І́рад ’мучыцель, кат’ (ТСБМ), и́род ’вораг, бязбожны чалавек; скупы, скнара; няверны, яўрэй’ (Нас.), и́родка ’бязбожная жанчына’ (Нас.), и́рода ’яўрэй’ (Мядзв.). Рус. и́род ’мучыцель, кат’, дыял. ’скупы’, укр. і́род ’бязлітасны, жорсткі чалавек, кат’, и́род ’ліхадзей, чорт’ (Грынч.). Ад імені цара Іудзеі Ірада (грэч. Ηρώδης), які паказваецца ў Евангеллі жорсткім, бязлітасным чалавекам (Фасмер, 2, 139; Шанскі, 2, I, 114).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Іспо́л ’палавіна ўраджаю, якая аддавалася за арандаваную зямлю’ (Сл. паўн.-зах.), ’частка ракі ўверх па цячэнню ад плаціны’ (Касп.); параўн. у Даля: и́спола, и́сполу ’напалавіну, папалам’. Звязана са ст.-рус. исполу ’напалавіну’ (з XIII ст.). Ст.-слав. исполоу толькі ў выразе исполоу оумрътвити ’напалавіну ўмярцвіць’. Вынік зрашчэння прыназоўніка изъ і назоўніка полъ ’палавіна’ (Шанскі, 2, I, 126). Гл. палавіна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

І́хні займ. ’які належыць ім’ (ТСБМ, Шат., Нас.), і́хны ’тс’ (ТСБМ, Бяльк.), і́хі ’тс’ (Сл. паўн.-зах.), и́хный ’ім уласцівы’ (Нас.). Рус. дыял. и́хний, и́хный, и́хий ’іх’ (у рускай пісьменнасці з XVII ст.), укр. і́хній ’тс’. Вытворнае з суф. ‑н‑ (< ьnъ) ад іх, формы р. скл. мн. л. прасл. займ. *jь (гл. ён). Гл. Фасмер, 2, 145.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Газ1 ’газ’ (БРС). Рус. газ, укр. газ ’тс’ і г. д. Слова, якое штучна ўтворана брусельскім хімікам І. Б. ван Гельмантам (1577–1644 гг.) на аснове грэч. слова χάος ’хаос’. У рус. мове гэта слова, паводле Фасмера (1, 382), з ням. або гал. Gas ці франц. gaz. Гл. яшчэ Шанскі, 1, Г, 7; Клюге, 233; MESz, 1, 1037. У бел. мову гэта слова папала праз пасрэдніцтва рус. або польск. мовы. Паколькі няма дакладных даных наконт гісторыі яго ў бел. мове, то прыходзіцца толькі меркаваць, улічваючы агульную сітуацыю і ролю, якую ігралі гэтыя абедзве мовы ў фарміраванні лексікі бел. мовы новага часу (асабліва навукова-тэхнічнай).

Газ2 ’тканіна газ’ (БРС). Рус. газ, укр. газ ’тс’. Запазычанне з франц. gaze ’газ, вуаль’. Звычайна першакрыніцай гэтага слова лічаць назву месца Газа ў Палесціне. Гл. Фасмер, 1, 382. Іншыя этымолагі ўказваюць, што ў гэтым месцы ніколі не выраблялі такую тканіну і не гандлявалі ёю. Таму першакрыніцай франц. gaze лепш лічыць іспан. gasa < араб. kazz < перс. käž. Гл. Клюге, 236; Локач, 91; Шанскі, 1, Г, 8 (апошні ў пэўным сэнсе вельмі заблытана перадае сутнасць этымалогій Локача і інш.).

