БРА́ГЕ (Brahe) Ціха

(14.12.1546, Кнудструп, Швецыя — 24.10.1601),

дацкі астраном, рэфарматар практычнай астраноміі. Вучыўся ў Капенгагенскім і Лейпцыгскім ун-тах. У 1576 пабудаваў абсерваторыю Ураніборг, дзе больш за 20 гадоў сістэматычна з найвышэйшай дакладнасцю вызначаў месцазнаходжанне зорак на нябеснай сферы. Адкрыў дзве няроўнасці ў руху Месяца, даказаў, што каметы — нябесныя целы, больш далёкія за Месяц. Склаў каталог зорак, табліцы астр. рэфракцыі і інш. Яго назіранні Марса далі магчымасць І.Кеплеру ўстанавіць законы руху планет.

Літ.:

Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966. С. 219.

т. 3, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ДЭРМЕЕР , бідэрмаер (ням. Biedermeier, Biedermaier), кірунак, які развіваўся пераважна ў ням. і аўстр. мастацтве каля 1815—48. Назву атрымаў пазней ад выдуманага прозвішча ням. абывацеля з цыкла вершаў Л.Айхрота «Biedermaiers Liederlust» (1850). Для бідэрмеера характэрна перапрацоўка формаў ампіру (пераважна ў інтэр’еры і дэкар.-прыкладным мастацтве) у духу інтымнасці і хатняй утульнасці. У жывапісе бідэрмеер спалучаў адгалоскі рамантызму з цікавасцю да простага чалавека — маленькіх радасцяў дробнага буржуа, штодзённага побыту бюргераў і сялян, да прыроды, таму часам творы майстроў бідэрмееру адносяць да «ранняга рэалізму». Жывапісныя творы адметныя невял. фарматам, карпатлівым выпісваннем дэталяў. Разам з тым у мастацтве бідэрмееру адчуваецца тэматычная вузкасць, ідэалізацыя ціха-мірнага, пераважна сямейнага побыту (жанравыя партрэты Г.Ф.Керстынга, бытавыя ідылічныя сцэны на фоне пейзажу Л.Рыхтэра, эпізоды з жыцця дзівакоў К.Шпіцвега, інтымныя жанравыя карціны І.П.Газенклевера, замалёўкі вулічных сцэн Ф.Кругера). Тыповымі майстрамі бідэрмееру былі аўстр. жывапісцы М. фон Швінд і Ф.Вальдмюлер. Блізкая да бідэрмееру творчасць дацкіх мастакоў К.Кёбке і К.В.Экерсберга.

Літ.:

Geismeier W. Biedermeier. Leipzig, 1979.

т. 3, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГАЭ́Д

(ад грэч. logaoidikos празаічна-вершаваны),

1) від ант. верша, у радках якога чаргаваліся ў строгай паслядоўнасці розныя паводле характару стопы.

2) Від сілаба-танічнага верша, у якім няма метрычнай аднароднасці, аднак існуе рытмічная аднароднасць вершаваных радкоў. У сучаснай сілаба-тоніцы вылучаюцца 3 разнавіднасці Л.: стопны, радковы і строфны. У стопным Л. на адным і тым жа месцы вершаваных радкоў (найперш у 3-складовых стопах) выпадаюць 1 ці 2 ненаціскныя склады (знешне ствараецца ўражанне, што верш напісаны рознымі стопамі). Ужываецца найчасцей у перакладах ант. твораў або ў імітацыях ант. памераў. У радковым Л. ў пэўнай паслядоўнасці чаргуюцца радкі розных метраў, напр., чаргаванне 3-стопнага амфібрахія з 2-стопным дактылем:

Спачатку яно шалясцела
Вельмі нясмела,
А потым лізнула аконца
Ціха, як сонца.
(Я.Купала. «Безназоўнае»).

У вельмі рэдкім строфным Л. ў пэўнай паслядоўнасці чаргуюцца строфы, напісаныя розным метрам (напр., верш П.Панчанкі «Пры святле маланак»). Лагаэдычныя радкі робяць сілаба-танічны верш рытмічна больш разнастайным, рухомым, што памагае больш поўна выявіць паэт. сэнс твора.

В.П.Рагойша.

