аблажы́ць, -лажу́, -ло́жыш, -ло́жыць; -ло́жаны; зак.

1. каго-што. Палажыць што-н. вакол каго-, чаго-н.

А. хворага грэлкамі.

А. градку дзёрнам.

2. што. Аздабляючы, умацоўваючы што-н., пакрыць паверхню чым-н.

А. печ кафляй.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), што. Пакрыць суцэльнай масай чаго-н., абвалачы.

Хмары аблажылі неба.

Язык аблажыла (безас.: пра налёт на языку пры захворванні).

4. каго-што. Акружыць (звера на паляванні, які-н. умацаваны пункт войскам).

А. мядзведзя.

А. крэпасць.

5. каго-што. Абавязаць да выплаты чаго-н.

А. падаткамі.

6. што. Адвярнуць, апусціць.

А. каўнер.

7. што. Абшыць чым-н.

А. аксамітам.

8. каго-што. Паваліць, абваліць; забіць (разм.).

А. дрэва.

А. кабана.

9. каго-што, чым і без дап. Груба аблаяць (разм.).

А. моцным словам.

|| звар. аблажы́цца, -лажу́ся, -ло́жышся, -ло́жыцца (да 1 знач.).

|| наз. абкла́дка, -і,

ДМ -дцы, ж. (да 1 і 2 знач.) і аблажэ́нне, -я, н. (да 4 і 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

абляпі́ць, ‑ляплю, ‑лепіш, ‑лепіць; зак., каго-што.

1. Прыстаць, прыліпнуць у многіх месцах да каго‑, чаго‑н., пакрыць усю паверхню. Шэрае неба, і пад ім — бясконцая дарога... вязкі бруд абляпіў колы. Мікуліч. Снег абляпіў у парках усе дрэвы. Хомчанка. // Шчыльна абхапіць з усіх бакоў (пра адзенне). Панчохі прамоклі, і вы адчуваеце, як непрыемна абляпілі яны вашы ногі... Васілевіч.

2. Наклейваючы, пакрыць чым‑н. у многіх месцах. І тут мне стала зразумела: ластаўкі з усіх бакоў абляпілі бляшанку зямлёй. Ляўданскі.

3. перан. Размясціўшыся ў вялікай колькасці, густа пакрыць якую‑н. паверхню; шчыльна абступіць з усіх бакоў; акружыць. Яны [аднакласнікі] у момант абляпілі з усіх бакоў сані, учапіліся за аглоблі, цягнулі за капылы, за палазы. Сіпакоў. Драбкі цукру мурашкі абляпілі так, што за імі нічога не было відаць. Пальчэўскі. Дзеці абляпілі хату, тоўпіліся на прызбах, заглядалі ў вокны. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дагле́дзець, ‑гледжу, ‑гледзіш, ‑гладзіць і даглядзе́ць, ‑гляджу, ‑глядзіш, ‑глядзіць; зак., каго-што.

1. Прагледзець да канца, да якога‑н. месца, часткі. Дагледзець фільм да канца. □ — Надзя, — папрасіў я. — Давай даглядзім, што будзе далей! Кірэенка.

2. (звычайна з адмоўем). Заўважыць, не выпусціць з-пад увагі; упільнаваць. Калісьці, у свае дзіцячыя гады, пасучы на Скуратовічавым хутары каровы, .. [Тварыцкі] не дагледзеў чараду, і адна карова забрыла ў лес. Чорны. Не дагледзіш вокам — заплаціш бокам. Прыказка. // Падгледзець, прасачыць за кім‑н., каб даведацца пра што‑н. Ялавіцкі ўсё роўна дагледзеў, на які двор пайшоў чалавек. Баранавых. Парашылі [конюхі] дагледзець, чым .. [Тром-сын] коней лечыць. Якімовіч.

