Ня́нька1 ’нянька, што даглядае дзяцей’ (Нас., Яруш., Пятк., Сл. ПЗБ, ТС), укр. ня́ньо ’бацька’, ня́ня, ня́нька ’нянька’, рус. ня́ня, ня́нька ’тс’, а таксама ’старэйшая сястра’, польск. niania, niańka ’нянька’, nana, nanka ’тс’ і ’маці’, чэш. ňano, naňka ’бацька’, дыял. (мар.) nána ’нянька’, славац. nano, ňaňa ’цётка’, в.-луж. nan ’бацька’, серб.-харв. на́на, не́на ’маці’, балг. не́ня ’сястра маці’, не́ни ’зварот малодшага да старэйшага’. Тыповае «дзіцячае» слова, узнікшае шляхам падваення складоў (мама, тата і пад.); «дыфузная» семантыка можа сведчыць пра самастойнае развіццё падобных слоў у асобных славянскіх мовах. Параўн. Фасмер, 3, 94; Махэк₂, 389; Шустар-Шэўц, 13, 987.

Ня́нька2 ’калыска’ (кобр., ДАБМ, камент. 813). Гл. ненька.

Ня́нька3 ’нанка, кітайка (від матэрыі)’ (Нас.). Відаць, запазычана з рус. на́нка ’тс’, што ў сваю чаргу з франц. nankin або ням. Nanking ад назвы горада ў Кітаі (Праабражэнскі, 592; Фасмер, 3, 41). Змякчэнне зычных цяжка вытлумачыць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)