Газ3 ’вельмі шырокі брод у рацэ ці возеры’ (Яшкін). Як відаць з крыніц, якія прыводзіць І. Я. Яшкін (лепел.), слова гэта вядома на вельмі абмежаванай тэрыторыі (параўн. яшчэ ў Яшкіна, там жа, Газ — урочышча на Красенскім возеры на Дзісеншчыне) і, здаецца, з’яўляецца рэліктавым словам. Як лічыць Трубачоў, Эт. сл., 6, 113–114, ёсць сувязь з паўд.-слав. мовамі; параўн. серб.-харв. га̑з ’брод’, славен. gȃz, балг. га́зя ’брадзіць і да т. п.’ БЕР (III, 224) неабгрунтавана разглядае яго як толькі паўд.-слав. лексему. Этымалогія ўсёй групы слоў няясная (некаторыя меркаванні БЕР, там жа: лічыцца цёмным па паходжанню словам; праблематычна звязваць яго з арм. лексемай або думаць, што яно запазычана з дака-мізійскай крыніцы). Трубачоў, там жа, бачыць тут і.-е. *g​ā‑ ’ісці’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́ўскі: на́ўскі вялікдзень ’чацвер велікоднага тыдня’ (Інстр. II), наўські: Radaūnica albo Nauśki Wielikdzieri ’вясеннія дзяды’ (Пятк. 2), параўн. наські: наські велікдзень ’тс’, іншая назва мёртвых велікдзень (ТС), укр. навський: навський великдень ’вялікдзень мёртвых, паводле народных вераванняў, у чацвер на апошнім тыдні вялікага посту’, рус. маск. навский: навский день ’рэлігійны звычай памінання памерлых на магілах на працягу тыдня пасля вялікадня’, чэш. дыял. navski: navskä kost ’цвёрды нараст’, славен. namški: namška kosi (*navьska kostь) ’тс’. Да прасл. *navь, параўн. ц.-слав. навь ’мярцвяк’, рус. навь, навье ’тс’, укр. навка, мавка ’душа дзяўчынкі, што памерла да хрышчэння’, ст.-чэш. nav ’магілка, пекла, той свет’, unaviti ’забіваць’, чэш. unaviti ’стаміць’, unava ’стомленасць, знямога’, славац. nava ’прыстанак добрых душ’, славен. navje ’душы няхрышчаных дзяцей’, nâv ’душа нябожчыка’, балг. мак. нави ’злыя духі, злыдні’, гл. таксама ўна́ўя: загоніць унаўя ’на той свет, у магілу’ (Мат. Маг.). Дакладныя адпаведнікі: лат. nâve ’смерць’, nāvêt, nāvît ’забіць’, літ. nõvė ’цярпенне, смерць’, novis ’мучэнне’, nõvyti ’душыць, знішчаць’, ст.-прус. noms ’тулава, пень’, гоц. naus ’мярцвяк’, ст.-ісл. nar ’мярцвяк, труп’; звязана чаргаваннем галосных з ныць ’марнець, чахнуць’, уныць, унываць ’траціць жыццёвыя сілы’ (гл.), гл. Фасмер, 3, 35; Махэк₂,/391; Бязлай, 2, 216; робяцца спробы звязаць слав. *navъ з і.-е. naṷ- ’карабель’, якія грунтуюцца на уяўленнях, што шлих на той свет вядзе па рацэ ці праз мора, а таксама на назвах абрадаў, параўн. рус. навской (номской, навский) день, навьи проводы ’летнія дзяды, памінкі; пахаванне’ (Седакова, Балтославян. этнокультурные и археологические древности: Погребальный обряд. Тез. докл. конф. М., 1985, 73), а таксама рус. навий день ’дзяды’, навья косточка ’цвёрды нарост’, літ. navikaulis ’тс’ з лат. veļa kauli ’костачка ў ступні, звязаная з пэўнымі павер’ямі’, Veļu laiks ’памінанне мёртвых’ (Іванаў–Тапароў, Слав. языкозн., М., 1973, 168). Параўн. таксама Талстой, БСИ, 1977, 87; Іванаў-Тапароў, Иссл., 68–69; Кобилянський, Мовознавство, 1980, 1, 46; Буга, Rinkt., II, 503. Гл. навей,.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лыч1 ’выцягнутая пярэдняя частка галавы некаторых жывёл, рыла’ (Нас., ТСБМ, Мядзв., Грыг., Гарэц., Касп., Растарг., Клім., ТС, Сл. ПЗБ, Мікуц.; КЭС, лаг.; рагач., КЭС), ’твар, брудны твар’ (КТС, Касп.), лы́чак ’лыч’ (Ян.), лы́чык ’рыльца ў парасяці’ (Нас.). Укр. паўн., валын., палес. лич, ли́че, ли́ччя ’свінячае рыла’, ’не пакрытая поўсцю пярэдняя частка галавы каня’, рус. смал., бран., калін. лыч ’рыла свінні’, наўг. лы́чко ’морда сабакі’; польск. łycz ’рыла’, ’доўгі нос’, ’рыла дзіка’, lycz lodzi ’нос карабля’, паводле Слаўскага (5, 384), запазычана з бел. мовы. Трубачоў (Слав. языкозн., V, 181) узводзіць гэту лексему да прасл. дыял. lyčь < *lūkjo‑, супастаўляючы яе ўслед за Траўтманам (151), Фрэнкелем (344, 361), з літ. laũkas ’з белай плямай на лбе’, лац. lūcidus ’ясны’, літ. liaukà ’шыйная залоза’, laukos ’залозы ў свінні’, лат. laukos, ļauka ’пухліна залоз у свінні’. Інакш і больш імаверна Краўчук (Бел.-укр. ізал., 38), які мяркуе, што бел. форма была запазычана з укр. гаворак і ўзыходзіць да прасл. ličь, якое з’яўляецца роднасным да прасл. likъ, lice. Сюды ж лычава́ць ’рыць лычом’ (карэліц., Сцяшк. Сл.), ’рабіць падкоп (пад каго-небудзь)’ (Юрч. Вытв.).

