Ме́та1, ме́тка, ме́ціна ’штучны або радзімы знак, які адрознівае прадметы або істоты ад іншых падобных прадметаў, істот’ (ТСБМ, Нас., Бяльк.), ’прыкмета, знак’, ’пляма на целе, покрыва жывых істот’ (кругл., Бел. хрэст. дыял.; ТСБМ), ’мяжа, след, лінія, вышка, маяк, межавая насечка на дрэве’ (Сл. ПЗБ; слаўг., Яшк.), ме́тны ’прыкметны, вядомы, памятны’, ’зграбны, спрытны, лоўкі’ (Нас.; КЭС, лаг.; сувалк., КЭС; гарад., Нар. лекс.; даўг., Сл. ПЗБ), ме́ціць ’ставіць адметны знак, метку’ (ТСБМ, ТС). Укр. кіеўск. мєта ’драўляная бразготка на шыі ў скаціны’, мі́тити, рус. ме́тить, мета, ст.-рус. мѣта ’знак’; серб.-харв. за‑мијѐтити ’прыкмеціць’, балг. сметам ’лічу’, ’мяркую’, сметка ’рахунак’. Прасл. měta. І.‑е. адпаведнікі (балт. адсутнічаюць): ст.-інд. mātiš ’мера’, māti ’мерае’, авест. māta‑ ’памераны’, ’утвораны’, ст.-грэч. μῆτις ’рада’, ’задума’, ’кемлівасць’, μέτρν ’метр’, лац. mētior, ‑īrī ’мераць’, якія ўзыходзяць да і.-е. асновы *mē‑ ’мераць’, параўн. ме́ра (гл.) (Бернекер, 2, 54; Траўтман, 179; Фасмер, 2, 610; Скок, 2, 423). Менш верагодным з’яўляецца супастаўленне з гоц. maitan ’сячы, высякаць’ (Міклашыч, 196; Младэнаў, 596; Аткупшчыкоў, Из истории, 201).

Ме́та2, мі́та ’доўгі, мелкі капец бульбы’ (петрык., Нар. сл.). Праз польск. пасрэдніцтва (параўн. кацеўск. mėt ’тс’) або непасрэдна з н.-ням. miete ці с.-гал. mite ’стог, сцірта’, ’капец (для караняплодаў)’, якія, аднак, з лац. mēta (foeni) ’сцірта, стог сена’, ’хлеў для сена’ (Васэрцыер, 152).

Ме́та3, ме́цішча ’лінія ў дзіцячай гульні’ (рэч., слаўг., чав., чэр., краснап., Яшк.), які і ме́та ’адлегласць’ (ТС), звязаны генетычна з ме́та1 (гл.), аднак у семантыцы можна бачыць агульнае з семантыкай мэта (гл.). Сюды ж меціць ’цэліць’, ’намервацца ажыццявіць якое-небудзь дзеянне’, ’імкнуцца заняць больш высокае становішча’ (ТСБМ, Яруш.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мязга́1, мязг̌а, мізга́, мізка́, мезка́, мезга́, меска́ ’мяккая частка дрэва паміж карой і драўнінай; камбій’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Грыг., Шат., Бяльк., Сл. ПЗБ, КЭС, лаг; бялын., Янк. Мат.; лельч., ЛАПП), ’бульбяныя жамерыны’ (жлоб., Мат. Гом.; ТС), ’мякаць у гарбуза, дзе знаходзіцца насенне’ (ТС, Сцяшк., Мат. Гом.), ’сушаная кара, якую (растоўчанай) падмешвалі да мукі’ (паўн.-зах., КЭС); ’мязга маладых дрэў, якую ўжывалі ў ежу’ (касцюк., паўд.-усх., КЭС); маладз., карэліц. мязг̌ра́ ’насенная частка гарбуза’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), Укр. мезга́, мизка́, моска́, мізька́, ст.-рус. мѣзга, рус. мезга́ ’камбій’, ’мякаць буракоў, бульбы, гарбузоў’, польск. miazga ’адціснутая мякаць, жамерыны’, ’камбій’, miazga/mlazga ’сок дрэў’, н.-луж. кніж. mězga, в.