Нехлямя́жы ’неахайны, брудны, апушчаны’ (Сержп. Грам.; навагр., Нар. сл.), ’неакуратны, няскладны, няўдалы, абы-які’ (Сл. ПЗБ), ’непаваротлівы, няздольны’ (Бяльк.), нехлямʼя́жы ’несамавіты, непрывабны’ (ТС). Хутчэй за ўсё балтызм або прыметнік, утвораны ў беларускай мове на базе балтыйскага слова, пра што сведчаць геаграфія і фанетычныя варыянты з чаргаваннем к/х: ніклямяжы, ніклімажы (глыб., брасл., Сл. ПЗБ), параўн. літ. klem̃šinti, klemšióti ’няўклюдны ісці’. Не выключана таксама, што ў аснове народнае ўтварэнне тыпу ⁺хлямяга, параўн. ніклямяга ’няўклюда’ ніхлямяга ’няўдалы чалавек’ (Сл. ПЗБ), ад гукапераймальных хлямаць ’гучна есці’, хлэ́маць ’няўклюдна ісці’ і пад.; у абодвух выпадках не- мае ўзмацняльны характар, параўн. магіл. ха́лепа/неха́лепа ’дрэннае надвор’е’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Маладосць, моладасць, моладась, мо́лодосць ’маладыя гады жыцця’, ’уласцівасць маладога’ (ТСБМ, Гарэц., Нас., Шат., Растарг., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. мо́лодість, рус. мо́лодость, польск. młodość, н.- і в.-луж. młodosć, чэш. mladost, славац. mladosť, славен. mladóst, серб.-харв. мла̏дост, макед., балг. младост. Цэйтлін (Лексика, 22) дапускае, што ў ст.-слав. мове было слова младость са значэннем ’ранняе дзяцінства’, параўн. серб.-харв. мла́дити ’народжваць дзіцянят’, харв. mladíti ’тс’, н.-луж. ga sy ty młody? ’калі ты нарадзіўся?’. На бел. моўнай тэрыторыі гэта лексема мае кніжны характар. У ст.-рус. мове младость азначала ’дзяцінства’, а значэнне ’маладосць’ у рус. мове зафіксавана толькі ў 1704 г. (Палікарпаў).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жаві́на, жаві́ны, жаві́кі ’ажына’ (Кіс., Касп., Бяльк., Юрч.; лельч., Жыв. сл., 210), жаві́ніна ’ягада ажыны’, жаві́ннік ’ажыннік’ (Юрч., Яўс.). Усечаная без пачатковага галоснага слав. назва ажыны *ož‑ev‑ina > бел. ажавіна, ажэвіны (Шат., Кіс.) і *ož‑ev‑ika > рус. ежевика ад *ožь ’вожык’. Суф. *‑in‑ часта выкарыстоўваецца ў назвах ягад: журав‑ін‑ы, аж‑ын‑а, кал‑ін‑а, першасна, магчыма, у сінгулятыўным значэнні (гл. ажы́на). У рус. дыялектах сустракаецца форма са стратай пачатковай галоснай: жевика, жевига, жеваника, жевинина (СРНГ). Параўн. Шанскі, 1, Е, 253 (дзе памылковае сцвярджэнне пра толькі ўсх.-слав. характар слова: Махэк (Jména rostl., 101) прыводзіць чэш. ježina, польск. jeżyna).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Лабжэ́нне ’цалаванне’ (Нас.), ст.-бел. лобызати (XVII ст.), ст.-слав. лобъзати, лобызати ’любіць, адносіцца па-сяброўску, цалаваць’ (параўн. яшчэ рус. лабзить ’падлізвацца, ліслівіць’, лсібза ’ліслівец’, укр. лабза, лабзюк ’жабрак’, чэш. labužiti ’ласавацца’), якое з’яўляецца роднасным да лац. lambd, -ere ’лізаць’, ст.-в.-ням. laffen ’тс’ < і.-е. *lāb- (*labh/ lap(h) ’сёрбаць, хлябтаць’, ст.-англ. lapian ’піць, хлябтаць’ (Бернекер, 1, 726: Мее, MSL, 16, 242; Фасмер, 2, 508). Апаматапеічнае (Скок, 2, 312). Суф. ‑ъг‑/‑yz‑ мае экспрэсіўпы характар (Махэк₂, 316), што выклікала шырыню семантыкі. На беларускай тэрыторыі адбыўся пераход з > ж (гл. Кар скі, 1, 358).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ако́рак ’костка з абрэзанага свінога кумпяка’ (Сцяшк. МГ) да прасл. korkъ ’нага’ (балг. крак нага’), o‑korkъ ’тое, што вакол нагі’. Параўн. укр. окорок, рус. окорок, балг. крак ’нага’, серб.-харв. кра̑к, славен. krak ’тс’, kraka ’нага свінні’. Бліжэйшыя індаеўрапейскія паралелі: літ. kárka ’плечавая частка (у свінні)’, алб. krah ’плечавая частка’. Траўтман, 118; Мейер, 203; Бернекер, 1, 571–572; Трубачоў, ZfSl, 4, 1959, 83; Чабэй, SF, 1964, 1, 75. У апошні час даведзены праславянскі характар гэтага слова: серб.-харв. (кайк. і чакаўск.) okrak (славенец прыклад хутчэй адносіцца да кайкаўскай зоны). Гл. Гадравіч, ZfSl, 1, 1956, 655.