Та́лер1 ’старажытная нямецкая манета’ (ТСБМ), ’манета ў 90 кап. серабром, што ўжываецца ў Літве’ (Нас.), ’манета’ (Касп., Бяльк.), та́лер, та́ляр ’тс’ (Сл. ПЗБ), та́ляр ’тс’ (Кольб.): try talàry (Федар. 6). Ст.-бел. талеръ, таляръ ’сярэбраная манета; вагавая адзінка для вырабаў са срэбра, што адпавядае масе талера’ (Ст.-бел. лексікон) згадваецца ў пісьмовых дакументах з 1555 г. і запазычана са ст.-польск. taler, talar ’тс’ (Булыка, Запазыч., 316), куды трапіла з ням. Táler ’старажытная нямецкая срэбная манета’, вынік скарачэння першаснага Joachimstaler ’тс’ ад Joachimstal — горада ў Чэхіі, дзе здабывалі срэбра і ўпершыню вырабілі гэту манету (ЕСУМ, 5, 510; Голуб-Ліер, 484; Брукнер, 564).

Та́лер2 ’вялікая, ёмістая талерка’ (капыл., Жыв. сл.). Ст.-бел. талеръ, тарелъ (Ст.-бел. лексікон), талеръ, таліръ, тарель ’талерка’ (фіксуецца з 1506 г., Булыка, Лекс. запазыч., 102) запазычанне са ст.-польск. talerz ’тс’, якое трапіла ў польскую са ст.-в.-ням. talier, што з іт. tagliere ’дошка для рэзання мяса’. Параўн. пазнейшае запазычанне та́леж (іван., Жыв. сл.; Сл. Брэс.). Магчыма, другаснае ўтварэнне ад талерка (гл.), успрынятага як памяншальнае па тыпу буталь і бутэлька, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тата́рын ’прадстаўнік аднаго з народаў цюркскай моўнай групы’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Федар. 4), тата́р ’тс’ (ушац., Полымя, 2001, 3), тата́ры ’народ, асноўнае насельніцтва Татарстана, а таксама некаторыя іншыя народнасці цюркскай моўнай групы’, гіст. ’цюркскія, мангольскія і некаторыя іншыя плямёны Залатой Арды’ (ТСБМ), ’спецыяльныя вайсковыя фарміраванні ў ВКЛ (“казакі, а менавіта татары”)’ (Arche, 2008, 1–2, 89), ст.-бел. татаринъ, татарынъ ’татарын’ (1340 г., КГС), сюды ж татарчу́к ’татарскае дзіця’ (Некр. і Байк.), ’татарын’ (Сл. ПЗБ), татарва́ зборн. ’татары’ (там жа), тата́ршчына ’нашэсце татар’ (ТС), тата́рскі прым. (ТСБМ, Некр. і Байк.), тата́рсʼкі ’тс’ (Вруб.). Укр. тата́ри́н, та́та́р ’тс’, рус. тата́рин, польск. Tatar, Tatarzyn, чэш. Tatar, славац. Tatár, славен. Tatar, серб.-харв. Tàtar, макед. татар, балг. тата́рин, ц.-слав. татаринъ. Запазычанне з цюркскіх моў, дзе тат. татар ’татарын’, тур. Tatar ’тс’, манг. та́тар ’тс’, чув. тутар ’тс’, чагат. татар ’жыхары краіны, што на поўначы ад Кітая’, ст.-цюрк. tatar ’мангол’, магчыма, звязанае з манг. tatari, калм. tatṛ ’той, у каго іншамоўная вымова’ (Фасмер, 4, 27; Анікін, 539). Пачатковы кампанент цюркскага слова tat‑ першапачаткова значыў ’іранец’ (ЕСУМ, 5, 527).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пярсце́ц1 (пярсьце́ц) ’безыменны палец’ (Ласт., Стан.). Памянш. да *pьrstъ > (гл. пярсты), параўн. ст.-польск. pierściec ’палец’ у складзе батанічных назваў piącipierściec, pięćpierściec (1437 г.) ’дуброўка, Potentilla L.’ (*pьrst‑ьcь, гл. Банькоўскі, 2, 559), балг. пръсте́ц ’від грыбоў; узор на кажуху’ (ад пръст ’палец’) і пад.

