ува́жлівасць, ‑і, ж.

1. Праяўленне ўвагі (у 1 знач.). Аглядаючы гаспадарку, Пракоп забываў сваю самазваную ролю дэлегата і са ўсёй пільнасцю і ўважлівасцю знаёміўся з формамі калгаснай работы. Колас. З фотакарткі глядзела коратка падстрыжанае дзяўчо. У вачах, крыху прыжмураных, строгасць і ўважлівасць. Гаўрылкін.

2. Уважлівыя адносіны да каго‑н., прыхільнасць, добразычлівасць. Андрэй балюча перажываў здраду. Але здарэнне гэта дапамагло набыць самую дарагую якасць — уважлівасць да людзей. Шамякін. Сваёй уважлівасцю да людзей, мілай ветлівасцю .. [Зорык] адразу ж заваёўваў сімпатыі. Новікаў. Бацькі з падкрэсленай уважлівасцю глядзелі адно за адным, як асірацелыя дзеці. Асіпенка.

3. Уласцівасць уважлівага (у 3 знач.). Уважлівасць прычыны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фло́цкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да флоту, належыць яму; прызначаны для флоту. У абароне Севастопаля прымалі ўдзел 14 пяхотных дывізій (42 палкі), 17 флоцкіх экіпажаў і караблі Чарнаморскага флоту. «Помнікі». У час грамадзянскай вайны я сустракаў шмат маракоў з Балтыкі, з многімі з іх сябраваў, ведаў некалькі былых флоцкіх афіцэраў. Сяргейчык. // Уласцівы, характэрны для флоту, прыняты на флоце. [Сын] прыязджаў заўсёды нечакана, пад вечар, мажны, лабасты, у цёмным касцюме і ў чорнай флоцкай фуражцы, якую ўжо колькі год насіў пасля службы. М. Стральцоў.

2. у знач. наз. фло́цкі, ‑ага, м. Той, хто служыць ва флоце; марак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чо́ртаў, ‑ава.

1. Які мае адносіны да чорта, належыць яму. — Вось чортава стварэнне!.. Мусіць, я сапраўды баязлівец, калі нават вароны спалохаўся, — падумаў Валодзя. Ваданосаў. Пекла ўсё ўшчэнт разбіта, знікла чортава ўся світа. Дубоўка.

2. Разм. Вельмі дрэнны, непрыемны; пракляты. Няўжо .. [Барыс] не разумее, што Усевалад мог бы век не бачыць гэтага чортавага пітва, абы толькі якую хвіліну пабыць з Галінак? Скрыган.

3. Разм. У спалучэнні са словамі, якія абазначаюць вялікую колькасць, ужываецца для іх узмацнення. Да чортавай гібелі. Чортава процьма.

•••

Чортава акно гл. акно.

Чортава вока гл. вока.

Чортава душа гл. душа.

Чортаў сын гл. сын.

Чортаў тузін гл. тузін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чыгу́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да чыгуну (у 1 знач.). Чыгуннае ліццё. Чыгунная чушка. □ Запасы ржавага жалеза — даўжэзныя прэнты, найцяжэйшыя колы, ўсялякі чыгунны лом — ляжала ўсё гэта паўз глухія сцены цэхавых карпусоў. Чорны. // Выраблены, выліты з чыгуну. Чыгунная агароджа. □ Схіліўшы цяжкую галаву на ўзорыстую спінку чыгункай лаўкі, Крысціна задрамала. Васілевіч. Ахоўнік павёў .. [Вольгу] ў барак; у пакоі, дзе палілася чыгунная печка і было душна, прадставіў тоўстаму начальніку. Шамякін. // перан. Цяжкі, цвёрды, як чыгун. А ці не так, зямлянін, ты? Было і ёсць. Свінцовы дождж. Чыгунны крок. І ўсё ж, і ўсё ж, Пакуль кароткі перадых, Адтае сэрца. Губ тваіх Не згасне спёка. Семашкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шматгало́сы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да шматгалосся (у 1 знач.); поліфанічны. Шматгалосы хор.

