патае́мны, ‑ая, ‑ае.

Скрыты ад іншых, схаваны. Атрад пераходзіў на новае месца, а ў старым лагеры пакідаў або вопытных праваднікоў, або ў патаемным месцы запіску, у якой паведамлялася, дзе цяпер атрад. Няхай. У лесе Коля ўзлезе на любое дрэва, ён умее падрабіць голас кожнай птушкі, умее знайсці самае патаемнае гняздзечка. Васілевіч. // Тайны, сакрэтны. У малой зале замкавы суд збіраўся толькі на асабліва патаемныя працэсы. Караткевіч. Піліпка гаварыў ціха, стрымліваючы хваляванне. Яму даручаюць нейкую патаемную справу. П. Ткачоў. Ужо ідзе патаемная размова паміж дзецьмі — каб употай ад маці гадаваць .. [кацянят]. Карпюк. // Які тоіцца глыбока ў душы, запаветны, дарагі. Аднак калі дружба наша стала такой, што можна было даверыць адзін аднаму самыя патаемныя думкі, я адкрыў сваю мару. Шамякін. Ігнась зноў, як і летась, выказаў мацеры сваю патаемную думку: ён пойдзе ў школу. Мурашка. // Загадкавы, таямнічы. Нешта трывожнае і патаемнае рабілася ў вёсцы. Мужыкі збіраліся ў кучкі, спрачаліся між сабой і талкавалі. Як толькі з’яўляўся старшыня ў гэтую кучку, яны змаўкалі або пачыналі гаварыць аб чым-небудзь другім. Колас. Усё навокал было зімовае, золкае, але па-свойму прыгожае і крыху патаемнае. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паці́ху, прысл.

1. Нягучна, ціха. [Вучні] баязліва тапталіся, азіраліся, а некаторыя паціху пыталі ў бабкі: — А што, бабка, ён [настаўнік] сярдзіты? Колас. Мікола паціху загадаў: — Кладзіся! — і сам адпоўз за куст. Шчарбатаў. // Ледзь-ледзь, злёгку. Над галавой паціху шумелі сосны, мігацела зоркамі чорнае неба. Асіпенка. // Асцярожна, стараючыся не рабіць шуму. Паціху, каб не пабудзіць старых, .. [Паходня] пасунуўся быў у свой пакой, але на печы пачуўся шорах і потым голас гаспадыні. Хадкевіч. // Асцярожна, злёгку. Таццяне здалося, што камісар задрамаў, і яна нахілілася і паціху дакранулася рукою да яго пляча. Шамякін.

2. Павольна, не спяшаючыся. Спачатку ішлі паціху, затым камандзір загадаў падцягнуцца. Жычка. Іван паціху наламаў ядлоўцу і густа падаслаў пад бок. Новікаў. Дый чарвячка не грэх было ўжо замарыць. Паціху Касцёр расклалі пад старой Сасной. Корбан. // Мала-памалу, непрыкметна. Праз мост пантонны полк ішоў да рання, Не бачачы, што ён паціху тоне. Гаўрусёў. Лагер лесарубаў паціху засыпаў. Машара. // Спакойна, без хваляванняў. [Стараста:] На ліха я ў старасты пайшоў, паціху сядзеў бы, свой кавалак хлеба маючы. Самуйлёнак.

3. Употай, непрыкметна для каго‑н. Кузьма паціху ў вус пасмейваецца, сам сабе хітра падміргвае і ўголас гаворыць: — Нічога, прывыкнеш, Настачка! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскашава́цца, ‑шуюся, ‑шуешся, ‑шуецца; заг. раскашуйся; незак.

Разм.

