Краса́1 ’хараство, прыгажосць’ (ТСБМ, Шат., ТС). Укр. краса, ст.-рус. краса ’тс’, ст.-слав. краса ’тс’, ст.-польск. krasa, чэш. krasa, славац. krasa, в.-луж. krasa, н.-луж. krasa ’тс’. На ўнутраную форму прасл. krasa пралівае святло этымалогія, якая звязвае гэту лексему з прасл. krěsъ (Ваян, Зб. Младэнаву, 284–285). Прасл. krasa на падставе пашыранага пераважна абстрактнага значэння ’прыгажосць’ і канкрэтнага ’чырвоны колер’ рэканструявалася ў гэтым значэнні. Пры параўнанні з прасл. krěsъ (рус. крес ’ажыванне, адраджэнне’, серб.-харв. кре̏с ’Іванаў дзень’) была звернута ўвага на тое, што krasa (параўн. лац. cresco ’вырошчваю’) магло першапачаткова абазначаць ’колер жыцця, ажыўленне’. Канкрэтнае значэнне для краса і краска1 (гл.) не захавалася на беларускай глебе таму, што прасл. krěsъ было выцеснена ўсходне-славянскай інавацыяй Купала (гл.). Прасл. krasa страціла ў гэтым рэгіёне сакральнае значэнне (Мартынаў, Лекс. Палесся, 29–30). Параўн. агляд іншых этымалогій у Трубачова, Эт. сл., 12, 95–97.

Краса́2 ’цвіценне злакавых раслін’ (Сл. паўн.-зах., ТС, КЭС, лаг., Клім.). Гл. краса1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кі́шка1 ’частка стрававальнага апарата’ (ТСБМ, Мат. Гом., ТС, Сл. паўн.-зах., Грыг., Бяльк., Яруш.). Укр. кишка, рус. кишка ’тс’, балг. кишка ’квач для ўвільгатнення пальцаў пры прадзенні’, польск. kiszka ’кішка’, чэш. kyška ’тс’, палаб. tʼai̯sə (< *kyša) ’нырка’. Надзейнай этымалогіі не існуе. Ст.-інд. kósthaḥ ’вантробы’ не мае словаўтваральнага тлумачэння (ад і.-е. *(s)keu̯‑ ’пакрываць’). Гл. Бернекер, 679; Покарны, 951–953. Да іншага індаеўрапейскага архетыпа ўзводзіць прасл. kyšьka Янзен (ZfSIPh, 15, 49–60): і.-е. *keu̯ *kū‑s ’выпукласць’. Нельга лічыць таксама надзейным супастаўленне з прасл. kyšěti ’кішэць’ (гл. кішэць) (Брукнер, 231). Існуе магчымасць больш простай версіі. Балг. кишка ’квач для ўвільгатнення пальцаў’, бясспрэчна, да киша ’слота, хлюпа’ (серб.-харв. кѝшати ’мачыць, размочваць’). Параўн. польск. kiszka ’кіслае малако’, чэш. kyška ’тс’. Гэта, магчыма, значыць, што старажытны чалавек меў некаторае ўяўленне пра наяўнасць брадзільных працэсаў у кішэчніку (параўн. Янзен, 59–60).

Кі́шка2 ’хамуціна’ (Сл. паўн.-зах., Сцяшк.). Параўн. кічка1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абало́нка1, параўн. укр. болона ’тонкая плеўка’, польск. błona, чэш. blona, славац. blana ’тс’, якія, магчыма, генетычна суадносяцца з лац. follis ’пузыр’, folliculus ’плеўка’ < і.-е. *bholnis (гл. Покарны, 120), хаця лінгвагеаграфія гэтых слоў супярэчыць непасрэднаму супастаўленню з лацінскімі формамі. Яшчэ менш верагодна з фармальнага і семантычнага боку супастаўленне са ст.-грэч. φόλίς ’луска паўзуноў’ (гл. Фасмер, 1, 189). Цікавая здагадка аб генетычнай суаднесенасці з прасл. *pelna, *pelena (рус. пелена і інш. славянскія паралелі) (гл. Махэк₂, 55 і 458). Пры бездакорнасці семантычнага боку даводзіцца ў гэтым выпадку дапусціць змяшэнне p/b. Лінгвагеаграфія, магчыма, сведчыць у карысць такога збліжэння. Мяркуемыя прасл. bolna і pelna знаходзяцца арэальна ў дадатковым размеркаванні (bolna — захад і цэнтр, pelna — усход і поўдзень). Гл. Мартынаў, SlW, 62–63. Параўн. абалонь.

