Тармасі́ць ’тузаць, торгаць’, ’чапляцца’ (ТСБМ), ’трасці, тузаючы; цягаць, рваць’ (Нас.), ’трасці, тузаць’ (Ласт., Растарг.), ’торгаць за валасы або вуха’ (Варл.), ’растрасаць пражу пасля адпарвання’ (Жд. 2), тармасі́ць ’тармазіць’ (Гарэц.), тормосі́ті ’трасці’ (Вруб.), тармасі́ць, тармашы́ць ’торгаць’ (Некр. і Байк.), тармасну́ць ’трасануць’ (Юрч. Вытв.), тармса́ць ’тузаць, торгаць, трапаць’ (ТС); ст.-бел. тармоси́ти, тормоси́ти ’тармасіць’ (1597 г., КГС); сюды ж тармаса́ ’валтузня, важданіна, тармашэнне’ (Нар. словатв., Федар. 4), тармасава́цца ’валтузіцца’ (Яруш.; навагр., Шн. 2), укр. термо́сити, дыял. тормо́си́ти ’цягаць, тузаць, трэсці; хістаць’, тирмо́сити ’тармашыць’, рус. тормоши́ть ’тс’, польск. tarmosić, дыял. termosić ’тузаць, трасці; мяць, гнясці’, славац. trmosiť sa ’трэсціся, тузацца’, а таксама фармальна адрозныя без суф. ‑os‑, што інтэнсіфікуе дзеянне, укр. дыял. те́рмати ’тармашыць, тузаць, трасці’, чэш. trmácet ’мучыць, стамляць’, дыял. trmati ’тс’, славац. trmať ’вырываць, тармасіць, тузаць’. На падставе апошніх выводзіцца мажлівае прасл. *tr̥mati ’тузаць, рваць’, што з першаснага *tr̥m‑ < і.-е. *ter‑ з пашыральнікам ‑m‑ і значэннем ’церці’ (Борысь, 628). Мяркуюць, што можа быць аддалена роднасным да грэч. τρέμω ’трымчу, трасуся’, лац. tremo, ‑ere ’трымцець’, тахар. A träm ’тс’, тахар. B tremem ’трымценне, дрыжыкі’, алб. дыял. trem ’палохаюся’, літ. trìmti ’дрыжаць ад холаду’ (Фасмер, 4, 84; Махэк₂, 651; ЕСУМ, 5, 554).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

калаці́ць, калачу, калоціш, калоціць; незак., каго-што.

1. Выклікаць дрыжанне чаго‑н.; хістаць, трэсці. Вецер з поўначы дзьме зухавата І калоціць дубы навакол. Астрэйка. Мікола ішоў па вуліцах шпаркімі крокамі, ён не прыслухоўваўся да тых выбухаў, якія ўжо калацілі горад. Якімовіч. / у безас. ужыв. Лінейку моцна трэсла і калаціла па разбітым бруку, і Іліко трымаўся за жалезную парэнчу з усяе моцы. Самуйлёнак. // Трасучы дрэва, выклікаць ападанне пладоў. Калаціць яблыкі.

2. Выклікаць дрыжыкі, азноб (пра холад, ліхаманку, страх і пад.). Салдаты бялелі ад страху, у спякотны летні дзень многіх пачала калаціць ліхаманка. Шамякін. Барыс адступае, і ўраз холад і гарачыня пачынае калаціць яго цела. Мікуліч. / у безас. ужыв. [Надзю] калаціла і ад холаду, і ад жудасці, і ад нецярплівасці. Бураўкін. // перан. Пазбаўляць ранейшага спакою, выклікаць змены. Рэвалюцыйныя буры калоцяць вёску, усё — і маёмасць, і жыццё — ставіць селянін на карту, абы здабыць волю. Кучар.

3. Разм. Рабіць вобыск, допыты, выклікаючы страх, трывогу. Расказала [бабка] і пра стажок і пра дзедаву бяду, пра ўварванне ў хату сярод ночы палякаў. Як іх тады калацілі, як трэслі! Колас.

4. Разм. Узмахваючы, трасучы чым‑н., ачышчаць ад чаго‑н. Калаціць палавікі. // Атрасаць салому на кулі. На хляве пачала аплываць страха — трэба калаціць кулі, папраўляць. Скрыган.

5. Разм. Гатаваць якую‑н. страву, размешваючы калатоўкай. Калаціць зацірку.

6. і без дап. Разм. Часта і моцна стукаць, удараць. [Дзверы] ні з месца, як моцна ні калацілі па іх дзесяткі чалавечых рук. Лынькоў. // Наносіць удары, біць. Надзя з прытворнай злосцю накінулася на .. [Юру], пачала калаціць кулачкамі па спіне. Бураўкін.

