ’фанабэрыста, напышлівы, надуты; раскошны, цудоўны, велічны, прыгожы’, чэш., славац. pyšny ’напышлівы, ганарысты, надуты’, в.-луж., н.-луж. pyšny ’раскошны, пышны, прыгожы’, балг. пи́щен ’раскошны, надуты’ (з рус. пышный, т устаўное, гл. БЕР, 5, 279). “Станоўчыя” значэнні развіліся самастойна на базе пы́хаць ’дуць, уздуваць, надуваць’, параўн. ст.-інд. púṣyati, pṓṣati ’працвітаць’, puṣṭas ’адкормлены, багаты, раскошны’ (Фасмер, 3, 492). Банькоўскі (2, 970) лічыць пеяратыўнае (“адмоўнае”) значэнне першасным, што захавалася як адзінае ў чэш. pyšný < pycha ’гордасць, гонар’ (гл. пыха), паколькі апошняе “dla Niemców і Czechów grzech główny”, у той час як у Польшчы лічылася галоўнай вартасцю (годнасцю); сумнеўна, хутчэй наадварот: пеяратыўнае значэнне — чэшская семантычная інавацыя, што распаўсюдзілася на польскую і беларускую тэрыторыю; адтуль і ст.-бел. пышнитися (< польск. pysznić się < чэш. pyšniti se, Банькоўскі, 2, 970).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пра́шчур ’далёкі продак, родапачынальнік, прапраўнук’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС). Ст.-бел. пращоръ ’нашчадак’, прашуръ ’продак’, пращуря ’нашчадак’. Рус., укр. пра́щур ’далёкі продак, родапачынальнік’, ст.-рус. пращур, пращюръ ’прапрадзед, прапраўнук’, польск. praszczur ’далёкі продак, прапраўнук’ (з усходнеславянскіх моў, Банькоўскі, 2, 760), plaskur ’прапрадзед’, praskuł, prazgulę ’прапраўнук’, ст.-польск. praskurzę, praszczur ’прапраўнук’, ст.-слав. праштоуръ, праштура ’прапраўнук’. Прасл. *pra‑sk(j)urъ > ’прапрадзед, родапачынальнік’ (рэканструкцыя Трубачова, История терм., 72 і наст.). Значэнне ’прапраўнук, г. зн. далёкі продак, але па сыходнай лініі’ лічыцца даследчыкамі другасным. Этымалогія выклікае спрэчкі. Трубачоў (там жа) услед за Бернекерам (IF, 10, 155) і Міклашычам (344) узводзіць слав. слова да і.-е. кораня *(s)kur‑ і параўноўвае з літ. prakūrė́jas ’продак’, ст.-ірл. caur, cur ’герой’, санскр. çávīra‑sмагутны’, çūras ’моцны, герой’. Наяўнасць рус. щ (< skj) ён тлумачыць існаваннем гэтага і.-е. кораня з велярным k і магчымасцю чаргавання форм *(s)kour‑ і (s)keur‑ (як, напрыклад, у рус. гнус і гнюс). Пазаславянскія адпаведнікі (без ‑s) указваюць на тое, што тут было рухомае s. Фасмер (3, 356) параўнанні Бернекера і Міклашыча лічыць неверагоднымі, не прыводзячы контраргументаў. Другія версіі (супастаўленне з шурын, рус. чур меня!) адхіляюцца ім (там жа) па фанетычных прычынах. Гл. таксама Шаўр, Etymologie, 66–67 (тлумачыць неадрознасць назваў прабацькоў і праўнукаў); Банькоўскі, 2, 599 (выводзіць славянскія формы з і.-е. *prōskouros, *prōskeuros).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Магчы́, магці́ ’быць у стане’, ’мець магчымасць’ (Гарэц., ТСБМ, Шат., Бяльк.), ’верагоднасць дзеяння’, ’мець сілы выканаць’ (Сл. ПЗБ, ТСБМ, Шат., Бяльк.), махчы́ (Мал.), драг. можтэ́, можу́ (КЭС); укр. могти́, могчи́, мочи́, можу; рус. мочь, могу, ст.-рус. мочи, могу; польск. móc, mogę; н.-луж. móc, mogu; в.-луж. móc, móžu; чэш. moci, mohu (разм. můžu); славац. môcť, môžem; славен. móči, morem; серб.-харв. мо̀ћи, мо̀гу, макед. може, балг. мо́га; ст.-слав. мошти, могѫж. Прасл. mogťi, mogǫ з’яўляюцца рэліктам непадвоенага перфекта атэматычнага дзеяслова (гл. Трубецкой, Slavia, 1; Ваян, RÉS, 14, 27; Траўтман, KZ, 46, 180; Фрэнкель, IF, 53, 57; Бернекер, AfslPh, 38, 269). Таксама як і адзіны адпаведнік і.-е. *māgh‑/*mōgh‑ ’быць у стане’ ў герм. мовах: гоц., ст.-в.