Лыч2, лы́чык ’верхняя частка бурака, націна’ (Нас.), віл. лы́чыкі ’націна буракоў’ (Сл. ПЗБ), рус. лыч, паўн.-дзв. ’валасы над ілбом’, вяц., валаг., калін., перм. ’націна караняплодаў (бручкі, морквы, рэпы, буракоў, бульбы)’, наўг. ’лісты і сцябло рэпы’, казан. лычы́ ’агурэчнік’. Бел.-рус. ізалекса. Роднаснае да лыка (гл.), якое да прасл. lyk‑o (н. роду), побач з якім існавалі формы ж. роду (параўн. рус. лыка ’лыка’) і м. роду — lykъ/lykь > lyčь < *lūkʼ‑, як у літ. і лат. мовах (lùnkas, lûks), якое абазначала выцягнутыя, (як лыка) падоўжаныя прадметы, параўн. суч. бел. лы́чык ’край буханкі хлеба’ (глыб., Сл. ПЗБ), лычка ’колца, круг кілбасы’, лычка, лычкі ’вузкія папярочныя нашыўкі на пагонах’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мел1 ’мяккі белы вапняк, які ўжываецца для пабелкі, чысткі, пісання’ (ТСБМ, Бяльк., ТС, Ян.; слаўг., Яшк.), слаўг. ме́ла ’тс’ (Яшк., Бяльк.)., мел ’гліна’ (Ян.). Рус. мел, ст.-рус. мѣлъ ’мел’, ’пыл, пясок’; польск. miał ’тс’, miałki ’плыткі’, ’дробны’, н.-луж. měł ’крухмал’, в.-луж. mjeł, měł, н.-луж. rěcny mił ’плывун у рацэ’, mělny ’тонкі, дробны’, ст.-чэш. měl ’прыбярэжны пясок’, валаш. měľ ’дробная мука, соль’, ст.-серб. мѣль, істрыйск. melj ’дробны пясок’, ’урадлівая зямля’, славен. mȇl, mil ’пясок, рачны пясок’, ’друз’, балг. мел ’сыпкая скала, пясчаная глеба’, мель ’роў’, ст.-слав. мѣлъ ’вапна, вапняк’. Прасл. mělъ доўгая ступень чаргавання галоснай ад mělti ’малоць’. Генетычна блізкімі з’яўляюцца літ. smėlỹs, smiltìs ’пясок’, лат. smẽlis ’тс’ і літ. smilỹnė ’пяскі’, ’меліна’, гоц. smals ’дробны’, нарв. smola ’пакрышаны, раздроблены’, ірл. smal ’пыл’ (Бернекер, 2, 48; Мес, MSL, 14, 373, Брукнер; 329; Фасмер, 2, 594; Бязлай, 2, 176; Шустар-Шэўц, 12, 896–897; 921 і 922; БЕР, 3, 724–725). Паводле Скока (2, 403), няясна, адкуль з’явілася ě ў аснове: прымаючы да ўвагі значэнне ’дробны’, прасл. mělъ можна вывесці і з і.-е. *mei‑ (> ст.-слав. мьньи, лац. minus). Параўн., аднак, Махэк₂ (349), які тлумачыць гэта другаснай даўжынёй галоснай і параўноўвае з malъ.

Мел2 ’вадкі раствор з аўсянай мукі, з якога варыцца кісель’ (стол., Вешт.). Да мел1. Параўн. н.-луж. měł, měłk ’крухмал’, в.-луж. měłk, woměłk, womjełk ’канцэнтраваны корм для кароў’, н.-луж. mił ’бульбяная мука’, miel ’змесціва зярнят, мука’, рус. вяц., кастр. мел ’закваска для хлебнага цеста’, паўн. ’дрожджы’.

Мел3 ’млын’ (паўн.-усх., КЭС). Няясна. Магчыма, з ням. Mehl ’мука’ ў выніку пераносу значэння.