•••

Калаціць кішэні — тое, што і трэсці кішэні (гл. трэсці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хіста́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Калыхацца, ківацца з боку ў бок. [Зыбін] слухаў лагодны, супакойлівы шум зялёных вершалін соснаў, што плаўна хісталіся над ім. Мележ. А .. [збожжа] рознымі колерамі гарыць, да пояса кланяецца — хістаецца ў бакі... Каваль. // Дрыжаць, мігаць (пра агонь, святло і пад.). Белае полымя дрыгацела, хісталася, падымалася і ападала, і вось-вось, здавалася, пагасне. Колас. Туман дыміўся вечаровы, Між дрэў Хістаўся маладзік. Скурко.

2. Ківацца пры хадзьбе з боку ў бок. Як макаўка ад ветру на градзе, Хістаецца дзіцё ва ўсе бакі: Памкнецца крок ступіць — і тут жа ўпадзе, Які ж для ўсіх ты, першы крок, цяжкі! Непачаловіч. Знябыўся, пахудзеў [Пятрусь], рана яго разгнаілася, без сну і яды хістаецца, а не кінуў яе [Ганны] палякам. Нікановіч. // Калыхацца, калывацца ў бакі ў час руху. Воз хістаўся і рыпеў па выбоістай дарозе. Лупсякоў. Вагон гушкаўся, уздрыгваў, хістаўся ў бакі. Васілёнак.

3. Ківацца ў выніку нетрывалага, ненадзейнага прымацавання да чаго‑н., умацавання ў што‑н. або ў выніку трухлявасці і пад. Пад акном ад падлогі чарнелі два вянцы, гнілі; сям-там высыпаў грыбок.. Гніль лезла і вышэй, падтачыла падаконнік, — ён хістаўся пад локцямі ў Аркадзя. Пташнікаў. А зубы ў хлопцаў ад сцюжы ды без вітамінаў хістаюцца, крывавяць і баляць. Грахоўскі. // перан. Траціць ранейшае значэнне, сілу, устойлівасць. Польскі трон хістаўся пад напорам знаці, А яе не турак, дык швед калашмаціў. Бажко.

4. перан. Быць у нерашучасці; вагацца. Нейкі момант.. [Васіль] хістаўся: гаварыць Януку ўсё, як ёсць, ці не гаварыць? Кулакоўскі. Так, пакуль прыедзе бацька, усё будзе ўжо зроблена, і яму не будзе магчымасці ні думаць, ні сумнявацца, ні хістацца. Краўчанка.

5. Быць няўстойлівым, непастаянным; мяняцца. Цэны хістаюцца. Тэмпература паветра хістаецца ад 13 да 18°.

6. Зал. да хістаць (у 1, 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ва́дзіць, ‑дзіць; безас. незак. (часцей з адмоўем).

Разм. Шкодзіць, перашкаджаць. [Паўлюк Трус] трохі своеасабліва вымаўляў «р», але гэта не толькі не вадзіла, а рабіла чытанне яшчэ прыемнейшым. Лужанін.

•••

Не вадзіць — так і трэба; не шкодзіць.

вадзі́ць, ваджу́, во́дзіш, во́дзіць; незак.

1. каго. Накіроўваць хаду каго‑н., памагаць ісці. Вадзіць дзіця за руку. Вадзіць хворага. □ Мы вадзілі коней у лес, у такое месца, куды не вельмі хто трапляў. Кулакоўскі. // Хадзіць з кім‑н., паказваючы яму што‑н. [Дзядок:] — Учора зяць з дачкой вадзілі мяне ў тэатр. Корбан. // каго-што. Хадзіць на чале каго‑, чаго‑н., кіраваць; узначальваць. Вадзіць полк у атаку. // Разм. Прыводзіць з сабою каго‑н. Вадзіць сяброў да сябе ў хату. // Даглядаць, ахоўваць (пра птушак, звяроў). Вадзіць куранят. // Прымушаць хадзіць з сабою. Тады цыганы ў горадзе Смаргоні абучалі мядзведзяў розным фокусам, пасля чаго вадзілі іх па гарадах. Бядуля.

2. што. Кіраваць рухам самаходнай машыны. Вадзіць камбайн. Вадзіць цягнікі.

