Лешч ’рыба Abramis brama L.’ (Жук., Дразд., ТС, Крыв., Бяльк., Касп., Яўс., Яруш., Яшк. З жыцця; полац., З нар. сл.; навагр., вільн., лудз., Сл. паўн.-зах.). Укр. лещ, лещик, лішч, ляшч, рус. лещ, ст.-рус. лещь, польск. leszcz, ст.-польск. kleszcz, н.-луж. klěšć, чэш. dlešť, dlešec, ляш. klesť, ст.-чэш. dlešč, славац. pleskač, plieskač, славен. ploščič, балг. (у Герава) лещ ’тс’. Паводле Махэка₂ (120–121), усе слав. назвы з’яўляюцца гукапераймальнымі ад слоў dleskati/pleskati/leskati — менавіта ў час нерасту ляшчы плёскаюцца, б’юцца аб ваду (Фэр’янц, Sloven. názvosl. ryb, 53). Аналагічна Слаўскі (4, 172, 173) прасл. lesk‑jь узводзіць да leskati ’ляскаць’ /leščati ’ляшчэць’. Пацвярджэннем гэтага служаць, напрыклад, бел. лешч ’удар далоняй рукі па ніжняй частцы цела’, ляшча ўзяць ’упасці задняй часткай цела’ (Нас.), круп. ляшч ’удар далонню’ (Нар. сл.), бялын. ’аплявуха, поўха’ (Яўс.). Фасмер (2, 430) звязвае лексему лещ з лат. leste, эст. lest ’камбала’. Іншыя версіі гл. Фасмер, 2, 430–431. Гл. таксама ляшч. Каламіец (Происх. назв, рыб, 67) дапускае як самастойнае ўзнікненне прасл. leščь (ljaščь) на славянскім грунце, так і магчымасць запазычання лексемы з балтыйскіх гаворак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Луст, лу́ста, лу́стка, лу́стачка, лу́стычка ’плоскі вялікі кавалак хлеба, сала і інш.’ (Нас., Чач., Мядзв., Гарэц., Яруш., Дразд., Шат., Бяльк., Растарг., Сцяшк., Клім., Вешт. дыс.; гродз., віц., Шн. 3; КЭС, лаг.; докш., Янк. Мат.; ТСБМ, ТС, Сл. ПЗБ), ’ежа, якую бралі з сабой у поле’ (Сл. ПЗБ), ’харч у дарогу’ (навагр., Жыв. сл.). Укр. лу́ста ’луста’, ’кавалак’, ’тонкі пласт’, рус. луст, лу́ста́, лу́стка ’луста’, ’шалупінне’; польск. łusta (крэсовае, Віленшчына); серб.-харв. старое lustra ’луска’, серб. лу̏стра ’перхаць’, чак. ’луска рыбы’, дуброўн. љу̏штра ’тс’. Прасл. lusta ’луска, плява, шалупіна’, ’адрэзаная скібка’, ’кавалак’ (Слаўскі, 5, 363), якое да і.-е. *leu‑ ’аддзяляць, адрываць, адразаць’ > louskā ’тое, што аддзелена’ (параўн. літ. lùstas ’луста хлеба’ і lùkstas ’лупіна, лушпайка’, лат. lauskas ’перхаць’ (гэтак жа Буга, Rinkt., 1, 286–287, 413, 460; Бернекер, 748; Фасмер, 2, 536; Скок, 2, 340). Зубаты (ASlPh, 16, 397), бачыў генетычную роднасць луста з літ. láužti ’ламаць’, ст.-інд. loṣṭáh ’абломак, грудка зямлі, скіба’ (як і Петэрсан, ASlPh, 34, 370–384), rujáti ’ломіць’, ст.-грэч. ἀλυκτοπέδη ’неразрыўныя сувязі’. Параўн. таксама і асец. lux ’адрэзаны’, luxtä ’тс’ (мн.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лю́лька1 ’прылада для курэння’ (ТСБМ, Мядзв., Гарэц., Др.-Падб., Мал., Бес., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.). У Беларусь гэта слова магло трапіць праз укр., рус. ці польск. мовы. Першакрыніца — тур. lüle, азерб. lülä ’люлька, галоўка люлькі’, якія з перс. lūlä ’тс’ (Фасмер, 2, 546; Слаўскі, 4, 378; Козыраў, Тюркизмы, 11). Сюды ж лю́лечка, лю́лечны, лю́лькавы (ТСБМ).