1. Жыць у раскошы, мець усяго ў дастатку. [Шэмет:] — Я ведаю, што табе цяжка. У цябе дзяцей поўная хата. А хто, скажы, некалі раскашаваўся, калі трэба было хату ставіць? Лобан. Ведама, і сябе не крыўдзіць [Мікалай Мікалаевіч]. Хто там важыў, колькі жыта ўрадзіла; .. хто лічыў, колькі свіней закалолі. От і раскашуецца. Грахоўскі. // Дазваляць сабе што‑н. лішняе, звыш патрэбы. — Ну, добра, дзядзька Клеманс... Толькі там не надта раскашуйся! — Не бойся, я лішняга [лесу] не ссяку. Чарнышэвіч.

2. і (рэдка) зак. Жыць (пачаць жыць) або размяшчацца (размясціцца) дзе‑н. вельмі свабодна, на вялікай плошчы. «Цесната. Не вельмі яны тут раскашуюцца», — падумала Яніна, але ўраз жа ўспомніла пра чаканую новую кватэру. Марціновіч. Да Мінска Міхед раскашаваўся адзін, а ў Мінску ў купэ зайшлі мужчына з дзвюма жанчынамі, з выгляду калгаснікі. Сабаленка. // Расці (парасці) буйна, на прыволлі. Там [на пустыры] нават трава людская не расце. Адзін, сівец з быльнягом толькі раскашуюцца ўлетку. Якімовіч. Было ціха і спакойна, густа пахла .. тарфяным пылам, крапівой, якая раскашавалася пад платамі. Кудравец. Рэдка пасеюць — раскашуецца, забуяе; густа — таксама не разгубіцца, уверх пачне расці. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уздрыгну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Здрыгануцца; задрыжаць. Стары ўздрыгнуў. Яму здалося, што запыталіся ўсе трое разам. Лупсякоў. Адкрыў [Мікола] вочы і ўвесь уздрыгнуў ад радасці — перад ім стаяла Маечка. Краўчанка. Бусел, які дагэтага стаяў нерухома, уздрыгнуў і хутка паклыпаў насустрач. Аляхновіч. / Пра часткі цела, голас і пад. Але голас .. [Фені] сцішэў і прыкметна ўздрыгнуў. Ракітны. У .. [выкладчыка] ўздрыгнуў левы край рота і левае вока, ён адышоўся і не прамовіў ні слова. Ермаловіч. Уздрыгнулі шырокія бровы, страпянуліся вейкі. Глебка. // перан. Затрымцець. Былі сярод прачытаных слоў і незразумелыя, але сэрца ўздрыгнула, нібы адчула важнасць таго, што даручыў .. [Мані] брат. Місько.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Тое, што і уздрыгнуцца (у 2 знач.). [Каця] ўключыла матор. Трактар уздрыгнуў і пачаў паволі рухацца. Чарнышэвіч. Шыбы ўздрыгнулі ціха і тонка. Арочка. Пракаціўся гром — аж зямля ўздрыгнула. Мыслівец. // Ускалыхнуцца, гайдануцца (пра агонь, полымя і пад.). Полымя на экране ўздрыгнула і патухла. Гамолка. Раз раніцой, калі ўсміхнулася сонца з-за лесу і дзед Панкрат выйшаў з хаты запрагаць сівага,.. — уздрыгнула нешта паветра, нібы хто кашлянуў чыгунным горлам дзесьці далёка-далёка. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фо́ртка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Шкляныя дзверцы ў акне для праветрывання памяшкання. [Сідараў] пашукаў у кішэнях, дастаў некалькі зярнятак. Адчыніў фортку і высыпаў іх на падаконнік. Хомчанка. Ад акна несла холадам, тут хадзіў вецер, — нехта забыўся зачыніць фортку. Адамчык. // Акенца ў дзвярах, сцяне (для назірання і пад.). А з вокнаў адзіночак сочаць вязні і чакаюць: загрыміць ці не загрыміць фортка ў дзвярах іх камеры. Машара.