3. чым па чым. Рухаць чым‑н. па паверхні чаго‑н. Вадзіць алоўкам па карце. □ Настаўнік зняў са сцяны скрыпку, настроіў сяк-так струны і пачаў вадзіць па іх смыкам. Колас. Сеецца, дрыжыць мрок. Здаецца, чуваць, як нехта ўгары водзіць далонню па шурпатым палатне. Пташнікаў. // чым. Рухаць, перамяшчаючы з аднаго боку ў другі. Лаўніцкі, гартаючы кнігу, хутка вадзіў вачыма па старонках, час ад часу спыняўся і нешта запісваў у блакнот. Шахавец. Не хапаючыся, не высільваючыся, ашчадна трацячы сілы, мерным, спрактыкаваным рухам вадзіў.. [Васіль] касою. Мележ.

4. што, з кім. Падтрымліваць (знаёмства, дружбу і пад.). Вадзіць блізкае знаёмства. □ Да яго [земляка] зайшоў на службу, У ягоны кабінет: Як-ніяк — вадзілі дружбу Многа зім і многа лет. Бялевіч.

5. пераважна безас. каго-што. Хістаць у бакі, заносіць пры хадзьбе, яздзе. Машыну пачало вадзіць на мокрай дарозе. □ Ішоў.. [малады чалавек] так павольна і так яго вадзіла ў бакі, што льга было думаць, што ён некалькі тыдняў нічога ў рот не браў. Чорны.

6. Кіраваць гульнямі, танцамі. Вечарынкі-карагоды Пад баян вадзіла ты. А. Александровіч.

•••

Вадзіць дзяды — драмаць, седзячы спаць.

