Суята́ (суета́) ’непакой’, ’мітуслівы, неспакойны чалавек, які ўсюды лезе’ (Нас.), суjета́ ’клопат, турбота’ (Вруб.), суетня́ ’клопат, суматоха’ (Нас.), ст.-бел. суета ’марнасць, пустка, непатрэбшчына’ (Альтбаўэр), суетныи ’марны; мітуслівы’ (там жа). Параўн. укр. суєта́, суята́ ’клопат, неспакой, прыгнечанасць’, суятня́ ’неспакой’, рус. суета́ ’тс’, балг. суета́ ’марнасць; мітусня’, суетня́ ’клопат, турботы’, макед. суета ’марнасць; фанабэрыя’, ст.-слав. соуѥта ’марнасць, пустка’. Хутчэй за ўсё, запазычана са стараславянскай праз біблейскія тэксты, параўн. біблеізм соуѥта соуѥтъ ’марнасць’, што адпавядае грэч. ματαιότης ματαιοτήων, лац. vanitas vanitatum ’тс’ — выраз, што лічыцца гебраізмам, параўн. ст.-бел. ажно все суета, суета суетная (Альтбаўэр). Выводзіцца са ст.-слав. соуѥ ’несапраўднае, ілжывае’, соуи ’пусты’, з суф. ‑ѥта (< *‑ota пасля ‑j‑, гл. Глухак, 593), параўн. стараж.-рус. суи ’пусты, нязначны, несапраўдны’, чэш. sujný ’дарэмны’, што да прасл. *sujь ’пусты, марны’, якое параўноўваюць з літ. sáuja ’жменя’, ст.-інд. çūnyás ’пусты’, лац. cavus ’пусты, з поласцю ўсярэдзіне’ (гл. Фасмер, 3, 797); паводле Варбат (Этимология–1983, 38) — беспадстаўна, паколькі значэнне ’парожні’ адсутнічае ў славянскага слова, больш верагоднай падаецца сувязь з *sovati (гл. соваць, суваць). Параўн., аднак, пярэчанні Кожынавай (Супр. чыт., II, 58) на падставе перакладу з грэчаскай біблейскага фрагмента пꙋстошь пꙋстошемъ всє пꙋстошь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сіло́ ‘прыстасаванне ў выглядзе петляў для лоўлі птушак і дробных жывёлін’ (ТСБМ, Ласт., Шат., Бяльк., Др.-Падб., Байк. і Некр., Варл.; глыб., Сл. ПЗБ), ‘прывязка, якой прымацоўваецца біч да цапільна’ (карм., ДАБМ, камент., 829), ‘вуда’ (Байк. і Некр.), ‘пастка’ (Касп.), сіллё ‘з паляўнічай тэрміналогіі’ (Сержп., Грам., 57), ‘сіло’ (Бяльк.; мядз., Нар. сл.; Нар. лекс.), сіло́к ‘сіло’ (ТСБМ), сільё ‘тс’ (Арх. Федар., Сцяшк. Сл.), сіліё ‘сіло’ (Сл. ПЗБ), сіло́, шыло́ ‘тс’ (ТС), ст.-бел. сило: силомъ се ѡобесил (Карскі 2–3, 445). Укр. сило́, сильце́, рус. сило́, сило́к, си́лья, ст.-рус. сило, сильць, польск. sidło ‘тс’, чэш. osidlo, славац. osídlo ‘пастка’, ст.-слав. сило ‘пятля’. Прасл. *sidlo, дэрыват з інструментальным суфіксам ‑dlo ад кораня *sei‑ ‘звязваць’, параўн. сіліць, сіляць (гл.). Роднаснае да сетка і сіт, гл. (Фасмер, 3, 621; Махэк₂, 418; Праабражэнскі, 2, 286). Паралелі ў літ. ãtsailė ‘злучальная планка паміж дышлам і воссю’, atseilis ‘жалеза, якое ідзе ад шворана да восі’, лат. saiklis ‘завязка, саламянае перавясла’, ст.-в.-ням. seid ‘вяроўка’, ст.-інд. sinātі ‘звязвае’ і г. д. (Траўтман, 253; Мюленбах-Эндзелін, 3, 860; Майргофер, 3, 549). Паводле Борыся (544), слова ўтворана ад незахаванага славянскага дзеяслова *siti (< *su‑) з тым жа суфіксам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Такі́1, займеннік ’менавіта гэты, падобны да гэтага або да таго, пра які гаварылася раней ці гаворыцца далей’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Касп., Федар., 4, Сл. ПЗБ, ТС), такі́й ’такі, гэтакі’ (Бяльк.), ст.-бел. такий ’такі’ (КГС). Сюды ж вытворныя са значэннямі павелічальнасці ці памяншальнасці: таке́нны ’такі (вялікі)’ (Ян., Растарг.), таке́зны ’тс’ (ТС), таке́нькі, таке́нечкі, таке́сенькі ’такі (малы)’ (Сцяшк. Сл., Ян., Растарг.). Укр. таки́, стараж.-рус. таки, такы ’тс’, польск., славін. дыял. taki, в.-луж. tajki, н.-луж. taki, серб.-харв. та̀кӣ, чэш. taky, славац. taký(to) ’такі’. Да прасл. *takъjь, што працягвае прасл. *takъ ’тс’ (гл. так).

