«МАНЫ́ЛЫ»

(«Manyly»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партыз. брыгады «Штурмавая» і мясц. насельніцтва ў раёне в. Манылы і ў Маныльскім лесе (Лагойскі р-н), а таксама ў Барысаўскім, Плешчаніцкім і Смалявіцкім р-нах Мінскай вобл. 2—14.4.1943 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі 2-га паліцэйскага палка з прыдадзенай яму танк. ротай, 2 мінамётнымі і 1 сапёрным узводамі. Ажыццяўлялася ў 3 этапы, кожны з якіх меў кодавую назву: «М.» — 2—4 крас., «Вясна—Поўдзень» («Lenz—Süd») — 6—8 крас. і «Вясна—Поўнач» («Lenz—Nord») — 8—14 крас. Нягледзячы на перавагу ў сілах і сродках, карнікам не ўдалося акружыць і знішчыць брыгаду. Партызаны з баямі адышлі ў паўн. напрамку. Гітлераўцы расстралялі 732 чал. ў шэрагу вёсак Лагойскага, Смалявіцкага і інш. раёнаў; 531 чал. «мабілізавалі» на катаржныя работы. Захапілі шмат жывёлы, збожжа, бульбы, разбурылі прадпрыемствы па перапрацоўцы сельгаспрадукцыі, у т. л. 11 млыноў, шмат якія вёскі спалілі.

У.​С.​Пасэ.

т. 10, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)