Пе́рак, пе́ракам ’поперак, упоперак’ (Нас., Сл. ПЗБ, Бяльк., ушац., Нар. лекс.; Варл.), ’кароткая папярочная баразна’ (докш., Сл. ПЗБ), ’папярочны загон’ (ЛА, 2), смал. пе́рек ’упоперак’; укр. пере́ка ’супрацьдзеянне, супярэчанне’, рус. по‑перёк ’упоперак’, польск. w przek, w przeki, na przek(i) ’упоперак, наадварот, наперакор’, ст.-польск. przek(o) ’поперак’, н.-луж. prjeki ’поперак, наўскос’, в.-луж. prěki ’поперак’, prěčić ’перасякаць; супярэчыць, супраціўляцца’, палаб. pritʼai, pritʼě ’праз, звыш; па той бок’, ст.-чэш. na‑přiek(y), чэш. na‑přík ’насупраць, у параўнай з. насуперак’, na‑příč ’праз, па той бок; поперак’, славац. na‑priеку, na‑priek ’нягледзячы на’, славен. prẹ̑k ’рэзкі, грубы, жорсткі; які супраціўляецца; касы, які стаіць упоперак’, prȇ̥ko, prę̑k, priek, prȇ̥čki ’тс’, vprẹ̑k ’нягледзячы; праз; супраць’, prȇ̥k ’горды чалавек’, серб.-харв. пре̂к, харв. prȉjek ’папярочны; просты, самы кароткі, запальчывы, круты, неадкладны, неабходны’, пре̂ко ’насупраць, па той бок; упоперак, раптоўна, рэзка; празмерна’, чак. priko ’тс’, макед. прек ’папярочны; неадкладны, круты’, балг. пряк. мн. л. пре́ки ’прамы, непасрэдны’, ст.-слав. въпрѣкы глаголати ’супярэчыць’, ц.-слав. прѣкъ ’папярочны; які ляжыць упоперак’, прѣко, прѣкы ’насуперак; супраць; праз’. Прасл. *perkъ ’папярочны, які знаходзіцца на супраць’ (перайшло ў прыслоўе, прыназоўнік *perko/*perkъ/*perky і ў адназоўнікавы дзеяслоў *perčiti ’пярэчыць’) — утварэнне з суф. *‑kǒ (> *‑kъ) ад прыслоўя *per‑ ’праз’ (Мее, Études, 329; Фасмер, 3, 238: Копечны, 1, 129 і 173; Махэк₂, 492; Бязлай, 3, 110–111).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плакса1 ’плаксівае дзіцё’ (б.-каш., Мат. Гом.), ’той, хто часта плача без уважлівай прычыны’, ’які любіць скардзіцца, наракаць’ (ТСБМ), пла́ксы ’крыксы, крык з плачам дзіцяці’ (Нас.). Адсутнічае ў Слоўніку І. Насовіча (ёсць плаксун(ок), плаксу́ння), а таксама ў Б. Грынчэнкі (ёсць у сучаснай укр. мове: плаксій, плаксія, плаксу́н, плаксійка, плаксу́ха і пла́кса). У польск. мове — з XV ст. płaksa ’плакальніца на пахаванні’, якое Банькоўскі (2, 616) адносіць да запазычанняў з усх.-слав. моў. Неабавязкова, бо ў польск. мове ёсць beksa (< bekać, beczeć ’раўсці, плакаць’ — літ. beksė́ti ’рыпаць’) з тым жа суфіксам ‑с‑а. Найбольш лексема прадстаўлена ў рус. мове, параўн. пла́кса, плаксуха ’плаксівы чалавек’; пла́кса ’вазак, які вязе ў царкву ўхутаную нявесту’; пла́кса/пла́ксы ’абрад: увесь час плачу, жалобных песень, што аплакваюць нявесту — ад змовін да зборнай суботы’, пла́ксы/крыксы ’начны, хваравіты крык дзіцяці’. Суф. ‑с‑а — уплыў балт. моў: у літ. мове яму адпавядае ‑sa, ‑sas, які ўтварае назоўнікі ад дзеясловаў: baĩsa ’страх’, švaisa/sviesà ’святло’, tamsà ’цемра’, papsà ’хто чмокае губамі’, а таксама kùksas ’бязрогі, галамоўзы’. Сюды ж плаксі́вы ’які часта плача; любіць наракаць, скардзіцца’; ’які падобны да плачу (пра голас)’ (ТСБМ).