Такі́2, ‑такі — прыслоўе і часціца, што выкарыстоўваюцца пры знамянальных словах, падкрэсліваючы іх значэнне: ’аднак’, ’аднак жа’, ’зрэшты’, ’тым не менш’, ’усё ж’, ’усё-такі’ (ТСБМ, Нас., Чач., Ласт.), ’аднак, хоць’ (Некр. і Байк.), тыкі́ ’аднак жа’ (чавус., Яшк. Мясц.), уваходзіць у склад некаторым слоў: даволі‑такі, зноў‑такі, так-такі і пад. (ТСБМ). Укр. таки́, рус. таки́, стараж.-рус. такы ’таксама; усё ж; пастаянна’. Паводле Карскага (2–3, 84, 419), Тв. скл. мн. л. ад так (гл.); гл. таксама Фасмер, 4, 13. Сюды ж такі́та ’дарэчы, дык, сапраўды’ (Некр. і Байк.), ускладненае часціцай то (та), гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тасава́ць1 ’перамешваць (ігральныя карты)’ (ТСБМ, Янк. 1), та́соваць ’тасаваць (карты)’ (ТС), тасова́ті ’тс’ (Вруб.), тусува́ць ’мяшаць карты’ (Бяльк.), сюды ж тасо́ваны ’перамешаны, пераблытаны’ (ТС). Праз польск. tasować ’перамешваць карты’, ’расстаўляць, распінаць, ставіць’ з франц. tasser ’збіраць у кучу’, звязанае з tas ’куча’ (Фасмер, 4, 26; Брукнер, 566; ЕСУМ, 5, 526).

Тасава́ць2 ’штурхаць, штыляць’ (Янк. 1), ’штурхаць, біць’ (Мат. Гом.), ’рыхліць, ускопваць’ (Сцяшк. Сл.; карэліц., Шатал.), сюды ж тасыну́ты ’штурхануць, піхануць’ (Клім., Сл. Брэс.). Відаць, роднаснае чэш. tasiti ’сячы; вымаць з похвы’, якое Махэк₂ (637) лічыць ітэратывам ад tesati (гл. цясаць) і параўноўвае з лат. test, якое акрамя ’абчосваць’ мае значэнне ’біць’. Сюды ж, магчыма, ст.-бел. тасоване ’?’: ковалю за тасоване прутов осми и два новых… заплатили (1686 г., КГС). Параўн. таскаць, ташчыць, гл.

