Ма́тачнік 1, маточнік ’ячэя ў сотах, дзе выводзіцца пчаліная матка’, ’скрыначка для адсадкі пчалінай маткі пры раенні’ (ТСБМ, Бес., Шат., Некр., Анох., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Бел. хр. дыял.; ашм., З нар. сл.), слаўг. ма́тышнік ’тс’ (Нар. сл.), матачніца ’тс’ (віл., З нар. сл.; Мат. Гом.), ма́тушнік ’тс’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Укр. ма́точник ’тс’, рус. ма́точник, свярдл. ма́точница ’скрыначка для пчалінай маткі’, польск. matecznik, чэш. matečník, серб.-харв. ма̏тичњак, макед. матичник. Культурнае слова, утворанае ў паўд.-слав. мовах ад матица ’матка ў пчол’, а ў паўночных ад матка, matka.
Ма́тачнік 2 ’сярэдзіна пушчы, цалкам недасягальная, у якой жыве лясун’ (Багд.). З польск. matecznik ’тс’.
Ма́тачнік 3, ма́тъчнік ’зарніца звычайная, Linaria vulgaris Mill.’ (маг. Кіс.; міёр., Жыв. сл.). Назва паходзіць ад матка ’маці’, параўн. польск. Panny Marii len, ст.-чэш. len Matky Boží ’лён багамацеры’, аналагічна ням. unser Frauen Flachs.
Ма́тачнік 4 ’чабор звычайны, Thymus serpyllum L.’ (рэч., добр., ветк., Мат. Гом.). У аснове гэтай назвы, як і інш. слав.: укр. матеріду́шка, богоро́дская (богоро́дицына) трава, ст.-польск. macierza duszka, суч. macierzanka, чэш. mateřídouška, славац. materina duška, славен. materna dušica, харв. materina dušica, ляжыць першаснае значэнне ’душа багародзіцы — дзевы Мэрыі, маці Харыста’, звязана з прыемным пахам краскі (Махэк, Jména, 202). Бернекер (1, 235) у аснову матывацыі кладзе пчаліную матку і пах, які прыцягвае пчол. Фасмер (2, 582) прытрымліваецца таго веравання, што ў гэту расліну ператварылася маці, якая рана памерла (гл. мацярдушка).
Ма́тачнік 5, ма́ташнік (брасл., віл., даўг., швянч., Сл. ПЗБ) ’падбел звычайны, Tussilago farfara L.’, астрав. ’настой падбелу’ (Сл. ПЗБ), ’падбел’ (маг., Смал., Кіс.; Нас.). Рус. паўн., смал., ёнаў. (ЛітССР), прэйл. (ЛатССР) ма́точник ’тс’. Ад ма́тка ’пчаліная матка’: падбел з’яўляецца добрай пераноснай і нектараноснай раслінай.