Пла́кса2 ’плакун-трава, чальчак, Lythrum salicaria L.’ (б.-каш., жытк., Мат. Гом.), ’ажына валасістая, Luzula pilosa (L.) Willd.’ (гродз., Кіс.). Да пла́каць (гл.). Параўн. таксама плакун-трава, слёзны ’чальчак’ (Кіс.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́стаць1 ’палоска жыта ці іншай збажыны, занятая адной жняёй у час жніва’ (ТСБМ, Гарэц., Нас., Байк. і Некр., Мядзв., Дзмітр., Др.-Падб., Касп., Бяльк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.; івац., Хрэст. дыял.; парыц., Янк. Мат.; пін., Кольб.; навагр., Шн., Федар.), ’участак збожжа, скошаны касцом’ (гродз., Мат. АС), ’раскладка снапоў для малацьбы’ (дрыс., ДАБМ, камент., 872), ’наперадзе’ (Кольб.), ’паласа, загон жыта’ (петрык., Мат. Гом.), укр. по́стать ’палоска нівы, занятая адной жняёй’, рус. по́стать ’тс’, ’поле’, ст.-рус., ц.-слав. постать ’доля, частка’, польск. postać ’пастава, форма, фігура, асоба’, дыял. ’шэраг жняцоў у полі’, ст.-польск. postać ’род, пакаленне’, чэш. postat у старэйшым значэнні — ’частка поля, на якім стаіць адзін жнец’, славац. postat ’тс’, славен. pástȃt ’рад работнікаў у полі’, серб. по̀стат/поста̑т ’палоска, рад пры жніве’, балг. по́стат ’паласа, якую жнуць некалькі жняцоў адначасова’. Прасл. *postatь, утворанае ад *postati (гл. стаць) са значэннем выніковасці дзеяння, даслоўна ’тое, што пастаўлена; рад, шэраг’. Паводле Праабражэнскага (2, 113): по‑стать ’шчыльна пакладзенае’), паводле Трубачова (Ремесл. терм., 123–125): *po‑statь ’стаяць нерухома’. Адсюль першапачатковы сінкрэтызм ’асоба, фігура, пастава’ і ’задача, што пастаўлена перад асобай для выканання’, параўн. постаць ’стан, фігура’ і ’паласа (пры жніве)’ (ТС), рус. стать ’пастава’ і по́стать ’участак, які косіцца жняцом за адзін раз’ (Банькоўскі, 2, 715; БЕР, 5, 549).

По́стаць2 ’стан, фігура’. Гл. папярэдняе слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́тка ’пеніс’ (гродз., Цых.), ’палавы орган’ (Нас., Байк. і Некр.; гродз., кобр., Сл. ПЗБ), ’прарэх у штанах’ (гродз., Сл. ПЗБ), укр. по́тка ’жаночы палавы орган’, по́так ’мужчынскі палавы орган’, рус. по́тка ’membrum virile (у хлопчыкаў)’, палаб. pótkă ’жаночы або мужчынскі палавы орган’ (Олеш, Thesaurus, 805). Прасл. *pъtъka ’палавы орган’, роднаснае літ. paũtas, мн. л. paũtai ’муды, мужчынскія геніталіі’, што паўплывала, паводле Грынавяцкене, на ўжыванне множналікавай формы: яго поткі відаць — які срам (гродз., LKK, 12, 194), адсюль, верагодна, першаснае значэнне ’testicula’. Гэта, аднак, не дае падстаў лічыць слова запазычаннем, насуперак Карскаму (РФВ, 49, 16). Далейшым сувязі няясныя. Паводле Сноя₂ (502), потка ’пеніс’ узыходзіць да прасл. *pъtьka, роднаснага *pъtʼka ’пупышка’ (гл. почка), для якіх рэканструююцца першасныя значэнні ’яйка’ або ’орган размнажэння (у раслін)’, што сумнеўна. Часцей прымаецца перанос назвы птушкі, параўн. рус. по́тка ’птушачка (асабліва пеўчая)’, на назву membrum virile (у дзяцей) (Фасмер, 3, 344; ЕСУМ, 4, 539; 545), што мае шматлікія тыпалагічныя паралелі (параўн. балг. патка ’качка, гуска’ і ’палавы орган у малога хлопчыка’; англ. cock ’певень’ і ’пеніс’ і пад.), што дае падставы Тапарову (Зб. памяці Талстога, 2, 266) гаварыць пра membrum virile ў “арніталагічным” кодзе: *pъt‑ъka (< і.