Ра́нда і ранда́ ’арэнда’ (Нас., Байк. і Некр., Гарэц.), рэ́нда ’тс’ (Бяльк.), ’шынок’ (Нас., Касп.), сюды ж рандава́ць ’арандаваць’ (Нас.), ранда́р, ранда́тар ’наймальнік, арандатар; карчмар’ (Нас., Байк. і Некр., Сержп. Прык., Юрч.). Праз польск. arenda, arendować (у сучаснай польскай мове часцей dzierżawa, dzierżawić, dzierżawca) з с.-лац. ar(r)endare < лац. reddō/reddere ’атрыманае аддаць’ > arrenda ’плата за год’ (Брукнер, 6; Саднік-Айцэтмюлер, 1, 25). У беларускай мове вядомы таксама варыянт ланда́р (Сержп. Казкі) з распадабненнем зычных. Значэне ’шынок’, параўн. да гэтага укр. ора́нда ’тракцір’, рус. смал. ра́нда/ра́ндо ’кабак’, вынікае са спосабу ўтрымання такіх месц праз арандаванне (Фасмер, 3, 442). Барысава (Бел.-рус. ізал., 10–12) рэгіянальнае (бел.-смал.) ранда ’шынок, карчма’ лічыць семантычнай інавацыяй на базе літ. randá/rendá ’арэнда’, што цяжка давесці. Сюды ж рандо́ўля ’стан арэнды; здача ў арэнду’, рандоўства ’ўтрыманне арэнды’, рандо́ўшчык, рандо́ўшчыца ’арандатар, арандатарка’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рож ж. р. ’жыта’ (в.-дзв., лудз., Сл. ПЗБ; ПСл), укр. рож, рус. рожь, стараж.-рус. ръжь, польск. reż, rża ’тс’, н.-луж. rež, в.-луж. rož, палаб. raz, чэш. rež, мар. rýž ’тс’, славац. raž, славен. rež, ȓž, серб. ра̂ж, р̑ж, харв. дыял. rôž, макед. ’рж, балг. ръж, ръжта́. Прасл. *rъžь, роднаснае літ. rugỹs ’жыта’, лат. rudzis, ст.-прус. rug(g)is, ст.-ісл. rugr, ст.-н.-ням. roggo, ст.-англ. ruge, англ. rye, ням. Roggen. Паводле Дзечава (Thrak. Sprachreste, 87), а яшчэ раней Маера (BB, 20, 121) і Фіка (BB, 29, 241) сюды ж фрак.-макед. βρίζα ’жыта’, (параўн. балг. бри́ца ’тс’, гл. брыца) — у гэтым сумняваецца Фасмер (3, 494); і.-е. *u̯rughi̯o ’жыта’ (Бязлай, 3, 211; Рэйзэк, 541); *rughi̯o‑ (Міклашыч, 285; Голуб-Копечны, 312; Младенов, 565; БЕР, 6, 363; з і.-е. *ru‑gh‑ ’рваць’ (Трубачоў, Этногенез, 213).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́скеп ’дышаль у возе для валоў’ (ПСл) як транспартны тэрмін, відаць, прымыкае да ўкр. моўнай тэрыторыі, — параўн. укр. ро́скіп ’разгалінаванне (у граблях, у дышле)’. Аднак з асноўным значэннем ’раскол, расшчэп’ лексема распаўсюджана на ўсходнеславянскай тэрыторыі: бел. раске́п ’раскол (у ночвах)’, раске́піць ’расколваць’, раскяпа́ць ’шчапаць, расколваць (дор, лучыну)’, (Нас., Гарэц.), рус. смал. раске́пить ’раскалоць бервяно, дровы’, пск., цвяр. раске́пина, цвяр. раске́пица ’расколіна, трэшчына’, укр. ро́скіп ’раскол, расшчэп’, стараж.