-луж. кніж. měza, чэш. míza ’сок дрэў’, ’лімфа’, ’свежасць, жыццёвая сіла’, славац. miazga ’сок дрэва’, ’лімфа’, славен. mézga, mezgà ’сок дрэў’, ’гразь, лімфа’, ’варэнне, мармелад’, mezgáti ’ціснуць мяккае’, серб.-харв. ме́зга, ме́згра ’сок дрэў’, ’мязга (камбій)’, макед. мазга, мезга ’сок з-пад кары дрэва’, балг. мъзга́, млязга, млезга ’тс’. Прасл. mězga. Роднасныя і.-е. адпаведнікі: с.-в.-ням. meisch, новав.-ням. Maische ’брага’, ст.-англ. meesc‑, máx‑wyrt ’соладавы корань’, англ. mash ’раздаўліваць’, ст.-інд. mēhati ’выпускае мачу’ (параўн. серб.-харв. ми̏жати, славен. mezéti ’мачыцца’), ст.-літ. mžti ’тс’, авест. maēzaiti ’мочыцца, угнойвае’, ст.-грэч. ὀμείχειν ’тс’, лац. mingere ’мачыцца’, арм. mizem ’мачуся’, і.-е. *moig̑h ’мачыцца’ (Бернекер, 2, 54; Траўтман, 185; Фасмер, 2, 593; Скок, 2, 417–418; Бязлай, 2, 182). Аднак Аткупшчыкоў (Из истории, 148) супастаўляе словаўтварэнне лексемы мязга́ з мяздра́ і вылучае корань гэтых слоў *men‑ ’мяць’. Гл. таксама мяздра́.

Мязга́2, мезга́ ’снег з дажджом’ (ТС), славен. доленск. mézga ’гразь’. Палеска-славенская ізалекса. Да мязга1 (аб’ядноўвае значэнне ’нешта мяккае; раздушанае’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́тачнік1, маточнік ’ячэя ў сотах, дзе выводзіцца пчаліная матка’, ’скрыначка для адсадкі пчалінай маткі пры раенні’ (ТСБМ, Бес., Шат., Некр., Анох., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Бел. хр. дыял.; ашм., З нар. сл.), слаўг. ма́тышнік ’тс’ (Нар. сл.), матачніца ’тс’ (віл., З нар. сл.; Мат. Гом.), ма́тушнік ’тс’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Укр. ма́точник ’тс’, рус. ма́точник, свярдл. ма́точница ’скрыначка для пчалінай маткі’, польск. matecznik, чэш. matečník, серб.-харв. ма̏тичњак, макед. матичник. Культурнае слова, утворанае ў паўд.-слав. мовах ад матица ’матка ў пчол’, а ў паўночных ад матка, matka.

Ма́тачнік2 ’сярэдзіна пушчы, цалкам недасягальная, у якой жыве лясун’ (Багд.). З польск. matecznik ’тс’.

Ма́тачнік3, ма́тъчнік ’зарніца звычайная, Linaria vulgaris Mill.’ (маг. Кіс.; міёр., Жыв. сл.). Назва паходзіць ад матка ’маці’, параўн. польск. Panny Marii len, ст.-чэш. len Matky Boží ’лён багамацеры’, аналагічна ням. unser Frauen Flachs.

Ма́тачнік4 ’чабор звычайны, Thymus serpyllum L.’ (рэч., добр., ветк., Мат. Гом.). У аснове гэтай назвы, як і інш. слав.: укр. матеріду́шка, богоро́дская (богоро́дицына) трава, ст.-польск. macierza duszka, суч. macierzanka, чэш. mateřídouška, славац. materina duška, славен. materna dušica, харв. materina dušica, ляжыць першаснае значэнне ’душа багародзіцы — дзевы Мэрыі, маці Харыста’, звязана з прыемным пахам краскі (Махэк, Jména, 202). Бернекер (1, 235) у аснову матывацыі кладзе пчаліную матку і пах, які прыцягвае пчол. Фасмер (2, 582) прытрымліваецца таго веравання, што ў гэту расліну ператварылася маці, якая рана памерла (гл. мацярдушка).

