сарцаві́на, ‑ы, ж.

1. Унутраная частка сцябла (ствала) або кораня раслін. Ссеклі злыдні дзіва-дрэва, Сэрца вынялі з яго, Каб не чулі болей спеву Найдзіўнейшага таго, А дубок без сарцавіны Злосна кінулі на дол. Колас. Дзесяць год! За гэты тэрмін дрэва Дзесяць раз убор зялёны зменіць, Дзесяць пакаленняў салаўіных Выкалыша на сваіх галінах, Дзесяць залатых кругоў адложыць, Як пярсцёнкаў, каля сарцавіны. Танк. // Унутраная накрытая абалонкай частка плода. Сарцавіна яблыка.

2. Сярэдняя частка, сярэдзіна чаго‑н. Хрусне, расколецца [камень] Напалавіну, — Блісне слязінкай Слюда сарцавіны... Лойка. // перан. Аснова, сутнасць чаго‑н.; асяродак. [Наталля Іванаўна:] — Ты [Валера] ва ўсім старайся асяродак разгледзець, сарцавіну. Місько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ме́жань1, ме́жань, межані́на ’ўзровень вады ў рэчцы’ (іўеў., Сцяшк. Сл.), ’доўгае сезоннае стаянне нізкіх узроўняў вады’ (ТСБМ; вілен., Яшк.). Укр. ме́жень, ме́жінь, рус. меже́ньсярэдзіна лета’. Да мяжа́ (гл.). (Фасмер, 2, 592).

Ме́жань2, ме́жынь ’веснавы рух сокаў у дрэвах’ (Бяльк.). Роднаснае да балтыйскіх лексем: усх.-літ. mẽdžias ’лес’, літ. mẽdė, лат. mežs ’тс’. Параўн. яшчэ і рус. смал., арл., калуж. меженя ’нізкія мясціны, дзе расце асіннік, — там дзяруць кару і лыка’ (КЭС). Гл. таксама і межаву́ха.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пасяро́д, пасярёд, посерэ́д, пысярёд(ку), пасяро́дкі, пасяро́дку, пасярэ́дзіня, пасярэ́дзіне, даўг. пасярэ́дня ’сярод, у сярэдзіне’ (ТСБМ, Грыг., Нас., Гарэц., Шат., Касп.; КЭС, лаг.; трак., даўг., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Ян., ТС). Укр. посере́д, рус. посреди́, старое посеред; польск. pośród, ст.-польск. pośrzod, н.-луж. posrjeź, posrjeźa, ст.-чэш. postřed, postřied, славац. старое postred, славен. старое posrȇdi, серб.-харв. посре̏д, posrȉd, ст.-слав.серб.-харв. посрѣдь, ст.-слав. посрѣдѣ, посрѣди, посрѣдоу. Прасл. po‑serd‑. Да па‑ і сярэдзіна (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вярхо́віца ’верх галавы, сярэдзіна верхняй часткі галавы, дзе бывае лысіна’ (навагр., стаўб., З нар. сл.); ’лоб’ (стаўб., КЭС), верхо́віца ’цемя’ (петрык., Шатал.) узнікла ў выніку субстантывацыі прыметніка *вярховы ’верхні’ (< vьrx‑ovъ‑) пры дапамозе суф. ‑іц‑а (< ic‑a). Да верх (гл.). Параўн. ст.-рус. верхъ ’цемя, макаўка’ (з XVI ст.), верховица ’цемя, макаўка, верхняя частка галавы’ (з XVII ст.), рус. вяц., горк. верховка ’цемя галавы раскольніка, якое выстрыгалася, паводле звычаяў веры, як у ксяндза’, літ. viršū́ ’вяршок, макаўка, вершаліна’, viršùgalvis, galvóvtršis ’цемя, макаўка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мяч, мя́чык, ме́чык ’шар для гульні, зроблены з пругкага матэрыялу’, драг. мнеч, пруж. мʼяч ’тс’ (ТСБМ, Бяльк., Янк. 1, Рам. 8, Сл. ПЗБ, КЭС), ме́чык ’мячык з валовай шэрсці, абшыты панчохай’ (Растарг.). Укр. мʼяч, мняч, рус. мяч, чэш. míč, ст.-чэш. mieć, славен. mȇč, mẹ́čá ’тс’, серб.-харв. меча ’нешта мяккае, мякіш, сярэдзіна’, балг. ме́чка ’хлеб з сырам, спечаны ў выглядзе кулі’. Прасл. měcь ’нешта сціснутае, скамечанае’, утворанае ад mękъ(kъ) ’мягкі’ пры дапамозе суфікса ‑jь (Бернекер, 2, 42; Міклашыч, 189; Фасмер, 3, 32; Махэк₂, 362; Бязлай, 2, 173).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пало́ва 1, ‑ы, ж.