-е. *put‑uk‑) ’птушачка’ і ’пеніс’ параўноўваецца з лац. putus ’хлопчык’ (< і.-е. *pōu‑: *pəu: *pū̆ з пашырэннем ‑t‑), параўн. утворанае ад яго арум. puță ’penis, membre virile’ (Скок, 3, 88).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́зба, пры́зьба, пры́сьба, пры́зба, пры́зыва, прі́зва, пре́зва, пріізба, прі́зьба ’невысокі, звычайна земляны насып уздоўж сцяны хаты (часта абабіты дошкамі), зроблены для ўцяплення памяшкання’ (ТСБМ, П. С., Бес., Гарэц., Дразд., Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб., Касп., Шат., Растарг., Янк. 2, Сцяшк., Шушк., Шатал., Ян., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 4), пры́збіна ’прыстаронак’ (бяроз., Нар. сл.). Узыходзіць да прасл. *pristъba < *pri‑jьstъba, якое, відаць, даволі рана пачало змешвацца з *prisъpa < *pri‑sъpa ’тое, што прысыпае’ (Карскі 2–3, 92), параўн. ст.-рус. присъпа, приспа ’насып, вал’ (Сразн.); далей па існуючай мадэлі — пры́спа ’тое, што прысыпана звыш меры; аддача з верхам пазычанай меры мукі’ (Нас.). Аддаленым вынікам гэтай кантамінацыі трэба лічыць фактычную дээтымалагізацыю лексемы ў формах з ‑зв‑ у частцы гаворак. Па той самай мадэлі, але з каранёвой часткай, якая звязана з зямля́ (< *zemja), утворана пры́зьма ’прызба’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Параўн. рус. дыял. при́стьба ’земляны насып вакол падмурка хаты, прызба’, при́зба, при́зьба, пры́зба ’невысокі земляны насып вакол хаты’, ’частка хаты, адасобленая сенцамі, пакойчык’, укр. при́зба, при́зьба, при́спа ’невысокі, звычайна земляны насып уздоўж сцяны хаты’, польск. przyzba ’тс’, przyspa ’тс’ і ’пясчаная каса ў рацэ’. Паводле Банькоўскага (2, 956), у літаратурную мову форму przyzba ўвёў Міцкевіч. М. Младэнаў (Балк. Ез., XIV, 2, 1970, 29) лічыць балг. при́сба ’пакрытая тэраса перад домам’ запазычаннем з рум. prispă ’тс’. Гл. таксама БЕР, 5, 733; ЕСУМ, 4, 577.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́зга1 ро́ска, ро́зґа, ро́зка, ро́жґа ’тонкая гнуткая галінка, дубчык, дубец’, (ТСБМ, Др.-Падб., Гарэц., Нас., Шат., Бяльк., Стан., Нар. Гом., ТС, ПСл; пін., Шатал.; Байк. і Некр., Мат. Гом., Жд. 1, Сл. ПЗБ), ро́ска, ро́скі ’вітка (на калках плота)’ (чэрв., ЛА, 4). Укр. рі́зка ’галінка’, ’дубец для пакарання’, рус. ро́зга ’тс’, ’парастак, атожылак’, стараж.-рус. розга, польск. rózga ’тс’, н.-луж. rozga ’сухая галіна’, палаб. rözgă, rözgo ’галіна’, ’сук’, ’шост, палка’, ’куст’; чэш. růzha, ст.-чэш. rózka ’аднагадовая галінка’, славац. rázga ’дубец’, славен. rọ̑zga ’малады парастак вярбы’, rọ̑zgva, ròzga ’тс’, серб. ро̏зга і харв. rȍzga ’малады парастак вінаграднай лазы’, ’калок, што падтрымлівае вінаградную лазу’, ’палка, дубіна; дубец, розга; вецце, сухое галлё’, балг. розга́ ’кол, палка, жэрдка’, ст.-слав. розга ’маладая галінка, парастак’, рождиѥ ’сухое галлё, фашына’. Этымалагічна няясна. Звычайна параўноўваюць з літ. règzti, rezgù ’плесці, вязаць’, rẽzgis ’кошык, пляцёнка’, ст.-інд. rájju‑ ’вяроўка, ліна’, лац. restis ’тс’ (Мее-Ваян, 131; Мікала, Berühr., 158; Шэфталявіц, IF, 33, 134; Вальдэ-Гофман, 2, 431). Не пераконвае супастаўленне лексемы розга з лат. razga, razda ’дзяркач, старая мятла’, літ. rãžas ’пень’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 492). Гл. таксама ESJSt, 13, 778 з аглядам версій і літ-рай.