Мел4 (м. род) ’мель’ (ТС). Да мель1 (гл.). Мена канчатка (і роду), як у бел. пылрус. пыль.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́зня, ла́зьня ’памяшканне, дзе мыюцца і парацца’ (Нас., Гарэц., Мядзв., Мал., Бяльк., Касп., Шат., Грыг., ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’сушня, будынак, у якім труць лён’ (Бір. Дзярж., КЭС, лаг.; саліг., З нар. сл.). Укр. лаз́ня ’лазня’, ’хаціна з маленькім уваходам’, ’яма для захоўвання збожжа’, рус. ла́зня ’падвал’, ’лесвіца’, ’лаз у яму’, ст.-рус. лазня (з XII ст.), якое, несумненна, паўднёва-заходняга паходжання (гл. Філін, Происх., 571); польск. łaźnia ’лазня’ (з XV ст.), н.-луж., в.-луж. łaznja ’лазня, ванна’, чэш. lázeń ’тс’, ’купанне’, lázně ’курорт’, паўд.-чэш. lazna ’стаў’. Паўн.-слав. дыялектызм. Прасл. laznь і lazьnja ўзніклі ў розныя часы: першасны дэрыват laz‑nь (як kaz‑nь); laz‑ьnja, утвораная ад lazьnъ(jь) < lazъ, параўн. укр. лазня піч, ст.-польск. (XVI ст.) co dalej to wyszsze jako w laźniej ’а далей — усё вышэй, як у лазні’ (Слаўскі, 5, 72). Да ла́зіць (гл.). Параўн. ст.-рус. влазити, влѣзти въ баню. Лазня першапачаткова азначала месца, куды лазілі: уніз → у яму (дзе была печ), уверх на палок у лазні (Машынскі, Kult., 1, 607–608; Бернекер, 697; Брукнер, 308; Шрадэр, Reallexikon, 1, 74; Зяленін, AfslPh, 32, 601). Іншыя версіі падлягаюць сумненню: паводле Махэка₂ (322), прасл. laznь трэба чляніць la‑znь, у якім la‑ < і.-е. *lavǝ‑, параўн. лац. lavāre ’мыць, мыцца’, хец. lā‑ ’тс’. Гэта прыняў і Вахрас (ScSl, IX, 1963, 166–167), дапускаючы, што сувязь з лазіць другасная. Ёстэррайхер (16, 10) звязвае лазню з lazъ ’выкапаная яма’. Міклашыч (161) памыляецца, калі выводзіць яе са ст.-грэч. λάσανον, лац. lasanum ’сасуд’. Кіслоўкі мяркуе, што касцюк. лазня — паланізм (КЭС). Гл. яшчэ Краўчук, УМШ, 1960, 6, 50–62.

Ла́зня2 ’прыстасаванне для лазання на дрэва’ (Інстр. 1), рус. лазня ’лесвіца, драбіна, лескі’. Да ла́зіць (гл.) (аб суф. ‑ня гл. Сцяцко, Афікс. наз., 58).

Ла́зня3 ’дзіцячая гульня’ (ТС). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жаць1, жну ’убіраць расліны, зразаючы сцёблы’. Рус. жать, укр. жа́ти, польск. żąc, ’в.-луж. уст. žęć, žnyć, н.-луж. žeś ’тс’, палаб. zanai ’жатва’, чэш. žíti, žnouti, славац. žať, балг. жъ̀на, макед. жнее, серб.-харв. же̏ти, славен. žéti ’жаць’. Ст.-сл. жѧти, ст.-рус., ст.-бел. жати ’тс’. Прасл. *žęti, *žьną ’тс’ мае ў адрозненне ад іншых і.-е. моў спецыялізаванае значэнне. І.‑е. корань *g​hen‑(ə)‑ меў, паводле Покарнага (1, 491), значэнне ’біць’ і суадносіцца са слав. словам гнаць (гл.), а таксама з літ. genė́ti ’ачышчаць голле са ствала’ (Траўтман, 85), ст.-іран. ǰain‑ti ’ўбіваць’, нарв. дыял. gana ’ссякаць галлё з дрэва’ і інш. Фасмер, 2, 60; Скок, 3, 678; Махэк₂, 728; БЕР, 1, 565; Шанскі, 1, Ж, 279; Ваян, RÉS, 41, 1962, 59–60. У бел. прадстаўлены вытворныя жатва, жнец, жняя, жніво, вядомыя, відаць, яшчэ ў праславянскі перыяд, і шэраг іншых. Пра ст.-бел. значэнні і вытворныя гл. Шадурскі, дыс., 315–319.