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ачу́ціць ’прывесці ў прытомнасць, ажывіць’ (КСП, Сцяц., Сцяшк.), ачу́ніцца ’апрытомнець’ (Янк. I), укр. очу́тити ’прывесці ў прытомнасць’, рус. тул. ачю́тытца ’апрытомнець’, польск. ocucić ’прывесці ў прытомнасць’, ц.-слав. ощутити ’адчуць’, ст.-слав. оштоутити ’пазнаць, адчуць’. Звязана чаргаваннем галосных з ачнуцца; прасл. ot‑jutiti (sę), шляхам дэкампазіцыі ўспрынятае як o‑tjułiti (sę); адпавядае літ. atjaũsti ’спачуваць’ ад jaũsti, jaučiù ’адчуваць’, гл. Махэк, Studie, 41. Няроднаснае да чуць, чую, бо ў апошнім ч‑ мае праславянскі характар, а не з tj‑, гл. Фасмер, 3, 179; Слаўскі, 1, 108. Формы з націскам на канцы развілі значэнне ’апынуцца’, параўн. ачуці́цца ’аказацца, апынуцца’, укр. очути́тися, рус. очути́ться.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Або́е (БРС), абоі ’абодва’ (Шат., Касп., КЭС). Параўн. абодва. Адна з дзвюх праславянскіх форм з і.-е. паралелямі: рус. обое, ст.-рус. обои, ст.-слав. обо, ст.-чэш. oboj, літ. abeji, лат. abejì, ст.-прус. abbai, abbaien, гоц. bai, ст.-інд. ubháyam, Фасмер, 3, 104. Форма, якая адпавядае бел. абодва, на славянскім грунце больш пашырана, але мае балта-славянскі інавацыйны характар (гл. абодва). Абоі — гэта індаеўрапейскі архаізм, які захаваўся толькі ў некаторых славянскіх мовах, у тым ліку старажытнапісьмовых (стараславянскай, старажытнарускай і старажытначэшскай). Той факт, што гэта слова сустракаецца ў гаворках цэнтральнай часткі Беларусі, сведчыць, што яно спрадвечнабеларускае, а не запазычанне з рускай.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Зуй 1 ’адыход пры часанні воўны’ (карэліц., Жыв. сл.). Ці не з літ. zuĩkis ’заяц’, паколькі заяц між іншым ’раменьчык, з дапамогай якога звязваюць часткі хамута’ ў рус. гаворках, сумежных з БССР. Але гэта мала верагодна. Звязана з зуёк (гл.)? Няясна.
Зуй 2 ’хітры; кволы чалавек’ (Касп.). Рус. зуй, арханг., пенз. ’рухавае, жвавае дзіця’, перм. ’бойкі чалавек’, зах.-бранск. ’пануры, маўклівы чалавек’, ярасл., калуж. ’хітры чалавек, зух’. Розныя значэнні і шырокая тэрыторыя распаўсюджання не даюць пэўна выдзеліць цэнтральную сему (рухавасць?) і паставіць пытанне пра запазычаны характар слова (літ. zuĩkis ’заяц’, zùiti ’рухацца, шукаць’?). Ці звязана з зуёк? Параўн. зух. Няясна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Касцы́ ’пояс Арыёна’ (Касп., Сцяшк. МГ, Сл. паўн.-зах.). Параўн. для абазначэння сузор’я Арыёна польск. дыял. kosarze, kosiarze, kośniki, kośce, рус. дыял. косари́, укр. дыял. косарі́, славац. дыял. kosci, рус. дыял. косцы́, серб.-харв. kòsci, славен. kosci (Слаўскі, 2, 521). Для абазначэння сузор’я Арыёна ў польск. мове ўжываюцца таксама назвы: Kosa (часцей у мн. ліку Kosy), Skosy. У ст.-чэш. мове было Kosa, Kosy (сёння дыял.), таксама ў славац. і г. д. Дакладны агляд у Слаўскага, там жа, 516–517. Падрабязна ў Махэка₂, 280, які ўказвае на заблытаны характар назвы ў чэш. мове, якая адносілася да розных сузор’яў і іх частак.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кашча́вы ’схуднелы, высахлы, з выступаючымі касцямі’ (ТСБМ), ’худы, кастлявы’ (Сл. паўн.-зах., 2). Рус. дыял. коща́вий ’тс’, ст.-рус. кощавий, укр. коща́вий, ст.-славац. koštavý, славац. (дыял.) košťavý ’тс’, балг. (дыял.) ќошчаф ’упарты’, серб.-харв. ко̏штав ’кастлявы, худы’. Прыметнік, утвораны суфіксам *‑javъ ад слова *kostь ’косць’. Звяртае ўвагу тое, што лексема ў слав. арэале мае прыкметы дыял. характар. Калі на ўсх.-слав. тэрыторыі слова *koščav(jь) вядома ва ўсіх трох усх.-слав. мовах, то ў зах. славян яго ведае толькі славац. мова, а ў паўдн. — толькі балг. і серб.-харв. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 11, 186. Параўн. кашчу́нства, кашчэ́й.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)