Пярсце́ц2 (персце́ц) ’яма на тарфянішчы пасля пажару’ (ТС). Відаць, да прасл. *pьrstь ’попел, прах’, параўн. ст.-бел. персть ’зямля’, укр., рус. пе́рсть ’тс’, польск. pierść ’сухая сыпкая зямля, пыл’, чэш., славац. prsť ’зямля, верхні пласт глебы’, в.-луж. pjeršć ’тс’, славен. pȓst ’тс’, серб.-харв. пр̑ст ’тс’, балг. пръст ’выкапаная зямля; попел, пыл’, макед. прст ’зямля, пыл’, ст.-слав. прьсть, пръсть ’прах’, роднасныя літ. pir̃kšnys мн. л. ’жар, прысак’, лат. pìrkstis ’прысак’, ст.-інд. pŕ̥s̥an ’плямісты, стракаты’, ст.-ісл. fors ’вадапад’ (Фасмер, 3, 245; Шустар-Шэўц, 2, 1082; БЕР, 5, 829; Скок, 3, 57; Сной₂, 589; ЕСУМ, 4, 355). Да семантыкі параўн. балг. пръ́стник ’заглыбленне, яма’, пръстница ’месца, дзе капаюць гліну’ і пад.; тапонім польск. Pierściec (1550 г.) у Сілезіі (Банькоўскі, 2, 559). Матывацыйна звязана з порах, перхаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Расе́я ’Расія, Вялікаросія’ (Байк. і Некр.); сюды ж Расейшчына ’тс’, расе́йскі ’расійскі, рускі’ (Байк. і Некр.), росе́йка ’прыежджая з Расіі’ (ТС). Параўн. рус. дыял. Росе́я, сіб. росе́ец, росе́йцы ’людзі, прышлыя з цэнтральнай Расіі’. Магчыма, запазычана з рускіх дыялектаў, а не праз пісьмовыя крыніцы, бо ў апошніх амаль не сустракаецца, не выключае і самастойнае ўтварэнне. Не нясе абражальнай семантыкі. Лічылася на Русі першасным, “народным” словам у адрозненні ад штучнай назвы Расія (Россия), што распаўсюджваецца ў Масковіі з пачатку XVI ст. як слова высокага стылю непасрэдна пад уплывам грэч. Ρως, Ρωσσία ў асяроддзі, дзе валодалі грэчаскай мовай, з патрыяршай канцылярыі ў Канстанцінопалі (Фасмер, 3, 505). Чаргаванне е/і, імаверна, залежыла ад націску і адпавядала фанетычнаму чаргаванню, пазней знікламу, параўн. Еўла́мпіяЛампе́я, рус. ли́лиябел. ліле́я, падобна, як Індыяіндзеец, маглі ўтварыцца асабовыя формы Расіярасе́ец, расе́йка; параўн. таксама варажы́цьварожэ́я, варажэ́йка, падары́цьпадарэ́йка ’жабрак’ і інш. (Сцяцко, Афікс. наз., 36, 37). Пэўнай мадэллю маглі паслужыць жаночыя імёны тыпу Саламея, Пелагея, Надзея, суадносныя з мужчынскімі імёнамі на ‑ей, накшталт Цімафей, Аляксей. Гл. падрабязней Кур’ян, Роднае слова, 2005, 4, 24.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пот1 ’вадкасць, вылучаемая падскурнымі залозамі’, ’вільготны налёт на прадметах’ (ТСБМ: пух., бяроз., КЭС; драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.; Сл. ПЗБ, Ян., ТС, Бяльк.), ст.-бел. пот (Сл. Скар.), сюды ж путкі ’потны’ (Нас., Касп., Байк. і Некр.). Параўн. укр. піт, рус. пот, польск. pot, в.-луж. pót, чэш. pot, славац. pot, славен. pȏt, серб. по̏т, харв. pôt, балг. пот, макед. пот, ст.-слав. потъ ’тс’. Няма адпаведнікаў у балтыйскіх мовах. Агульнапрынятая этымалогія (Міклашыч, 260; Махэк₂, 474; Скок, 3, 17; Фасмер, 3, 343; Голуб-Копечны, 288; Шустар-Шэўц, 2, 1141; Бязлай, 3, 94) ад *pok‑/*pek‑ (што звязана з пячы, гл.) > *pok‑tъ (дзе ‑іь‑ — суфікс, як у мост, молат і пад.) > *potъ. Даслоўна азначае ’выпек’, ’вынік перагрэву’. Семантычна блізкія н.-луж. znoj ’пот’, ст.-слав. варъ/вара ’тс’.

Пот2 ’воск’ (Анох.). Звязана з уяўленнем пра тое, што воск так выдзяляецца ў пчол, як пот з цела чалавека: пчолы воск поцяць. Гл. пот1.

Пот3 ’рыжы, непрыдатны асадак у дзёгці’ (Бяльк.). Няясна. Магчыма, да под ’ніз’ (гл.)