3. Паклапаціцца аб кім‑, чым‑н., акружыць увагай, стварыць добры догляд. Дагледзець хворага. Дагледзець дзяцей. Даглядзець агарод. □ — Вось да нас таварыш прыехаў. Трэба каня, хлопцы, дагледзець: накарміць, напаіць. Лобан. І Ленін гаварыў байцам, Што рана Яшчэ вяртацца да зямлі згібелай, Што зможам даглядзець яе старанна, Калі са зграяю пакончым белай. Гаўрусёў. // Навесці парадак, прыбраць. [Буднік] парашыў неадкладна ж папрасіць жанчыну, якая даглядала за школай, каб яна дагледзела і ягоны пакой. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абня́ць, абніму, абнімеш, абніме і (радзей) абдыму, абдымеш, абдыме; зак., каго-што.

1. Абхапіць рукамі каго‑, што‑н. Маці абняла свайго сына і пачала яго цалаваць. Чарнышэвіч. Калі паляўнічы пайшоў, Санька абняў Мурзу за шыю і прытуліўся да яго галавы шчакою. Ваданосаў. Любімыя змалку прасторы Рукамі абняў бы Максім. Аўрамчык. // Акінуць позіркам, поглядам. Не хапае ні сілы, Ні маіх задумёных вачэй Стэп абняць І палі залацістыя Спелай пшаніцы. Хведаровіч.

2. Акружыць, ахапіць з розных бакоў. Зялёная агароджа абняла двор. □ Раптам дарогі струну лес векавечны абняў. Танк. Столькі выпала маці кроснаў, Што калі разгарнуць на зямлі У адзін рад іх на травах росных, То яны б увесь свет абнялі. А. Астапенка. // перан. Ахінуць, абвалачы з усіх бакоў. Пажар абняў сяло. □ Усе палі, што за ўзгоркам, абняло агнём: гарэла спелае жыта. Гурскі.

3. перан. Ахапіць, авалодаць кім‑н. (пра пачуцці). Ні мук, ні хвалявання — лясны спакой душу маю абняў. Машара.

•••

(Як) вокам (зрокам, позіркам) абняць — вельмі далёкі, як толькі можна ўбачыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абві́ць, абаўю, абаўеш, абаўе; пр. абвіў, ‑віла, ‑віло; зак., каго-што.

1. Абматаць што‑н. чым‑н. або што‑н. вакол чаго‑н. Абвіць провад ізаляцыйнай стужкай. // Апаясаць; акружыць. На галоўцы вянок з сініх васілёчкаў, А чырвон паясок Стан абвіў дзявочы. Купала. [Ручай] То заскочыць у гай, То курган абаўе, Дзе сярдзіта бубніць, Дзе лагодна пяе. Колас.

2. Размяшчаючыся вакол, па паверхні чаго‑н., заплесці, пакрыць сабой (пра расліны). Абвіла яго [сына] таполя Каранямі, Атуліла маладзенькімі Лістамі. Танк. На мужычым полі Цягнецца палоска... Зелле яе глушыць, Абвіла бярозка. Колас. // перан. Ахутаць, абвалачы, ахапіць з усіх бакоў (пра дым, туман і пад. Полымя зараз жа ўзнялося да палавіны лесу, абвіло яго сукі і галіны. Колас. // перан. Авалодаць, ахапіць, паланіць (пра пачуцці, перажыванні, жаданні і пад.). Ідзе жыццё чародкай казкай, Душу абвіў цудоўны чар, На свет глядзяць з вясёлай ласкай Дзяўчына, хлопец, мал і стар. Купала. Ты, рачулка, шнурочак Дняпра, Гэты лес ціхім смуткам абві. Пысін.

3. Абхапіць, абняць рукамі. Хлопчык абвіў бацькаву шыю і нечакана моцна сціснуў яе. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абысці́, абыду́, абы́дзеш, абы́дзе; абышо́ў, -шла́, -шло́; абыдзі́; зак., каго-што.

1. Рухаючыся па крузе, прайсці вакол каго-, чаго-н.

Ён абышоў кругом сваю сялібу.

2. У ваеннай справе: зайсці ворагу з тылу або з фланга, каб акружыць яго.

Нямецка-фашысцкія войскі абышлі Брэсцкую крэпасць.

