фо́рма, -ы, мн. -ы, форм і -аў, ж.

1. Знешні контур, вонкавы выгляд прадмета.

У форме шара.

Прадмет выпуклай формы.

2. Від, тып, спосаб арганізацыі чаго-н., структура чаго-н., абумоўленыя пэўным зместам.

Адзінства формы і зместу.

3. Знешні выгляд, знешні бок чаго-н. як нешта, што пярэчыць унутранаму зместу, рэчаіснасці.

Вытрымаць форму.

Рабіць дзеля формы.

4. Устаноўлены ўзор, парадак чаго-н.

Запоўніць ведамасць па форме.

5. Прыстасаванне для надання чаму-н. тых або іншых контураў, пэўнага знешняга выгляду.

Ф. для капелюшоў.

6. Аднолькавае па кроі, колеры і пад. адзенне (для ваеннаслужачых, вучняў і пад.).

Пераход ваенных на летнюю форму.

Школьная ф.

7. Сукупнасць прыёмаў і выяўленчых сродкаў мастацкага твора.

Апавядальная ф. верша.

8. У мовазнаўстве: сродак выражэння граматычных катэгорый, узаемаадносін слоў у сказе.

Кароткая ф. прыметнікаў.

Формы множнага ліку назоўнікаў.

9. звычайна мн. Разнавіднасць жывёльнага або расліннага арганізма.

Прымітыўныя формы жывёл.

Па ўсёй форме (разм.) — як належыць, як трэба.

У форме — у такім стане, калі праяўляюцца ўсе сілы, здольнасці, уменне; сабраны, падцягнуты.

Шахматыст у бліскучай форме.

|| прым. фарма́льны, -ая, -ае (да 2, 3, 4, 7 і 8 знач.), фармавы́, -а́я, -о́е (да 5 знач.; спец.) і фо́рменны, -ая, -ае (да 4 і 6 знач.).

Фармальны аналіз.

Форменны бланк.