Тасава́ць3 ’зносіць, цягаць, кідаць’ (рагач., Сл. ПЗБ). Няясна. Нагадвае чэш. tasiti ’цягнуць, валачы’, якое Махэк₂ (637) параўноўвае з рус. таска́ть ’цягаць, валачы’ (параўн. таскаць, гл.), роднасным літ. tąsýti ’торгаць, цягаць, валачы’; паводле аўтараў Сл. ПЗБ (5, 92), апошняе магло быць крыніцай слова, што не мае падстаў. Махэк₂ (там жа) лічыць чэшскае слова ізаляваным у славянскіх мовах, паколькі адсутнічае зыходны дзеяслоў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трася́нка1 ‘стрэсенае сена з саломай, якое ідзе на корм жывёле’ (ТСБМ; докш., Янк. Мат., Варл.; ашм., Стан., Сл. ПЗБ, Вруб., Брасл. сл., Лекс. Бел. Палесся; дрыс., Яшк. Мясц.; гродз., мін., віц., ЛА, 2), трасяни́ца ‘тс’ (пін., ЛА, 2), трасе́нка ‘тс’ (Сл. ПЗБ), трэ́сенка ‘тс’ (бяроз., ЛА, 2); сюды ж страся́нка ‘тс’ (гарад., віц., мядз., леп., ЛА, 2). Параўн. укр. дыял. трясани́ця, трясени́ця ‘салома з сенам’, балг. тра́сени́на, тра́сени́ца ‘тс’, а таксама рус. дыял. тряха́нка ‘тс’, дзе, паводле Талстой (Зб. Жураўлёву, 356), адзначана варыянтнасць каранёвых с/х, параўн. траха́ць ‘трэсці’ (гл.). Утворана ад дзеепрыметнікавай формы дзеяслова трэсці (гл.) і прыставачнага ўтварэння страса́ць ‘змешваць трасучы’ (гл. трасці). Адносна балгарскіх формаў выказваецца меркаванне аб іх праславянскім паходжанні, паколькі яны звязаны са спецыфікай догляду за жывёлай з даўніх часоў (Тадораў, Слов. етим., 406). Гл. таксама трушанка.

Трася́нка2 ‘змешанае беларуска-рускае маўленне’ (ТСБМ, Улас.), трасʼанка ‘моўная блытаніна’ (“językowy galimatias”, Вруб.). Метафарычнае ўтварэнне на базе трася́нка1, аналагічнае ўкр. су́ржык ‘украінска-рускае змешанае маўленне’ (гл. суржык). Актывізацыя ўжывання ў 80‑я гады XX ст. прыпісваецца З. Пазняку (Рамза, Беларуская думка, 2010, 7, 113), аднак слова ў такім значэнні ўжывалася і раней (Свобада, Беларуска, 30, 192; Запрудскі, Arche, 2009, 11–12, 176).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прышч1 ’гнайнічок на скуры’ (ТСБМ, Шпіл., Бес., Ласт., Сл. ПЗБ, ТС), пры́шча, пры́шчва́, прышча́й, прышча́йка, прышчэ́йка (Жыв. сл., Сл. ПЗБ), пры́шчаўка, пры́шчолка ’прышчык’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, ЛА, 3), пры́шчынка ’балячка’ (чэрв., Нар. лекс.), прэ́шч ’прышч’ (астрав., Сл. ПЗБ). Укр. прищ ’тс’, рус. прыщ, ст.-рус. прыщь, ц.-слав. прыштъ ’тс’, польск. pryszcz ’пухір’, в.-луж. pryskel ’мазоль, набой’, н.-луж. pšuskel ’тс’, чэш. pryskýř ’пухір’, славац. prýšť ’высыпка’, серб.-харв. при̑шт ’нарыў, скула’, славен. príšč ’пухір’, балг. прищ ’пухір’, приш ’прышч’, макед. пришт ’прышч, скула’. Вытворнае ад *pryskati (гл. пры́скаць) < *prysk‑jь > *pryščь (больш падрабязна гл. Мяркулава, Этимология–1970, 148 і наст.). Гл. таксама Праабражэнскі, 2, 140; Фасмер, 3, 392; Брукнер, 440; Шустар-Шэўц, 2, 1164; Банькоўскі, 2, 807; БЕР, 5, 525, 746; ЕСУМ, 4, 585. Непераканаўча ад *pluskati выводзіць Махэк₂ (489).

