Пну́цца ’напружвацца, натужвацца, пяцца’, лезці, праціскацца праз натоўп наперад’ (Гарэц., Шат., Касп., Сцяшк. МГ, ТС, Растарг., Стан.), ’сердаваць, злавацца’ (Ян.), пнуць ’перці, напіраць’ (Растарг.), ’штурхнуць, піхнуць’ (Ян., ТС). Укр. пнутися (< пʼя́сти) ’нацягваць’, рус. пнуть, пинать ’даваць выспятка, штурхаць, удараць нагою’, стараж.-рус. пяти, пнути ’штурхануць’, польск. piąć (się) ’звязваць’, ’караскацца уверх, лезці’, ’віцца (аб раслінах)’, ’рушыць, накіравацца’, н.-луж. pěś, в.-луж. pjeć ’нацягваць, напружваць’, ’злучаць’, чэш. pnouti se ’ўзвышацца’, ’віцца, паўзці’, славац. pnúť sa ’тс’, славен. pẹ́ti ’цягнуць’, ’імкнуцца’, pẹ́ti se ’ўзыходзіць, паднімацца’, серб.-харв. пе́ти се ’паднімацца, лезці ўверх, узыходзіць (на гару)’, макед. напне се ’нацягнуцца’, ’напружыцца’, ’націснуць, наваліцца’, балг. пъ́на ’нацягваю’, напъ́на се ’напружыцца’, ст.-слав. съ‑пинати ’звязваць’. Прасл. *pęti (), pьnǫti, роднасныя літ. pìnti ’плясці’, лат. pît ’заплятаць’, ’путаць (каня)’, літ. pynė̃ ’каса (валасоў)’, арм. hanum ’тку, сшываю’, ст.-грэч. πένομαι ’(цяжка) працую’, гоц. spinnanпрасці’, нова-в.-ням. spinnen, spannen ’нацягваць’, ’напружвацца’, тахар. A pänw‑, тахар. B pänn‑ ’цягнуць’, ’напружваць’ (Фасмер, 3, 292; Махэк₂, 464–465; Бязлай–Сной, 3, 31).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́ндзіцца ’надрывацца (з крыку, піску і пад.); паказваць незадаволенасць; капрызіць’ (слонім., Жыв. сл.; Нар. Гом., ТС); сюды ж экспр. пры́ндзіцца ’паміраць’ (гродз., Сл. ПЗБ; тут падаецца яшчэ ў якасці магчымай паралелі літ. pasisprénde ’выцягнуцца’, уплыў якога цалкам верагодны). Таксама сюды ж піры́ндзіць ’вельмі тонка прасці; нагаворваць на каго-небудзь’ (навагр., Жыв. НС) з эпентэтычным ‑i‑ ў гістарычным прэфіксе, які “ўзнаўляе” складовасць, і цікавым семантычным развіццём. Хутчэй за ўсё, звязана з прыну́дзіцца/прыну́дзіць (гл.) са значэннем ’занудзіцца, зажурыцца’ і пад. Размоўны перанос націску на прэфікс абумовіў рэдукцую да нуля націскнога у́, а фармальная аддаленасць асноў — семантычныя змены (параўн. ніжэй аналагічныя працэсы ў рускай і ўкраінскай мовах). Не выключаны толькі ўсходнеславянскі характар дзеясловаў, параўн. рус. дыял. пры́ндик ’сярдзіты, недаступны на выгляд чалавек’, ’надзвычай напышлівы, фанабэрыста чалавек’, пры́нтик ’тс’, укр. при́ндитися ’фанабэрыцца, важнічаць; капрызіць; трымацца малайцом; бадзёрыцца, казырыцца; сердаваць’, при́нда ’пыха, фанабэрыя; напышлівы, фанабэрыста чалавек; капрызы; капрызны чалавек’ (адносна апошняга гл. ЕСУМ, 4, 575: “няясна”). Гл. апры́ндзіцца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́ліцьпрасці вельмі тонкай ніткай, высакаякасна’ (мёрск., Ск. нар. мовы). Гл. талька.

*Талі́ць1, толы́ты ’насычаць, карміць’ (драг., Бел.-укр. ізал.), часцей у прыставачных утварэннях наталіць (гл.): яго нічым ні наталіш (Сержп. Прымхі), утолі́ць ’задаволіць, насыціць’ (ТС). Параўн. укр. толи́ти ’заспакойваць’, палес. толи́ть ’раскормліваць, пічкаць’, рус. толи́ть ’тс’, ст.-польск. tolić ’тс’, славац. táliť sa ’добра харчавацца’, серб.-харв. то̀лити ’заспакойваць’, славен. toliti ’сунімаць, супакойваць’. Прасл. *toliti/*taliti, каўзатыў ад *tьlěti (гл. тлець), параўн. літ. tìlti ’стаяць моўчкі’, лат. tilinât ’распешчваць (дзіця)’, ст.-ірл. tuiti ’спаць’, магчыма, ст.-в.-ням. stilli ’ціхі’ (Фасмер, 4, 71; Бязлай, 4, 194; Варбат, Этимология–1970, 59; ЕСУМ, 5, 593). Гл. таксама уталяць.