Абало́нка2 ’шыба ў акне’ (Шат., Касп., Сцяшк., Янк. I, Маш.), оболонечка ’фортачка’ (Булг., Доўн.-Зап.), ст.-бел. оболонкі ’плеўкі жывёл, якія ўжываліся як шыбы ў вокнах’ з 1494 г. (Нас. гіст., 249), польск. błona, чэш. blána, славац. blana ’тс’. Гл. абалонка1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жэ́рабя ’ўмоўны знак пры вызначэнні парадку, чарговасці і да т. п.’ Балг. жрѐбие ’тс’. Параўн. рус. жребий (< ст.-сл.), дыял. же́ребей, же́ребий, укр. же́реб ’тс’, жеребій ’пэўная частка поля’ (Жэлях.), славац. žreb ’жэрабя’, ’латарэйны білет’, славен. žrêb ’жэрабя’, серб.-харв. жре̑б, жри̏јеб, ждре̑б ’тс’, макед. ждре̂б ’тс’. Ст.-слав. жрѣбъ, жрѣбии ’жэрабя’. Ст.-рус. жеребей ’жэрабя, доля, частка; карцечны шрот’. Ст.-прус. girbin ’лік’; параўн. літ. ger̃bti ’шанаваць’ (Параўн. прасл. *čьtǫ ’шаную’ і ’лічу’), ням. kerben ’рабіць зарубкі’, грэч. γράφω ’пішу’. Першапачаткова жэрабя ’кавалак дрэва з зарубкай (надпісам, лікам)’, ці ’адрэзак зямлі’. Бел. форма з суфіксам ‑я (< *‑ę < *‑ent) адлюстроўвае, відаць, невялікі памер гэтага кавалка шляхам аднясення да групы малых істот (і прадметаў). Зыходнае прасл. *žerb‑ < і.-е. *gerbh‑ ’рабіць рысы і г. д.’ Покарны, 1, 392; Фасмер, 47–48; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 297; Скок, 3, 672–673; БЕР, 1, 554; Траўтман, 87; Тапароў, E–H, 242; Хэмп, Этимология, 1981, 37.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пало́ва1 ’адна з дзвюх роўных частак чаго-н.; сярэдзіна якой-н. адлегласці, прамежку часу і пад.; асобная частка жылога памяшкання’, палаві́на ’тс’. Рус. поло́ва, полови́на, укр. полови́на, ст.-рус. половина. Палова ад прасл. polъ (аснова на й), дзе ‑ов‑ з ускосных склонаў з далейшым расшырэннем суфіксам ‑ін‑ (гл. Фасмер, 3, 312).

Пало́ва2 ’рэшткі, якія застаюцца пры абмалоце збожжа і ачыстцы зерня; мякіна’ (ТСБМ, Бяльк., Інстр. I), поло́ва (Выг., Бяссон.). Агульнаслав.: рус. поло́ва, укр. поло́ва, ст.-слав. плѣвы, польск. plewa, в.-луж. pluwa, н.-луж. plowa, чэш. pléva, pleva, славац. pleva, серб.-харв. пље̏ва, славен. pléva ’палова’, балг. пля́ва ’салома; назва Млечнага Шляху’. Прасл. pelva і peleva (рус. пелёва). Роднасныя ст.-прус. pelwo ’палова’, ст.-літ. pẽlus ’тс’, лат. pęlus, pęlavas, pęlęvas, pę̀lvas ’тс’, ст.-інд. palā́vās мн. ’палова’, лац. palea < *palēva ’тс’ (гл. Траўтман, 213; Мейе–Эндзелін, 3, 198; Фасмер, 3, 312, у яго ж гл. і інш. літ-py; Махэк, 459, Выгонная, Лекс. Палесся, 80 і наст.). Далей гл. палоць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паха́бны ’непрыстойны, бессаромны’ (ТСБМ). З і рус. поха́бный ’тс’, пск., цвяр. ’дрэнны, мізэрны’ (параўн. рус. ха́бить, рус.-ц.-слав. хабити, укр. оха́бити ’жаваць’, ц.-слав. похабъ ’вар’ят, дзікі’, польск. chaba ’кляча’, chaby ’косці, што вытыркаюцца з-пад скуры’, чэш. ochabiti ’знясіліць’, ochabnouti ’зрабіцца вялым’, паўд.