3. Прайсці бокам, мінуўшы каго-н.; абагнуць каго-, што-н.

Абысці вёску.

4. перан. Мінуць, не закрануць каго-, што-н.

Ні адна бяда яго не абыдзе.

5. перан. Знарок пазбегнуць, не закрануць чаго-н. у размове, апавяданні і пад.

А. недарэчны выпадак.

6. перан. Не палічыцца з чым-н., не прыняць пад увагу, не ўлічыць чаго-н.

Абысці закон, загад.

7. перан. Пакінуць без павышэння, узнагароды і пад.

8. Прайсці па ўсёй прасторы чаго-н., наведаць розныя месцы.

З песняй абыду я нашу родную краіну.

9. Падысці да кожнага па чарзе.

10. Пашырыцца, стаць усюды вядомым.

Навіна абышла ўвесь раён.

11. Падмануць, ашукаць.

Ён умеў абысці начальства.

12. Перамагчы, узяць верх; выперадзіць.

А. ўсіх на раённых спаборніцтвах.

За вярсту абысці каго-што (разм.) — не мець жадання сустрэцца з кім-, чым-н., убачыць каго-, што-н.

|| незак. абыхо́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць і абхо́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць.

|| наз. абыхо́джванне, -я, н., абыхо́д, -у, М -дзе, м. і абхо́д, -у, М -дзе, м.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

абве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. абвёў, ‑вяла, ‑вяло; зак.

1. каго-што. Правесці каго‑н. вакол чаго‑н. // Правесці кружным шляхам, мінуўшы што‑н. // У футболе, хакеі — ведучы мяч, шайбу, абысці праціўніка.

2. каго-што і без дап. Правесці чым‑н. вакол чаго‑н., зрабіць кругавы рух. Абвесці ўказкаю граніцы дзяржавы. Абвесці рукой вакол сябе.

3. Водзячы каго‑н., пабыць у многіх месцах. Абвёў яе [жонку] па ўсіх павільёнах, паказаў мічурынскі сад. Васілевіч.

4. каго-што, чым. Апаясаць, акружыць, акаймаваць што‑н. чым‑н. Шляхі і крыніцы, Нават сны, як гарой, Абвяла чараўніца Васільковай каймой. Танк.

5. што чым. Абнесці, абгарадзіць (плотам, сцяной), абкапаць ровам. Абвесці сад агароджай.

6. што. Абчарціць, абмаляваць лініямі, рыскамі. Абвесці рамкай тэкст. // Прачарціць па намечаных контурах. Абвесці узор чарнілам.

7. перан.; каго. Ашукаць, абдурыць. Гэты Грамадка не хлапчук, каб яго можна было абвесці. Хадкевіч.

•••

Абвесці вакол (кругом) пальца — спрытна, хітра ашукаць. [Прыборны:] — Андрэй усіх гітлераўскіх фельдмаршалаў вакол пальца абвядзе і ў дурнях пакіне. Шамякін.

