Пры́зба, пры́зьба, пры́сьба, пры́зба, пры́зыва, прі́зва, пре́зва, пріізба, прі́зьба ’невысокі, звычайна земляны насып уздоўж сцяны хаты (часта абабіты дошкамі), зроблены для ўцяплення памяшкання’ (ТСБМ, П. С., Бес., Гарэц., Дразд., Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб., Касп., Шат., Растарг., Янк. 2, Сцяшк., Шушк., Шатал., Ян., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 4), пры́збіна ’прыстаронак’ (бяроз., Нар. сл.). Узыходзіць да прасл. *pristъba < *pri‑jьstъba, якое, відаць, даволі рана пачало змешвацца з *prisъpa < *pri‑sъpa ’тое, што прысыпае’ (Карскі 2-3, 92), параўн. ст.-рус. присъпа, приспа ’насып, вал’ (Сразн.); далей па існуючай мадэлі — пры́спа ’тое, што прысыпана звыш меры; аддача з верхам пазычанай меры мукі’ (Нас.). Аддаленым вынікам гэтай кантамінацыі трэба лічыць фактычную дээтымалагізацыю лексемы ў формах з ‑зв‑ у частцы гаворак. Па той самай мадэлі, але з каранёвой часткай, якая звязана з зямля́ (< *zemja), утворана пры́зьма ’прызба’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Параўн. рус. дыял. при́стьба ’земляны насып вакол падмурка хаты, прызба’, при́зба, при́зьба, пры́зба ’невысокі земляны насып вакол хаты’, ’частка хаты, адасобленая сенцамі, пакойчык’, укр. при́зба, при́зьба, при́спа ’невысокі, звычайна земляны насып уздоўж сцяны хаты’, польск. przyzba ’тс’, przyspa ’тс’ і ’пясчаная каса ў рацэ’. Паводле Банькоўскага (2, 956), у літаратурную мову форму przyzba ўвёў Міцкевіч. М. Младэнаў (Балк. Ез., XIV, 2, 1970, 29) лічыць балг. при́сба ’пакрытая тэраса перад домам’ запазычаннем з рум. prispă ’тс’. Гл. таксама БЕР, 5, 733; ЕСУМ, 4, 577.