Ро́зга2 ’сумнік звычайны, Solidago virga-aurea L.’ (Кіс.), польск. rózga złota ’тс’, славен. rọ̑zga ’тс’. Да розга1 (гл.) у выніку пераносу значэння паводле падабенства.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Роў1 ’доўгае паглыбленне ў зямлі, канава’ (ТСБМ, Гарэц., Нас., Шат., Бяльк., Стан., ТС, Сл. ПЗБ), ’яр, лагчына’ (Байк. і Некр.), ’баразна’ (Куч.), ’трэшчыны на пятах’ (паст., ігн., Сл. ПЗБ), рове́ц ’раўчак’, ’разора’, ’паз у вушаку’, ’прабор у валасах’ (ТС), ро́вам, рава́мі ’моцным струменем’ (шум., навагр., Сл. ПЗБ), роў ’невялікі прыродны вадаём’ (ганц., ЛА, 2), рів ’мачулішча’ (драг., кобр., ЛА, 4), ров, роў, рӥв ’ручай, прамыіна, мелкае месца на рацэ’ (зах.-палес., ЛА, 5), ’доўгі, мелкі капец бульбы’ (кобр., Нар. сл.), ’круглая яма на высокім месцы для захоўвання бульбы зімою’ (віл., ст.-дар., Яшк.). Укр. рів ’роў, канава’, рус. ров ’канава’, карэл. ’баразна паміж градамі’, пск. ’палонка’, ро́вы ’ямы’; польск. rów ’канава’, ’акоп’, ’западзіна’, в.-луж., н.-луж. row ’магіла’, чэш. row ’тс’, славен. rȍv, ròv, rovíšče ’роў, канава’, ’акоп’, ’капальня, яма’, серб. ро̏в, ро̑в ’роў, глыбокая канава’, ’акоп’, харв. rȏv ’тс’, макед. ров ’роў’, балг. ров, дыял. ро́вът ’тс’, ст.-слав. ровъ ’яма’, ’роў’, ’магіла’. Прасл. *rovъ — утварэнне з суф. ‑vъ (як *kovъ < *kovati) ад *rovati < ryti (Міклашыч, 285; ESJSt, 13, 778) < *reu̯o‑ < і.-е. *reuH‑ ’рыць, капаць, вырываць, дзерці’ (Сной–Бязлай, 3, 199–200), з якога выйшлі: ст.-грэч. οὐρός ’роў’ (Фасмер, 3, 488), лац. ob‑ruere ’засыпаць, закопваць’, ē‑ruere ’выкопваць, вырываць, выграбаць’ (Махэк₂, 520).

Роў2 ’моцны працяглы крык некаторых жывёл’, ’гукі, што напамінаюць такі крык’, ’моцны плач’ (ТСБМ). Да раўці́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сват ‘асоба, якая сватае жаніху нявесту ці нявесце жаніха’, ‘бацька мужа ў адносінах да жончыных бацькоў ці наадварот’ (ТСБМ, Шат., Бяльк., Сцяшк., З нар. сл., Бір. дыс., Сл. ПЗБ, ТС, Байк. і Некр.), ‘на вяселлі родзіч з боку маладога’ (Сл. ПЗБ), ‘адзін з удзельнікаў вясельнай дружыны’ (віл., З нар. сл.), сваты́ ‘бацькі маладых і ўсе родныя госці’ (“якіх называюць сватамі”, Сержп. Прымхі), свато́ве ‘тс’ (Нас., Касп.). Укр., рус. сват, ст.-рус. сватъ, польск. swat, н.-луж. svat ‘шафер, дружка’, ‘усякі сваяк заручанай пары’, чэш. svat, славац. svat ‘бацька зяця або нявесткі’, серб.-харв. сва̏т ‘сват’, славен. svȃt ‘сват, дружка’, балг., макед. сват ‘сват’, дыял. ‘сваяк’. Прасл. *svatъ, дэрыват ад кораня *swo‑ ‘свой’, з і.-е. *su̯a‑tō (*swō‑t‑), дзе ‑t‑ вытворнае ад займеннікавага кораня (гл. той), першапачаткова ‘свой, блізкі чалавек, суродзіч’; значэнне ‘чалавек, які сватае’ з’явілася пазней пад уплывам дзеяслова *svatati (гл. Трубачоў, История терм., 142–143). Паралелі ў літ. svẽcias, svẽtis ‘госць (чужынец)’, грэч. (Ϝ)έτης ‘родзіч, прыяцель’, гоц. swēs ‘уласны’, ст.-інд. svás ‘свой’. Махэк₂ (594) на аснове чэш. svatví * < *svatvьji адносіць слова да асновы на ‑u‑ і параўноўвае з авест. xvaētu‑, што адвяргаецца па фанетычных прычынах. Гл. Фасмер, 3, 570; Борысь, 589; Шустар-Шэўц, 1384; БЕР, 6, 534–535; Сной₂, 713; Глухак, 597 (збліжае з *xvatati, гл. хватаць); Шаўр, Etymologie, 45 (дапускае незалежнае ад славянскіх развіццё балтыйскіх і грэчаскай формаў).