Разм.

1. Адна з дзвюх роўных частак чаго‑н. Лабановіч, прыйшоўшы на заняткі, заўважыў, што паловы вучняў няма. Колас. Печ з палком і палаці займалі ледзь не палову хаты. Галавач.

2. Сярэдзіна якой‑н. адлегласці, прамежка часу і пад. Яшчэ была толькі палова верасня, а надыход зімы ў тайзе ўжо добра адчуваўся. Мяжэвіч. // Момант, які адпавядае сярэдзіне якой‑н. гадзіны. Гадзіннік паказваў палову пятай. Арабей. У райком Даніла прыйшоў прыблізна а палове другой гадзіны дня. Кавалёў.

3. Асобная частка жылога памяшкання. [Нявестка] паклікала нас у другую палову дома і гэтым спыніла нашу гутарку. В. Вольскі.

пало́ва 2, ‑ы, ж.

Рэшткі, якія застаюцца пры абмалоце збожжа і ачыстцы зерня; мякіна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Перапла́ўніца, перэпла́ўленье, перапла́ўны ў выразе перапла́ўная серада, перапла́ныя серада, перэполове́нна серэда́, перэполове́нска серэда́ ’свята Перапалавенне, якое з’яўляецца палавінай Пяцідзесятніцы, пачынаецца яно з чацвёртай серады пасля Пасхі і працягваецца 8 дзён; паводле Евангелля, Хрыстос у гэты дзень увайшоў у царкву і пачаў вучэнне аб таямнічай вадзе’ (Гарэц., Бяльк., ТС, Касп.; добр., Мат. Гом.; Талстая, СіБФ — 1986). Да ц.-слав. прѣполовлениесярэдзіна’, якое з’яўляецца калькай з с.-грэч. μεσοπεντηκοστή ’палавіна пяцідзесяці’ і звязваецца з лексемай палавіна (гл.). У палескіх гаворках выраз пераплаўная серэда атаясамліваецца з пераплыва́ць, параўн. паведамленне інфарматара: кажуць, ко́лісь Божа маці перэплувала чэрэз ре́ку і Cýca Хрыста сохраняла (Талстая, СіБФ — 1986, 216).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

цэнтр, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Пункт перасячэння якіх-н. восей, ліній у фігуры, пункт засяроджання якіх-н. адносін у целе (спец.).

Ц. акружнасці.

Ц. цяжару.

2. Сярэдзіна, сярэдняя частка чаго-н., аднолькава аддаленая ад краёў, канцоў чаго-н.

Ц стала быў заняты кнігамі.

Камандзірская зямлянка знаходзілася ў цэнтры лагера.

3. Месца, дзе сканцэнтравана якая-н. важная дзейнасць, кіраўніцтва чым-н.

Ц навуковай думкі.

Гандлёвы ц.

4. Горад, буйны населены пункт, які мае адміністрацыйнае, прамысловае, культурнае значэнне для якой-н. мясцовасці, краіны.

Абласны ц.

Адміністрацыйны ц.

5. Вышэйшы орган кіравання якой-н. дзейнасцю.

Дырэктывы цэнтра.

6. Вядучая ўстанова, аддзел такой установы, які кіруе пэўнай галіной дзейнасці.

Ц. радыёвяшчання.

Сінаптычны ц.

Ц. кіравання палётамі касмічных апаратаў.

7. Група нервовых клетак, якая рэгулюе тую або іншую функцыю арганізма.

Дыхальны ц.

Рухальны ц.

8. Дэталь станка з конусным канцом, які служыць для падтрымкі рухомых загатовак пры іх апрацоўцы (спец.).

Цэнтр нападзення — асноўны ігрок групы нападзення ў футбольнай і хакейнай камандах.

(Быць) у цэнтры ўвагі — лічыцца галоўным, выклікаць усеагульны інтарэс.

|| прым. цэ́нтравы, -ая, -ае (да 1 знач.).