Форменны касцюм.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Бахі́лы ’абутак, галёшы, зробленыя з шын, абутак з гумы’ (Янк. Мат., Інстр. I, Сцяшк. МГ), ба́хілкі ’скураныя лапці’ (Гарэц.), бахлы́ ’вялікія галёшы’ (віц., Г. А. Цыхун, вусн. паведамл.), ба́хілы, ба́хілкі (Нас.). Параўн. яшчэ форму басі́лы (паралельна з бахі́лы) ’бахілы’ (Жд.); палес. бахы́лы ’вялікія гумавыя галёшы для валёнак’ (Лысенка, ССП). Гл. яшчэ Сакал. (бахі́лы, баху́лі). Рус. (з XVII ст.) бахилывід абутку’ (шмат форм, гл. Даль; Вахрас, Наим. об., 63–66), укр. бахи́ли ’скураныя штаны’, бахли ’глыбокія самаробныягалёшы на валёнкі’. Не вельмі яснае слова. Агляд старых этымалогій Фасмер, 1, 136; Вахрас, Наим. об., 63–66. Вахрас, там жа, прапануе звязваць з цюрк. baɣ‑ ’звязваць’, baɣly ’звязаны’ (гэту этымалогію падтрымлівае Мюлер, ZfSl, 9 (1), 1964, 157; сумняваюцца Лапацін–Улуханаў, ИАН ОЛЯ XX (2), 172; Шанскі, 1, Б, 60). Шанскі (там жа, 59–60) прымае тлумачэнне Праабражэнскага (вытворнае ад ба́хать, бу́хать), а бел. словы лічыць запазычаннем з рус. мовы. Гл. басі́лы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́льха (БРС, Кіс., КТС, Шн., 1, Яруш.), вильха́ ’тс’ (Ліс.). Рус. о́льха́, дыял. волюха́, вольха́, ёлха, ело́ха, укр. вільха́, і́льха, ст.-рус. ольха, серб.-ц.-слав. јельха, балг. елха́, серб.-харв. jóha, jóva, дыял. jȅlša, славен. jélša, дыял. ólša, jólsa, чэш. olše, славац. jelša, польск. olcha, olsza, в.-луж. wólša, н.-луж. wolša. Прасл. *jelьxa і *olьxa (Мейе, BSL, 25, 161). Роднаснае літ. al̃ksnis, alksnỹs, alìksnis, ẽlsknis вольха’, лат. èlksnis, àlksnis (Буга, ИОРЯС, 17, 1, 16 і наст.), ст.-в.-ням. elira, erila, н.-в.-ням. Erle ’вольха’, ст.-ісл. ǫlr, alr, лац. alnus ’тс’ (*alisnos); далей збліжаюць са ст.-в.-ням. ëlo ’жоўты, рыжаваты’ (Бернекер, 1, 453 і наст.; Траўтман, 6). Паводле Персана, 893, ужо ў і.-е. назіралася хістанне *elis‑: *olis‑ (напрыклад, ён прыводзіць ст.-ісл. ǫlr ’вольха’, jǫlstrвід вярбы’, швед. jälster). Гл. таксама Фасмер, 3, 137 і наст.; Махэк₂, 413; Скок, 1, 772.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зялёны. Рус. зеленый, укр. зеле́ний, польск. zielony, серб.-луж. zeleny, чэш., славац. zelený, славен. zelèn, серб.-харв. зѐлен, балг. зелѐн, макед. зелен. Ст.-слав., ст.-рус., ст.-бел. зеленъ. Прасл. zelenъ адлюстроўвае суфіксальнае (з прыметнікавым суфіксам ‑en‑) развіццё кораня *zel, прадстаўленага ў зелле, зелкі. І.‑е. корань мае від *gʼhel‑; у іншых і.-е. мовах розныя галосныя элементы (*gʼhlē, як грэч. χλωρός ’жоўта-зялёны’; параўн. χολέρα ’халера’). Форма з ‑e‑ ў балт. словах са знач. ’зелянець’: літ. žélti, лат. zel̂t. Параўн. літ. žãlias, лат. zalʼš, ст.-прус. saligan ’зялёны’, авест. zaranya ’золата’, zairi ’жоўты’, ст.-в.-ням. gluoen ’гарэць’, ням. glühen ’блішчэць’. Таго ж кораня зала́, золата. Фасмер, 2, 92; Шанскі, 2, З, 84; БЕР, 1, 632; Скок, 3, 648; Голуб-Копечны, 435; Саднік-Айцэтмюлер, 336; Махэк₂, 714; Траўтман, 364–365; Покарны, 1, 429–430; Сураўцава, ЭИРЯ, 8, 151–152. Параўн. жоўты, жоўкнуць, дзе варыянты гэтага кораня.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Настра́мак ’невялікі воз (сена, канюшыны, саломы)’ (Янк. 1, Жд. 3, ТС, Ян.), nastràmak, nastràmacz ’малы воз сена — палова або чвэрць нармальнага воза’ (Пятк.), укр. настря́мок ’невялікая колькасць, невялікі воз сена, саломы, дроў’. Відаць, ад настрамі́ць ’неакуратна налажыць, накідаць абы-як’, параўн.: Як накласць, то много ўлезе на воз, а так настромі́ў, настромі́ў — то мало дроў (ТС, 3, 163); параўн. таксама астра́мак (гл.). Усё да прасл. *stramъ/stromъ з шырокай семантыкай, звычайна ў адносінах да «тырчачых», выступаючых дэталей і частак, параўн. стром ’завіслае дрэва’, чэш. strom ’дрэва’, польск. stram ’капыл (у санях)’, славен. strama ’вертыкальны апорны брус у санях’, славац. stramвід саней’, серб.-харв. stràmica ’прыстаўная лесвіца, драбіна’ і г. д. Параўн. Фасмер, 3, 166 (пад остро́мок з развіццём семантыкі ад ’стог сена вакол шаста’ да ’кладзь сена ў адзін воз’); Махэк₂, 583; Бязлай, Eseji, 119; Борысь, SFPS, 24, 1987, 115–126. Гл. стромак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ня́нька1 ’нянька, што даглядае дзяцей’ (Нас., Яруш., Пятк., Сл. ПЗБ, ТС), укр. ня́ньо ’бацька’, ня́ня, ня́нька ’нянька’, рус. ня́ня, ня́нька ’тс’, а таксама ’старэйшая сястра’, польск. niania, niańka ’нянька’, nana, nanka ’тс’ і ’маці’, чэш. ňano, naňka ’бацька’, дыял. (мар.) nána ’нянька’, славац. nano, ňaňa ’цётка’, в.-луж. nan ’бацька’, серб.-харв. на́на, не́на ’маці’, балг. не́ня ’сястра маці’, не́ни ’зварот малодшага да старэйшага’. Тыповае «дзіцячае» слова, узнікшае шляхам падваення складоў (мама, тата і пад.); «дыфузная» семантыка можа сведчыць пра самастойнае развіццё падобных слоў у асобных славянскіх мовах. Параўн. Фасмер, 3, 94; Махэк₂, 389; Шустар-Шэўц, 13, 987.