*Талі́ць2, толі́ць ’збіраць, хаваць’: толіць тые грошы (ТС), та́лыты ’сцягваць у адно месца; траціць’ (Арх. Вяр.), сюды ж дзеяслоў шматкратнага дзеяння талаваць, гл. Лічыцца адаптаваным запазычаннем з цюркскіх моў, у якасці крыніцы прапануецца крым.-тат. тала ’дзерці, рабаваць’, роднаснае манг. tala ’рабаваць’ і пад. (Фасмер, 4, 15; ЕСУМ, 5, 509).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пярэ́слюга (пырэ́слюга) ’грузкая мясціна’ (кам., ЖНС), укр. переслю́га ’паласа, смуга, лінія’. Сюды ж, магчыма, харв. prȅslijež ’даліна паміж двух узгоркаў’. Няясна. Аўтары ЕСУМ (4, 346–347) звязваюць украінскае слова, а таксама укр. переслю́гуватий, перешлю́говатий ’няроўнамерны; з прагалінамі; няпоўны’, з слюга́ ’непагадзь, макрэча, слата’, што не здаецца пераканальным; больш верагодная сувязь з лат. sluogsne, sluõksne ’вузкая паласа’. Апошняе дазваляе далучыць сюды і рус. переслёга, пересле́жина ’брак у пражы’ (’тонкае месца ў пражы’?), славен. preslẹ̑gast ’з прасветамі, няроўнамерна размеркаваны’, preslegasto platno ’працёртае палатно, у якім відаць ніткі’, сувязь якіх з папярэднімі не здаецца відавочнай. Адносна апошніх гл. Фасмер, 3, 239. Бязлай (3, 115) далучае сюды і рус. пересле́га ’перакладзіна ў страсе’ і рэканструюе прасл. *per‑slěg‑ (*per‑sъlěg‑), што да *leg‑ti (гл. ляжаць, лажбіна)). Скок (3, 35) харвацкае слова ўзводзіць да *pręslo (гл. прасла), што ў выпадку абгрунтаванасці гэтай версіі выводзіць яго за межы ўсходнеславянскіх геаграфічных тэрмінаў. Параўн., аднак, балг. дыял. прешлу́га ’тоўстае месца на нітцы’, прешлю́га ’хвошч’, прешлю́гав ’няроўна спрадзены’, якія БЕР (5, 671) узводзіць да *pręsti (гл. прасці), што малаверагодна пры ідэнтыфікацыі названых слоў з адпаведнымі ўсходнеславянскімі (балг. пре‑ = рус. пере‑).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́та ’вяроўка, якой звязваюць пярэднія ногі каня, калі ён пасецца’ (ТСБМ, Бяльк., Шат., Сл. ПЗБ), пу́то ’тс’ (Нас., ТС; мазыр., З нар. сл.; Бес.), мн. л. пу́ты ’тс’ (Гарэц.), ’аковы, кайданы’ (Булг.), пу́та ’нізка (грыбоў, рыбы і інш.)’ (ЛА, 1; Сл. ПЗБ), ’непісьменны чалавек’ (Жд. 3), пу́то, мн. л. пу́та ’жалезныя хамуцікі, якімі прымацоўваецца вось да насаду ў возе’ (Сіг.), púto ’рэгулятар на канцы дышла плуга; жэрдкі, што звязваюць кроквы вышэй паловы іх даўжыні’ (Тарн.), у выразе на́ша пу́то пасці́ — пра чаргу пасвіць карову і інш. (тут пута перадаецца як знак чаргі) (жытк., Мат. Гом.); параўн. укр. пу́то, мн. л. пу́та ’пута, кандалы’, рус. пу́то, мн. л. пу́ты ’пута; бесталковы чалавек’, польск. pęto, мн. л. pęta ’аковы, кайданы’, чэш. pouto, мн. л. pouta ’тс’, славац. púto ’тс’, в.-луж. puto, н.-луж. pyto ’тс’, славен. pọ́ta ’спражка’, серб.-харв. пу̏то ’пута’. Прасл. *pǫto, мн. л. pǫta, вытворнае ад *pęti, *рьnǫ ’нацягваць, напінаць’, гл. пяць, пну, роднаснае ст.-прус. panto ’пута, кайданы’, літ. pántis ’тс’, лат. pineklis ’пута, аковы’, літ. spándyti ’нацягваць’, ням. spannen ’тс’, spinnenпрасці’ (Фасмер, 3, 412; Бязлай, 3, 95 і інш.). Гл. таксама путаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пра́сла1, пра́сло, пра́смо, пра́сно ’частка агароджы-паркана паміж двума слупамі’ (ТСБМ, Янк. 3., Сцяшк. Сл.; слуц., КЭС, Др.-Падб., Шат., Гарэц., ТС), ’пралёт плота на даўжыню жэрдак’ (Бір. Дзярж.; Шымк., Собр. і Шушк.), ’плот з неабчасанага колля’ (Сл. Брэс.), ’частка сцяны паміж вокнамі’ (Сцяшк. Сл.), ’праход у плоце’ (паўн.