Ту1 — экспрэсіўнае слова ў выразах: ту, якій ты!ту на цябе!ту цябе! ‘цьфу’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.; полац., Нар. лекс.). У адным з першых літаратурных твораў: Ці не пісацель? / Ту! Не, паночак, /Я Тарас (К. Вераніцын, Тарас на Парнасе. Паэмы. Мінск, 2009, 18). Часта як выраз незадавальнення, нязгоды. Звычайна разглядаецца як варыянт выклічніка тфу (гл.) у сувязі з неарганічным характарам ф у беларускай народнай мове, параўн. яго замены на тпху, тху (гл.), цьху і пад. Параўн., аднак, рус. ту: ту, голова! ‘эх ты!’, серб. цімак. ту́ ‘выклічнік незадавальнення, раздражнення’, макед. ту што ми стори ‘ox, што ты нарабіў’, балг. дыял. а́ бре, ту́ бре! (раздражненне, гл. СбНУ, 38, 50), што сведчыць пра магчымае аднясенне выклічніка да т. зв. першасных інтэр’екцый (Смаль-Стоцкі, Приміт., 19), прадстаўленага ў складзе выклічнікаў тыпу агату, ату, туга (гл.) і інш. Дапускаецца дэістычнае паходжанне, гл. ESSJ SG, 2, 701.

Ту2 ‘тут, сюды’ фалькл.: Братовая золвы на ночь просить : / Ту ту ту! — Моя золвица, моя сястрыца, / Ту ту ту (Бяс., 40); Ту, цимболисты и скрипки играют… (С. Полацкі), ту-ту-ту — падзыўныя для гусей (ДАБМ, камент., 896); ст.-бел. ту ‘ў гэтым месцы; туды, сюды; тады; у даным выпадку’ (1388 г., ГСБМ). Параўн. укр. дыял. ту ‘тут’, рус. фалькл. ту ‘ў той час, тады’ (СРНГ), польск. tu ‘тут; цяпер, у гэтым месцы; дагэтуль, адсюль’, чэш., славац., в.-луж., н.-луж. tu ‘тс’, харв., серб. , славен. ‘тс’, ст.-слав. тоу ‘там, тут, тады, у тым месцы’. Прасл. *tu вытворнае ад займенніка *tъ (гл. той) з няясным па паходжанні ‑u (агляд праблематыкі ў літаратуры гл. ESSJ SG, 2, 697–701; ESJSt, 17, 996; пра ст.-бел. формы гл. Крамко, Мова бел. пісьм., 276). Сучаснае дыялектнае ўжыванне, напр., ту ‘тут’ (воран. Сл. ПЗБ), а таксама познія старабеларускія формы пад уплывам польскай мовы, гл. Булыка, Запазыч., 326. Паводле Шустар-Шэўца (1553), вакалізацыя, як у н.-луж. ku < прасл. *kъ, гл. к.

Ту3 — размеркавальны злучнік то … то: ту чуеш у гэтай песні страшны голас дзікага звера, ту смех шалёнага, ту нудны крык нішчаснага, ту плач беднага чалавека (Я. Колас). Параўн. аналагічныя злучнікі: макед., балг. ту … ту, польск., чэш. tu … tu. Функцыянальна ідэнтычна займеннікавым утварэнням ад *tъ, у першую чаргу *to (гл. та, то), адносна паходжання гл. ESSJ SG, 2, 701. У беларускай літаратурнай мове выціснута пад уплывам рускай мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пук1 ’выклічнік, што перадае стук, стрэл, лопанне ці гук падзення’ (“падение чего, особенно круглого”, Нас.; мсцісл., Нар. лекс.; Сержп.; Нік. Очерки; ЭШ), ’бух, бульк’: бобе́р пук у во́ду (ПСл), укр. пук, пу́ку, рус. пук (пераважна смаленскае), польск. puk, pąk, чэш., славац. puk, в.-луж., н.-луж. puk, славен. pok, серб.-харв. пук, балг., макед. пук. Старое гукаперайманне, параўн. Смаль-Стоцкі, Приміт. 170 (варыянты pukъ! puku!), роднаснае ням. pochen ’стукаць’ (Махэк₂, 406). Гл. пукаць1.