Лю́лька2, лю́ля ’калыска’ (ТСБМ, Гарэц., В. В., Др.-Падб., Бяльк., Нас., Растарг., Шат., Касп., Ян., ТС), ’тс’, ’каляска ў матацыкла’ (Сл. ПЗБ). Укр. лю́лька, лю́ля, рус. лю́лька, лю́ля, лю́ленька ’тс’, лю́лечка ’карзіна для збору ягад’, ’кошык’, дан. ’сядзенне на драбінах’, перм. ’сядзенне на дрэве ў выглядзе памоста пры паляванні на мядзведзя’; польск. lula, бельск., усх.-польск. lulka, серб.-харв. љу́ља љу̑лька ’калыска’, ’арэлі’, макед. лулка, lʼulʼka ’арэлі’, балг. люлка ’арэлі’, ’калыска’, радопск. ’посцілка для нашэння дзяцей за плячыма’. Прасл. lʼulʼьka ’калыска’ < lʼulʼati > люля́ць. Найбліжэйшы адпаведнік — літ. liũlė ’калыска’. Параўн. калыскакалыхаць, зыбказыбать.

Лю́лька3 ’лічынка’ (малар., Анох.). Відавочна, з ля́лька (гл.). Сюды ж люлю́шка ’адростак на храпцы ў выглядзе невялікага качана’ (паст., Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мацёры ’вялікі, высокі, доўгі, вялізны’ (Нас.), ’сталы’, ’поўны сілы, моцны, здаровы’, ’вопытны, непапраўны, закаранелы’ (ТСБМ, Жд. 1), ст.-бел. матеръ (Булахаў, Гіст., 125–127). Укр. матерни́й, ма́терий ’чалавек у сталых гадах’, рус. матёрый, матерой ’тс’, польск. zamatorzały, zamotrzały ’зацвярдзелы’, ст.-чэш. matorný ’спелы’, ’строгі’, мар. mateřeti ’тлець’, ’трухлявець’, славен. matór, matér, motór, matóren ’стары’, серб.-харв. матор ’тс’, макед. матор ’трохгадовы баран’, балг. ма̏тор ’моцны, здаровы’, ’спелы, дарослы, сталы, стары’, ст.-слав. матерьство ’старасць, спарахнеласць’, прасл. matarъ, materъ (БЕР, 3, 686–687), matorъ ’дарослы, стары’ ў суадносінах з прасл. starъ ’стары’ семантычна пераразмеркавалася ў ’вялікі, моцны’. Мае іт. адпаведнік, параўн. лац. mātūrus ’спелы, дарослы, стары’, што дае магчымасць рэканструяваць іт. *mātoros ’тс’ у якасці крыніцы пранікнення для прасл. лексемы (Мартынаў, Язык, 84–85). Бязлай (2, 172) адносіць яе да і.-е. кораня *mē‑/*mō‑ ’вялікі’ (гл. Покарны, 704) і суфікса *tor‑, прыводзячы роднасныя ст.-ірл. mōr, уэл. mawr, брэт. meur ’вялікі’. Менш верагодныя іншыя версіі (гл. Бернекер, 2, 25; Фасмер, 2, 581; Скок, 2, 390; Махэк₂, 355; БЕР, 3, 687).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нямы́ і не́мы ’пазбаўлены здольнасці гаварыць’ (Нас., Яруш., Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), часам нямы́ ’тс’, але не́мы ’страшны, замагільны’ (Некр.), параўн., аднак, раве́ нямы́м голасам (Багд. 63), не́мы, нему́ ’няздольны гаварыць; знямелы, нерухомы’, немы́м го́ласам (духом) ’страшна, дзіка’ (ТС), укр. німи́й ’нямы, безгалосы’, рус. немо́й, польск. niemy, чэш. němý, славац. nemý, в.- і н.-луж. němy, славен. nȇm, серб.-харв. не̑м, макед. нем, балг. ням. Выводзяць на аснове дысіміляцыі з першапачатковага *měmъ ’які заікаецца, невыразна гаворыць’, што суадносіцца з лат. mēms ’нямы’, męmulis ’заіка’, хец. memaƕƕi ’гавару’, параўн. таксама ням. mummeln ’заікацца’, швед. mimra ’варухаць губамі’ і пад. (Фасмер, 3, 63; Бязлай, 2, 219); у аснове — гукаперайманне, як і ў славац. nemtať, чэш. mumlali, польск. momotać ’невыразна гаварыць, бурчаць і пад.’ (Махэк₂, 395). Значэнне ’дзікі, замагільны (голас)’ выводзіцца з ’незразумелы, неартыкуляваны’. Малаверагодна вывядзенне рус. немой ад кораня *nem‑ ’гнуць’, што звязваецца з рэлігійнымі дзеяннямі, адкуль лац. nemuš ’святы гай’, грэч. νεμος ’гай, лес’ і пад. (Макоўскі, Мир сл. и знач., 134). Гл. таксама Улашын, ZfSlPh, 6, 368–372.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ня́хаць ’бегаць у пошуках спажывы’. Няясна; магчыма, звязана з Ахаць (яхыць) ’брахаць (пра сабаку, які праследуе здабычу)’, гл. Параўн. таксама нах‑нах! ’падзыўныя воклічы для сабакі’ (мсцісл., З нар. сл.), якое разглядаецца як фанетычнае перайманне голасу сабакі, што праследуе звера (Тура, Этнолингвистика текста. Семиотика малых форм фольклора, І. Тез. и предв. мат-лы к симп. М., 1988, 107); у такім выпадку змякчэнне можа мець экспрэсіўны характар, параўн. ня‑ня ’тс’ (гл.), рус. нех‑нех ’словы, якімі падклікаюць сабак’.