Вадзіць за нос — абяцаць і не выконваць, уводзіць у зман.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трэ́сці ‘тузаць, штурхаць, хутка рухаць туды і назад або ўверх і ўніз’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Шат.; ашм. Стан., Сержп. Прым.), трэсць ‘тс’ (Нас.), ‘рэзка калоцячы, будзіць; шукаць’ (Юрч. Сін.), трасці́хістаць, калаціць, тузаць’ (ТСБМ, Касп., Некр. і Байк.), ‘абшукваць’ (Ласт.), трасты́ ‘моцна трэсці; шукаць’ (Клім.), траса́ць ‘тс’ (брасл., Сл. ПЗБ), трасці́, трасты́, трясті́, трэсці́, трэсць, трэсь ‘растрасаць сена, салому, растрэсваць’ (мядз., в.-дзв., свісл., кам., Сл. ПЗБ), трастэ́ комына ‘ачышчаць комін ад сажы’ (Ск. нар. мовы), трасе́ (тра́сца) ‘ліхаманіць’ (Яруш.; Сл. ПЗБ; ЛА, 3), трасэ́ ‘кідае (эпілепсія)’ (кам., Сл. ПЗБ), трэ́сці, трэсць ‘выклікаць дрыжанне ад холаду, удараў, язды па няроўнай дарозе’ (ТСБМ, Нас.), трэ́сці кулі́ ‘вытрушваць змятую і перабітую салому’ (Жд. 1, Выг., Сл. ПЗБ), трасці́ трася́нку ‘змешваць сена з саломай’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ), трэ́сці ‘растрасаць, разбіваць гной’ (Сл. ПЗБ; в.-дзв., Шатал.; ашм., Стан.), ‘трэсці фруктовыя дрэвы’ (Нас., Гарэц., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.), ‘біць’ (мядз., Сл. ПЗБ), ‘ачышчаць ад кастрыцы’ (ТСБМ; вільн., Сл. ПЗБ), ‘пустошыць, спаражняць’ (пух., Сл. ПЗБ), ‘выбіраць (рыбу) з сеткі’ (іўеў., там жа), ‘рабіць вобыск’ (ТСБМ, Шат., Гарэц.; віл., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.), трэ́сца ‘прагнуць, вельмі хацець’ (Юрч. СНЛ, Юрч. Сін.), ‘празмерна шкадаваць’, ‘моцна дрыжаць’, ‘вельмі баяцца’, ‘скупіцца, празмерна сквапнічаць’: трэ́сца над кожнаю капейкаю (Юрч. Сін., Юрч. Фраз.), трэ́сціся ‘мяняцца (аб надвор’і)’: нешта пагода трасецца, німа як ісці касіць (шчуч., З нар. сл.), ‘хістацца (пра дрэва), калаціцца (ад холаду), падскокваць, едучы па няроўнай дарозе’, ‘хвалявацца за каго-небудзь’ (ТСБМ), ‘тс’, ‘баяцца, дрыжаць’, ‘калаціцца, трапятадь (аб сэрцы)’ (Сл. ПЗБ, Нас.; ашм., Стаяк.), трасці́ся ‘дрыжаць, трэсціся’ (Бяльк.), трэ́сціса ‘тс’ (ТС), трэ́сцца ‘тс’ (Нас.), ст.-бел. трясти, трасты, трести ‘калаціць; абшукваць’, трястися, трастися, трестися ‘калаціцца, дрыжаць; баяцца; сварыцца’ (ГСБМ). Параўн. укр. трясти́, трясть, трястися ‘трэсці, калаціцца, дрыжаць’, рус. трясти́ ‘тс’, польск. trząść ‘трэсці’, ‘раскідваць, растрасаць’, ‘шукаць, рабіць вобыск’, ‘плявузгаць’, ‘вытрасаць зерне з саломы’, ‘арудаваць’, trząść się ‘трэсціся, дрыжаць’, каш. třisc, třësc ‘раўнамерна раскідваць’, ‘падкідваць на дарозе’, н.-луж. tśĕsć ‘трэсціся’, tśĕsć se ‘дрыжаць’, в.-луж. třasć, třasć so ‘тс’, чэш. třásti, třásti se ‘тс’, славац. triasť ‘трэсці’, ‘трэсці садавіну’, ‘ліхаманіць’, ‘трэсціся ад холаду, страху’, triasť sa ‘трэсціся, дрыжаць’, ‘прагна жадаць, марыць’, славен. trésti ‘трэсці’, ‘хістаць (галавой)’, ‘трэсці дрэвы’, ‘балбатаць’, trésti se ‘дрыжаць, трэсціся, уздрыгваць’, харв. trésti se ‘тс’, чак. trẽsti, серб. тре́сти ‘трэсці, устрэсваць’, ‘вытрэсваць’, тре́сти се ‘трэсціся, дрыжаць’, балг. тресѐ ме ‘мяне ліхаманіць’, макед. тресе ‘трэсці, вытрэсваць’, ‘несці лухту’, тресе се ‘трэсціся’, ‘абтрэсвацца’, ‘дрыжаць’, ст.-слав. трѧсти ‘трэсці’, трѧсти сѧ ‘трэсціся, дрыжаць’. Прасл. *tręsti (sę) ‘трэсці’ — відаць, кантамінацыя на базе блізкага значэння і.-е. *tremō і *tresō ў *trems‑, з якога, напрыклад, выводзяць гоц. þramstei ‘конік зялёны, Telligonia viridissima’ (Фасмер, 4, 113; Шустар-Шэўц, 1542; ЕСУМ, 5, 665; Борысь, 647). Да першай часткі кантамінаваных лексем узводзяць: ст.-грэч. τρέμω ‘дрыжу, трапячу’, лац. tremō ‘дрыжу’, літ. trìmti ‘дрыжэць ад холаду’, тахар. A träm‑ ‘дрыжаць’, тахар. B tremen ‘трапятанне’, алб.-тоск. trëmp, гегск. trem ‘лякаюся’, ст.-н.-ням. thrimman ‘скакаць’. Да другога элемента і.-е. *tres‑ адносяць ст.-інд. trasati ‘дрыжыць, баіцца’, ст.-перс. tars‑ ‘баяцца’, грэч. τρέο ‘трасуся, дрыжу’, лац. terreō ‘палохаю’, terror ‘страх’ і інш. (Бязлай, 4, 221; Глухак, 637; Арол, 4, 112; ESJSt, 16, 982). Сюды ж літ. trė̃sti ‘бегчы, бегчы наперагонкі’, лат. tresêt ‘бегчы, уцякаць’, tresît ‘трасціся’, ‘баяцца, палохацца’ (Карлікава, Slavia, 77, 1–3, 87). Абедзьве кантамінаваныя лексемы (*trem‑ і *tres‑) узыходзяць да і.-е. *ter‑/*tr‑ (Покарны, 1070). Адносна канкурэнцыі трасці і трэсці гл. Векслер, Гіст., 140. Сюды ж трасу́ха ‘топкае балота, дрыгва’ (навагр., Нар. сл.; Мат. Маг. 2), трасу́ха, трасу́чка ‘ліхаманка’ (ТСБМ, Нас.; рас., Шатал.; парыц., Янк. Мат.; капыл., Жыв. сл., Касп.), ‘дрыжыкі ад хвалявання’ (ТСБМ), ‘эпілепсія’ (Нар. Гом.); трасу́ха ‘від полькі’ (Касп.); ‘гноераскідальнік’ (Мат. Маг.), ‘бульбакапалка’ (Сцяшк. Сл., Жд. 3); трасу́чка ‘вуда з маленькай алавянай рыбкай (блешня) і кручком’ (Дэмб. 2, Нар. Гом.); трасу́шчы ‘які трасецца’ (Жд. 2), ‘багністы’ (маст., Сл. ПЗБ), трасу́шчый ‘трывожны, неспакойны (час)’ (Юрч. Вытв.), трася́нка ‘ўсякі стары, зношаны транспарт’ (гродз., ЖНС); трасі́лка, трасу́ха ‘бульбакапалка’ (Юрч. СНЛ); трасе́нка ‘трасянка, сена, змешанае з саломай’ (беласт., Жыв. НС), трасёнка ‘тс’ (лудз., Сл. ПЗБ), трэ́сянка ‘тс’ (бяроз., Ск. нар. мовы); тра́сачка ‘дрыжыкі, трасучка’ (гродз., Сл. рэг. лекс.), траса́чка ‘ліхаманка’ (ТС), трасу́чка ‘тс’ (Растарг.); трасе́ннік ‘той, хто займаецца вытрасаннем’ (Юрч. Вытв.), трасе́нніца, трасе́ніца, трасе́льніца ‘жанчына, якая растрасае гной’ (глыб., в.-дзв., воран., Сл. ПЗБ), трасе́льшчык ‘той, хто трасе гной’ (шальч., там жа), трасе́нё ‘гразкае месца’ (Сцяшк.), трэ́сіна ‘месцы на дарозе, якія ўвесну набракаюць вадой’ (бяроз., КЭС), трасі́лка ‘машына для ачысткі льнянога валакна’ (ТСБМ), тра́скі ‘які выклікае трасенне, калыванне пры яздзе’ (Адм.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кача́тьI несов.