Пук2 ’выпукласць, пукатасць’: у пуку клепка выгінаецца (ТС), ’самая высокая, аддаленая частка, кропка чаго-небудзь’: пук неба (Нар. Гом.), ’самая сярэдзіна’: puk zimy (Варл.), ’выгіб пілы’ (ПСл), пук, мн. л. пуке́ ’выступы на падэшве нагі каля пальцаў’ (Сцяшк.), пука́ ’выпукласць ступні каля большага пальца’ (Дразд.); параўн. укр. дыял. пу́ка ’ўнутраны бок канца пальца’, рус. дыял. пук ’выпуклая сярэдняя частка бочкі’, пуки́ ’найбольш шырокія месцы ў ступні’. Утворана на базе прасл. *pǫkъ ’нешта раздутае, тоўстае, выпіраючае’, звязана з пу́чыць ’выступаць, выстаўляць, выпіраць’ (гл.).

Пук3 ’кветканоснае сцябло, стрэлка (цыбулі, шчаўя і інш. раслін)’ (пераважна паўн.-усх., ЛА, 2; Яўс., Варл., Сл. ПЗБ, Шатал., Янк. Мат., карэл., Жыв. сл.; Жд. 2), пу́чча ’тс’ (ЛА, 2; Ян.; Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), ’маладыя парасткі’ (брагін., Шатал.), ’аер’ (б.-каш., Мат. Гом.), пукі́ ’адросткі пер’яў пасля лінькі’ (брасл., Нар. словатв.; паст., ЛА, 1), сюды ж пучы́цца ’расці ў стрэлкі (аб цыбулі)’ (Яўс.), фраз. пайсці ў пук (пукі, пучча) ’ператварыцца ў пустацвет (пра расліны); іран. ’застацца ў дзеўках, не выйсці замуж’ (Сл. ПЗБ, Растарг.), пукава́тая ’якая пайшла ў пукі (пра моркву)’ (Жд. 1); рус. пуки́ ’шчаўе ў час цвіцення’, польск. pąk ’завязь кветкі’, чэш., славац. puk ’тс’. Прасл. *pǫkъ ’нешта раздутае, тоўстае’ звязваюць з пу́каць ’лопацца, раскрывацца’ гукапераймальнага паходжання, роднасным ням. pochen ’тс’, гл. Шустар-Шэўц, 2, 1189; Махэк₂, 406; параўн. Фасмер, 3, 403; Чарных, 2, 82; ЕСУМ, 4, 629.

Пук4 ’звязка; сноп; скрутак; ахапак’ (ТСБМ, Гарэц., Бяльк., ЛА, 4; Варл., ТС, Ян., Яўс., Раст., Шат., Сл. ПЗБ, ПСл) ’галінкі, пасечаныя і звязаныя ў куль для паліва’ (Сцяц.), пучо́к ’ахапак звязаных дроў’ (стол., Сл. Брэс.), ’збітыя жэрдкі для прыціскання стога’ (мазыр., Шатал.); укр. пук ’звязка’, рус. пук ’звязка; паплавок з пучка травы; мяч з шэрсці, апука’, польск. pęk ’гронка, звязка’. Утворана на базе праслав. *pǫkъ ’нешта раздутае, тоўстае’ як вынік злучэння ў адно некалькіх аднародных прадметаў. Гл. папярэдняе слова.