-ням. magan, mag, ням. mag, mögen (Махэк₂, 371), гэты славянскі дзеяслоў не мае самастойнага рэальнага значэння, а толькі вызначае пэўную акалічнасць пры дзеі. Збліжаецца некаторымі вучонымі з літ. magė́ti ’хацецца’, māgulas ’шмат які’ (Буга, РФВ, 72, 192), параўн. чэш. moc ’многа’, ст.-інд. mahān ’вялікі’, maha‑raja ’вялікі цар, махараджа’, лац. magaus ’вялікі’, літ. magùs ’жаданы’, mė́gti ’мне падабаецца’, mokė́sti ’магчы’, лат. mêgt ’тс’ (Эндзелін, RS, 11, 37). Гл. таксама Фасмер, 2, 635–636; Брукнер, 342; Скок, 2, 446–247 з л-рай; Бязлай, 2, 190. Сюды ж мага́ (гл.), магу́тны (гл.), маге́нне ’магчымасць, сіла’ (Нас.), магчыма ’можа, быць можа’ (ТСБМ, Гарэц.), магчымасць, магчымы ’які можа здарыцца, адбыцца’, ’які можна здзейсніць’ (ТСБМ, Гарэц., Касп.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Няг̌е́г̌лы ’кволы, слабы; несамавіты’ (Касп.; Жд. 2; бялын., Янк. Мат.; Крыў., Дзіс.), няге́глымі ’нездаровы, слабы’ (Бяльк.), ніг̌е́г̌лы ’няўдалы, непаваротлівы’ (Цых., Сл. ПЗБ), сюды ж няг̌е́г̌а ’чалавек слабага здароўя’, няг̌е́г̌лік ’няздара, няўмека’ (Сл. ЦРБ), ’нямоглы, няўдалы, хворы чалавек’ (Янк. 3.), няге́гляццё ’нягеглае стварэнне’ (Юрч. Фраз. 1). Няясна. Існуе некалькі версій, якія не здаюцца дастаткова пераканальнымі. Талстой (Бел.-укр. ізал., 78) звязвае беларускія словы з укр. валын. г̌е́ги ’ногі’, балг. ге́га ’палка’, макед. гега ’доўгая пастухова палка’ і асабліва гегав ’крываногі, кульгавы’, гегало ’кульгавы, апушчаны чалавек; замухрышка’, гега (се) ’хадзіць кульгаючы, хістаючыся’ з семантычным развіццём ’хістацца’ — ’хадулі’ — ’палка’, ’хто хістаецца’ — ’кульгавы’ — ’замухрышка’ і ўзмацняльным ні‑ (не-), што ўрэшце ўзводзіцца да імітацыйнага (гука- і рухапераймальнага) кораня *geg‑, *gig‑, *gog‑, параўн. нягога (гл.). Мартынаў (пісьмова) збліжае з балг. як ’моцны, здаровы’, варыянт ягк (Гераў) < прасл. *jagъkъ, суадноснае з літ. jegús ’моцны, магутны’, рус. неяглый ’вялы’, на падставе чаго рэканструюецца *геглы < *еглы ’здаровы, моцны’ — l‑авы дзеепрыметнік ад балт.-слав. *jagti (⩽ літ. jėgti ’быць у стане, магчы’), што малаверагодна. Можна дапусціць сувязь з балтызмам ǧéǧa ’крэмень’ (гл.), што з’яўляецца сімвалам моцнага, трывалага (параўн. моцны, як крэмень), адкуль няг̌е́г̌а з процілеглым значэннем, аднак гэтаму пярэчыць вузкая тэрыторыя распаўсюджання зыходнага слова (Гродзеншчына, усходняя Беласточчына). Калі ўлічыць фанетычна і семантычна блізкія формы тыпу няге́длы ’недаразвіты, слабы’ (Мат. Маг.), няге́длый ’нягеглы, нездаровы, слабы’, ныге́длый ’нікчэмны’ (Сл. Брэс.) і асабліва неге́лда ’няўдаліца’ (Сцяшк. Сл.), то названыя словы можна вывесці з дзеясловаў тыпу г̌е́лдаць ’хутка есці, глытаць’ (гл.), г̌елдава́ць ’разумець’ (КСТ), параўн. таксама не́галда ’няўдалы, слабасільны, кволы’, якое лічыцца праблематычным балтызмам (гл.). Тураўскае неге́бны ’нягеглы, няўдалы’ можна звязаць з г̌ебнуць, г̌ег̌нуць ’загінуць, памерці’ (гл.), пры гэтым не мела б экспрэсіўна-ўзмацняльны характар, параўн. гродз. геблы ’дрэнны, шкодны’ (Сцяшк. Сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сутыкну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Рухаючыся насустрач, наткнуцца адзін на аднаго, ударыцца адно аб адно. Яшчэ хвіліна — і лодкі сутыкнуцца... Гамолка. На вадзе было многа купальшчыкаў і купальшчыц, і Ксеня кожны раз падказвала Глебу, як абмінуць іх, каб не сутыкнуцца. Васілёнак. Паравозы зрабілі рывок — нібы магутны асілак кракнуў, буферы вагонаў сутыкнуліся. Кавалёў. // перан. Уступіць у канфліктныя адносіны. Тут [на судзе] сутыкнуліся дзве праўды: мужыцкая і панская, і яны выключалі адна адну. Машара. Узвышаны, па сутнасці сваёй рамантычны, ідэал сутыкнуўся з явай непрыгляднай, змрочнай. Навуменка.