т. 9, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯЛЕ́НДЗІК Анатоль Андрэевіч

(н. 4.3.1934, в. Кулакі Салігорскага р-на Мінскай вобл.),

бел. драматург. Скончыў Мінскі мед. ін-т (1957), Літ. ін-т імя М.Горкага (1969). У 1943 разведчык у партыз. атрадзе. Працаваў урачом-псіхіятрам. У 1968—80 на кінастудыі «Беларусьфільм». Друкуецца з 1955. Першы зб. гумару і сатыры «Пагібель «Тытаніка» (1963). Аўтар драм «Выклік багам» (паст. 1965), «Грэшная любоў» (паст. 1967), «Начное дзяжурства» (паст. 1970), «Гаспадар» (паст. 1984), камедый «Абы ціха» (1964), «Амазонкі» (паст. 1972), «Аперацыя «Мнагажэнец» (паст. 1974), «Гіпапатам» (1981), «Аўкцыён» (паст. 1988),«Дурнічка» (паст. 1996), «Султан Брунея» (паст. 1997), «Заморскі жаніх» (паст. 1998), шэрагу аднаактовых п’ес. Напісаў сцэнарыі тэлефільмаў «Спазнай сябе» (1972), «Блакітны карбункул» (1979), маст. фільмаў «Заўтра будзе позна» (з М.Крно, 1973), «Нязручны чалавек» (1985), «Ваўкі ў зоне» (1990), радыёп’ес. Асн. тэмы твораў Дз. — маральна-этычныя праблемы, сям’я, дачыненні асобы і калектыву, складанасць чалавечых характараў. Для іх характэрны сцэнічнасць, эмацыянальная і псіхал. напружанасць дзеі, вастрыня драм. калізій.

Тв.:

Аперацыя «Мнагажэнец». Мн., 1981;

П’есы. Мн., 1985;

Дамы покупают кавалеров. Мн., 1998;

Грешница. Мн., 1998.

Літ.:

Орлова Т. Ты и я. Мн., 1969. С. 174—193;

Беларуская драматургія, 1966—1986: Бібліягр. давед. Мн., 1993. С. 97—103.

І.У.Саламевіч.

А.А.Дзялендзік.

т. 6, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРЫНО́ВІЧ Адам Гіляры Калікставіч [25.1.1869, б. фальварак Кавалі (Кавалькі), Мядзельскі р-н Мінскай вобл. — 4.2 (паводле інш. звестак 26 ці 29.1.1894), бел. паэт-дэмакрат, фалькларыст. Вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це (1887—93). Член, кіраўнік створанага ў 1889 нелегальнага «Гуртка моладзі польска-літоўскай, беларускай і маларускай», які аб’ядноўваў студэнтаў шэрагу пецярбургскіх ВНУ і быў звязаны з Г.В.Пляханавым. У 1893 арыштаваны і зняволены, відаць, у Петрапаўлаўскую крэпасць. З-за хваробы адпраўлены пад нагляд паліцыі ў бацькоўскі фальварак Крыстынопаль (Смаргонскі р-н), дзе і памёр ад чорнай воспы. На фарміраванне светапогляду Гурыновіча аказалі ўплыў распаўсюджанне марксізму ў Расіі, ідэі шляхецкіх рэвалюцыянераў і рэв. народніцтва 1880-х г., у т. л. бел. групы «Гоман». Пісаў на бел., рус. і польск. мовах. У паэзіі быў паслядоўнікам Ф.Багушэвіча (праграмны верш «Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею...»), выступаў з пазіцый рэалізму і народнасці, супраць сац., нац. і рэліг. ўціску, заклікаў да сац. барацьбы, да духоўнага абнаўлення (вершы «Перш душылі паны...», «Што ты спіш, мужычок...»). Пісаў у жанры пейзажнай («Бор», «Вясна») і элегічнай («Сцямнела на дворы і ціха кругом») лірыкі. Адзін з пачынальнікаў бел. дзіцячай паэзіі («Каток», «Рыбак»). На бел. мову пераклаў асобныя творы А.Пушкіна, І.Крылова, М.Някрасава, А.К.Талстога, А.Міцкевіча, Э.Ажэшкі, Я.Каспровіча, І.Франко. У Свянцянскім пав. зрабіў шмат запісаў бел. фальклору («Зборнік беларускіх твораў...», 1893). Упершыню яго творы апубл. (з уступным артыкулам Б.Тарашкевіча) у газ. «Беларускі звон» (1921). Частка рукапісаў спадчыны Гурыновіча зберагаецца ў БДАМ ЛІМ і Цэнтр. б-цы АН Літвы.