Абвесці позіркам (поглядам, вачамі) каго‑, што‑н. — агледзець. Настаўнік абвёў усіх поглядам і спыніўся на Антоне... Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калыха́ць ’рухаць з боку ў бок, гайдаць, хістаць’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг., Касп.; Нік. Напаў.; Сержп. Прымхі, Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Яруш.), ’гушкаць дзіця’ (БРС, ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Сцяшк., ТС; колухаць), калыхацца ’гушкацца (на арэлях)’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., Сл. паўн.-зах., Яруш.), да апошняга яшчэ і калыханка ’гушкалка, арэлі’ (Жд. 3, КЭС, лаг.) без геаграфіі (ТС; колуханка). Укр. колихати ’хістаць, гайдаць, гушкаць дзіця; гайдаць (па арэлях)’, рус. колыхать ’гайдаць, хістаць, гушкаць дзіця’, пск., асташк., цвяр. ’біць’; колыхаться ’гушкацца (на арэлях)’ адзначана на пагранічнай з беларускай тэрыторыі; польск. дыял. kolychać ’гушкаць дзіця’, якое прыводзіцца Трубачовым, Эт. сл., 10, 165, відавочны беларусізм у польскім перыферыйным дыялекце і пагранічных гаворках, гл. Карловіч, 2, 409–410; Слаўскі, 2, 376 (адносна kolychać, засведчанага ў Сыракомлі і ў любельскіх гаворках) ставіць пад сумненне архаічнасць слова. Славен. koléhati Плятэршнік (1, 424) параўноўвае з рус. колыхать, нягледзячы на фанетычную недакладнасць і значэнні славенкай лексемы (’трэсці, качацца на зямлі’). Статус гэтага слова не вельмі ясны, як і славен. дыял. koléhati se ’вылятаць (з вулея)’, тое ж датычыць і серб.-харв. kolihati, якое ў RHSJ, V, 191, тлумачыцца як ’калыхаць’ да таго ж з паметай «ненадзейнае». У любым выпадку, калі нават пагадзіцца з дакладнасцю паўдн.-слав. фактаў, нельга выключыць магчымасці, што гэта незалежныя параўнальна познія ўтварэнні; на карысць гэтага меркавання — экспрэсіўны характар лексемы. Такім чынам, тут хутчэй усх.-слав. інавацыя (+ магчымыя на поўдні). Лічыцца другаснай, больш экспрэсіўнай формай ад *kolysati, а гэта, у сваю чаргу, інтэнсіў ад *kolybati (гл. калываць), так Трубачоў, Эт. сл., 10, 166. Паводле Слаўскага, 2, 376, тут паўн.-слав. інтэнсівы (з ‑ys‑, ‑ych‑), якія ўзнаўляюцца на базе ст.-польск. kolić ’кружыць, круціцца і да т. п.’ і серб.-харв. око̀литиакружыць’, < прасл. kolo (Слаўскі прыцягвае яшчэ макед. дыял. коле ’(ён) гушкае’). На думку Слаўскага, там жа, лексемы *kolysai, *kolychati адносяцца да *koliti, як рус. дыял. ломыхать ’ламаць з трэскам’ да ломить ’ламаць’. Калі з фармальнага боку ў прапанове Слаўскага як быццам усё добра, семантычна аспект выклікае сумненне, на што слушна звяртае ўвагу Трубачоў, Эт. сл., 10, 166, маецца на ўвазе сур’ёзнае адрозненне маятнікавага руху ад кругавога вярчэння, а таксама тое, што форма *kolysati неправамерна аддзяляецца ад *kolybati.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зда́цца 1, здамся, здасіся, здасца; здадзімся, здасцеся, здадуцца; пр. здаўся, ‑лася, ‑лося; заг. здайся; зак.

1. Спыніўшы супраціўленне, прызнаць сябе пераможаным. Гарнізон здаўся. Армія здалася. Здацца ў палон. □ Шмат разоў дзень змяняўся ноччу, а крэпасць жыла і на прапанову здацца адказала шквалам агню. Кудраўцаў. / Пра спыненне супраціўлення ў спартыўных гульнях. Шахматыст здаўся на трыццатым ходзе. // Адступіць перад цяжкасцямі, перашкодамі; паддацца, уступіць каму, чаму‑н. Нарэшце Іван здаўся: махнуў на ўсё рукой і паехаў у горад, завербаваўшыся ў брыгаду па будаўніцтву чыгуначных мастоў. Васілевіч. Лёнька папрасіў: — Чыжык, міленькі! Дай мне паднесці твой мяшок. У цябе рука баліць. Дай, га? — На, паднясі, — здаўся Чыжык. Няхай.

2. Даверыцца каму‑, чаму‑н., паспадзявацца на каго‑, што‑н. — Я ўжо цалкам здаюся на цябе, — пасмяяўся .. [Рыгор]. Гартны.

3. Разм. Аслабець фізічна; заняпасці. — Нешта я зусім здалася, — сказала [маці]. — Памажы хіба, сынок. Якімовіч.