Ма́тачнік5, ма́ташнік (брасл., віл., даўг., швянч., Сл. ПЗБ) ’падбел звычайны, Tussilago farfara L.’, астрав. ’настой падбелу’ (Сл. ПЗБ), ’падбел’ (маг., Смал., Кіс.; Нас.). Рус. паўн., смал., ёнаў. (ЛітССР), прэйл. (ЛатССР) ма́точник ’тс’. Ад ма́тка ’пчаліная матка’: падбел з’яўляецца добрай пераноснай і нектараноснай раслінай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ле́мех ’частка плуга, якая падразае пласт зямлі знізу’ (ДАБМ, к. 255; лудз., Сл. паўн.-зах.), ляме́х ’тс’ (ДАБМ, к. 255), ле́меш, ляме́ш, леміш (Нас., Грыг., Бяльк., Смул., Тарн., Яўс., ДАБМ, к. 255), ’адвал плуга’ (Сцяшк., Касп.), ’абібок, гультай’ (Яўс.), лемех, леме́ха ’таўстун, няўклюда’ (ТС), лемяшні́ца ’драўляная аснова ніжняй часткі сахі’ (лудз., Сл. паўн.-зах.), леме́хова́ты ’няўклюдны’ (ТС). Укр. лемі́ш ’лямеш’, ле́мехуватий ’непаваротлівы, павольны’, рус. ле́мех, лемёх ’лямеш’, вяц. ’лаянкавае слова’, ле́ме́ш, лемяш ’лямеш’, алан., наўг. о́межа, омежь, ст.-рус. емешь, уладз. лемешить ’араць сахою’, польск. lemiesz, lemisz, lemʼọš, lemiąz, ląmys, limiesz, limysz, jemiesz, ст.-польск. lemięsz, lemięże, lęmięsz, чэш. lemeš, ст.-чэш. lemech, славац. leṃeš, славен. lémež, lėmeš, ст.-славен. lemesh, lȇmésh, р. скл. lȇmeʃha, серб.-харв. лѐмеш, лѐмеж, lèmjež, lèmlješ, lèmiš, ljèmeš, jèmlješ, макед. лемеш, е́меш, е́миш, балг. леме́ж, йемеш, еме́ж, емеш, и́меш (р. скл. имежа), ц.-слав. лемешь, емешь ’рала, лямеш’. Прасл. lemežь: lemešь ’вострая частка плуга, якая разразае, ломіць глебу’ мае адпаведнікі ў балт. мовах, параўн. літ. lẽmežis, lamežis ’аснова лямеша’, лат. lemesis ’лямеш’ (Буга, РФВ, 71, с. 57). Этымалогія не зусім ясная. Звычайна супастаўляюць прасл. лексему з і.-е. коранем *lem‑ ’ламаць, крышыць, драбіць’ (Міклашыч., 164; Бернекер, 700; Слаўскі 4, 146–148), параўн. аналагічную семантыку ў ст.-інд. phā́la‑ ’лямеш’ < *(s)phel ’ламаць, лупіць, расшчапляць’. Форма омежь і інш. вылучаецца этымалагічна ў асобную лексему (Фасмер, 2, 480; Каліма, ZfslPh, 20, 406). Мяркуецца (Брукнер, KZ, 43, 304–305; Махэк₂, Slavia, 20, 210), што форма lemech з’яўляецца другасным утварэннем. Гл. таксама Дурыданаў, Stud. zur Lit. und Kultur in Osteur., Köln — Wien, 1983, 63–67. Сюды ж лемехава́ты ’дурнаваты’ (Ян.) — укр. ле́мехуватий. Да лемех (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Віно́ ’віно, алкагольны напітак, пераважна вінаградны’; ’гарэлка’ (БРС, КТС), віно́ зеляно́, віно — прыпеў у песні (беласт., Ант.). Укр. вино ’віно’; ’вінаград’, рус. вино ’віно, гарэлка’, ст.-рус. вино ’вінаград’ (з XII ст.), вино (з XI ст.) ’гарэлка, спірт’, польск. wino ’віно’; ’вінаград’, н.-луж., в.-луж. wino ’віно’, чэш. víno ’віно’; ’вінаград, гронкі вінаграду’; ’агрэст’, славац. víno ’віно’; ’дзікі вінаград’, славен. víno ’віно’, серб.-харв. ви́но, макед. вино, балг. вино ’тс’. Прасл. vino. Фасмер (1, 316) лічыць, што гэта слова з’яўляецца старажытным культурным міжземнаморскім тэрмінам; параўн. грэч. (Ϝ)οἴνη ’лаза’, (Ϝ)οἶνος ’віно’, лац. vīnum, арм. ginī, алб. vēnë, гоц. wein, ст.