Няха́ць, няхаіць ’адкладваць справу з-за гультайства ці нядбальства’ (Нас.), укр. нехати ’не рухаць’, нехаяти ’не дбаць; ігнараваць што-небудзь’, рус. нехати ’пакідаць, пушчаць’, польск. niechać ’дапускаць, дазваляць; не рухаць, пакідаць у спакоі, не звяртаць увагі’, чэш. nechati ’тс’, славац. nechať ’тс’, в.-луж. njechać, н.-луж. njechaś ’не цікавіцца, не мець жадання’, палаб. nechat ’пушчаць’, славен. nehati ’перастаць, пусціць’, серб.-харв. не xäjam ’не звяртаць увагі, не клапаціцца’, балг. нехая ’не турбавацца, не клапаціцца’. Прасл. *nechajati/*nechatiy утворанае ад *chajati/*chatiy этымалагічна не зусім яснага, параўн. Бязлай, 1, 190; Шустар-Шэўц, 13, 1010; Фасмер, 3, 70; Махэк₂, 394. Параўн. хаяць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паха́ць, пыха́ць ’араць сахой’ (Касп., Яруш., Сл. ПЗБ), ’баранаваць засеянае поле’ (Бір. Дзісн.; глыб., Хрэст. дыял.; в.-дзв., Шатал.; Касп., Мат. Маг.), ’месці хату’ (Касп.), ’разводзіць, сеяць, вырошчваць’ (ТС), калінк. ’прыносіць мёд’ (Сл. ПЗБ). Рус. пахать ’араць, абрабляць зямлю’ (кур., арл.), паўн. ’рэзаць хлеб’, ярасл. ’сеяць’, паўн.-дзв. ’месці падлогу’, ’падмятаць мякіну’, алан. ’абмятаць магілу’, цвяр. ’ісці, хадзіць, ступаць’, ’дзьмуць’; польск. pachać ’капаць’, ’рабіць зло’, чэш. páchati ’рабіць, учыняць’, ’пасці скаціну’, славац. pachať ’рабіць, вырабляць’, серб.-харв. па̏хати, па̀јати ’махаць’, ’абмятаць пыл, змятаць павуціну, абдзьмухваючы чысціць’. Прасл. paxati ’месці, чысціць’, якое звычайна звязваецца з прасл. paxnǫti ’пахнуць’. Для прасл. paxati ’месці’ Ваян (RÉS, 43, 90–91) у якасці і.-е. паралеляў прапануе літ. puõšti, лат. púost ’чысціць, аздабляць’, ст.-ісл. fága ’тс’, ст.-сакс. fegōn, ст.-фрыз. fēgia, гал. vagen ’месці, чысціць’, што дае магчымасць узвесці прасл. paxati да і.-е. *pēkʼ/pōkʼ (Мартынаў, Слав. акком., 125). Сюды ж па́хата, па́хота ’ворыва, узараная зямля’ (Нас., Грыг., Сл. ПЗБ, Выг., ТС), ’аранне сахой’ (Касп.), лях. па́хаць, тураў. па́хоць, глыб. па́хаця ’ворыва’ (Сл. ПЗБ, ТС). Гл. таксама пашні́на, па́шня́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́жал ’ганчак, паляўнічы сабака’ (БРС, КТС, Нас., Касп., Гарэц., Сцяшк.). Рус. вы́жлец, вы́жлик, вы́жлок, укр. ви́жел, польск. wyżeł, чэш. vyžel, vyžle, славац. vyžla, серб.-харв. ви̏жао, ви̏жле, славен. vížel. Няяснае слова, якое не мае пераканаўчай этымалогіі. Фасмер (1, 367) думае, што яно запазычана з ням. *Wisel ’(сабака) павадыр’, с.-в.-ням. wîsel ’пчаліная матка’, ст.-в.-ням. wîso ’правадыр, важак’. Меліх (Зб. Мілецічу, 148 і наст.), Махэк₂ (705), Голуб–Лейер (514) лічаць слова запазычаннем з венг. vizsla ’сабака-сышчык’; ’жвавы, пільны’, але гэта гіпотэза не тлумачыць слав. ы і адсутнасць слова ў балг. і ст.-слав. мовах. Іншыя гіпотэзы, напрыклад Ільінскага (ИОРЯС, 23, 1, 130), аб сувязі гэтага слова з лац. vigil і Лёвенталя (WuS, 11, 54) з гоц. augō ’вока’ таксама непераканаўчыя. Найбольш верагодным цяпер з’яўляецца збліжэнне Брукнера (640), якога падтрымлівае Трубачоў (Происх., 24), з польск. wyga ’стары сабака’, якое ад vy‑ti. Наз. vyžьlъ уваходзіць у словаўтваральны рад з суф. ‑ьлъ і з’яўляецца назвай сабакі па брэху, выццю (Шанскі, 1, В, 223). Адносна суфіксацыі гл. таксама SP, 1, 113.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Князь1 ’правадыр войска і правіцель вобласці ў феадальнай Русі’ (ТСБМ, Яруш.). Укр. князь, рус. князь, ст.-рус. кънязь ’тс’, ст.-слав. кънѧзь, балг. кнез, серб.-харв. кне̑з, славен. knȇz ’тс’, польск. książę, чэш. kníže, славац. knieža, в.-луж. knjez ’пан’, палаб. knąz ’шляхціц’. Прасл. kъnędzь было запазычана з германскіх моў, ва ўсякім разе задоўга да трэцяй палаталізацыі. Параўн. княгіня (гл.). Аб старажытнасці запазычання сведчыць, відаць, таксама рухомасць акцэнтуацыйнай парадыгмы пры кароткім галосным у корані. Прагерм. kuningaz ’правадыр, кароль’ тлумачыцца як утварэнне на ‑ingaz ад прагерм. kunja ’род’ (лац. genus, ст.-грэч. γένος, ст.-інд. jánaḥ ’тс’). Такім чынам, у прагерманскай мове наглядаецца словаўтваральная інавацыя афіксна-семантычнага тыпу (славянскія мовы не ведаюць ніводнага спрадвечнага слова з суфіксацыяй ędʼzʼь) (Мартынаў, Лекс. взаим., 47–48). Параўн. Кіпарскі Gemeinslav., 181; Экблум, ZfSlPh, 30, 6; Экблум, ScSL, 3, 176. Князь у значэнні ’жаніх’ — табуізм (гл. Хаверс у Фасмера, 2, 266). Такое ж трэба сказаць і аб княгіня ’нявеста’.

