ЦІХАНО́ВІЧ Канстанцін Георгіевіч (н. 8.7.1929, пас. Таміліна Ухтомскага р-на Маскоўскай вобл.),
бел. графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1959). У 1963—84 маст. рэдактар час. «Беларусь». Ілюстраваў творы бел. і замежных аўтараў у бел. перыяд друку. Аформіў кнігі «Кухаронак» В.Сіманавай (1961), «Навальніца спее ў цішыні» А.Шашкова (1973), «Віця Малееў у школе і дома» М.Носава (1979), «Яраслаўна» В.Вярбы (1986) і інш. Выканаў станковыя кампазіцыі «Пасуць авечак» (1957), «Кактусы», «Дом I з’езда РСДРП» (абедзве 1967), «Ад’езд Я.Коласа ў семінарыю» (1972), «Космас» (1975), «Падсвілле. Ціха ў былым партызанскім краі» (1984), трыпціхі «Памяць» (1987), «Хатынь» (1995). Аўтар мемар. медалёў, значкоў, экслібрысаў, дыяфільма «Францыск Скарына» (1994) і інш. Творы вылучаюцца кампазіцыйнай раўнавагай, акцэнтаваным кантрастам чорных і белых плям, экспрэсіўным штрыхом.
т. 17, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)