-в.-ням. wîn, груз. ɣuino, араб. wayun, ст.-яўр. jajin, зах.-сям. wain, асір. īnu. Адсутнасць роднасных назваў віна ў індыйскіх і іранскіх мовах сведчыць пра тое, што віно паходзіць з Міжземнамор’я (Малая Азія — Каўказ). Шляхі пранікнення: ВальдэПокарны (1, 226), Стэндэр–Петарсан, Лёвэ (IF, 13, 5) мяркуюць, што віно паходзіць з гоц. мовы; Ірэчэк (AfslPh, 31, 443), Романскі (JIRSpr., 15, 132), Скок (ZfslPh, 2, 391–400) — з лац. крыніцы, Пагодзін (Anz IF, 13, 132) — з фракійскай мовы. Младэнаў (66), Вальдэ (839), Геаргіеў (Исследов., 265), БЕР (1, 149) зыходзяць пры тлумачэнні першакрыніцы з і.-е. моўных сродкаў — ад кораня *u̯ei > прасл. vi‑ti > віць, вѣтвь, лац. vitis. Міклашыч (392) лічыць слова паўночнаеўрапейскім. Бернекер (1, 25) лічыць слав. vino вельмі старым, не пазней VI ст. н. э. (В. У. Мартынаў, вусн. паведамл.) і роднасным да ст.-слав. винꙗга, серб.-харв. вѝњага, славен. vinjága ’вінаград’ (параўн. літ. vỹnuogė ’вінаград’). Махэк₂ (690) лічыць першакрыніцай слав. vino балканскую латынь і, магчыма, герм. мовы. Гл. яшчэ Покарны, 1121; Клюге, 389; Скіт, 717; Рудніцкі, 1, 391–392.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прымо́л ’круты бераг ракі’, прымо́лісты ’круты, абрывісты’ (ТС). Відаць, той самы корань, што і ў балг. подмо́л ’бераг, навісшы над ракой’, славен. podmòl ’размыты ракой бераг’, славац. podmoľ ’размытае (падмытае) вадой месца’, што да прасл. *podъmolъ, *podъmoljь ад *podъmelti, параўн. славац. podomlieť ’размыць, падмыць, падкапаць’, в.-луж. podmlěć ’падмыць, падкапаць (бераг)’ пры зыходным mlěć (гл. мало́ць); аналагічна чэш. výmol, славац. výmoľ ’нара, вымытая вадой’, рус. вымол ’прыстань’ (Бернекер, 2, 74; БЕР, 5, 458). Адсутнасць фіксацыі адпаведнага дзеяслова, які лёгка ўзнаўляецца на падставе дзеясловаў тыпу прывары́ць ’зварыць, прыгатаваць’, прыморы́ць ’змарыць’ (ТС) і пад., не можа выклікаць сур’ёзных пярэчанняў супраць названай версіі. Аднак сувязь з *melti трактуецца як другасная, што паўплывала на выцясненне першаснай аманімічнай асновы *‑mьlěti, *‑milati, *‑moliti са значэннем ’выступаць, паказвацца з-за чаго-небудзь’, якая параўноўваецца з алб. mal ’узгорак з крутымі схіламі; абрыў; бераг’ (падрабязна пра апошняе Бярнар, Бълг. изсл., 264), лат. mala ’край, бераг’ і пад. (Куркіна, Этимология–1973, 34–37); супраць роднасці з названымі формамі Трубачоў (ЭССЯ, 9, 49), вяртаючыся да зыходнага *melti, *molъ ’малоць, церці’. Калужская (Палеобалк. реликты в совр. балк. языках. М., 2001, 126) тураў. прымо́л звязвае з грэч. προμολή ’падэшва гары; выток ракі’ і далей з алб. mal, арум. mal ’бераг’, літ. malá ’край, вобласць’, jũrmala ’марское ўзбярэжжа’, лат. jūrmala ’марскі бераг’, ст.-ісл. mǫl ’вал з дробнага камення ўздоўж берага’, а таксама славен. móla ’выступ, балкон, вастрыё’, ’уздоўж’ разам з усімі названымі формамі да і.