2. Які складаецца з шматлікіх галасоў, гукаў, што гучаць адначасова; які ўтвараецца шматлікімі галасамі. З двара казармы вецер данёс шматгалосы гоман. П. Ткачоў. І раптам на тым баку вёскі пакацілася густое шматгалосае «ура!» Грахоўскі. // Які ўтварае многа гукаў; шумны. Натоўпы людзей шматгалосыя радамі ўліваюцца шчыльнымі. Пабачыш усе тут [у метро] прафесіі, сыноў розных нацый і рас. Панчанка. Помню цэх шматгалосы і змену начную, Помню ў шуме і громе, у промнях святла Кранаўшчыцу, кержачку вясёлую Нюру, Што з гарэзлівай песняй па цэху ішла. Дайнека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эфі́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да эфіру; знаходзіцца ў эфіры. Эфірная прастора.

2. Кніжн. Вельмі тонкі, незвычайна лёгкі. Эфірнае адзенне. // перан. Бесцялесны, незямны. — Не! Я не якое-небудзь эфірнае стварэнне, а жанчына, якая ведае, як і граблі, і рыдлёўку, і сякеру трымаць у руках, — рэзка адказала Галіна. Рамановіч.

3. Які ўтрымлівае эфір (у 4 знач.). Эфірны шкіпінар. □ [Ніна Іванаўна:] — Не забывайцеся, што гэтае дрэва [грэцкі арэх], а больш дакладна, ягоныя прыгожыя лісты, вельмі багатыя фітанцыдамі, якія, як вы ўжо добра ведаеце, забіваюць шкодных мікробаў, што ў лістах ёсць эфірны алей. Дубоўка. // Які ўласцівы эфіру як хімічнаму рэчыву. Эфірны пах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