Ня́нька2 ’калыска’ (кобр., ДАБМ, камент. 813). Гл. ненька.

Ня́нька3 ’нанка, кітайка (від матэрыі)’ (Нас.). Відаць, запазычана з рус. на́нка ’тс’, што ў сваю чаргу з франц. nankin або ням. Nanking ад назвы горада ў Кітаі (Праабражэнскі, 592; Фасмер, 3, 41). Змякчэнне зычных цяжка вытлумачыць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раз’ю́шыцца ’ўзлавацца’ (Інстр. 3), розʼю́шыцца ’разарыцца’ (ТС), разʼюшывацца ’гарачыцца’ (Нас.), укр. дыял. розʼю́шити ’раззлаваць, раз’ярыць, усхваляваць каго-небудзь’, розʼю́шитися ’раззлавацца, раз’ярыцца, расхвалявацца’, а таксама ’разбіць да крыві (нос, твар)’, польск. rozjuszyć ’давесці да шаленства, раззлаваць’, а таксама ’раскрывавіць’, харв. razjusȉt se ’раззлавацца, разгневацца’, ’узмацніцца (пра вецер)’. Узыходзяць да прасл. *jucha (< *i̯ous‑ā) (ЭССЯ, 8, 193), гл. юха, юшка. Мяркуецца, што зыходным было значэнне ’від стравы (поліўкі, супа), прыгатаванай з мяса (або з мяснога адвару) і звярынай крыві’. З гэтага кулінарнага значэння на пэўнай частцы славянскай тэрыторыі развілося другаснае значэнне ’звярыная кроў’. Вытворныя дзеясловы спачатку, верагодна, мелі значэнне ’крывавіць, сцякаць крывёю, залівацца крывёю’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *jušiti (), гл. юшыць. Са значэння ’крывавіць’ развілося другаснае, пераноснае значэнне ’адчуваць непакой, раздражняцца/раздражняць, злавацца/злаваць’, заснаванае на назіранні за эмацыянальна ўзрушаным чалавекам, які раптам чырванее ад прыліву крыві, вызваннага эмоцыямі, параўн. бел. наліва́цца крывёю ’моцна злавацца’ (Борысь, Czak. stud., 16–18).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сві́нка1 ‘хвароба залоз, заушніца’ (ТСБМ, Касп., Сцяшк., Сл. ПЗБ). Укр., рус., балг. сви́нка, польск. świnka ‘тс’. Ад свіння (гл.) з прычыны пухліны, якая значна патаўшчае шыю. Аналагічна лац. scrōfula ‘пухліна на шыі’ ад scrōfa ‘свіння, свінаматка’, грэч. χοιράς ‘апухлыя шыйныя залозы’ ад χοῖρος ‘парася, свіння’ (Фасмер, 3, 578; Вальдэ-Гофман, 2, 501; ЕСУМ, 5, 190; БЕР, 6, 550).

Сві́нка2від рыбы на рацэ Буг’ (беласт., Ніва, 1973, 16 вер.), свінюк ‘рыба падуст, Chondrostoma nasus (L.)’ (Жук., рэдка на Нёмане), ‘харыус’ (Інстр. 2). Рус. сви́нка ‘падвід падуста, волжскі падуст’, укр. дыял. сви́нька ‘дняпроўскі падуст’, сви́нка ‘падуст’, польск. świnka, славац. švinka ‘тс’. Да свіння (гл.). Назва дадзена па знешнім выглядзе, таму што ў гэтай рыбы рот знаходзіцца пад храсткаватым носам, які моцна вытыркаецца (гл. Сабанееў, Жизнь, 506 і наст.). Параўн. таксама іншыя назвы гэтай рыбы: пад‑уст, насар, ням. Schweinfisch < Schwein ‘свіння’. Агляд матэрыялу па розных славянскіх мовах гл. Усачова, Этимология–1973, 93.

Сві́нка3 ‘грыб таўстуха’ (Янк. 1; рагач., Арх. ГУ; Нік., Оч.; Сл. рэг. лекс.), ‘грыб сіняватага колеру’ (Нас.), свіння́, сві́нка ‘назвы грыбоў, пераважна розных відаў сыраежак’ (Сярж.–Яшк.). Ад свіння1 (гл.) у форме памяншальнасці, што наогул прадуктыўна ў назвах раслін (гл. Мяркулава, Очерки, 155). Адносна семантыкі назвы параўн. свінуха2 (гл.).