1. (раскачивать что-л., находящееся в подвешенном состоянии, ветром, волной) калыха́ць, гайда́ць; (в люльке, на качелях, в гамаке и т. п. — ещё) гу́шкаць; (убаюкивать — ещё) люля́ць;

ве́тер кача́ет дере́вья ве́цер калы́ша (гайда́е) дрэ́вы;

во́лны кача́ют ло́дку хва́лі калы́шуць (гайда́юць) ло́дку;

мать кача́ет ребёнка ма́ці калы́ша (гу́шкае, люля́е) дзіця́;

2. (шатать что-л. неустойчивое или слабо закреплённое) хіста́ць, калыха́ць, обл. калыва́ць;

не кача́й скаме́йку не хіста́й (не калыва́й) ла́ўкі;

его́ кача́ет от сла́бости яго́ хіста́е ад сла́басці;

3. (колебать в вертикальном направлении) вага́ць, разг. зы́баць;

кача́ть ча́ши весо́в вага́ць ша́лі ва́гі;

кача́ть мостки́ зы́баць кла́дку;

4. (головой — при согласии) ківа́ць; (головой — при отрицании) круці́ць;

5. (ногой) калыха́ць, маха́ць;

6. (подкидывать на руках, выражая восторг, поздравляя с чем-л.) падкіда́ць, гу́шкаць, кача́ць.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

кі́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Тое, што і кідаць (у 1, 2, 7 і 8 знач.).

кіда́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак., каго-што.

1. Штуршком прымушаць ляцець, падаць тое, што знаходзіцца ў руцэ (у руках). Яўхім абіраў бульбу і кідаў у драўлянае вядзерца з вадою. Пестрак. Бумажкоў ляжаў на мокрай [за]балочанай зямлі і кідаў бутэльку за бутэлькай. Чорны. // Нядбайна класці, шпурляць што‑н. Кідаць рэчы дзе папала. // Моцна хістаць, гайдаць; падкідваць. Хвалі пачалі кідаць лодку ва ўсе бакі. Маўр. / у безас. ужыв. Карэнні дрэў густа траплялі .. [дарогу], і воз кідала з боку на бок. Чарнышэвіч. // Разносіць, распаўсюджваць. Вецер кідаў агонь далёка. Чорны.

2. Складаць сена, салому (у стог). Кідаць стог.

3. Хутка перамяшчаць, накіроўваць, пасылаць куды‑н. Кідаць на выкананне задання. □ Гітлераўскае камандаванне кідала ў бой падраздзяленне за падраздзяленнем. Гурскі. // Рассейваць, распаўсюджваць што‑н. на каго‑, што‑н. (пра святло і цень). Майскае сонца высока стаяла ў ясным небе, кідала на зямлю снапы гарачых прамянёў. Колас. Агонь з печы кідаў на яе твар трапяткое святло, і маці ад гэтага здавалася нейкай пастарэлай і няшчаснай. Хомчанка. // (у спалучэнні са словамі «погляд», «позірк»). Наглядаць. Люба.. пільна вяла нітку і часамі кідала нясмелыя позіркі ў бок бацькі і Андрэя. Пестрак.