-усх. КЭС; Касп.), ’жэрдка, якой закладваюць праход у агароджы’ (Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.), ’частка застаронка’ (Сл. ПЗБ), ’некалькі жменяў зжатага збожжа’ (Сл. ПЗБ), ’вузкі ўчастак зямлі’ (трак., Сл. ПЗБ), ’паласа, якую камбайн займае за адзін раз’ (Сл. ПЗБ), ’пасма пражы пры тканні’ (Др.-Падб.). Рус. пря́сло ’частка калаўроту; частка агароджы, паркана’; укр. пря́сло ’звяно плятня’, польск. przęsło ’частка паркана паміж двума слупамі; ярус’, чэш. přáslo ’тс’, славен. préslo, préslica ’станок, станіна, да якой прымацоўваецца пража; калаўрот; частка млыну’. Прасл. *pręslo. З *pręd‑slo, звязанага з прасці (Фасмер, 3, 395 і наст.). Роднасныя з лат. sprieslis ’скляпенне’, англ.-сакс. sprindel ’крук’ (Траўтман, 278; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1022; Прабражэнскі, 2, 144). Махэк₂ выводзіць *pręslo з *(s)pręg‑slo, ад кораня, які ў літ. sprengto ’уціскаць нешта да вузкай шчыліны’ і ў слав. *pręgo (гл. упрэгці). Бязлай (3, 115) славен. prẹ́slo ’калаўрот; верацяно’ лічыць амонімам да слоў са значэннем ’звяно плота’, апошняе да *prętslo ад *prętati (гл. пратаць), на думку Куркінай (Этимология–1994–1996, 204), беспадстаўна.

Пра́сла2 ’агульная назва любой агародніны’ (бых., Касп., Янк. Мат.). Семантычны регіяналізм. Ад прасла1, як агародніна ад агарод < гарадзіць, г. зн., ’тое, што за праслам, за агароджай’; параўн. таксама пра́сла ’некалькі жменяў зжатага збожжа’, ’вузкі ўчастак зямлі’ (Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кавярзе́нь1 (звыч. у мн. л. кавярзні) ’лапаць’ (Бяльк., БРС, Касп., Мат. Маг.; віц., Нар. сл.; ТСБМ), кавярзеньчык ’лапатак’ (Бяльк., Яруш.). Рус. дыял. каверзни, коверзни (коверзень) ’летнія лапці, лапці з трыснягу; стаптаныя лапці; вяровачныя, падплеценыя вяроўкай і да т. п/; пск., наўг., цвяр. — адзіны арэал з бел. Аб старажытнасці ўтварэння меркаваць цяжка, паколькі назва магла быць вузкалакальнай, пашыраючыся з часам у выніку экспансіі рэаліі. Паводле Вахраса (Наим. об., 78), больш старажытнай формай неабходна лічыць рус. верзень, вьрзьнь. Здаецца, што кавярзень, кавярзні неабходна выводзіць ад кавярзаць ’плесці лапці’, якое з коверзати ’тс’, вытворнага ад верзати ’плесці і да т. п.’; словы гэтыя, відаць, ужываліся паралельна. Што датычыць фанетыкі (ко‑ і ка‑ як у дзеясловах, так і ў назоўніках), то гэтыя факты неабходна тлумачыць або ўздзеяннем акаючых гаворак (Вахрас, там жа, 78), або тым, што словы былі ўтвораны па розных мадэлях. Адносна меркавання Малчанавай, Маг. культ., 177, што падобны тып лапцей і тэрмін прыйшлі да беларусаў ад рускіх старавераў, якіх многа пражывала ў Віцебскай губерні, можна адзначыць, што кавярзень ’лапаць’ сустракаўся ў Смаленскіх інтэрмедыях XVII–XVIII стст., гл. Шакун, З дасл., 140, і што кавярзаць ’плесці, няўмела плесці і да т. п.’ вядомыя на больш шырокай тэрыторыі. Магчыма, пра спрадвечна славянскі характар разглядаемых слоў сведчыць і славен. kvŕga ’звіліна, нарасць’, серб.-харв. kvȑga ’нарасць’, якое Куркіна (Этимология–72, 79–80) параўноўвае з рус. каверза і пад. Параўн. яшчэ серб.-харв. kavr̀gati ’неаднолькава і няроўна прасці’, якое і Пятлёва (Дыс., 28) прапануе разглядаць як ка‑вргати. Звяргае на сябе ўвагу серб.-харв. kávrga ’назва невялікага чалавека’ і асабліва ’посуд з ліпавай кары для крыніцы’.