К ’да’, прыназоўнік з дав. скл. (БРС, ТСБМ; выражае прасторавыя, часавыя, аб’ектныя і мэтавыя адносіны). У гаворках: к ’да’ (Бяльк.; мсцісл., Нар. сл., Нік. Напаў., Радч., Сержп. Грам., Сержп. Прымхі, Шат.), ка ’да’ (Бяльк., ТСБМ, Сержп. Прымхі; ужываецца ў спалучэнні «ка мне»), ік ’да’ (Рам.), ак ’да’ (Рам.). У ст.-бел. мове Карскім адзначаны к, ик ’да’. Сержпутоўскі (Грам., 13) адзначае, што прыназоўнік к перад б, д, г, ж, з вымаўляецца амаль што як г. Укр. к, ік, ку (зах.), рус. к, ко, ку, ик, польск. k, ku, палаб. ka, чэш. k, ke, ku, славац. k, ku, gu, ko, ke, н.-луж. k, ku, в.-луж. k, ke, ku, славен. k, h, g, серб.-харв. k, ka, ik, kak, мак. кон, бал. к, към. Ст.-рус. къ, ст.-слав. къ. Этымалогія няпэўная. Прыназоўнік не ўтварае рэгулярнага прэфікса. Структуры тыпу польск. gwoli, бел. палес. кстроцы, магчыма, серб.-харв. кнадити з’яўляюцца выпадковымі. Таму нельга пагадзіцца з уключэннем прыназоўніка к у адзін рад са слав. sъn і vъn. Рэканструкцыя *kъn, заснаваная на аналогіі з гэтымі прыназоўнікамі і на параўнанні к са ст.-інд. і ст.-іран. kam (паслялог з дав. скл.), дастаткова не абгрунтавана. Копечны лічыць, што праславянскай формай магла быць толькі такая, як (ESSJ, 100). Старажытныя сувязі прыназоўніка не зусім ясныя. Звычайна параўноўваюць са ст.-інд. паслялогам kám ст.-іран. kam ’дзеля’, аднак Бенвеніст (Зб. Фасмеру, 70–73) звярнуў увагу на фармальную і семантычную тоеснасць слав. k і сагд. kw (ku). Паводле Копечнага, ESSJ, 1, 106, нельга бачыць у гэтым запазычанне ў славянскія мовы; адзначаная тоеснасць або з’яўляецца вынікам паралельнага развіцця, або гэта агульная з’ява. Копечны (там жа) пераканаўча мяркуе, што слав. *ku () і інд.-іран. *ku як прыназоўнікі ўтварыліся ад прыслоўя займеннікавага паходжання (параўн. складанае kъ‑de < *ku‑dhe). Трубачоў (Этимология–1974, 175–176) супраць Копечнага, ён падкрэслівае, што наогул нельга аддзяляць прыназоўнік *kъ ад займенніка *kъ‑ і лічыць, што прыназоўнік не ўтвараў прэфікс, спасылаючыся на рус. конура, каверза, укр. ковертати, прикмітити, ковʼязнути. Гэтыя прыклады дапускаюць розную інтэрпрэтацыю (як назоўнікавыя, дзеяслоўныя ўтварэнні або складанні тыпу польск. gwoli, палес. кстроцы і інш.) і не даводзяць рэгулярнага характару прыназоўніка . Аб займеннікавым гл. падрабязна пад хто. Гл. яшчэ Слаўскі, 3, 290–293; Фасмер, 2, 146–147; Копечны, ESSJ, 1, 99–106.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́па ’парог, камяністы выступ на дне ракі’ (Скарбы), ’груды замёрзлай на дарозе гразі’ (Сцяшк. Сл.), рапы (rappy) мн. л. ’рачныя парогі ў гаворцы плытнікаў’ (Кольб.), ра́па, рапа́ ’чырвоная неўрадлівая глеба’ (драг., Нар. лекс.), рапы́на ’жвір’ (кам., ЛА, 2), ра́пісты ’няроўны’ (Сцяшк. Сл.), рапова́тый ’камяністы (пра зямлю)’ (кам., Жыв. НС). Няясна; магчыма тут аб’яднаны, незалежна ад фармальнай і семантычнай блізкасці, розныя па паходжанні лексемы. Параўн. славен. rápa ’складка на скуры, маршчына’, rapína ’няроўнае месца’, rapȋnje ’складчатая зямная паверхня’, н.-луж. ropa ’складка, маршчына’, для якіх Сной (гл. Бязлай, 3, 151) прапануе вывядзенне з прасл. *korpa ’няроўная паверхня’ (параўн. курапа ’рапуха’, гл.), што дапускала варыянтнасць пачатку слова з *xr‑ (гл. хра́па ’замёрзлая гразь на дарозе’, параўн. Астроўскі, ABSl, 29, 152), *vr‑ (гл. варо́паўка ’зялёная жаба’), *gr‑ (параўн. балг. грапа ’няроўнасць; воспіна’), *r‑ (параўн. укр. ра́павий, рапа́тий ’няроўны, нягладкі’). Махэк₂ (698) і Шустар-Шэўц (2, 1236) за зыходнае прымаюць прасл. *vorpa (гл. варапаха ’жаба’). Хутчэй за зыходную трэба прыняць форму з *r‑ з першасным значэннем ’нешта няроўнае, зацвярдзелае’, што можа ўзыходзіць да і.-е. *rap‑/*rep‑/*rop‑ са значэннем ’хватаць’, параўн. рус. схватиться ’застыць, зацвярдзець’, да якіх Варбат (Этимология–1986–1987, 58) адносіць польск. дыял. rapa, rapka ’лапа ў птушак і дробных жывёл з кіпцямі’, rapéc ’лапа, капыт’, гл. таксама ра́піна, рапо́тка. З іншых паралеляў можна прывесці макед. рапа ’паглыбленне з вадой, ямка’, да якога Відоескі (Геогр. терм., 132) далучае тапонімы Ра́па ’поле ў гарах’, Ра́пата ’камяністы ўзгорак’, а таксама балг. ра́па, серб.-хара ра̏па, рум. rîpa, арум. arîpa ’нізінка ў гарах’ і інш. Няясныя адносіны да польск. rapa, rafa ’падводны камень’ (< ням. Riff, Брукнер, 452) і рус. ро́па́к ’заледзянелыя каменні на беразе мора, ледзяныя таросы’, ро́пас, ро́паса́ ’куча каменняў; таросы; нагрувашчанне льдзін на беразе’ (з саамскай і фінскай моў, гл. Фасмер, 3, 501–502; Мызнікаў, Рус. гов. Обон., 332–334), а таксама балг. ро́па (“з няясным о”, гл. БЕР, 6, 322), серб.-харв. rȕpa ’яма, вір’, якія Скок (3, 173) параўноўвае з літ. raupýti, ruõpti ’калупаць’ і лічыць кантамінаванымі балтаславянска-ілірафракійскімі формамі.