•••

Здацца на літасць каго — здацца безагаворачна, без усякіх умоў.

зда́цца 2, здамся, здасіся, здасца; здадзімся, здасцеся, здадуцца; пр. здаўся, ‑лася, ‑лося; зак.

1. Паўстаць у якім‑н. выглядзе, выклікаць пэўнае ўражанне. І сам Іванчык здаўся Міканору не гэткім, як раней, быццам яшчэ падрос хлопчык. Кулакоўскі. Стройная, рухавая, з кранутым ужо сонцам прыемным тварам, дзяўчына здалася Паходню знаёмай. Хадкевіч.

2. безас. каму. Узнікнуць у думках, адчуваннях; уявіцца. Пастам здалося, быццам нехта спрабуе акружыць лагер. В. Вольскі. Міколку здалося, што ў яліну стукнуў пярун. Лынькоў.

•••

Неба з аўчынку здалося гл. неба.

зда́цца 3, буд. і заг. не ужываецца; пр. здаўся, ‑лася, ‑лося; зак., каму.

Разм. Спатрэбіцца. — І нашто табе здаўся гэты хор? Поп маўчыць, не лезе з хорам, дык табе трэба свае тры грошы ўткнуць. Колас. — Макар, там з ног збіліся, шукаючы цябе. — Навошта я каму здаўся? Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схава́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Пакласці так, каб нельга было знайсці; змясціць у патаемным месцы. На эмтээсаўскі двор прыгналі першы і пакуль што адзіны трактар, які ў пачатку вайны схаваў у лесе Кастусь Серада. Шахавец. У гэты ж дзень я схадзіў у лес, нарэзаў арэхавых вудзільнаў і схаваў іх за варыўнёй. Ляўданскі. // Прыкрыць што‑н. Адвярнуўшыся, моцна плакала Зіна. Яна схавала твар у хустку, каб не чуваць было рыданняў. Няхай. // перан. Не даць магчымасці каму‑н. заўважыць што‑н.; утаіць што‑н. (пачуцці, думкі і пад.). Схаваць радасць. Схаваць трывогу. Схаваць хваляванне. □ Употайку горка ён [Мікітка] плакаў, Каб слёзы схаваць ад людзей. Колас. Чаго ж маўчыш, сыночак? Што з табою? Ад маці не схаваеш дум сваіх. Прыходзька.

2. Пакласці, прыбраць куды‑н. для захаванасці. [Данік] узяў залатоўку, схаваў яе ў сумцы, тады ўжо сеў за стол і падсунуў да сябе місу з крупнікам. Брыль. [Арына] схавала ў шафу падарунак і заспяшалася на кухню. Карпаў. Сцёпка акуратненька злажыў Аленчын ліст і схаваў. Колас. // Даць чаму‑н. належнае месца. Дзед .. схаваў зброю за пояс. Лынькоў. — Маўчы, распусніца! — пані схавала ў сумачку люстэрка. Бажко.

3. Зрабіць нябачным, засланіўшы сабой. Дажджлівая заслона схавала ўсе горы. Маўр. Я нам няма ні шляхоў, ні дарог, Асака іх схавала і мох. Астрэйка. У паветры стаяла парнасць, хоць сонца ўжо схавалі хмары. Марціновіч. Хутка паварот дарогі схаваў постаці лыжнікаў ад вачэй настаўнікаў. Шыловіч.

4. Даць прыстанішча таму, хто хаваецца ад праследавання. Іх [разведчыкаў] .. шукалі ды так і не знайшлі толькі таму, што іх схавала старая жанчына. Брыль. Цяжка параненага Зыгмунта сябры схавалі ў маёнтку пані Касцялоўскай. Якімовіч.

5. Прыкрыць, засцерагчы ад чаго‑н. Схаваць ад рэзкага ветру. □ Як хутка дождж прагрымеў! Я не паспеў дабегчы нават — Цябе схаваць пад кроны дрэў, Пад іх аховаю ласкавай. Танк.

•••

Схаваць пад крылоакружыць увагай, праявіць клопат аб кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)