-рус. скѣпати ’калоць’, поскѣпани ’расколатыя’ (Слова аб паходзе Ігара), оскѣпъ ’дрэўка (сцяга)’ (XIII ст.). Узыходзіць да прасл. *orz‑ > раз- (гл.) і ⁺скѣпати, якое Сабалеўскі (РФВ, 53, 8), Брандт (РФВ, 24, 174), Шахматаў (Очерки, 176) і інш. выводзяць з сцѣпати; Якабсон (IJSLP, 1959, 1/2, 270) мяркуе, што ў скѣпатиск‑ — правільнае перад ѣ, якое з *‑oi̯; пазней з ск‑ утварылася щѣ‑ (напр. шчапа́) (Трубачоў, Дополн., 3, 638). Гл. таксама раскеп, раскепіць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рубі́ць ’падшываць край чаго-небудзь; рабіць рубец’, ’будаваць што-небудзь з дрэва, бярвення’, ’здабываць (руду, вугаль)’ (ТСБМ), у выразе рубіць хату/хлеў ’часова без моху складаць сцены будынка з новых бярвенняў’ (капыл., саліг., клец., слуц., З нар. сл.); сюды ж рубну́ць ’секануць’ (ТС). Укр. руби́ти ’падрубаць, падшываць’, рус. руби́ть ’сячы’, н.-луж. rubnuś ’секануць’, в.-луж. rubnuć ’секануць’, чэш. roubiti ’будаваць; рабіць прышчэпку’, славен. róbiti ’падрубаць, падшываць’, серб.-харв. ру̀бити ’тс’, балг. ръ́бя ’абрубаць; рабіць зазубрылі; падрубаць’. Ст.-слав. рѫбити, стараж.-рус. рꙋбити ’будаваць з дрэва; рыхтаваць (ваяра)’ (Сразн., 3, 181–182). Прасл. *rǫbiti, *rǫbati на базе і.-е. *remb‑/*romb‑/*romb‑ ’сячы, рабіць насечку, рубец, шрам’, параўн. літ. rémbėti ’пакрывацца рубцамі; рубцавацца’. Старэйшае значэнне — ’рабіць засечку; рубцаваць’ < ’будаваць’ < ’сячы’ (Чарных, 2, 125). Паводле Трубачова (Ремесл. терм., 149), значэнне ’будаваць з дрэва’ другаснае на базе прасл. *rǫbъ ’край, абрэзаны кавалак’. Гл. руб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ругну́цца ’вылаяцца’, ругепу́ць ’аблаяць’, руга́нье ’лаянка, непрыстойны выраз’ (ТС), ругані́на ’лаянка, лаянне’ (міёр., Нар. словатв.), руга́нне ’сварка з грубасцю’, ру́гань, ругня́ ’тс’ (Юрч. Сін.). Укр. поруга́тися ’насміхацца’, рус. руга́ть ’сварыцца’, ругну́ться ’вылаяцца’, польск. urągać ’насміхацца’, каш. rǫgac ’насміхацца, кпіць’, чэш. rouhati ’гнявіць бога’, славен. rọ́gati se, rógam se ’высмейваць’, серб.-харв. ру̑г, ру́га ’насмешка’, ру̀гати се, ру̑га̑м се ’насміхацца’, балг. ръгая ’сварыцца, лаяцца’; ст.-слав. рѫгъ, рѫгати сѧ, ст.-рус. ругъ ’насмешка’, ругати ся ’насміхацца’. З прасл. *rǫgati (sę), *rǫgnǫti (sę). (Бязлай, 3, 191; Глухак, 533; SEK, 4, 212; ESJSt, 13, 780). З інш. ступенню вакалізму славен. regati, regniti ’лопнуць’, režati, režím ’зеўраць, быць раскрытым, бурчаць, злавацца’, серб.-харв. рега ’бурчанне, гырканне сабакі’, рѐгнути, ре̂гне̂м ’бурчаць’, ст.-слав. рѧгнѫти ’зеўраць’. Роднасныя да ст.-прус. rānctwei ’красці’, лац. ringor, ī, rīnctus sum ’разяўляю рот, выскаляю зубы, злуюся’. (Фасмер, 3, 512).