Рапа́ ’вада з высокай канцэнтрацыяй солей, што выкарыстоўваецца ў лячэбных мэтах’ (ТСБМ), ’салёная вада’ (ПСл), ропа́ ’расол (у мясе); выдзяленні з раны’ (Мат. Гом., Сл. Брэс.), ра́па (Сл. ПЗБ). Гл. ро́па.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рапу́ха ’вялікая палявая жаба з бугрыстай скурай шэрага або зялёнага колеру’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ, Бяльк., Мат. Гом., Сцяшк., ЛА, 1), ’жаба, Bufo vulgaris’ (Касп.), рапу́га ’земляная жаба’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1), рыпу́га, рапо́ха ’тс’ (Сл. ПЗБ), ро́пуха ’жаба з жоўтым падбрушшам’ (ТС), рабу́ха, храпу́ха ’тс’ (ЛА, 1), рапэ́ся ’жаба’ (круп., Макар.); у большасці гаворак выступае ў значэннях ’неахайная жанчына’, ’жанчына, што мае пачварны твар пасля воспы’. Параўн. укр. ро́пуха, ряпу́ха, ро́павка ’жаба’, рус. дыял. ропу́ха, польск. ropuchay chropucha ’тс’, каш. ropucha ’авечая вош’, чэш. ropucha ’жаба’ (з польск.), славац. ropucha, repucha ’тс’, в.-луж. ropucha ’вадзяны хрэн’. Старажытная арэальная назва, метафарычна перанесеная пазней на іншыя асобы, прадметы або з’явы на вобразнай аснове (з-за няроўнай барадаўчатай скуры, непрыемнага выгляду, надутасці і пад.), параўн. ESSJ, Ukaz. čislo, 89–92 (з аглядам версій). Насовіч адзначае, што рапуха гукапераймальнае ад крыку жаб, што нельга выключыць, улічыўшы пастаянны прызнак, што вылучаецца ў народнай мове, параўн. скверэцца як рапуха (Сержп. Прык.), і наяўнасць анаматапеічнай варыянтнай базы *rep‑, *rop‑ (гл. Шустар-Шэўц, 2, 1236). Брукнер (463, гл. таксама Трубачоў у Фасмера, 3, 503; ЭССЯ, 8, 82; 11, 90) узводзіць да *chropucha ад шурпатай, “храпаватай” скуры, да гэтага польск. дыял. rapaty ’шурпаты, шорсткі’ і rupić ’рабіцца няроўным, шурпатым, (пра твар) бугрыстым, васпаватым’, серб. рапав, храпав ’бугрысты, шурпаты’, што суадносяць з літ. rùpti ’рабіцца шурпатым’. Фасмер (3, 503) схіляецца да сувязі з рапа́ ’бруд, падобны на гной’ (гл.), што суадносіцца з іншай назвай земляная жаба, ралейная жаба ’жаба, што сядзіць у зямлі, глеі, рапе’. Адносіны славянскіх назваў да літ. rùpuże ’жаба’ застаюцца няяснымі, аднак пераважае думка пра незалежныя ўтварэнні, параўн. Анікін, Опыт, 263, дзе запазычанне дапускаецца толькі для формы рус., бел. рапу́га (< літ. rapūga ’жаба’). Беларускі ўплыў мяркуецца для літ. rapùkas ’жаба з чырвоным жыватом’. Элемент ‑пуга ў складзе назвы можа звязвацца са значэннем ’дуць, надувацца’, параўн. харв. žaba puhača ’рапуха’ (= žaba krastača), якое Скок (3, 69, 77) атаясамлівае з іншай назвай — pugȁča ’тс’, што яшчэ раз сведчыць пра магчымасць розных уплываў і асацыяцый, выкліканых яркім вобразам аб’екта намінацыі, у тым ліку з *korsta ’кароста’ (кароставая жаба, Сл. ПЗБ), *kora ’кара’ (каравая жаба, ЛА, 1), *korpa ’рубец, бародаўка’, *korpavъjь ’бугрысты, выспаваты’ (каропавая жаба, Сл. ПЗБ), гл. ЭССЯ, 11, 90, 96.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

