Калы́бка ’калыска’ (Нік., Оч.; ЭШ), калыпка (Сл. паўн.-зах.). Адносна рэаліі Нікіфароўскі (Оч., 324) удакладняе, што калыбка гушкаецца з аднаго боку ў другі, а зыбка хістаецца ў вертыкальным напрамку; відаць, пры аналізе лексемы неабходна мець на ўвазе гэты культурны аспект, паколькі zybъka, безумоўна, праславянская лексема з больш шырокім арэалам, як і kolěbъka. Апрача бел., адзначаюць рус. дыял. колыбка; што датычыць фактаў укр. мовы, апрача ст.-укр. колыбка (з XVII ст.) і палес. колибка ’калодка ў коле’ (спецыфічнае значэнне, параўн. яшчэ бел. калыска ’паглыбленне ў бервяне’, гл. ніжэй) надзейных фактаў як быццам няма. Гэта, аднак, можна тлумачыць як натуральную страту больш архаічнага, параўнальна з калыска, утварэння. Слова ведаюць яшчэ ў кашубскім рэгіёне: славін. kolipkă, памор. ku̯ólibka, kuólïbka з больш новых запісаў Сыхты kolibka ’калыска’, што вельмі цікава ў арэальным аспекце. Паводле Трубачова, Эт. сл., 10, 165, вытворнае з суф. ‑ka ад дзеяслова *kolybati (гл. калываць); статус слова (паўн.-слав.? дыял. прасл.?) акрэсліць цяжка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)