*Кавярзе́нь2, къвярзе́нь ’зусім няўмелы і неахайны’ (З нар. сл.). Паходзіць ад кавярзаць з адпаведным значэннем; структурна тоесным з’яўляецца каверзень ’аб дрэнным, каверзным чалавеку’ (смал.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́сці ’накіроўваць рух каго- або чаго-небудзь’; ’будуючы, пракладваць у пэўным парадку’; ’мець пэўны напрамак’; ’хіліць на што-небудзь, адольваць’; ’хіліць убок ад хваробы, ап’янення’ (КТС, БРС, Касп.); ’цягнуць’ (БРС); ’валаводзіць’, весьці брэдню ’трызніць’ (Касп.), вясьці злосьць ’доўгі час злавацца, гневацца, помсціцца’ (КЭС, лаг.), навагр. весьці дзіця ’нарадзіць дзіцё’ (Кл., КТС). Ужываецца таксама з прэфіксамі: аб‑, вы‑, да‑, з‑, на-, пера-, пры‑, раз-, у‑ і інш. у розных значэннях. Сюды ж весціся ’адбывацца, ажыццяўляцца, праводзіцца’; ’жыць, пладзіцца’; ’быць звычаем, падтрымлівацца’; ’цягнуцца кім- або чым-небудзь’ (КТС, БРС); ’цягнуцца патроху’; ’шанцаваць у жыцці’ (КЭС). Прасл.: укр. вести ’весці; спяваць, цягнуць голасам; размаўляць; прасці, выводзіць нітку; камандаваць, распараджацца’, вестися ’весціся’, рус. вести ’весці, суправаджаць, памагаць ісці; рабіць, здзяйсняць; кіраваць, быць загадчыкам’, арханг. ’дзьмуць, пранікаць усюды (аб ветры)’, валаг. ’раставаць (аб снезе); уздымацца (аб цесце)’, арханг. вести свадьбу ’спраўляць вяселле’, польск. wieść ’весці, быць на чале; быць уваходам куды-небудзь’, wieść się ’шанцаваць, паходзіць’, каш. vjesc, в.-луж. wjesć ’весці’, wjésć so ’паводзіць сябе; мецца’, чэш. vésti ’суправаджаць, паказваць дарогу; кіраваць, быць загадчыкам, быць на чале; мець кірунак’, vésti se ’мецца, шанцаваць’, славац. viesť ’даваць кірунак, накіроўваць’; ’суправаджаць, прыводзіць’; ’весці эскортам’; ’весці каналам (ваду, нафту)’; ’кіраваць (машынай, караблём)’; ’пракладваць’ і ’кіраваць, весці дзейнасць’; ’выконваць пэўную работу’; ’праводзіць (цяпло, электрычнасць)’; ’весці размову, дэбаты’ і інш., viesť sa ’мецца, шанцаваць’, славен. vȇsti ’весці; дапамагаць; служыць чаму-небудзь’; ’выгадна прадаць’, vȇsti se ’трымаць, паводзіць сябе’, серб.-харв. во̀дити ’весці’, макед. води, балг. водя, ст.-слав. ведѫ, вести ’тс’. Выступае ў асновах *ved‑/*vod‑ і *vad‑. Мае адпаведнікі ў балтыйскіх мовах: літ. vèsti, vedù ’весці; кіраваць, быць на чале чаго-небудзь; жаніцца з кім-небудзь; прыносіць, нараджаць’, лат. vest, vedu ’весці’; ’вадзіць (машыну)’, vesties ’шанцаваць, добра ісці (аб рабоце)’, ст.-прус. weddē ’вяду’, а таксама ў ірл. fedid ’вядзе’, ст.-перс. vādajeiti ’вядзе, цягне’. Такім чынам, прасл. vedti (dt > tt > st) утворана пры дапамозе суф. ‑ti ад асновы ved‑, якая ўзыходзіць да і.-е. кораня *u̯edh‑ (Фік, 1, 4, 129; Уленбек, 269). Гл. таксама Фасмер, 1, 284; ЭСРЯ, 1, В, 74–75; Голуб-Копечны, 413; Брукнер, 619; Махэк₂, 685; БЕР, 1, 170.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)