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прые́мны ’які прыносіць задавальненне, радасць; прывабны’ (ТСБМ), прыёмны ’ветлівы; удзячны’ (Ян.), прые́мны, ’той, хто лёгка ўваходзіць у кантакт з людзьмі; кампанейскі’ (гродз., ЛА, 3), прыямне́йшы ’больш прыемны’ (дзятл., Сл. ПЗБ), прыёмны ’ветлівы; гасцінны’ (Сл. ПЗБ, ТС); таксама цікавыя прінёмчасты, прынёмцыстый ’тс’ (віц., гарад., ЛА, 3) з другасным узнаўленнем гістарычнага суф. ‑н‑, які асэнсоўваецца як пачатак займеннікавага кораня. Узыходзіць да прасл. *prijьmьnъjь, прэфіксальнага ўтварэння ад *jьmьnъjь з рэалізацыяй у заходніх і ўсходніх славян (ЭССЯ, 8, 230; параўн. Слаўскі, 1, 561 і SEK, 1, 346). Інакш ЕСУМ (2, 296), дзе ўсе вытворныя разам з зыходнымі формамі адносяцца да прасл. *imati. Польск. przyjemny ’прыемны’, чэш. příjemný, славац. príjemny, рус. дыял. прии́мный ’гасцінны, той, хто з ахвотай, ласкава, сардэчна прымае’, укр. приємний ’прыемны’, прийо́мний ’гасцінны’. Паводле Векслера (Гіст., 209), форма прые́мны запазычана з польск. przyjemny ’тс’, а лексема прыёмны — з рус. приёмный (там жа, 190); інакш Станкевіч (Зб. тв., 2, 156), які разглядае іх у агульным радзе з узае́мны, яе́чня, Трае́цкі, што проціпастаўляюцца рус. взаи́мный, яи́чница, Тро́ицкий. Гл. таксама пра бел. непрые́мны Унбегаўн, RÉS, 1929, 1–2, 19.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мярэжа, мерэжа, мярэжка ’ажурны ўзор, празрыстая вышыўка на тым месцы, дзе з тканіны выцягнуты ніткі’ (ТСБМ, Гарэц., Растарг., Мат. Гом., ТС); мярэжа, мярэжына, мерожа, мерэжа, мірэжа, мірожа, мярожа, мірожы ’рыбалоўная снасць з двума заходамі, нацягнутымі на абручы і злучанымі сценкай’ (ТСБМ, Крыв., Др.-Падб., Касп.; полац., З нар. сл.), ’сетка, конусападобна нацягнутая на палкі’ (Сл. ПЗБ; паўн.-усх., КЭС), іўеў. ’нерат з крыламі’ (Сцяшк. Сл.), ’лавушка, падобная да аднакрылага венцера’ (Паазер’е, Браім, 67), мерожа ’лазяны самалоў-пастка’ (Крывіцкі, Зб. Крапіве). Укр. мере́жа, рус. мерёжа, ст.-польск. mrzeża, каш. mřeža, чэш. mříže, ст.-чэш. mřiežě, славац. mreža, славен. mréža, серб.-харв. мре̏жа, макед., балг. мрежа, ст.-слав. мрѣжа. Прасл. mergi̯a (> merža ’рыбалоўная сеткай ’агароджа’), роднаснымі да якога з’яўляюцца лат. meȓga, maȓga ’парэнчы, рашотка, галерэя’, ’плот’, ’хор у царкве’, літ. márška ’невялікая рыбалоўная сетка’, marškiniaĩ ’кашуля’, ст.-грэч. βρόχος (< *μρόχος) ’сіло, вяроўка, пятля’, ірл. braig (< *mragi‑) ’ланцуг’, braga (< *mragant‑) ’вязень’ (Бернекер, 2, 38; Траўтман, 182; Мюленбах-Эндзелін, 2, 563; Фартунатаў, AfslPh, 4, 580; Фасмер, 2, 601; Бязлай, 2, 201). Сюды ж мерэжыць ’мярэжыць’, ’імжэць’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Наме́снік ’службовая асоба, што замяшчае кіраўніка’ (ТСБМ), ’удзельнік абраду з боку маладой, які сядзеў побач з ёй да прыезду дружыны жаніха’ (віл., З нар. сл.), ’аканом’ (Мал.), namiéśnik ’намеснік аканома ці карбовы’ (Пятк.), ’аканом у маёнтку’ (Арх. Федар.), параўн. глосу ў Скарыны: анфипатомъ//намесникомъ, укр. намі́сник ’намеснік’, рус. наме́стник ’тс’, польск. namiestnik, namiastek, ст.-чэш. naměstník, чэш., славац. náměstek ’тс’, н.-луж. namjašnik, славен. naniestnik, серб.