памі́ж, прыназ. з Р і Т.

Спалучэнне з прыназоўнікам «паміж» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з Р або Т. Ужываецца для ўказання на прадметы, пасярод якіх або ў прамежку між якімі што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Граніца паміж двума светамі. Вагоны стаялі паміж акном і сталом. □ [Сашка] падаўся да стала, які стаяў пры сцяне паміж двух акон. Чорны. На плошчу паміж Домам Урада і домам насупраць увайшлі самаходкі. Мележ. // Тое ж пры ўказанні на групу прадметаў ці асоб. Паміж нізкіх цёмна-сініх хмар прабілася малінавая палоска. Грахоўскі. Па моры плывуць караблі, Плывуць паміж рыфаў і скал. Купала. // Ужываецца для ўказання на сферу, асяроддзе, у якім што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Ў глыбі двара стаяла хата І выглядала зухавата Паміж запушчанай будовы. Колас. Вясна кругом, адгрукалі марозы, Ручай паміж палеткамі журчыць. Броўка.

Часавыя адносіны

2. з Т або Р. Ужываецца для ўказання на пачатковы і канцовы моманты, якімі абмяжоўваецца пэўны прамежак часу. Паміж дзесяццю і дванаццаццю гадзінамі. Паміж захадам сонца і змярканнем. □ Высадка павінна была адбыцца паміж 28 і 29 сакавіка паблізу Палангена. Г. Кісялёў. // Ужываецца для ўказання на з’явы, падзеі, у прамежку ці ў перапынку між якімі што‑н. адбываецца. Паміж гаворкаю дымок Віецца між сябрамі. Броўка. Інтэрвалы паміж бомбавымі разрывамі бадай што ўжо і не заўважаліся. Чорны.

Аб’ектныя адносіны

3. з Т або Р. Ужываецца для ўказання на групу прадметаў або асоб, у асяроддзі якіх наглядаюцца ўзаемасувязі, узаемаадносіны, узаемадзеянне. [Шуфт:] Будзем лічыць, што ўмова паміж намі заключана. Крапіва. Цёпла, пранікнёна гаварыў Лазавенка аб ўмацаваны дружбы паміж калгасамі. Шамякін. Паміж старых прыяцеляў павеяў нядобры халадок. Зарэцкі.

4. з Т. Служыць для ўказання на супастаўленне якіх‑н. прадметаў, асоб, з’яў. Розніца паміж прыказкай і прымаўкай. □ З’езд [дэлегатаў арміі і тылу Заходняга фронту] з’явіўся арэнай жорсткай барацьбы паміж сіламі рэвалюцыі і контррэвалюцыі за армію. «Весці».

5. з Т. Служыць для абазначэння якой‑н. групы прадметаў або асоб, у межах якой адбываецца размеркаванне, падзея чаго‑н. Падзяліць сшыткі паміж вучнямі.

•••

Паміж двух агнёў гл. агонь.

Паміж намі (кажучы) гл. мы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)