Пук5 ’расліна дзягіль, Archangelica officinalis Hoffm.’ (Кіс.), укр. пук ’расліна гірча, Selinum carvifolia L.’, а таксама ’баршчэўнік, Heracleum sibiricum L.’ Хутчэй за ўсё, ад пук3 ’стрэлка, кветаноснае сцябло’, параўн. рус. дыял. пуки́ ’шчаўе ў час квецені’. Гл. таксама ЕСУМ, 4, 629.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Вяцю-вяцю, вецю́‑вецю́ ’падзыўныя словы для свіней’ (КСТ). Укр. ваць, вацю, вець (Грынч.), вац‑вац, ваць‑ваць, вец‑вец, вець‑вець (Лыс., Пал.). З паметай «юж.» вацу, вацю, вачу (Даль), вац‑вац‑вац (Раст.) ’тс’. Існуючыя этымалогіі (Смаль-Стоцкі, Приміт., 148: ваць < паць‑паць ад паця ’парася’; Рудніцкі, 1, 329, якому сувязь укр. вець‑вець з воклічам ацю! уяўляецца больш падыходзячай) не пераконваюць. Для першай, аднак, можна знайсці падтрымку на ўкраінскай тэрыторыі; параўн. у Грынчанкі: «Біжу, як те поросятко, як на його скаже: «паць! паць!» або вацюкне». Не выключана таксама, што маг. уцю! Уцю куды! ’воклічы, якімі заганяюць парасят у хлеў’ (З нар. сл.) адпавядае поглядам Рудніцкага. Улік матэрыялаў рускіх дыялектаў дазваляе прапанаваць больш надзейную версію. Маг. выць! Выць куды! (З нар. сл.) ’воклічы, якімі адганяюць парасят’ знаходзяцца, бясспрэчна, у непасрэднай сувязі з рус. смал. выть‑выть‑выть ’словы, якімі падзываюць парасят і падсвінкаў’ (СРНГ). На іншай рускай тэрыторыі тыя ж словы ўжываюцца як падзыўныя для авечак: выть‑выть‑выть (куйб., СРНГ), вец‑вец‑вец, вечь‑вечь‑вечь (тамб., разан., СРНГ), веч‑веч, вещ‑вещ (СРДГ) і г. д.; дадаткова гл. АРНГ, к. 228. Такім чынам, атрымоўваецца пазіцыя, у якой бел. і ўкр. словы з’яўляюцца толькі пагранічнымі ў адносінах да рускай лексікі, і іх магчыма разглядаць як пранікненні з рускай тэрыторыі. Фармальныя змены — вынік спецыфікі ўжывання падобных слоў, якія да таго ж знаходзяцца ў рыфма-рытмічных адносінах. Параўн. метатэзы: цку‑цку < куц-куц (АРНГ), баська‑баська < кабась‑кабась (Германовіч, Междом.) і г. д. Больш істотны «семантычны» бок пытання, аднак ёсць вялікая колькасць прыкладаў, якія дэманструюць пераносы: падзыўныя словы → адгонныя словы, падзыўныя словы для адной жывёлы → падзыўныя словы для іншай і да т. п. Падрабязней аб гэтым Германовіч, Междом., 55 і наст. Звычайна і часта для падзыву свіней ужываюцца падзыўныя словы для авечак: куць-куць (з варыянтамі), вець‑вець і г. д., гл. АРНГ, камент., 1051–1054, к. 223–224; Германовіч, Междом., 55–56, 61. Параўн. яшчэ тоеснасць: кацю‑кацю/вацю‑вацю, кеч‑кеч/веч‑веч ’падзыўныя словы для свіней’ (Лыс., Пал.). Дадаткова параўн. яшчэ баша‑баша ’падзыўныя словы для авечак’ (ДАБМ, камент.) і баша‑баша ’падзыўныя словы для свіней’ (СБГ). Да разглядаемай групы слоў адносіцца і бел. вешка (вешка-раба) ’тс’ (Шпіл.); параўн. рус. дыял. вʼешка ’падзыўное слова для авечак’ (АРНГ, Камент.). Магчыма, аднак, што рус. вʼешка да вʼешынʼка, вʼешенʼка, вʼеженʼка (там жа). Частка разглядаемых слоў паходзіць, відаць, ад назваў тыпу ’авечка’, для іншых неабходна шукаць больш падыходзячыя тлумачэнні. Не пераконвае спроба Германовіча звязаць падзыўныя словы выч і пад. з рус. (ст.-рус.) выть ’надзел зямлі, ракі; ежа, час для ежы’ і г. д., якія і фармальна падобны толькі для часткі падзыўных (рус. выть‑выть, напр.). Гл. яшчэ адносна рус. вычь. Фасмер, 1, 372 (трактуецца як гукапераймальнае; параўн. між іншым у Даля, 1, 830: «Вячить вор., ряз. блеять, кричать как овцы, отчего вяч-вяч, выч-вычь, зазывная кличка овец»).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)