4. Адмаўляцца ад чаго‑н. як непатрэбнага; выкідаць. У жыта кідалі паклажу мы — Усяго з сабою не забраць. Панчанка. // Ісці ад каго‑, чаго‑н.; пакідаць. Не кідай ты, любы мой, Мяне сінявокую. Русак. // Пераставаць рабіць што‑н., займацца чым‑н. Кідаць работу. Кідаць вучобу. □ Аксана ніколі не кідала справы, не давёўшы яе да канца. Васілевіч.

5. Пакідаць у якім‑н. стане, становішчы. Кідаць фортку адчыненай. □ Андрэй падумаў, што дачка кідае хату адну, незамкнёную: ад гэтага замка ў іх не было ключа. Пташнікаў.

6. перан. Гаварыць, выказваць што‑н. рэзка, нечакана; звяртацца да каго‑н. Нават у самыя цяжкія хвіліны, ведаючы сваю асуджанасць на смерць, Бандароўна кідае ў вочы пану словы праўды. Шкраба.

7. безас. у што. Раптоўна, знянацку ахопліваць. Кідаць у дрыжыкі. Кідаць у гарачку.

8. Працягваць ніткі праз бёрда. Кідаць у бёрда.

•••

Кідаць грошы на вецер — дарэмна траціць, неашчадна расходаваць.

Кідаць каменем у каго — асуджаць, абвінавачваць, ганьбіць каго‑н.

Кідаць каменьчыкі ў агарод чый — рабіць намёкі, заўвагі ў чый‑н. адрас, адзываючыся пра яго неадабральна.

Кідаць пальчатку каму — выклікаць на дуэль, уступаць у барацьбу з кім‑н.

Кідаць святло на што — раскрываць што‑н., рабіць зразумелым.

Кідаць (пускаць) словы на вецер — гаварыць упустую, дарэмна.

Кідаць цень на каго-што — выстаўляць каго‑, што‑н. у непрыглядным святле; ачарняць, ганьбіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

*Калды́ба, колдыба ’крывы, кульгавы, які павольна ідзе’ (Нас.), калдыбаць ’кульгаць’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.), калдыбыць і кылдыбаць (Юрч. З жыцця), колдыбаць (Нас.), кылдыбаць (Бяльк.), колдыбайло ’кульгавы’, ’павольны ў рабоце’ (Нас.), сюды ж калдыб ’пра цяжкую хадзьбу пры хворых нагах’ (мсцісл., Нар. лекс.: Нас.). Рус. зах. бран. калдыбать ’ісці павольна, кульгаць’, смал. колдыба ’кульгавы’, колдыбка ’скалечаная нага, кукса’, колдыб ’дзеянне па дзеяслову колдыбать’, колдыбай ’кульгавы’, колдыбать ’кульгаць’, кур. колдыбать ’тс’, ’павольна ехаць, ледзь цягнуцца’, разан. ’не мець сталага месца’, колдыбащий ’няўстойлівы, непастаянны, які часта мяняецца’: «Моя жизнь колдыбащая…» (СРНГ, 14, 119). Паводле геаграфіі — інавацыя ў сумежных бел. і рус. гаворках. Што датычыць этымалогіі, рус. колдыбай, колдыбать Фасмер (2, 288) лічыў роднасным колдыка ’кульгавы, які ідзе перавальваючыся’, колдыкать, бел. колдыга (гл.), колдыгаць. Апошнюю групу слоў шматлікія этымолагі разглядаюць у сувязі з гоц. halts ’кульгавы’, грэч. κόλος ’абрублены, надламаны’, арм. kał ’кульгавы’, літ-pa ў Фасмера, там жа. Як відаць, і.-е. семантыцы адпавядае смал. колдыбка ’скалечаная нага, кукса’, аднак гэта суфіксальнае ўтварэнне і няма ніякіх падстаў лічыць яго першасным у параўнанні з іншымі лексемамі гэтай групы. Славянскіх паралелей, якія б дазволілі рэканструяваць праславянскую форму, няма. Як здаецца, бел. і рус. словы ўтвораны не па мадэлі ’абрублены, абрэзаны’ → ’куксаты’ → ’кульгавы’. Параўн. рус. валаг. колдыбашить ’балбатаць, пустасловіць’ (< ’боўтаць’), цвяр. колдыбашиться ’калыхацца, вагацца’, разн. колдыбащий ’няўстойлівы’, колдыбацца ’качаваць, матацца’. Аналагічная версія была прапанавана Бернекерам (1, 660), які рус. колдыкать, колдыбашить і пад. уключыў у артыкул kъltajǫ, kъltati, дзе аб’яднаны лексемы са значэннямі ’кульгаць’, ’рухаць’, ’калыхаць; гайдаць’ і да т. п. Структура дазваляе меркаваць аб архетыпе *kl̥t‑ і яго звонкім адпаведніку *kl̥d‑. Статус гэтых форм не зусім ясны: шэраг рус. дыял. фактаў (пск., цвяр., асташк. колтовня ’чалавек, які таргуецца за кожную капейку’, колтыг ’жмінда’, ’шум, сварка’ і колтыга ў абодвух значэннях) сведчыць аб празрыстай сувязі з адпаведнымі вытворнымі ад колот‑ (развіццё семантыкі: ’хістаць’ → ’хістацца’, ’трэсціся’ або непасрэдна ’трэсці’ → ’трэсціся’ → ’дрыжаць’ → ’скупіцца’ і ў прынцыпе можна дапусціць, што разглядаемая лексіка паходзіць іменна ад гэтай асновы. Параўн. яшчэ колты ’плёткі’ (у Даля без геаграфіі). Што датычыць фанетыкі, можна прывесці як прыблізны адпаведнік бел. кальбель < калыбель. Аднак тое ж развіццё семантыкі магло быць цалкам самастойным; значэнне ’кульгаць’ не зафіксавана ў вытворных ад колотить. Такім чынам, прыведзеныя архетыпы цалкам магчымыя, хоць іх усх.-слав. характар відавочны. Параўн. яшчэ калдыга (гл.).