-чэш. vochabnout ’змізарнець’, мар. ochápalý ’хворы’, ’напалоханы’, чэш. і славац. chabý ’вялы, млявы’, ’малы’, ’баязлівы’, славен. hábiti, серб.-харв. ха̏бити ’пашкоджваць, зношваць’, балг. хабя, изхабя ’псую’, ц.-слав. охабьнъ ’кепскі’. Прасл. xabъ, роднаснае да ст.-грэч. κωφός ’млявы, бездапаможны, нямоцны (пра стралу кепскага стралка)’, ’бязгучны, тупы на слых’ > ’глухі’, ’упалы духам’ > ’неразважлівы’, да літ. kàpti ’рабіцца млявым’ < і.-е. *kōphos (Махэк₂, 194–195), у якім k > x, а ‑b‑ з семантычна блізкага slabъ ’слабы’. Пры гэтым ён указвае на нерэгулярнае і.-е. *ph. Младэнаў (664) і Петарсан (KZ, 47, 286) таксама звязваюць іх з і.-е. адпаведнікамі, якія абазначаюць цялесную слабасць: лац. hebes, арм. xul ’глухі’, але рэканструююць і.-е. *khābh‑/*qhōbl‑ ’знямоглы, абыякавы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́люсць, пе́лясць ’канец карыта, выступы ў ночвах, на якія клалі мыла, бялізну’ (Касп.; глыб., чэрв., пух., Сл. ПЗБ), пелюсці ’тс’ (дзярж., Нар. сл.), ’папярочная дошка, прыбітая зверху ў канцах лодкі’ (пух., Сл. ПЗБ), пе́лясць ’спінка ў ложку’ (Сцяшк. Сл.), смал. пеле́стинка ’тонкая пласціна’, рус. дыял. пе́листь ’ручка карыта’, польск. дыял. peluść, peluście ’тс’, чэш. pelest ’спінка ў ложку ў галавах і ў нагах, бакавая дошка ў ложку’, мар. ’канцы каменнага карыта’. Відаць, генетычна ўзыходзіць да і.-е. асновы *pelə‑/*plē > прасл. *pelena/plena (Махэк₂, 443 і 458), якая ў слав. мовах выступае з рознымі суфіксамі. Разглядаемая лексема ўтворана пры дапамозе суф. ‑ut‑ (pelʼ‑ut‑tь > пелюсць) ці ‑et‑ (pel‑et‑tь > pelest). Семантычны бок лексемы засяроджваецца на паняцці ’тонкае, выцягнутае, плоскае’, ’абалонка’, параўн., напрыклад, зах.-бранск. пелю́стка ’невялікі квадратны кавалачак раскатанага для варэнікаў цеста’, гл. таксама пялёстак ’асобны лісток з вяночка кветкі’, што, магчыма, выводзіцца з *pelestъ, *pelʼustь ’канец, край чаго-небудзь’ (Борысь, SFPS, 23, 106; БЕР, 5, 139).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перапе́ча ’другі каравай — вялікая булка’ (Кольб.), ’праснак’ (Нас., Яруш., Гарэц., Касп., Шат., Бяльк.), перапе́чка ’хлеб круглай формы пераважна з пшанічнай мукі’ (ТСБМ; бялын., Янк. Мат.; бых., Мат. Маг.; ТС; мазыр., Сержп.), ’невялікая буханка прэснага хлеба з ячменнай мукі’ (слуц., Нар. словатв.), ’пірог сярэдняй велічыні’ (ТС); ’печыва з хлебнага цеста, бульбы, тоўчанага канаплянага семя’ (Сл. ПЗБ), ’скавароднік’ (ЛА, 4). Укр. палес. перепічайка, пере́пічка ’тс’, бойк. пере́пічка ’булка, якую выносяць на могілкі ў аўторак пасля Пасхі’, рус. перепе́ча ’каравай’, ’праснак, якім паміналі памерлых’, ’ватрушка’, перепе́чка ’булачка’, ’праснак’. Усходнеславянскі рэгіяналізм *per‑pekja > пере‑печа, утвораны ад дзеяслова *pekti ’пячы’ пры дапамозе прыстаўкі *per‑ > пера- са значэннем ’праходжанне праз увесь прадмет’, дзякуючы якому прыстаўка пера- набліжаецца да прыстаўкі пра- (< прасл. *pro‑), якая і выцесніла першасную пера- (параўн. славен. prepêči ’прапячы’), апошняя ж стала абазначаць ’празмернасць, перавышэнне мяжы нармальнага стану’, параўн. перапячы, рус. перепе́чь, серб.