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Садзі́ць ’запрашаць або прымушаць заняць якое-небудзь месца’; ’прызначаць, уладкоўваць на якую-небудзь пасаду’, ’пасяляць дзе-небудзь’, ’закопваць у зямлю карані саджанцаў, клубні і пад. з мэтай вырошчвання раслін’, ’змяшчаць у гарачую печ посуд для выпякання, сушэння’, ’энергічна, з сілай утвараць якое-небудзь дзеянне’. Укр. сади́ти, саджу́, рус. сади́ть, сажу́, стараж.-рус. садити, ст.-слав. садити, польск. sadzić, sadzę, в.-луж. sadźiś, н.-луж. sajźić, чэш. saditi, славац. sadiť, серб.-харв. са́дити, са̑дим, славен. sadíti, sadím, балг. садя́, макед. сади. Праслав. *sadìti, sadi̯ǫ каўзатыў да прасл. *sěsti ’сесці’. Роднасныя літ. sodìnti, sodinù ’саджаць’, ст.-прус. saddinna ’ён ставіць’, ensadints ’той, які ўстаўлены’; гоц. satjan ’саджаць’, ірл. suidim ’сяджу’ (Траўтман, 259), ст.-інд. sādáyati ’садзіць’, ірл. sáidim. Гл. таксама Фасмер, 3, 544 з літраў Брукнер, 478 і наст.; Махэк₂, 539; Борысь, 537; Шустар-Шэўц, 2, 1263–1264; Сной₁, 551; БЕР, 411–415. Параўн. сад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Све́чка ‘палачка з тлушчавага рэчыва з кнотам у сярэдзіне, якая служыць для асвятлення’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Бяльк.), ‘капелька тлушчу на паверхні вадкай стравы’ (смарг., паст., лаг., в.-дзв., Сл. ПЗБ; Барад.; рас., Шатал.), свяча́ ‘свечка’ (Нас., Ласт.), свеча́ ‘свечка’, ‘прамы сук у сасны’ (ТС), сві́чкі ‘перыяд ад каляд да вадохрышча’ (Сл. Брэс.), све́чнік ‘падсвечнік’ (Ласт., ТСБМ), сьве́чня ‘тс’ (Ласт.), свеча́к ‘светач’ (лях., Сл. ПЗБ). У большасці гаворак ужываецца памяншальная форма ад свяча; параўн. укр. свіча́, рус. свеча́, ст.-рус. свеча, польск. świeca, в.-луж. swěca, н.-луж. swěča, чэш. svíce, славац. svieca, серб.-харв. свијећа, славен. sveča, балг. свещ, макед. све́ка. Прасл. *světja ад асновы *svet‑; гл. Фасмер, 3, 576; Махэк₂, 596, Сной₁, 622. Параўноўваюць з ст.-інд. svetyás ‘белы, светлы’, svetyá; гл. Уленбек, 323; Траўтман, 311; гл. яшчэ БЕР, 6, 545–546; Шустар-Шэўц, 1384–1385; Борысь, 622.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свядо́мы ‘здольны думаць і разважаць, здольны рабіць асэнсаваны выбар’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Некр. і Байк., Касп.), све́дамы ‘які ведае справу, работу, навуку’ (Ласт.), ст.-бел. сведомый ‘навучаны, умелы; дасведчаны’ (Ст.-бел. лексікон), укр. свідо́мий ‘абазнаны, дасведчаны’, рус. дыял. све́домый ‘вядомы, знаёмы’, стараж.-рус. съвѣдомыи ‘вядомы, знаны, выпрабаваны’: куряне сведоми къмети (Слова пра паход Ігаравы), ст.-чэш. svědomý ‘свядомы, знаны’, польск. świadomy ‘тс’, в.