«БРЭСЛА́Ў»

(«Breslau», № 36),

кодавая назва карнай аперацыі ням. фашыстаў у акупіраваным Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Праводзілася 5—19.9.1942 сіламі 5 батальёнаў вермахта, вучэбнага палка ВПС і паліцэйскіх падраздзяленняў з мэтай акружыць і знішчыць партызан, якія наносілі ўдары па гарнізонах фашыстаў у в. Прыбар і Ніканавічы. У ходзе аперацыі каля в. Ухлясць карнікі атрымалі адпор, вялі працяглы бой з партызанамі, але не здолелі акружыць іх і знішчыць. У раёне аперацыі фашысты загубілі больш за 1000 сав. грамадзян.

т. 3, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНКА́РСКАЯ БІ́ТВА 1402,

адбылася паміж войскамі сярэднеазіяцкага эміра Цімура і тур. султана Баязіда I пад Анкарой 28 (або 20) ліпеня. Цімуру ўдалося зайсці ў тыл тур. войскам, якія займалі абарону ў гарах, і акружыць Анкару. Атакі ўдвая меншага тур. войска, якое падышло да горада, былі адбіты. Пераход на бок Цімура анаталійскіх беяў паскорыў паражэнне Баязіда. Зыход бітвы прывёў да часовага распаду Турцыі.

т. 1, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войскаў правага крыла 1-га Бел. фронту (ген. арміі К.​К.​Ракасоўскі) 24—29 чэрв.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі 3-я, 28, 48, 65-я арміі, конна-механізаваная група, 16-я паветр. армія, Дняпроўская ваен. флатылія, злучэнні авіяцыі і бел. партызаны. Ім процістаяла 9-я і частка 4-й ням. арміі, якія мелі ўмацаваную глыбокаэшаланіраваную абарону. Задача аперацыі — акружыць і разграміць бабруйскую групоўку праціўніка. У ходзе аперацыі разбіты гал. сілы ням. 9-й арміі, на ПдУ ад Бабруйска акружана і ліквідавана 40-тысячная групоўка ворага (гл. Бабруйскі «кацёл»). Войскі Чырв. Арміі прасунуліся на 100—110 км, былі створаны спрыяльныя ўмовы для наступлення на Мінск і Баранавічы.

Да арт. Бабруйская аперацыя 1944. Разбітая тэхніка ворага ў раёне Бабруйска.

т. 2, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НЮ́РНБЕРГ»

(«Nürnberg»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан у Браслаўскім і Шаркаўшчынскім р-нах Віцебскай вобл. 22—28.11.1942 у Вял. Айч. вайну. Мэта аперацыі: закончыць агульны план (уключаў таксама карныя аперацыі «Трохвугольнік», «Карлсбад», «Клетка малпы» і інш.) ліквідацыі партыз. руху на тэр. т.зв. генеральнай акругі Беларусь. Праводзілася сіламі матарызаванай брыгады СС, 14-га, 16-га паліцэйскіх і падраздзяленнямі 75-га стралк. палкоў, матарызаваных узводаў жандармерыі пад кіраўніцтвам нач. паліцыі бяспекі і СД «Остланд» обергрупенфюрэраў СС Екельна і ген. паліцыі Бах-Зелеўскага. За час аперацыі карнікі не змаглі акружыць і знішчыць партызан, але загубілі каля 3 тыс. мясц. жыхароў (без спаленых у хатах), спалілі з жыхарамі 12 вёсак, з якіх пасля вайны не аднавіліся Бялкова, Ігнацэва, Падрэзаўшчына, Станіславова, Строна, Сялібка Шаркаўшчынскага р-на.

У.​С.​Пасэ.

Царква Фраўэнкірхе ў Нюрнбергу. 1352—61.