Прышч2 ’прыцярушанае мукой прэснае цеста, якое запякаецца ў прыску’ (тураў., Малч.). Укр. прищ ’гатунак пячэння’. Этымалагічна тое ж, што і прышч1, ад прыск, прысак, пры́шчыць (гл.). Паводле ЕСУМ (4, 585), украінскае слова запазычана з польск. pryszcz ’печыва з грэцкай мукі, якое гарачым мачаюць у растопленым масле’, што ад pryszczeć ’трашчаць, сычэць (на агні)’, што не выключае народнаэтымалагічнас асэнсаванне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пумпару́шка-рабу́шка ’божая кароўка’ (З жыцця), пумпа‑ ру́шка‑рыбу́шка ’тс’ (воран., ЛА, 1), параўн. мурашка‑пумпашка ’тс’ (там жа), прошка‑рябошка ’тс’ (віц., ЛА, 1). Спалучэнне рыфмаваных слоў, нярэдкае для назваў божай кароўкі, параўн. петрык‑ведрык, петарка‑федарка і пад.; адна з частак, несумненна, ад рабы ’стракаты, плямісты’; другая ўзыходзіць да асновы пумп‑, прысутнай у назвах невялікіх круглых прадметаў і істот, паралельнай да пуп‑ з экспрэсіўнай назалізацыяй, параўн., напрыклад, пу́пел ’карапуз’ (гл.) і балг. пу́мпал ’тоўстая кароткая калодачка’ (лічыцца гукапераймальным, гл. БЕР, 5, 852; хутчэй “формавыяўляльным”). Аднак геаграфія назваў з назалізацыяй схіляе бачыць у аснове літ. pumpas ’маленькі гуз’, pampariitė ’кругленькі, пузаты’, p u mpuras ’пупышка’ (параўн. Астрэйка, БЛ, 46, 59), што не выключае і іншых версій: параўн., напрыклад, в.-луж. ритрас ’тоўсты жывот’, pumpak ’пукаты гаршчок’, ’тлусты жывот’, pumpaty ’пузаты, тоўсты, разбухшы’, што, паводле Шустар–Шэўца (2, 1190), выводзяцца з гукавыяўляльнага (“Lautgebärde”) комплекса pump-, паралельнага да в.-луж. pup ’пуп, выпукласць, гуз’; гэта сведчыць пра міжмоўны паралелізм у раз-віцці некаторых “формавыяўляльных” асноў, падобна да гукапераймальных слоў, параўн. пу́мпара ’буркун’ (гл.). Неналізаваны варыянт укр. папару́шка, папару́за ’божая кароўка’. Тапароў (Мифы, 1, 181–182) звязвае з балг. пеперу́да ’персанаж з балканскага абраду выклікання дажджу’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пуц1 ’сякера з доўгім тапарышчам; калун’ (ЛА, 2; ТС; Сл. Брэс.; Янк. 1; петрык., Шатал.; слуц., Нар. словатв.; ПСл; Нар. Гом., Сл. ПЗБ), пуцо ’тс’ (Сл. ПЗБ), пуц ’сякера з малым тапарышчам’ (Сцяшк. Сл.). Запазычанне з ням. Putz ’тс’, параўн. putzen ’чысціць, прыбіраць’ і тлумачэнне Янкоўскага: “цяслярская прылада, цяжкая сякера, якой ачэсваюць тоўстыя бярвенні” (Янк. 1).

Пуц2 ’тугадум’ (клец., Нар. лекс.), ’глупства (са зладзейскага жаргону)’ (Полымя, 2001, 6, 204). Метафара да пуці, параўн. ’тупая сякера’ (ст.-дар., Сл. ПЗБ) і перан. калун ’тупы чалавек’.

Пуц3 ’ногаць’ (карэліц., Шат.). Няясна.