Князь2 ’малады, жаніх’ (Нас., Яруш., Грыг., Гарэц., Нар. лекс., З нар. сл., Маш., Сержп. Грам.), ’дружка’ (Кольб.). Гл. князь1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Круг1 ’частка плоскасці, абмежаваная акружнасцю’ (ТСБМ, Гарэц., Яруш.). Укр. круг, рус. круг, ст.-рус. кругъ ’тс’, ст.-слав. крѫгъ, балг. кръг, макед. круг, серб.-харв. кру̑г, славен. krọ̑g ’тс’, польск. krąg, чэш. kruh, славац. kruh, в.-луж. kruh ’тс’. Прасл. krǫgъ у якасці бліжэйшых паралелей мае германскія лексемы: ст.-ісл. hringr ’персцень, круг, кола’, ст.-в.-ням. hring ’тс’. Менш надзейным з’яўляецца ўмбр. cringatu ’пас’ (Бернекер, 1, 626; Покарны, 936).

Круг2 ’поўная фаза месяца’ (Бяльк.). Гл. круг1.

Круг3 ’вір, месца ў рэчцы, дзе віруе вада’ (Мат. Гом., Янк. III). Гл. круг1.

Круг4 ’збан’ (Касп.). Запазычанне праз ням. Krug ’тс’.

Круг5 ’лішай’ (Нас., Сцяшк., Мат. Гом.). Магчыма, да крух (гл.).

Круг6 ’гульня хлопцаў са снегам (качалі снежныя кругі і пускалі з гары)’ (Нар. словатв.). Гл. круг1.

Круг7 ’поўны камплект колаў для воза’ (Нар. лекс., Сцяшк., Касп.). Гл. круг1.

Круг8 ’багністае балота, якое зарасло альхой’ (ТС, Яшк.). Гл. круг5.

Круг9 ’наўкола’ (Бяльк., Сл. паўн.-зах.). Гл. круг1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)