-е. *mol‑ ’выступаць, выдавацца’. Магчыма, тут назіраецца супадзенне слав. *molъ (< *melti) з субстратным коранем, вядомым у больш шырокім значэнні на значнай індаеўрапейскай тэрыторыі. Сувязь з мул ’іл’, якая прапануецца для ўкр. ви́мул ’вымытае паглыбленне’ (ЕСУМ, 3, 532), здаецца малаверагоднай, параўн. приму́лина ’нанесены вадой глей, мул’. Гл. таксама Глухак, 505: promóliti (se).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліс ’драпежная жывёла з сямейства сабачых, Vulpes vulpes’, ліса́ ’самка ліса’, ’футра гэтай жывёлы’, лісіца, лісіцка ’ліс, ліса’ (ТСБМ, Касп., Нас., Бяльк., Шат., Сцяшк., Яруш., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.); ліс, ліса — ’пра хітрага, ліслівага чалавека’, ’падліза’ (Нас., ТСБМ). Укр. лис, лиса́, лиси́ця, рус. лис, лиса, лиси́ца, арханг. лиса́ва; польск. lis, lisiec, lisa, lisica, liszka, ст.-польск. liszyca, палаб. laiskə; н.- і в.-луж. liška, чэш., славац. liška, lišiak, ст.-чэш. lisa, славен. lisíca, lisják, lȉs, серб.-харв. ли̑с, лѝсица, лиси̏ца, lesica, ли̏ска, ли́сац, лѝсјак, liśȃk, лиса і з XVIII ст. ли́ха > ли́ја, ли̑х, ли̑ј, макед. лиса, лисица, лисец, лишʼица (та) ’тс’, лишка ’звер’; балг. лиса, лисица, ст.-слав. лиса ’ліс, ліса’. Прасл. lisъ, lisica; для зах.-слав. варыянта liš‑ъka Слаўскі (4, 292) не выключае праформу lixa, паралельную да lisa (супраць чаго Трубачоў (Этимология–73, 179)). Відаць, прасл. lisa генетычна звязана з літ. lãpė, лат. lapsa, ст.-прус. lape, лац. volpēs, vulpēs (< *u̯ləps), ст.-грэч. ἀλώπηξ ’ліс (а)’, ст.-інд. lōpāśá‑, ’шакал’, с.-перс. rōpās, брэтон. louara, арм. ałues ’ліс’, літ. vilpišỹs ’дзікі кот’, якія можна аднесці да і.-е. асновы *u̯l̥pek̑‑ (Трубачоў, Эт. сл., 15, 139), а для прасл. выводзіцца *u̯leipk̑‑ > lisa або *u̯leip‑soi/‑sā ў аўтараў: Бернекер, 1, 724; Фасмер, 2, 500; Скок, 2, 306; Бязлай, 2, 143–144. У гэтай праформе *u̯l̥pek̑‑ (Трубачоў, там жа) з’яўляецца верагодным удзел двух семантычна блізкіх каранёў: і.-е. *u̯el‑ ’драць, ірваць’ (> ’красці’, ’хітрыць’ і pek̑‑ ’драць, шчыпаць’ — такім чынам, праформа магла б абазначаць ’хітрая драпежніца’ (ліса і дзікі кот). Мартынаў (Регион. особенности…, Гомель, 1985, 135) прасл. lisъlisiti (параўн. каш. lësëc ’ісці па следу’) суадносіць з прагерм. *leisleisan ’трапіць на след’ і з прасл. lьstь ’хітрасць’; семантычны пераход lisъ ’хітры’ > ’ліс’ адбыўся на слав. моўнай глебе. Сюды ж ліс‑мікіта (гульня), лісава́нік ’воз’ (мін., КЭС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́ліцца ’паводзіць, уяўляць сябе як малое дзіця’ (Янк. 3., Нас., КЭС, лаг.), ’змяншаць гады’ (пух., З нар. сл.; віл., Жыв. сл.), ма́ліць ’прадстаўляць малым, змяншаць’ (Нас., Касп.), малі́цца ’прыкідвацца малым’ (ТС). Укр. малі́ти ’змяншацца’, мали́тися ’рабіцца меншым’, ’паводзіць сябе па-дзіцячаму’, рус. ма́лить ’змяншаць’, ст.-рус. малити (XIII ст.). Польск. maleć ’змяншацца, станавіцца малым, меншым’, чэш. máliti se ’значна змяншацца’, славац. maliť sa ’тс’, серб.-харв. ма́лити, макед. мали се, балг. малея. Прасл. maliti ’змяншаць, рабіць меншым’. Бел.-укр. ізасема. Да малы́ (гл.).