-харв. препѐћи, а таксама славен. prepêči ’перасмажыць’, адсюль славен. prepečênec ’сухар’ (ESSJ, 1, 162–169; адносна семантыкі і пашырэння лексемы гл. Вештарт, Лекс. Палесся, 107–114.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́вірак ’невялікі моцны кол, на якім двое нясуць якую-небудзь ношу’ (Мядзв.), поверка ’тс’ (Нас., Жыв. НС); польск. powerek, дыял. powyrek ’тс’, ’каромысел’, чэш. poverek ’кій насіць цэбар’, дыял. poverak ’загнеты жалезны шворань для рэгуляцыі глыбіні арання’, ст.-чэш. povyrek ’насіла’, славен. poverek ’каромысел’; з іншай суфіксацыяй балг. повирица ’кол, пры дапамозе якога носяць судзіну, поўную вадкасці’, ’спосаб нашэння цяжкага грузу на кіі’. Праслав. *povirъkъ, *pověrъk < *povirъ, *pověr, утвораны ад варыянтных ітэратываў *virati/*‑verati ’прасоўваць, закладваць’ (Варбат, ОЛА, Исследов., 1972, 228–230), гл. наповерку. Дзеясловы ў славянскіх мовах звычайна ў прэфіксальных формах, параўн. балг. провирст ’прасоўваць’, серб. дыял. сповирст ’адсоўвацца, соўгацца, валачы’, повира се ’совацца сюды-туды’ і інш. (Влаіч–Попавіч, HJ, 33, 112–117), польск. poniewierać się ’дрэнна адносіцца да каго-небудзь; мець непрыемнасці; совацца, бадзяцца; прападаць’ (Борысь, JP, 71, 22), што, Урэшце, узыходзяць да *verti, vьrǫ (Махэк₂, 477; Бязлай, 3, 98; БЕР, 5, 405; Трубачоў, ЭССЯ, 21, 196; Скок, 3, 627–628), параўн. рус. выраню ’піхаць’, балг. ера ’засоўваць’. Гл. аўраць, вор 2, ворык.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́прык ’невялікі, малы’ (карэліц., Сл. ПЗБ), поўпрык ’малое дзіця’ (Скарбы), ’надуты, упарты хлопец, непаседа’ (Некр.). Няясна. Калі за зыходную прыняць форму поўпрык, то з улікам лінгвагеаграфіі слова можна параўнаць з паўпурык, паўпурак ’мера вагі’ (ЭСБМ, 8, 227), што звязана з літуанізмам пур (гл.); тады поўпрык > попрык ’той, хто мала важыць’. Аднак пры гэтым нельга, відаць, разглядаць асобна ад поўпрыца ’пупышка’ (гл.), што дазваляе звязваць названыя словы з назвай дэталі ў жорнах або млыне, параўн. ст.-бел. полприца < польск. paprzyca ’частка ў млыне, жорнах’ (з XVI ст.) (Булыка, Запазыч., 236). Гл. паўпрыца. Дадатковым аргументам можа быць падабенства семантыкі ў літ. pumpurė ’паўпрыца’ і pumpuras ’пупышка’, а таксама выраі як поўпрык перакідаецца (Цых.), што перадае характэрныя рухі дэталі, параўн. балг. прьприца, пьрплица. пъпрыщи чэш. papřice, серб. прприца, папрыцы, сярод значэнняў якіх і ’юда, вяртушка’ ці ’вяртун, непаседа, бутуз, карапуз: той, што паўсюль лезе, круціцца’, што выводзяцца з гукапераймання (Брукнер, 394; БЕР, 6, 825). Тады поўпрык, попрык — утварэнне м. р. ад першаснага слова ж. р.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)