Пуц4 — выклічнік для імітацыі лёгкага падзення (Нас.), прысядання: я лаўлю курыцу, а яна пуц — і села (ЭШ), раптоўнага спынення: пуц — ды стаў конь (Шат.), сюды ж пу́цнуць ’упасці’: пуцнуло яблоко (Нас.), ’упасці ад стомы, зваліцца’ (слонім., Жыв. НС). Паводле Смаль–Стоцкага (Приміт., 168), адзін з варыянтаў “навейшага гукапераймання” для імітацыі раптоўнага дзеяння, параўн. укр. пац, пэц, пуц, пуць, польск. puc, pęc, pac: puc go na ziemię, а таксама выклічнік для нацкоўвання сабакі: puc go!, тое ж і серб.-харв. puc (адносна апошняга Скок, 3, 65; Путанец, там жа, параўноўвае са ст.-слав. устити ’incitare’, серб.-харв. usta і пад.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́- прыстаўка для абазначэння розных прасторавых, часавых і іншых адносінаў. Надае значэнні: назоўнікам — ’прадмет, падобны да таго, што названа ўтваральным словам, але не з’яўляецца ім у поўнай меры’: по́гуд ’невыразны гул’ (Сцяшк. Сл.), по́кут ’покуць’, по́кліть ’свіран, клець’ (Тарн.); прыметнікам і прыслоўям — ’некаторае ўзмацненне якасці’ ці ’прысутнасць яе ў малой меры’: по́даўна ’даволі даўно, даўнавата’ (ТСБМ, Нас., Шат., Сл. ПЗБ, ТС), по́дыўна ’тс’ (Бяльк.), по́даўка, по́цесна ’цеснавата’, по́вісокі ’высакаваты’, по́малы ’малаваты’, по́цемна ’цемнавата’, по́весел ’пад чаркай’ (Нас.), по́велікі ’велікаваты’ (ТС). Паводле Цвяткова, по‑ ў апошніх формах генетычна суадносіцца з паказчыкам вышэйшай ступені параўнання ў балгарскай мове: по‑висок ’вышэйшы’ (Цвяткоў, Запіскі, 51); а таксама ў македонскай мове: помлад ’маладзейшы’. У тым жа значэнні вядома большасць славянскіх моў: укр. по́широкий ’трохі шырэйшы’, по́твердний ’цвердаваты’, польск. pobielawy ’белаваты’, чэш. posilný ’даволі моцны, трохі мацнейшы’, в.-луж. počorni ’чарнаваты’, н.-луж. pocarny ’тс’, славен. počrn ’тс’, серб.-харв. подобар ’даволі добры’; гэта дазваляе рэканструяваць праслав. *po‑ з адпаведным значэннем, параўн. лат. padargs ’задарагі, дарагаваты’, што выводзіцца са значэння ’пасля, за’ адпаведнага прыназоўніка (ESSJ, 1, 189; БЕР, 5, 395; Скок, 2, 692–693; ESJSt, 11, 667), гл. па1, па2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́дзвіг1 ’гераічны ўчынак; важнае дзеянне’ (ТСБМ). Бел. слова запазыч. з ц.-слав.; параўн.: май месец пройшоў у холодном подвігу (ТС), што можна растлумачыць як “у змаганні з холадам”. Значэнне “барацьба, змаганне” ў гэтым кантэксце блізкае да значэння ст.-слав. подвигъ. Можна дапусціць, што ў тураўскай гаворцы яно захавалася з часоў непасрэднага ўплыву кірыла-мефодзіеўскай традыцыі (Цыхун, Зб. Талстому, 423). Укр. по́двиг ’подзвіг’, рус. по́двиг, славен. podvíg, серб.-харв. по̏двйг, балг. подвиг ’тс’. Паводле Станкевіча (Зб. тв., 1, 527), у гэтым значэнні — русізм. Гл. наступнае слова.

По́дзвіг2 ’зрух у рабоце’ (мядз., Нар. словатв.), по́двіх ’лямеш у плузе’ (ДАБМ, камент., 827). Рус. по́двиг ’рух; ход, развіццё (справы, падзеяў)’, подвиг ’рух’. Прасл. *podvigъ ад *dvig(a)ti ’падымаць, перамяшчаць’, якое выводзяць ад *dvigъ або *d(ъ)vigъ ’развіліна, раздвоены сук, які служыў сродкам падымання ці перамяшчэння’, роднасны ням. Zweig ’галіна’ (Трубачоў, ЭССЯ, 5, 168). Але Мартынаў (Зб. Крапіве, 211–212) мяркуе, што ўсх.-палес. pódwih ’дубовая галінка для ўмацавання правай паліцы сахі’ выводзіцца з *pod‑vig, дзе другая частка слова звязана з серб.-харв. вигови ’сіло, пута’, виг ’пастка’, што, магчыма, сведчыць пра аманімію формаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)