Сві́нка4 ‘гульня са спецыяльнай калодачкай або мячыкам з анучак (свінкай): хто будзя пасвіць свінку?’ (гродз., Нар. словатв.), свінья́ ‘старажытная гульня, пры якой цурку заганяюць у ямку’ (ТС). Укр. сви́нкавід гульні, а таксама драўляны шар, які ганяюць палкай’, рус. сви́нка ‘пацурбалак, цурка або чушка для гульні ў свінкі’, балг. сви́нка ‘мячык і гульня, пры якой імкнуцца закаціць яго ў ямку’, славен. svínjka ‘драўляны мячык’, серб. дыял. свињћа ‘цурка або камень, якую адзін з гульцоў (“свињар”) спрабуе кійком загнаць у ямку, чаму перашкаджаюць іншыя гульцы; сама гульня’. Да свіння1; да семантыкі параўн. рус. чу́шка ‘свіння’ і ‘злітак, брусок свінцу або чугуна’. Менш верагодна вывядзенне з прасл. *sъvinъka < sъvi(nǫ)ti (параўн. укр. зви́нка ‘мячык з шэрсці; гульня ў мяч’ ад звити ‘звіць’), гл. ЕСУМ, 5, 190.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́лміна, волмішча ’прытэрасная частка поймы, некалі і зарослыя старыя рэчышчы, якія акружаны вярбой, вольхай і парэчкамі’ (Жучк.); ’катлавіна, мокрая ўпадзіна з травой’ (Яшк.). Ст.-рус. волмина ўпамінаецца адзін раз у грамаце Варлаама Хутынскаму манастыру (1192 г.); значэнне не зусім яснае. Прыблізна — нейкае ўгоддзе на востраве на р. Волхаў. Бясспрэчна, гэтыя тэрміны звязаны з гідронімам Волма (Кіпарскі, ВЯ, 1956, № 5, 133), які з’яўляецца роднасным ст.-інд. ūrmìs ’хваля’, авест. varəmi‑ ж. р. ’тс’, ст.-в.-ням. walm ’жар’, ст.-англ. wielm ’кіпенне, хваля, цячэнне’; параўн. ст.-польск. welm ’fluctus’ (Фасмер, 1, 339; Развадоўскі, PS, 6, 48 і наст.). Старую этымалогію Міклашыча, паводле якой ст.-рус. волмина супастаўляецца з лац. ulmusвід вязу, ільма’ (г. зн. яно абазначала нейкае дрэва, падобнае да вязу), адкуль слав. *vъlm‑, падтрымліваюць Ляпуноў і Філін (Філін, Труды Отдела др.-рус. лит., 14, 1958, 590 і наст.). Апошні адносіць сюды рус. наўг. волмяг ’зараснікі вербняку’ і назву грыба ’Agaricus torminosus’ волмяжник, волмяк. Параўн. валмо.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жура́ўка1 ’калодка з адтулінай (дзіркай) у верхнім камені жорнаў, у якую ўстаўляецца млён’ (Сл. паўн.-зах.; свісл., Шатал.), ’выемка ў ткацкім станку, куды закладаецца навой’ (петрык., Шатал.). Рус. пск. журавка, журавль ’рукаятка руля, румпель’. Магчыма, перанос назвы птушкі, вядомы для намінацыі прылад у рус. дыялектах: кур. жураве́ль ’дэталь прасніцы — драўляная дошчачка’, ленінгр. жура́в ’верацяно’. Тут, аднак, акцэнтуецца наяўнасць адтуліны, дзіркі, выемкі, што збліжае з назвамі самаробных цацак, зробленых з косці з дзіркай: жужулачкі, журжа1, у той час як перанос назвы журавель хутчэй на доўгі, высокі прадмет. Можа, перанос паводле функцыі часткі прылады для калодзежа, але гэта менш верагодна. Няясна.

Жура́ўка2 ’дзіцячая гульня’ (Бяльк.). Рус. смал. жура́вль ’абрадавая гульня для сустрэчы жураўлёў’, укр. жураве́львід танца’, польск. дыял. żóraw ’гульня’ (Карловіч). У бел. для назвы гульні выкарыстоўваецца форма ж. р. назвы птушкі. Цікава, што і ў балтыйцаў назва жураўля выкарыстоўваецца як назва гульні (Мюленбах-Эндзелін, 1, 548; LKŽ, 3, 272), а ў балт. мовах назва птушкі ж. р.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)