Наме́снік ’службовая асоба, што замяшчае кіраўніка’ (ТСБМ), ’удзельнік абраду з боку маладой, які сядзеў побач з ёй да прыезду дружыны жаніха’ (віл., З нар. сл.), ’аканом’ (Мал.), namiéśnik ’намеснік аканома ці карбовы’ (Пятк.), ’аканом у маёнтку’ (Арх. Федар.), параўн. глосу ў Скарыны: анфипатомъ//намесникомъ, укр. намі́сник ’намеснік’, рус. наме́стник ’тс’, польск. namiestnik, namiastek, ст.-чэш. naměstník, чэш., славац. náměstek ’тс’, н.-луж. namjašnik, славен. naniestnik, серб.-харв. на́месник, балг. наме́стник, макед. намесник, ст.-слав. намѣстьникъ ’намеснік’, ’пераемнік’. На падставе таго, што дзеяслоў *naměstiti, ад якога магло быць утворана слова, у славянскіх мовах не зафіксаваны, Львоў (Этимология–1979, 62) услед за Скокам (2, 438) мяркуе, што яно з’яўляецца семантычнай калькай з ням. Statthalter, што ўзнікла ў Маравіі ў час распаўсюджання хрысціянства ў IX ст., адкуль пісьмовым і вусным шляхам стала вядомым на іншых славянскіх землях у значэнні ’намеснік’, ’пераемнік’, ’прадаўжальнік’. Аднак наяўнасць слова ў народнай мове, у прыватнасці ў вясельным абрадзе, дзе яно несумненна паходзіць з прыназоўнікавага спалучэння *na město (намеснік да прыезду жаніха сядзеў на яго месцы побач з маладой), дапускае і іншы шлях утварэння слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)