чачо́тка 1, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Невялікая пеўчая птушка сямейства ўюрковых. Трохі далей, якраз ля і дарогі, у кроне старой разгалістай грушы трапечуць крыльцамі і шчабечуць чачоткі. Хомчанка.
2. Хуткі, рытмічны танец з частым пастукваннем падэшваў і абцасаў аб падлогу, а таксама музыка да гэтага танца. Гралі.. [кравец і каваль] тое, што трэба было на абыходак тутэйшым людзям, — польку, кракавяка, чачотку. Чорны. // Дробнае пастукванне ног (у час танца). Марыя выбіла чачотку і, увайшоўшы ў азарт, пусцілася па кругу. Гроднеў. / у перан. ужыв. А воддаль на лазе і ліпах Чачотку салавей рассыпаў. Астрэйка. А карась чачотку выбіваюць: Зялёны панцыр цяжкіх лапухоў Спрабуюць скінуць, выскачыць жадаюць У вольны свет травы, вады глухой. Прануза.
чачо́тка 2, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Від бярозы з прыгожай узорнай драўнінай на разрэзе; карэльская бяроза. [Серада:] Мы яе па-культурнаму пачалі называць: авіябяроза. Бо раней — так сабе па-вясковаму: чачотка дый толькі. Брыль. // Драўніна такой бярозы. Пасучы кон[ей], ён [Нямко] заўсёды што-небудзь рабіў: то плёў лапці, .. то вымайстроўваў якую-небудзь штучку з чачоткі. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)