т. 11, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯ́ТА ЎРАДЖА́Ю»

(«Erntefest»),

кодавая назва карнай аперацыі ням. фашыстаў супраць партызан і мясц. насельніцтва ў Грэскім, Капыльскім, Пухавіцкім, Слуцкім і Уздзенскім р-нах Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну ў студз.—лютым 1943. Праводзілася на У і З ад аўтадарогі Мінск—Слуцк 13-м паліцэйскім палком СС, батальёнам СС Дырлевангера, 11 ахоўнымі і паліцэйскімі батальёнамі, 3 камандамі СД у складзе айнзатцгрупы паліцыі бяспекі і СД генеральнай акругі «Беларусь». Спроба гітлераўцаў акружыць і знішчыць партыз. фарміраванні правалілася, таму што ўмелымі тактычнымі манеўрамі партызаны выйшлі з блакіраваных раёнаў. У час аперацыі карнікі расстралялі 4325 чал., вывезлі ў Германію больш за 1300 чал., спалілі дзесяткі вёсак, у т. л. Жавалкі (загубілі 512 чал.), Калодзезнае (196 чал.) Капыльскага, Адамова (190 чал.) Слуцкага р-наў; захапілі і вывезлі больш за 2800 галоў буйн. раг. жывёлы, 1500 авечак, 438 т збожжа, вял. колькасць насення лёну і канапель, шкур і інш.

У.​С.​Пасэ.

т. 14, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАНЫ́ЛЫ»

(«Manyly»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партыз. брыгады «Штурмавая» і мясц. насельніцтва ў раёне в. Манылы і ў Маныльскім лесе (Лагойскі р-н), а таксама ў Барысаўскім, Плешчаніцкім і Смалявіцкім р-нах Мінскай вобл. 2—14.4.1943 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі 2-га паліцэйскага палка з прыдадзенай яму танк. ротай, 2 мінамётнымі і 1 сапёрным узводамі. Ажыццяўлялася ў 3 этапы, кожны з якіх меў кодавую назву: «М.» — 2—4 крас., «Вясна—Поўдзень» («Lenz—Süd») — 6—8 крас. і «Вясна—Поўнач» («Lenz—Nord») — 8—14 крас. Нягледзячы на перавагу ў сілах і сродках, карнікам не ўдалося акружыць і знішчыць брыгаду. Партызаны з баямі адышлі ў паўн. напрамку. Гітлераўцы расстралялі 732 чал. ў шэрагу вёсак Лагойскага, Смалявіцкага і інш. раёнаў; 531 чал. «мабілізавалі» на катаржныя работы. Захапілі шмат жывёлы, збожжа, бульбы, разбурылі прадпрыемствы па перапрацоўцы сельгаспрадукцыі, у т. л. 11 млыноў, шмат якія вёскі спалілі.

У.​С.​Пасэ.

т. 10, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯНЦЯ́НСКІ ПРАРЫЎ 1915,

наступальная аперацыя германскіх войск супраць рас. войск Зах. фронту 9.9—2.10.1915 у 1-ю сусв. вайну 1914—18. Пасля няўдалай спробы акружыць 10-ю рус. армію і ўзяць Вільню (жн. 1915) герм. войскі 9 вер. пачалі новае наступленне на г. Свянцяны і 10 вер. прарвалі фронт. Кав. група (6 дывізій) пранікла ў тылы рас. войск, захапіла Вілейку (14 вер.) і падышла да Маладзечна. Асобныя часці групы дайшлі да Барысава, а атрад конных егераў пашкодзіў чыгунку каля Смалявіч. Рас. войскі пакінулі Вільню, але немцы замацаваць поспехі не змаглі. Наступленне варожай кавалерыі 16—17 вер. было спынена 2-й рус. арміяй і ў ваколіцах Маладзечна, Вілейкі і Смаргоні яна была разбіта. Пасля 10-дзённых баёў (да 2 кастр.) герм. войскі адступілі ў раён азёр Нарач—Свір. С.п. — апошняя аперацыя манеўровага перыяду вайны на рас.-герм. фронце, пасля якой абодва бакі перайшлі да пазіцыйнай вайны.

М.​І.​Камінскі.

