ФАРТЭПІЯ́НА (італьян. fortepiano ад forte гучна + piano ціха),
струнны ўдарна-клавішны муз. інструмент. У пач. 18 ст. з’явілася амаль адначасова ў Італіі, Францыі і Германіі; да 1820-х г. набыло сучасны выгляд. Сучаснае Ф. прадстаўлена ў 2 разнавіднасцях: раяль і піяніна. Мае драўляны корпус з рэзананснай дэкай, чыгунную раму (у раялі размешчана ў гарыз. плоскасці, у піяніна — у верт.), над якой перакрыжавана нацягнуты струны, малаточкавы механізм з двайной рэпетыцыяй, клавіятуру, 2—3 педалі. Храматычны гукарад у дыяпазоне больш за 7 актаў (A2 — a4 або c5). Сіла і паўната гучання, выразныя тэхн., дынамічныя і тэмбравыя магчымасці, зручнасць узнаўлення разнастайнай фактуры абумовілі універсальнае прызначэнне Ф. як сольнага, ансамблевага, акампанавальнага, часам і арк. інструмента. Росквіт фп. выканальніцтва — 19—20 ст. На Беларусі Ф. пашырана з канца 18 ст., паступова выцесніўшы клавесін і клавікорд. У 1840—50-я г. паявіліся першыя фп. творы (А.Абрамовіч). У 1864 у Мінску была адкрыта фп. фабрыка І.Бяляўскага. У наш час вырабляюць на Барысаўскім прадпрыемстве муз. інструментаў.
Літ.:
Алексеев А. История фортепианного искусства. Ч. 1—2. М., 1962—67;