2. Невялікія дзверы ў варотах, агароджы; веснічкі. Ліпка стаяла ў адчыненай фортцы зялёнага плота і глядзела туды, за шашу. Брыль. Зайшоў [дзед] праз фортку на двор і сам адчыніў браму. Якімовіч. // перан. Выхад з якога‑н. становішча; магчымасць зрабіць што‑н. У апошніх словах Грушкі для.. [мужчын] адкрылася фортка, каб выступіць канчаткова з патрабаваннем зацвердзіць план. Пестрак.

3. Створка дзвярэй, варот, акон і пад. Клямка ціха бразнула, і дзве цяжкія форткі варот павольна расхінуліся. Крапіва. [Адам] саскроб рыдлёўкай закарэлую гразь на ганку, з-за якой не магла на ўсю шырыню адчыняцца фортка дзвярэй. Чорны.

4. Разм. Акно (у 3 знач.). Пасля першага ўрока ў Святланы Мікалаеўны была «фортка». Шахавец.

[Польск. furta, furtka — брамка, веснічкі.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тлець, тле́цца ’гніючы, разбурацца’, ’гарэць без полымя’, ’гніць, трухлець, парахнець’ (ТСБМ, Гарэц., Некр. і Байк.), ’гарэць без полымя’; ’гніць’, (Ласт., ТС), tly ’бедаваць, цярпець нястачу’ (Федар. 4), тлі͡еті ’гніць, слаба гарэць’ (Вруб.), ст.-бел. тлети ’тс’ (XV ст., КГС), сюды ж тліць ’ператвараць у прах’ (Нас.). Укр. тлі́ти ’гнісці, распадацца, разбурацца’, рус. тлеть ’тс’, ’гарэць без полымя’, польск. tleć ’тс’, н.-луж. tłaś ’гнісці, разбурацца’, в.-луж. tłać ’тс’, чэш. tlít ’гнісці; павольна гаснуць’, славац. tlieť ’павольна гаснуць, тлець’, славен. tlétiціха без полымя гарэць; гнісці, распадацца’, макед. тлее ’гаснуць’, балг. тле́я ’гарэць без полымя; гнісці’, ст.-слав. тьдѣти ’тлець, гнісці, псавацца, гінуць’. З прасл. *tьlěti ’тлець’, звязанага з *tьliti ’губіць, псаваць’ і роднаснага да лат. tilt ’мякчэць, выбельвацца (пра лён)’. Лічаць верагоднай і сувязь з літ. tìlti ’сціхаць, замаўкаць’, tylė́ti ’маўчаць’, tylùs ’ціхі, маўклівы’, грэч. τέλμα ’калюжа, балота’, τελμίς ’гніль, твань’, арм. tełm, tiłm ’глей, гразь’, і.-е. *tel‑ ’быць ціхім’. Мартынаў (Язык, 30–31, 88) лічыць прасл. *tьlěti роднасным да *tьlo ’апрацаваная (выпаленая) зямля’, якое параўноўваецца з прагерм. tila, гоц. til ’урадлівая зямля’, асец. tillaeg ’ураджай’; паводле Куркінай (Этнолингвистика, ономастика, этимология. Екатеринбург, 2009, 151), *tьlo ’тс’ ад *tьlěti ’гарэць без полымя’, параўн. рус. дыял. тлиль ’выпаленае месца ў лесе’, ’выпалены ўчастак ў лесе, што засяваецца і дае добры ўраджай’, якое суадносіцца з серб.-харв. тљати ’спаць’, адсюль развіццё прыметы ’слабое праяўленне дзеяння, працэсу’ ў ’гарэць без полымя’. Фурлан (Бязлай, 4, 187) на падставе тло н. р., да тла: дровы догорѣли до тла (Нас.), ст.-слав. тьло, тьлꙗ ’цвёрдая зямля’, стараж.-рус. тьло ’зямля; под’ выводзіць адназоўнікавыя дзеясловы прасл. *tьlěti, *tьliti, роднасныя прасл. *toliti ’заміраць, супакойваць’ (гл. таліць1). Гл. яшчэ Фасмер, 4, 64; Махэк₂, 645; ЕСУМ, 5, 583; Борысь, 634 (адназоўнікавы дзеяслоў з семантыкай ’ператварацца ў зямлю’); Жураўлёў, Язык и миф, 110–111.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ла́гер, ‑а, м.