Жаць2, жму ’ціснуць, праць’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. жать, укр. жа́ти, польск. żąc ’ціснуць’, в.-луж. žimać ’выціскаць’, н.-луж. žeś, žmeś, žḿuś, ’ціснуць’, чэш. žmoliti, славац. žmoliť ’ціскаць, церці’, славац. žmyknúť ’вылушчыць шляхам сціскання’, балг. жъмка, серб.-харв. же̑ти, же́ти ’сціскваць’, славен. žę̑ma ’прэс’, ožę̑mati, ę́ti ’ціснуць, сціскваць’. Ст.-сл. съжѧти ’сціскваць’, ст.-рус. жати ’тс’ (зафіксавана з XVII ст.). Прасл. *žęti, *žьmǫ ’ціснуць’ да і.-е. кораня *gem‑ ’хапаць, сціскваць’ (літ. gùmulas ’куля’, gãmalas ’снежная куля; кусок хлеба, мяса’, лат. gumt ’хапаць’, грэч. γέντο ’схапіў’, γέμω ’я поўны’, нарв. kams ’галушка’ і інш.). Роднаснае слав. утварэнне з іншым вакалізмам гамёлак, гамёлка ’вялікі кавалак (хлеба, сыру)’ (гл.). Фасмер, 2, 59; Шанскі, 1, Ж, 278; БЕР, 1, 565; Покарны, 1, 368–369; Скок, 3, 678–679; Траўтман, 88. Сцвярджэнне Крукоўскага (Уплыў, 33), быццам кораня ‑жм‑ няма ў бел. мове, неабгрунтаванае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́к1 ру͡ок, рык, рік ’год’ (Нас., Мал., Бес., Сцяшк., Сцяц., Нар. Гом., Байк. і Некр., Скарбы, Сл. ПЗБ; гродз., З нар. сл.), ’тэрмін’ (Стан.) ’тэрмін пасяджэння земскага суда’ (Гарб.). Укр. рік, рус. дыял. рок ’тс’, рус. разан. ’непазбежнае няшчасце, лёс, доля’, стараж.-рус. рокъ ’тэрмін, год, узрост; правіла; лёс’; польск., н.-луж., чэш., славац. rok ’год’, славен. rȍk ’тэрмін’, ’прадвесце’, серб. ро̂к, харв. rȏk, rȍk, ст.-слав. рокъ ’устаноўлены, дамоўлены тэрмін’. Прасл. rokъ ’дамоўлены час, тэрмін’, утворанае ад *rekti ’сказаць’ (гл. рэкнуць), першапачаткова азначала ’нешта дамоўленае’, напрыклад, чэш. валаш. byl na istém roku ’быў, каб пачуць дакладны тэрмін вяселля’, альбо дамоўленасць у прававых адносінах, якая, як правіла, вызначалася тэрмінам на 12 месяцаў — такім парадкам слова *rokъ атрымала значэнне ’год’, параўн. ст.-бел. рокъ замероный ’вызначаны тэрмін для разгляду справы ў судзе’ (Статут 1529 г.), рокъ завитый ’канчатковы тэрмін яўкі ў суд’ (Ст.-бел. лексікон), роки статутовые ’тэрмін грашовай выплаты ад выйгранага працэсу’, роки судовые ’тэрмін судаводства земскага суда’ (Гарб.), зложыць рокъ ’вызначыць тэрмін’ (Стан.). Таму неабавязкова выходзіць з меркавання аб запазычанні ст.-бел. рокъ з польск. rok (гл. Булыка, Лекс. запазыч., 186). Гл. таксама рочкі1. Прасл. *rokъ генетычна звязваецца з ст.-інд. racanam ’распарадак’, гоц. ragin ’думка’, ’розум’, rahnjan ’разлічваць’, тахар. A rake, тахар. B reki ’слова’, алб. rok ’тэрмін’, ’рашэнне’ (Міклашыч, 247; Фрэнкель, 693; Фасмер, 3, 497; Махэк₂, 515; Бязлай, 3, 193; Сной₂, 628; БЕР, 6, 312; ESJSt, 13, 761).

Рок2 ’поліўка з цёртага канаплянага семя’, ’расол’ (бярэз., в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’лёк, селядзечы расол’ (гарад., ЛА, 4). Уграфінізм. Параўн. фін., карэльск. rokka ’гарохавы суп, поліўка’, эст. rokk ’зацірка’, комі rok ’каша’. Адсюль і рус. пячорск. рок ’поліўка з крупамі’, арханг. рокка ’поліўка з жытняй мукі з рыбай’ (Фасмер, 3, 497).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)