Маліцца ’звяртацца да бога, святых’, ’вельмі моцна прасіцца’, ’абагаўляць’, ’дагаджаць’ (віл., Сл. ПЗБ), малі́ць ’надта прасіць, умольваць’ (ТСБМ, Нас., Шат., Яруш.; КЭС, лаг.), браг. маліць ’маліцца’ (Мат. Гом.). Укр. моли́тися ’маліцца’, моли́ти ’маліць, упрошваць’, рус. молиться ’маліцца, чытаць малітву’, ’прасіць’, ’пераканаўча, настойліва прасіць’, польск. modlić (się) ’маліцца’, ’моцна прасіць’, н.-луж. modlić se ’маліцца’, в.-луж. modlić so ’тс’, ’дагаджаць’, чэш. modliti se ’маліцца’, ’абагаўляць каго-небудзь’, славац. modliť sa ’маліцца’, славен. móliti, mòdliti, серб.-харв. мо̀лити, макед. моли, ’прасіць літасці’, моли се ’маліцца’, балг. моля ’прашу’, моля се ’малюсь’, ст.-слав. молити. Прасл. modliti ’прасіць, звяртаючыся да багоў, прыносячы ім ахвяру’, ’ахвяраваць’. І.‑е. адпаведнікі: балт. (тут заканамерна ‑ld‑, у той час як у прасл. мове яшчэ да метатэзы tolt/trat адбылася мена ld > dl з прычыны аманіміі з групай слоў moldъ ’малады’): літ. maldá ’просьба’, maldýti ’маліць, упрошваць’, mel̃sti ’прасіць’, ’маліцца’, хецк. maltāi ’прасіць, гаварыць’, арм. małthem ’упрошваю’, ст.-в.-ням. melda ’плёткі’, meldôn ’заяўляць’, і.-е. *meldh‑ ’рытуальная прамова ў богаслужэнні’ (Покарны, 722; Міклашыч, 119; Бернекер, 2, 65; Фасмер, 2, 642; Махэк₂, 371–372; Скок, 2, 451–452; Бязлай, 2, 193). Прасл. modliti пранікла ў прагерм. maþljan ’заклікаць, звяртацца з урачыстай прамовай, абяцаць’ (Мартынаў, Лекс. взаим., 170–172).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мел1 ’мяккі белы вапняк, які ўжываецца для пабелкі, чысткі, пісання’ (ТСБМ, Бяльк., ТС, Ян.; слаўг., Яшк.), слаўг. ме́ла ’тс’ (Яшк., Бяльк.)., мел ’гліна’ (Ян.). Рус. мел, ст.-рус. мѣлъ ’мел’, ’пыл, пясок’; польск. miał ’тс’, miałki ’плыткі’, ’дробны’, н.-луж. měł ’крухмал’, в.-луж. mjeł, měł, н.-луж. rěcny mił ’плывун у рацэ’, mělny ’тонкі, дробны’, ст.-чэш. měl ’прыбярэжны пясок’, валаш. měľ ’дробная мука, соль’, ст.-серб. мѣль, істрыйск. melj ’дробны пясок’, ’урадлівая зямля’, славен. mȇl, mil ’пясок, рачны пясок’, ’друз’, балг. мел ’сыпкая скала, пясчаная глеба’, мель ’роў’, ст.-слав. мѣлъ ’вапна, вапняк’. Прасл. mělъ доўгая ступень чаргавання галоснай ад mělti ’малоць’. Генетычна блізкімі з’яўляюцца літ. smėlỹs, smiltìs ’пясок’, лат. smẽlis ’тс’ і літ. smilỹnė ’пяскі’, ’меліна’, гоц. smals ’дробны’, нарв. smola ’пакрышаны, раздроблены’, ірл. smal ’пыл’ (Бернекер, 2, 48; Мес, MSL, 14, 373, Брукнер; 329; Фасмер, 2, 594; Бязлай, 2, 176; Шустар-Шэўц, 12, 896–897; 921 і 922; БЕР, 3, 724–725). Паводле Скока (2, 403), няясна, адкуль з’явілася ě ў аснове: прымаючы да ўвагі значэнне ’дробны’, прасл. mělъ можна вывесці і з і.-е. *mei‑ (> ст.-слав. мьньи, лац. minus). Параўн., аднак, Махэк₂ (349), які тлумачыць гэта другаснай даўжынёй галоснай і параўноўвае з malъ.