1. Часовая стаянка войска ў палявых умовах, а таксама войска, размешчанае такім чынам. Чуўся ціхі шум ротнае лагера ў ляску, ціха гулі галасы. Чорны. Калі Шутаў вярнуўся ў брыгадны лагер, было ўжо за поўнач. Мележ. // Сталае месцазнаходжанне партызан, паўстанцаў. Чорныя праталіны ля зямлянак партызанскага лагера курыліся парай. Лынькоў.

2. Часовае пасяленне, стаянка каго‑, чаго‑н. Лагер лесарубаў прачнуўся з усходам сонца. Машара. Пасялілі [Валерыя] у лагеры палатак, разам з іншымі будаўнікамі. Б. Стральцоў. Прыкованы вочы, увага мільёнаў Да лагера Шміта на здрадлівым лёдзе. Колас. // Летнія загоны для жывёлы паблізу пашы. — Пакуль свінарнік пабудуем, будзем трымаць маладняк у лагерах, — прапанаваў адзін [член праўлення]. Сергіевіч.

3. Месца ўтрымання ваеннапалонных ці зняволеных. Вясной .. акупанты прадбачліва сталі збіраць сейбітаў. Каб загнаць іх за браты лагераў і там замарыць ці завезці ў Нямеччыну. Брыль. Праз некалькі дзён Ляксея судзілі. Яму далі год і адправілі некуды ў лагер. Ермаловіч.

4. перан. Грамадска-палітычная групоўка; калектыў людзей, аб’яднаных адзінствам поглядаў, перакананняў. Лагер міру і сацыялізма. □ Міхалка падзяліў людзей сваёй ваколіцы на два лагеры — на ворагаў і прыяцеляў савецкай улады. Бядуля.

•••

Канцэнтрацыйны лагер — месца масавага зняволення і знішчэння барацьбітоў за дэмакратыю і сацыялізм, ваеннапалонных і інш.

Піянерскі лагер — выхаваўча-аздараўленчая ўстанова для піянераў і школьнікаў у СССР.

[Ням. Lager.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

моц, ‑ы, ж.

1. Трываласць, мацунак. Моц тканіны. □ [Масладуда:] — Зрабіць якую рэч з жалеза — не хітрая штука. Жалеза само па сабе моц мае. Лынькоў.

2. Фізічная сіла. Моц мускулаў. □ Чалавек прагна піў ваду, і з кожным глытком яе да яго нібы варочалася страчаная моц. Лынькоў. З кароткіх рукавоў .. шэрай світкі тырчалі доўгія мазольныя рукі, і ў іх адчувалася моц. Чарнышэвіч.

3. Праяўленне чаго‑н.; сіла, ступень гэтага праяўлення. Голасам моцы, ціха і важна Гром пракаціўся ўгары. Колас. Сонца яшчэ не набралася моцы. Беразняк.

4. Магутнасць, аўтарытэт, сіла. Моц савецкай дзяржавы. □ Зачараваныя глядзім На сілу, моц сваёй радзімы, Што ззяе полымем жывым. Танк. // Здольнасць уздзейнічаць; сіла ўздзеяння. [У працы над роллю Благса] я пазнаў моц ўяўлення і фантазіі — іх месца ў творчасці акцёра. Сяргейчык. Шчыра веру я ў моц пажадання. Дзяргай. // перан. Духоўная стойкасць. Моц душы.

5. Насычанасць, канцэнтрацыя. — Вось летась быў у мяне тытунь, той, праўда, меў моц. Зацягнешся — дух займае. Пальчэўскі.