-луж. svědomy ‘свядомы, абазнаны’. Утворана ад прасл. *sъvěděti ‘знаць’, што да *věděti ‘тс’ (гл. ведаць), дзеепрыметнік цяп. ч. *sъ‑vědomъ ‘які добра ўсведамляе’ (Сной у Бязлай, 3, 348). Формы з перагаласоўкай і націскам на другім складзе хутчэй за ўсё запазычаны з польскай мовы. Назоўнік сьве́дамʼе ‘яснае разуменне; усведамленне, прызнанне’ (Стан.) вядомы, паводле некаторых крыніц (гл. там жа), яшчэ ў старабеларускай, відаць, самастойна ўтвораны і не звязаны з польск. świadomie ‘сумленне’, якое лічыцца лексічным ці семантычным багемізмам (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 382).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́жа ‘сетка, якой перагароджваюць раку’ (Бяльк., Жд. 1; уздз., Сл. ПЗБ), ‘перагародка на рацэ, на вузкіх праходах пры спадзе вады, закота’ (шальч., Сл. ПЗБ; Дэмб. 2), ‘стаўная сетка ў выглядзе мяшка з крылом’ (мёрск., ЖНС), ‘рыбны садок на рацэ’ (Гарб.), ‘засада на зайца, дзіка і мядзведзя’ (Пятк. 2), сеж ‘сежа’ (Дэмб. 2), сі́жа (у рыбалоўстве) (мсцісл., Янк. 3.), ст.-бел. сеж ‘перагародка на рацэ’ (Статут 1588 г.). Укр. се́жа, сіе́жа, сяжа́, сьіж ‘тын на рацэ для лоўлі рыбы’, рус. се́жа ‘сетка або прыстасаванне на рацэ для лоўлі рыбы’, ст.-рус. сѣжа ‘рыбалоўная сетка’, серб.-харв. сје̋ђа ‘прыстасаванне для лоўлі рыбы’. Прасл. *sědja, ад асновы *sěd‑ (гл. сесці), першапачаткова ‘сядзенне’, параўн. славен. seja ‘пасяджэнне’. Параўноўваюць з літ. per‑séda ‘закота для лоўлі рыбы’, sédžia ‘куль у рыбалоўнай закоце’, лат. sêža ‘сядзенне’; гл. Буга, Rinkt., 1, 481; Фрэнкель, 770; Фасмер, 3, 591; ЕСУМ, 5, 496.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́мя ‘насенне’, ‘род, племя’ (ТСБМ, Нас., Бяльк.), ‘насенне льну’ (Ласт., Шат., Варл., Сл. ПЗБ), се́мʼе ‘тс’ (ТС, Сержп. Прымхі), сюды ж семяно́, семяна́ ‘насенне’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 2), ст.-бел. сѣмѧ ‘насенне’, ‘род, племя’ (Альтбаўэр). Укр. сі́мʼя, рус. се́мя, Р. скл. се́мени, ст.-рус. сѣма ‘семя; нашчадак’, польск. siemię, в.-луж. symjo, н.-луж. semje, чэш. кніжн. semě, símě, semeno, славац. semeno, серб.-харв. сје̏ме, славен. sẹ́me, балг. се́ме, макед. семе ‘насенне’, ст.-слав. сѣма ‘насенне’, ‘род’. Прасл. *sěmę, *semene. Роднасныя: ст.-прус. semen ‘семя’, літ. sémens, sémenys ‘ільняное семя’, лац. sēmen ‘семя, род, патомства’, ст.-в.-ням. sâmô; гл. Траўтман, 253 і наст.; Мюленбах-Эндзелін, 3, 832; Вальдэ-Гофман, 2, 512. Да і.-е. sēmen, якое з суф. ‑men утворана ад кораня *sē‑ (гл. сеяць). Гл. яшчэ Фасмер, 3, 600; Сной₁, 561, БЕР, 6, 606–607; Шустар-Шэўц, 1399–1400; Борысь, 546.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)