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свой1 займ. ‘які належыць сабе, уласцівы сабе, мае адносіны да сябе, уласны’, ‘які знаходзіцца ў сваяцкіх, сяброўскіх або іншых блізкіх адносінах’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Стан., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. свій, рус. свой, польск. swój, в.-луж., н.-луж. swój, чэш. svůj, славац. svoj, серб.-харв. сво̑ј, славен. svoj, балг. свой, макед. свој, ст.-слав. свои. Прасл. *svojь ‘свой’. Бліжэйшыя і.-е. адпаведнікі: ст.-прус. swais, swaia ‘свой’, літ. sãvas, лат. savs ‘тс’, ст.-в.-ням. swîo, geswîo ‘брат жонкі, цесць, сваяк’ < *svei̯o‑, ст.-інд. svás ‘уласны’, авест. xva‑, hva‑, ст.-перс. uva‑ ‘тс’, грэч. ‘сябе’, гоц. swes ‘уласны’, ст.-лац. sovos, лац. suus ‘тс’; гл. Траўтман, 251 і наст.; Мюленбах-Эндзелін, 3, 792; Майргофер, 3, 566. Да і.-е. *su̯o‑ ‘свой’; гл. Борысь, 590; Сной₁, 625; агляд літ-ры гл. Фасмер, 3, 583; Шаўр, Etymologie, 38–39. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1392–1393; БЕР, 6, 562–563. Параўн. таксама формы без ‑в‑: ст.-слав. себе (гл. сябе).

Свой2 ‘скрутак, трубка выбеленага палатна’ (Сцяшк., Жд. 2, Сержп., З нар. сл.; браг., Нар. сл., ТС, Ян., Мат. Гом., Скарбы), сво́ец ‘тс’ (гарад., Сл. ПЗБ), ‘мера самаробнай тканіны’ (Інстр. 3), свуй ‘трубка палатна’ (стол., Нар. лекс.). Ад *свіць ‘звіць’ < віць; відаць, паходзіць з гаворак, дзе прыстаўка с‑ не пераходзіць у з‑. Параўн. сувой.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скро́мны ‘неганарысты’, ‘стрыманы, умераны, сціплы’ (ТСБМ), ‘скнарлівы’ (навагр., З нар. сл.), скрамі́ць ‘заспакойваць’ (Нас.), скрэ́мнічаць ‘быць сціплым’ (Ян.). Паходжанне слова не вызначанае. Як мяркуе Крукоўскі (Уплыў, 74), з рус. скро́мный, аднак у рускай мове слова фіксуецца адносна позна і лічыцца паланізмам (Брукнер, 496; Віткоўскі, Słownik 174 і інш.). Паводле Тапарова (Этимология–1994–1996, 158), значэнне слова можа трактавацца падвойным чынам — як ‘той, хто трымаецца ў пэўных рамках’ і ‘той, хто трымаецца з краю’, г. зн. знае сваё месца і не прэтэндуе на большае. У залежнасці ад гэтага прасл. *skromьnъ, рэфлексы якога яшчэ ў польск. дыял. skromny ‘скупы’, каш. skromn ‘скупы; бедны, худы’, в.-луж. skromny ‘тс’, чэш. skromný, славен. skrómen, серб.-харв. скроман (< з чэш., Скок 3, 271), балг. скром ‘тс’, скро́мен ‘тс’, выводзіцца ад кораня *krom‑, параўн. рус. кро́мы ‘кросны; рама ў кроснах’, першапачаткова ‘той, хто трымаецца ў рамках’; гл. Сабалеўскі, РФВ, 70, 87; Фасмер, 3, 658; Бернекер, 1, 622. Аднак больш прымальным падаецца другое значэнне, захаванае ў рус. кро́мы ‘ўскраіна’, в.-луж. skromny, přikromny ‘які знаходзіцца з краю, крайні’, што дазваляе звязаць слова з скроміць, кром1 (гл.). Урбанчык (JP, 26, 6 і наст.) рускае слова лічыць запазычаннем з польск. skromny; ён мяркуе, што польскае з ст.-чэш. skrovný ‘тс’, якое да крыць (гл.), што адмаўляюць Басай і Сяткоўскі (Słownik, 317). Гл. таксама Глухак, 555 (першасна адносілася да жывёлы, якую вылегчалі, абрэзалі, “скрамілі”).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)