-харв. на́месник, балг. наме́стник, макед. намесник, ст.-слав. намѣстьникъ ’намеснік’, ’пераемнік’. На падставе таго, што дзеяслоў *naměstiti, ад якога магло быць утворана слова, у славянскіх мовах не зафіксаваны, Львоў (Этимология–1979, 62) услед за Скокам (2, 438) мяркуе, што яно з’яўляецца семантычнай калькай з ням. Statthalter, што ўзнікла ў Маравіі ў час распаўсюджання хрысціянства ў IX ст., адкуль пісьмовым і вусным шляхам стала вядомым на іншых славянскіх землях у значэнні ’намеснік’, ’пераемнік’, ’прадаўжальнік’. Аднак наяўнасць слова ў народнай мове, у прыватнасці ў вясельным абрадзе, дзе яно несумненна паходзіць з прыназоўнікавага спалучэння *na město (намеснік да прыезду жаніха сядзеў на яго месцы побач з маладой), дапускае і іншы шлях утварэння слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Масля́к ’грыб Suillus luteus’ (ТСБМ, Янк. 2, Шат., Растарг., Сл. ПЗБ; уздз., Нар. словатв.), драг. масле́кь (КЭС, Жыв. сл.), укр., рус. паўн., смал. масля́к ’тс’; масле́нік ’тс’ (Жд. 1, Мат. Гом., Ян.), рус. паўн. ма́сленик, маслёник; ма́сленка ’тс’, ’Boletus flavus With.’, ’Boletus annulatus Pers.’ (Дэмб. 1, Грыг.), рус. смал., паўн., разан. ма́сленка, маслёнка ’масляк’, маслю́к ’тс’ (гродз.: беласт., маст., Сл. ПЗБ; ілун., Жыв. сл.; Мат. Гом., ТС, Ян.), маслюх ’тс’ (Бес.), рус. кур., урал. маслю́к ’тс’, масля́й ’тс’ (Янк. 2), рус. наўг., алан. масляй ’тс’, масля́н ’тс’ (барыс., Нар. словатв.), рус. усх.-сіб. масля́на ’баравік’; масля́нка ’масляк’ (Анік.), чэрык. масля́начкі (Бел. хр. дыял.), масля́т ’тс’ (касцюк., стаўбц., паст., талач., гом., Жыв. сл.). Укр. маслюк, рус. маслёнок, польск. maślak, н.-луж. butrowy grib (дзе butra ’масла’), чэш. máselník, máslenka, славац. masliak, máslnik, másník, máslik, máselník, maslák, máselňiak, máslač, maslovník, балг. ма́сленка. Паводле Махка₂ (353), грыб названы так таму, што яго мякіш мае такі ж жоўты колер, як масла, і яшчэ таму, што грыбы выкарыстоўваліся для змазкі колаў у калёсах замест масла (гл. Машынскі, Kultura, 1, 374).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паву́к1 (ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Бяссон., Мал., Гарэц., Яруш., Сл. ПЗБ), пау́к ’тс’ (Бір. дыс.). Рус. пау́к, дыял. па́вок, па́вка, укр. паву́к, ст.-рус. паукъ, ц.-слав. паѫкъ, польск. pająk, палаб. pójąk, славац. pavùk, в.-луж., чэш. pavouk, н.-луж. powk, балг. па́як, серб.-харв. па̏у̑к, славен. pâjok, pâvok. Прасл. paǫkъ, дзе pa — прыстаўка, а ǫkъ роднаснае грэч. ὄγκος, лац. uncus ’крывы гак’, ст.-інд. aηkás ’выгін, крук’ і г. д. Такім чынам, paǫkъ — ’істота з закрыўленымі нагамі’. Гл. Махэк, 439; Фасмер, 3, 219 (там жа і інш. літ-ра). Інакш Брукнер (350), які выводзіць з pa‑ і кораня onk‑ (параўн. літ. añka ’вузел’), enk‑ (параўн. рус. ячея, ячейка ’вока ў сеці’, бел. вячай (гл.). Тады семантычнай матывацыяй магло б быць ’той, хто пляце петлі, сетку’.

Паву́к2 ’паўлін’ (Нас., Гарэц., Шат., Сцяшк.), пау́к ’тс’ (Федар. 1). Ад пав‑ (гл. пава) з суф. ‑ук. Форма паук, відавочна, у выніку змяшэння з павук, паук ’павук’. Параўн. яшчэ укр. паву́к, паву́н, паву́р ’паўлін’.

Паву́к3 ’род рыбалоўнай снасці’ (ТСБМ, абл.). Да павук1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)