Мел2 ’вадкі раствор з аўсянай мукі, з якога варыцца кісель’ (стол., Вешт.). Да мел1. Параўн. н.-луж. měł, měłk ’крухмал’, в.-луж. měłk, woměłk, womjełk ’канцэнтраваны корм для кароў’, н.-луж. mił ’бульбяная мука’, miel ’змесціва зярнят, мука’, рус. вяц., кастр. мел ’закваска для хлебнага цеста’, паўн. ’дрожджы’.

Мел3 ’млын’ (паўн.-усх., КЭС). Няясна. Магчыма, з ням. Mehl ’мука’ ў выніку пераносу значэння.

Мел4 (м. род) ’мель’ (ТС). Да мель1 (гл.). Мена канчатка (і роду), як у бел. пылрус. пыль.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ме́сяц, ме́сіц, ме́сец, ме́січык, ме́сячка, ме́сячак, ме́сячко, ме́сечык, ме́січак, ме́сечок, ме́сячык, ветк. ме́сячка, стол. мі́сац, драг. мі́сяц(ь) ’планета, найбліжэйшая да Зямлі’, ’12‑я частка астранамічнага года’ (ТСБМ, Яруш., Бес., Шат., Касп., ТС, Сл. ПЗБ, Кліх, Янк. 1, Бяльк.; бых., Янк. Мат.), ’рагалік на вясельным караваі’ (Маш.). Укр. мі́сяць, рус. ме́сяц, польск. miesiąc, н.-луж. mjasec, в.-луж. měsac, чэш. měsíc, славац. mesiac, славен. mẹ̑sec, серб.-харв. мје̏сец, макед., балг. месец, ст.-слав. мѣсѧць. Прасл. měsęcь, якое, паводле Махэка₂ (360), мела значэнне як ’месяц-свяціла’, так і ’месяц (30 дзён)’. І.‑е. *mēs‑ (< *mēns‑): літ. mė́nuo, mė́nesis, лат. mēnesis ’месяц’, mēness ’30 дзён’, ст.-прус. menins ’свяціла’, гоц. mēna ’тс’, mēnōþs ’30 дзён’, лац. mēnsis ’тс’, ст.-грэч. μήν ’тс’, іян., ат. μείς < *μενς < μηνς, дар. μής ’тс’, μήνη ’свяціла’; алб. muai, ірл. , ст.-інд. mās‑ (mā́sas) ’месяц’, авест. , новаперс. māh, тах. A mañ, тах. B meñe, арм. amis ’месяц’. Слав. měsęcь разглядалася этымолагамі як аснова mē‑, пашыраная элементамі ‑n‑ і ‑es‑ (як у балт. мовах), якая прысутнічае ў лексеме мера (měra): месяц мерае час. Суфікс *‑ko‑ (> ‑ьcь) у *měsenьcь той жа, што і ў лексемы sъlnьce, і ўся лексема носіць табуістычны характар (задобрыванне). Гл. Бернекер, 2, 51; Траўтман, 179; Шпехт, KZ, 66. 53; Мее, 336; Фасмер, 2, 608–609; Скок, 2, 437–438; Бязлай, 2, 179; БЕР, 3, 755–756. Развадоўскі (Rozprawy, 25, 425) прапануе прыняць першапачатковае значэнне ’які мяняецца’ і выводзіць лексему měsecь з і.-е. асновы *mei̯‑/*moi̯‑ ’мена’. Непераканаўча. Як і Трубачоў (ВЯ, 1980, 3, 5), які выводзіць з і.-е. *menyos ’менш’. Атрэмбскі (Балто-слав. сб., 186–192) лічыць, што слав. měsęcь і балт. mė́nuo з’яўляюцца варыянтамі аднаго і таго ж славяна-балтыйскага слова (< і.-е. *mē(n)s).

Ме́сяц2 ’від танца’ (кап., Жыв. сл.; Інстр. III). З рус. ме́сяц з назвы песні «Чудный месяц», на матыў якой танец выконваўся.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)