т. 14, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ФРЫ́ДА»

(«Frida»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партыз. брыгад «Разгром», «За Савецкую Беларусь», імя М.​Шчорса і мясц. насельніцтва ў Бярэзінскім р-не Магілёўскай, Барысаўскім, Смалявіцкім і Чэрвеньскім р-нах Мінскай абл. у ліст. 1942 у Вял. Айч. вайну; састаўная частка агульнага плана гітлераўскага камандавання па ліквідацыі партыз. руху на тэр. генеральнай акр. Беларусь улетку і ўвосень 1942. Праводзілася сіламі 8-га і 10-га палкоў 1-й матарызаванай брыгады СС, асобага батальёна СС Дырлевангера, спец. каманд паліцыі бяспекі і СД, жандармерыі пры падтрымцы танкаў і артылерыі. Карнікі імкнуліся акружыць партызан у раёне азёр Краснае, Рыбачнае, Пясочнае і знішчыць іх. Пасля цяжкага бою каля в. Слабада (цяпер Чэрвеньскага р-на) брыгады ў выніку баявога манеўра выйшлі з акружэння. За час аперацыі карнікі загубілі 136 мясц. жыхароў, захапілі 1280 т збожжа, з разрабаваных вёсак 1600 жыхароў адправілі на прымусовыя работы ў спец. лагер у Смалявічах.

В.​С.​Лазебнікаў, У.​С.​Пасэ.

т. 16, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БАРБАРО́СА ПЛАН»

(«Barbarossa Fall»),

умоўная назва плана ваен. кампаніі фаш. Германіі супраць СССР у 2-ю сусв. вайну. Аформлены некалькімі дакументамі. Назва ад імя герм. караля і імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Фрыдрыха I Барбаросы — кіраўніка крыжовых паходаў на Усход у 12 ст. Распрацоўваўся камандаваннем герм. узбр. сіл з 21.7.1940, зацверджаны Гітлерам 18.12.1940 (дырэктыва № 21). Зыходзіў са стратэгіі «маланкавай вайны» (ням. «бліцкрыг») — завяршыць вайну да зімы 1941. Прадугледжваў раптоўнае нанясенне некалькіх моцных удараў буйнымі сіламі танкавых, механізаваных войскаў і авіяцыі з мэтай расчляніць, акружыць і знішчыць гал. сілы Чырв. Арміі на З ад рэк Дняпро і Зах. Дзвіна, захапіць гал. стратэгічныя аб’екты — Ленінград, Маскву, Цэнтр. прамысл. раён і Данецкі вугальны басейн, далейшы рух у глыб СССР і канчатковы выхад на лінію Архангельск—Астрахань. На У ад гэтай лініі меркавалася «паралізаваць з дапамогай авіяцыі» ўральскую прамысловасць. Вайну супраць СССР Гітлер разглядаў як «канфлікт двух светапоглядаў» і патрабаваў весці яе «на знішчэнне». У сувязі з Балканскай кампаніяй 1941 уварванне ў СССР перанесена з мая 1941 на 22.6.1941. Ход Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза 1941—45 сарваў поўную рэалізацыю «Барбароса плана».

Публ.:

План «Барбаросса» // Военно-ист. Журнал. 1991. № 3.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 2, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯАЯ́НСКАЯ БІ́ТВА 1904,

баявыя дзеянні 24.8—3.9.1904 у раёне г. Ляаян (Паўн.-Усх. Кітай) паміж рус. Маньчжурскай арміяй і трыма (1, 2, 4-я) яп. арміямі ў час руска-японскай вайны 1904—05. Паводле плана яп. камандавання (маршал І.​Аяма) прадугледжвалася рашучае наступленне з абходам флангаў рус. арміі. Але сілы яп. войск (каля 130 тыс. чал., 508 гармат) не дазвалялі ажыццявіць гэты план. Рус. армія (152 тыс. чал., 606 гармат) падрыхтавала для абароны тры рубяжы. План рус. камандавання (ген. А.М.Курапаткін) насіў пасіўна-чакальны характар і аддаваў ініцыятыву праціўніку. Таму нават нязначны поспех яп. войск (24—26 жн.) на адным з участкаў іх наступлення (раён Анпіліна) і адсутнасць у Курапаткіна дакладных звестак аб сілах праціўніка прымусілі яго аддаць загад пра адыход на 2-і рубеж абароны (за 8 км на Пд і ПдУ ад Ляаяна). Актыўнасць наступаючых, іх намаганні акружыць рус. армію зноў прымусілі (3 вер.) ген. Курапаткіна адступіць. Рус. войскі пакінулі Ляаян і адышлі за р. Шахэ. Страты яп. склалі 24 тыс. чал., рускіх — 16 тыс. чал. У выніку памылак рус. камандавання, яп. войскі дасягнулі ў гэтай аперацыі аператыўнага поспеху.

т. 9, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)