Тв.:

У кн.: Беларускія пісьменнікі другой паловы XIX ст., Мн., 1956;

Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.

Літ.:

Гульман Р.І. Новыя архіўныя матэрыялы пра Адама Гурыновіча // Беларуская літаратура: Даслед. і публ. Мн., 1958. [Вып.] 1;

Шутовіч І. Адам Гурыновіч // Полымя. 1966. № 11;

Саламевіч Я. Адам Гурыновіч — фалькларыст // Тамсама. 1969. № 1;

Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1971;

Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст., Мн., 1977;

Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд. Мн., 1989;

Мальдзіс А. Невядомыя здымкі Адама Гурыновіча // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1983. № 4.

Р.М.Семашкевіч.

т. 5, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСЛО́ЎЕ,

агульная назва для розных відаў трапных выказванняў, якія маюць лагічна закончаную думку-суджэнне. Перадаюць яе лаканічна, яскрава і ўваходзяць у ідыяматыку мовы побач з лексікай і фразеалогіяй. Уключаюць афарызмы («Не шукай ты шчасця, долі На чужым далёкім полі». Я.Купала), выказванні павучальна-маральнага характару — сентэнцыі («Ты са старымі размовы ахвотна вядзі і старанна. Хто разумнейшы за іх? Мудрасць іх словы нясуць». Я.Л.Намыслоўскі, зб. «Павучанні для ўсеагульнага карыстання ў жыцці», 1589), максімы, якія перадаюць лагічныя або этычныя прынцыпы, пэўныя нормы паводзін чалавека («Дарма пра песню пытацца ў глухога. Дарма пра сонца пытацца ў сляпога». М.Танк), апафегмы — маральныя парады ў форме звароту да субяседніка («Гуслям, княжа, не пішуць законаў». Я.Купала), прыказкі («Не чапай ліха, пакуль спіць ціха»), крылатыя словы, выражаныя сказам («Хто ж дужэй ад грамады?» Я.Колас; «Усё мінае — Гонар не мінае, Бо народжаны адным сумленнем». У.Караткевіч). Фалькларыст М.Я.Грынблат уключае ў паняцце «выслоўя» розныя кароткія жанры нар. вусна-паэт. творчасці: скорагаворкі («Цецеручыха цецеруковым цецеручанятам цеста месіць»), прыгаворкі і жарты ў час застолля («Госць, не дзьміся, еш што ў місе»), віншаванні, пажаданні ў тостах на вяселлях, радзінах («Каб у вас было ўвесь час на стале, у місцы і ў калысцы! Дай, Божа, разам двое: шчасця і здароўя! Каб ваш ложак добра скрыпаў і да года сынок выпаў!»), вітанні («Дзень добры ў хату!»), развітанні («Заставайцеся здаровенькія!»), нар. параўнанні («Зазвінела бы ў новым цэбры»); нават праклёны, зламоўныя пажаданні і пагрозы («Дай, Божа, каб твае дзеці тваімі рэбрамі яблыкі абівалі») і інш. Выслоўі шырока выкарыстоўваюцца ў маст. л-ры (творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, Ядвігіна Ш., А.Паўловіча, К.Крапівы, М.Танка, У.Караткевіча, Б.Сачанкі, Я.Брыля, В.Адамчыка, Я.Сіпакова і інш).

Літ.:

Выслоўі. Мн., 1979;

Янкоўскі Ф.М. Крылатыя словы і афарызмы. Мн, 1960;

Яго ж. Беларуская фразеалогія. Мн., 1968;

Яго ж. Беларускія народныя параўнанні: Кароткі слоўнік. Мн., 1973;

Яго ж. Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы. 3 выд. Мн., 1992;

Прыказкі і прымаўкі. Кн. 1—2. Мн., 1976;

Лепешаў І.Я. Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў. Ч. 1—2. Мн., 1981—93;

Яго ж. З народнай фразеалогіі: Дыферэнц. слоўнік. Мн., 1991;

Яго ж. Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 1—2. Мн., 1993;

Шкраба І., Шкраба Р. Крынічнае слова: Бел. прыказкі і прымаўкі. Мн., 1987;

Лепешаў І.Я., Якаялцэвіч М.А. Слоўнік беларускіх прыказак. Мн., 1996.

І.У.Саламевіч.

т. 4, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)