2. з кім. Нечакана сустрэцца, сысціся на дарозе. Сярод халаднаватага, ветранага дня, ідучы з бярэзніку.., [Васіль] сутыкнуўся з Ганніным бацькам. Мележ. А потым я сустрэў .. [Ірыну] ў магазіне. Сутыкнуўся прама ў дзвярах. Гаўрылкін. // Уступіць у якія‑н. адносіны, сустрэўшыся, апынуўшыся разам. Сутыкнуцца па рабоце. // перан.; з чым. Спазнаць, зведаць што‑н.; пазнаёміцца з чым‑н. Сутыкнуцца з цяжкасцямі. □ Калі прыйшлося самому брацца за справу,.. [Паходня] сутыкнуўся з перашкодамі, што палохалі і бянтэжылі. Хадкевіч. З творчасцю Маякоўскага Танк сутыкнуўся яшчэ ў 1930 годзе ў перакладах на польскую мову. У. Калеснік.

3. Уступіць у сутычку, сысціся ў баі. Яшчэ раніцай тут ішоў бой. Сутыкнуліся дзве сілы. Гурскі. І на другі дзень Пецю не давялося сутыкнуцца з ворагам. Сіняўскі.

4. Зак. да сутыкацца (у 2–4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

на́ціск, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. націскаць — націснуць (у 1 знач.).

2. Моцны напор. У гушчары, на скрыжаванні торных Лясных дарог, — вышэй сваіх сяброў Узрос магутны граб. І непакорна Стаіць пад гулкім націскам вятроў. Кірэенка.

3. Рашучае, энергічнае дзеянне, імклівы папад на каго‑, што‑н. Перад будынкам суда.. сабраўся велізарны натоўп. Паліцэйскія ледзь стрымлівалі яго націск. Машара. Брыгада несла цяжкія страты пад націскам у дзесяць разоў мацнейшага праціўніка. Шамякін. // перан. Моцнае ўздзеянне на каго‑н. Над націскам аргументаў, якія прывёў падсудны Яўген Скурко, суд вымушаны быў апраўдаць яго. У. Калеснік.

4. Патаўшчэнне штрыха пры пісьме пяром. Пісаць з націскам.

5. Вылучэнне складу ў слове сілай голасу або павышэннем тону, а таксама значок над літарай, які паказвае яе вылучэнне. — Між іншым, — сказаў настаўнік, — мясцовыя людзі вымаўляюць назву нашага горада не «Лунінец», як гаворыце вы і наогул усе прыезджыя, а «Лунінец» з націскам на першым складзе. В. Вольскі. // Вылучэнне голасам слова ў размове для таго, каб падкрэсліць яго лагічную значнасць. Лагічны націск. □ [Кірыл:] — Цяпер я не злачынец, як мяне тут доўга лічылі. Цяпер я проста рабочы чалавек. Ён зрабіў націск на слове «рабочы». Кавалёў.

6. перан. Вылучэнне чаго‑н. у якасці асноўнага. [Дзімін:] — Нам на культуру і эканамічнасць вытворчасці націск рабіць ужо трэба... Карпаў. Ніхто не будзе распытваць, колькі там было таго зерня. Юхневіч згнаіў збожжа. Вось на чым зробяць націск, вось пра што будуць казаць. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)