Калдыба́2 ’цвёрды выступ каля паглыблення на разбітай або мёрзлай дарозе’, ’няроўнае ворыва з ямкамі і выступамі’, ’скіба дзярновай зямлі на раллі’ (слаўг., Яшк.). Рус. разан. колдырь ’вялікі кавалак чаго-н.’, ’нарасць на дрэве’, колтырь ’вялікі кавалак (хлеба і да т. п.)’, да семантыкі параўн. скіба (хлеба) і скіба (зямлі). Аб архетыпе гл. пад калдыба1, семантыка намінацыі не вельмі зразумелая. Магчыма, неабходна суаднесці відавочна ўтвораныя ад асновы колот рус. дыял. колоть ’няроўная, узгорыстая, абледзянелая паверхня дарогі, якая замерзла пасля моцнай адлігі’, ’узгоркі замёрзлай восенню гразі, ледзь пакрытыя снегам’, ’няроўная, ухабістая паверхня дарогі, якая высахла ад летняга спёку’ і да т. п. Параўн. да гэтага пск., асташк., цвяр. колоть ’сумятня, сварка’, празрыстае вытворнае ад колотить ’сварыцца’. Што датычыць словаўтварэння рус. паралелі і семантыкі намінацыі, параўн. яшчэ пск., асташк., цвяр. колотьба ’няроўная, абледзянелая паверхня дарогі’, дыял. колоткой ’ухабісты, гразкі (аб дарозе)’, колотливый ’тс’, ’(пра сэрца), якое моцна калоціцца’. Параўн. яшчэ арханг., халмаг. колотовка ’глыба мёрзлай зямлі’ і назвы розных прылад, утвораных ад колот‑; ленінгр. колотушка ’палка, якой разбіваюць сухія камкі зямлі на ворыве’. У шэрагу рус. дыял., вытворных ад колб‑, адзначаны колдыбнуть ’моцна стукнуць’, колдыбахнуть ’кінуць што-небудзь з шумам у ваду; баўтнуць’, якія, магчыма, сведчаць на карысць апошняга варыянта тлумачэння. Разам з тым праблема з’яўляецца вельмі складанай, паколькі нельга не параўнаць разглядаемае слова і вялікую групу лексікі, якую рэпрэзентуюць такія рус. дыял. лексемы, як колдыбашина ’выбоіна, ухаба’ (параўн. колдыбашный ’ухабісты’), колдыбина, бел. калдыбіна і да т. п. Аднак відавочная розніца ў семантыцы дазваляе меркаваць, што бел. слова — рэгіянальны наватвор ад калдыбаць (?), наконт семантыкі параўн. нашы меркаванні вышэй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

трэ́сці, трасу, трасеш, трасе; трасём, трасяце; пр. трос, трэсла; незак.