6. У спалучэнні з асабовай формай дзеяслова, прыметніка або займенніка (часцей з прыназоўнікам) выражае найвышэйшую ступень праяўлення дзеяння. Крычаць на ўсю моц. □ Лілося святло з вокнаў вакзала, на поўную моц гарэлі ліхтары. Васілёнак. Міхась з усяе моцы бразнуў дзвярыма. Савіцкі.

•••

Як (колькі) моцы стае гл. ставаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. што, на што і без дап. Стварыць ціск, налегчы цяжарам. Недзе там далёка наверсе дзяжурны механік націснуў кнопку, і клетка нячутна паплыла ўгору. Кулакоўскі. [Раманенка] ціха, быццам крадучыся, націснуў на дзверы, і яны без скрыпу адчыніліся. Шамякін.

2. чаго. Выціскаючы, здабыць у якой‑н. колькасці. Націснуць соку з журавін.

3. на каго-што і без дап. Зрабіць націск (у 3 знач.). Націснуць на ворага з флангаў.

4. перан.; на каго-што і без дап. Прымусіць або схіліць каго‑н. да якога‑н. дзеяння. Націснуць на адміністрацыю. Націснуць на пастаўшчыкоў.

5. перан.; на што і без дап. Разм. Энергічна ўзяцца за што‑н. [Мельнік:] — Я б на тваім месцы, Коля, націснуў бы на вучобу! Карпюк.

6. на што і без дап. Вымаўляючы, зрабіць лагічны націск. — Ты гэта што? Смяяцца ўздумаў над начальствам? — закрычаў зноў старшыня і націснуў на слова «начальствам». Чарот. Стафанковіч.. сарваў з.. вешалкі нейкую старую вопратку і падаў Любе. — Каб дождж не прамачыў вашага дзіцяці (на слова «ваша» ён вельмі націснуў). Гэтая адзежына мне не патрэбна. Чорны.

7. што. Разм. Нацерці мазоль (мазалі).

•••

Націснуць на (усе) кнопкі (педалі) — выкарыстаць усе магчымасці для дасягнення чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прычыні́цца 1, ‑чынюся, ‑чынішся, ‑чыніцца; зак.

1. да чаго. Паслужыць, стаць прычынай чаго‑н.; пасадзейнічаць чаму‑н. Думка.. [Рыгора] гэтакая, што гэта Мікалай прычыніўся да развалу яго сям’і. Чорны. Самаадданая праца Сапунова шмат у чым прычынілася да развіцця на Віцебшчыне ў першыя ж гады пасля рэвалюцыі шырокай сеткі краязнаўства, радзімазнаўства, светазнаўства. Ліс.

2. да чаго. Стаць саўдзельнікам якой‑н. справы, прыняць удзел у чым‑н. Сярод людзей, якія паклалі тытанічную працу над выяўленнем мастацкіх здабыткаў беларускага народа і тым самым прычыніліся да паўнейшага раскрыцця духоўнага вобліку беларуса перад усім светам, адно з пачэсных месц належыць Міхалу Федароўскаму. Саламевіч. У галіне музычнай культуры да збліжэння польскага і рускага народаў у значнай меры прычыніліся Глінка, Даргамыжскі, Сяроў і Кюі — з рускага боку, з польскага — у першую чаргу трэба назваць Станіслава Манюшку. Шырма. // Далучыцца да чаго‑н., пачаць прымаць удзел у чым‑н. Лагодна пасмейваючыся, да размовы прычыніўся Канстанцін Міхайлавіч: — Куды нам, Янка, цягацца з імі. Лужанін.

3. Здарыцца, адбыцца. Прычынілася бяда.

прычыні́цца 2, ‑чыніцца; зак.

Зачыніцца няпоўнасцю, няшчыльна. Алесь прыўзняўся, заўважыў, што фортачка прычынілася, піхнуў яе на двор, і на яго расхрыстаныя грудзі ціха дыхнула прахалодай. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)