Ц. пункт.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

По́чка1 ’нырка’ (Дразд.; Ян.; паст., Сл. ПЗБ), ст.-бел. почка, укр. по́чка, рус. по́чка, ст.-рус. почька. Лічыцца вытворным ад пяку́, параўн. у семантычных адносінах пе́чань і каш. povarka ’нырка’ < прасл. *variti ’варыць’ (Фасмер, 3, 348; Праабражэнскі, 2, 118). Гл. таксама па́чка.

По́чка2 ’пупышка’ (ТСБМ), по́чачкі ’пупышкі’ (паст., Сл. ПЗБ), рус. по́чка ’тс’, укр. по́чка ’пладовая костачка; семечка гарбуза’, польск. pestka ’семечка’, ст.-польск. і дыял. peckaсярэдзіна плода з насеннем’, чэш. pecka ’семечка; каменьчык’, в.-луж. počka, дыял. pačka ’тс’, н.-луж. packa, дыял. pecka ’тс’, харв. кайк. pečka ’ягада вінаграду’, чак. paćka ’семечка, сярэдзіна плода; ягада вінаграду’, славен. pečkà ’пладовая костачка’, pečèk ’костачка віннай ягады’. Беларуская лексема, відаць, запазычана з рус. почка ’тс’, якая не мае пэўнай этымалогіі (Фасмер, 3, 348). Борысь (Czak. stud., 99) узводзіць да прасл. *pъtʼka‑ ’штосьці круглае, камячок, каменьчык, семечка, пупышка’, вытворнае з суф. ‑ьka ад рэдкага прасл. *pъtʼa ’нешта круглае, груда, камень’, што рэканструюецца на базе польск. pce ’падстаўкі пад бочкі ў склепе’, дыял. peca ’камяк гліны, вапны, снегу, зямлі’, ’вашчына з мёдам’, ’бохан хлеба’ і памяншальных дэрыватаў ад яго: харв. pajca (< *pъtʼьca), paćak, славен. peček (< *pъtʼьkь) ’вінаградны атожылак; семечка; гарошак’, роднаснае літ. paũtas ’яйка, ядро’, лат. pàuts ’тс’ і далей з літ. puntù, puntaũ, pùsti ’набухаць’ (Мацэнаўэр, LF 14, 414). Гл. таксама Банькоўскі, 2, 522; Бязлай, 3, 19. Спробы аддзяліць форму *počьka ад іншых славянскіх слоў і аднесці да рус. чкатъ, чикать, чкнуть, прочкну́ться ’лопацца (пра пупышкі)’ (Міклашыч, 38; Бернекер, 1, 166) маюць пэўныя семантычныя падставы, бо ў аснове намінацыі — значэнне ’раскрывацца’, параўн. по́каць, по́кацца ’распускацца (пра пупышкі)’ (гл.) і паралельнае ўтварэнне ад пу́каць, пу́кацца лопацца’ — пучча ’кветаноснае сцябло, стрэлка’ (гл. пук). Параўн. по́каўка ’пупышка’ (Стан.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

асяро́дак, ‑дка, м.

1. Сярэдняя частка сцябла ці ствала расліны, якая адрозніваецца сваёй большай або меншай цвёрдасцю. Начамі на пажарышчы відаць было, як выгарвалі асяродкі ў дуплаватых смалістых соснах ды кедрах-веліканах. Пальчэўскі. // Металічны або з якога‑н. іншага матэрыялу шпень, устаўлены ў што‑н. Асяродак карандаша. Асяродак трансфарматара. // Сярэдзіна якога‑н. прадмета. Асяродак плода.

2. Сярэдняя, цэнтральная частка чаго‑н. Понізу іх [пагоркаў] разлягалася сенажаць, а ў асяродку яе — паважная Шчара. Вышынскі. // перан. Цэнтр, засяроджанне чаго‑н. Асяродак культуры. Асяродак рэвалюцыйнага руху. // Тое галоўнае, што выклікае найбольшую ўвагу ўсіх. Кампазіцыйны асяродак. □ І клуня, і кожная рэч у ёй, каб умелі гаварыць, расказалі б цікавую гісторыю свайго паходжання і ў самым асяродку быў бы дзед Баўтрук. Колас.

3. Тое, што і асяроддзе (у 1 знач.). Іх [вучняў] часта грубаватыя выхадкі ці звароты непасрэдна да яго.. [настаўнік] прапускаў між вушэй, ведаючы той грубы асяродак, з якога яны выйшлі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)