1. каго-што. Тузаць, штурхаць, хутка рухаць туды і назад або ўверх і ўніз. Была вайна. Была бяда. За грудзі маці часта трэсла І пагражала: — Бацька дасць Табе, хай толькі прыйдзе, неслух... Ляпёшкін. // Ціснуць, паціскаць руку, рукі каму‑н. у знак прывітання, падзякі, віншавання і пад. Камандзір зразумеў, усміхнуўся, падбег да высокага чалавека, схапіў яго за руку і пачаў трэсці. Чорны. — Здарова, Ганька! — трасе аберуч маю руку Лазоўскі. Васілевіч. // Выклікаць дрыжанне чаго‑н. (моцным ударам, выбухам і пад.). [Насця:] — У нас тут дома неспакойна — Падходзіць фронт, бягуць усе, Гарматны гук зямлю трасе. Колас. І раптам адзін, другі, трэці выбух трасе сцены тэатра і срабрыстыя калоны падаюць, трушчачыся, на гледачоў. Мікуліч. // Калоцячы дрэва, прымушаць падаць плады. Чутно, непадалёку ходзіць лівень — Гром мячыкі качае па страсе. А тут такі сухмень, што жнівень Зялёныя антонаўкі трасе. Чэрня. / Пра вецер, буру і пад. Парывісты вецер трос прысады ля хаты, гнаў перад сабой пыл. Паўлаў. Узорную лістоту ясеня суха трос вецер. Савіцкі.

2. (звычайна безас.), каго-што і без дап. Падкідваць, хістаць (пры яздзе па няроўнай дарозе). [Янкель:] — А вы, жанчынкі, прагуляліся б да хвойнічку, пашукалі б грыбкоў!.. А то дарога калдобістая, будзе трэсці, без прыпынку аж да вёскі Касачы паедзем! Гурскі. Алеся вязе Рыгора з сабою — сена мяккае, духмянае, поўны воз наклаў яго ў дарогу сябра Лявон, каб не трэсла. Скрыган.

3. чым. Часта махаць, ківаць чым‑н. Трэсці нагою. Трэсці кулаком. □ — Цяпер усё, — трос барадой дзед. — З унукам пастараліся. Не будзе больш шастаць дзе не след. Даніленка. Коні, і тыя трасуць галовамі, прынюхваюцца і падаюцца бліжэй да вогнішча. Васілевіч. // Размахваць чым‑н. Бачыць лётчык — там унізе Нехта шапкаю трасе, Просіць помачы на крызе, А вада яго нясе... А. Александровіч.

4. што. Перамешваючы, прыгатоўваць што‑н. [Гвардыян:] — Як прыйдзе Папас — хай ідзе [трушанку] трэсці. Зарэцкі.

5. што. Разм. Іграць, танцаваць з элементамі патрэсвання. Трасе «трасуху» на старой скрыпцы дзядзька Цімох. Гарэцкі.

6. каго-што і без дап. Разм. Рабіць вобыск. [Бабка Наста] расказала і пра стажок і пра дзедаву бяду, пра ўварванне ў хату сярод ночы палякаў. Як іх тады калацілі, як трэслі! Колас. У Вілюгі на другі дзень пасля арышту Сяргея быў вобыск. Трэслі ў хаце, у хляве. Навуменка. Жаўнеры шукалі зброю, трэслі вазы, забіралі жывёлу, пускалі ў ход шомпалы і бізуны. С. Александровіч. // перан. Дасканала, дэталёва вывучаць што‑н. Трэслі пільна мы навук законы і трактаты розных мудрацоў, скідвалі паэтаў ненадзённых і часамі ўзносілі іх зноў. Русецкі.

7. каго. Выклікаць дрыжыкі (пра холад, ліхаманку, страх і пад.). Крыху раней, дні за чатыры, цяжка захварэў .. намеснік [Маскаленкі], якога пачала трэсці малярыя. Мележ. — Скрыдлаўскія маладзіцы завіхаюцца ля яго, — ціха засмяяўся Мітрафан, — завіхаюцца і радуюцца, што секвестратара ліхаманка трасе. Бажко. // безас. Пра дрыжыкі, зведаныя кім‑н. Усяго .. [Хвашча] трэсла, і ён нават падумаў: ужо ж ці не трасца прычапілася да яго. Лупсякоў.

8. перан.; каго-што. Выклікаць змены, пазбаўляць ранейшага спакою. Не для гэтага бура Імперыю трэсла, Каб змяніць рэвалюцыю Мірненькім маршам Ад прастола цара Да прэм’ерскага крэсла. Глебка. // Разм. Часта турбаваць каго‑н., не даваць спакою. Тут і пачалі нашага старшыню з усіх бакоў трэсці. У газетах аб ім пішуць, па радыё гавораць, на розныя сходы запрашаюць. «Вожык».

9. што. Разм. Узмахваючы чым‑н., ачышчаць ад чаго‑н. [Маці:] — Лён трэсці будзем. М. Ткачоў.

•••

Латамі трэсці — а) бедна жыць, хадзіць у падранай вопратцы; б) наўмысна паказваць беднасць.

Трэсці (калаціць) кішэні — выдаткоўваць грошы, выдаткоўвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)