Лось1 ’буйная дзікая жывёліна з лапатападобнымі рагамі, Alces alces’ (ТСБМ, Бес., Сцяшк., Яруш., ТС, Сл. ПЗБ), лусь, лэсь (Дразд.). Укр., рус. лось, польск. łoś, в.-луж. łós, чэш., славац. los. Паўн.-прасл. olsь ’тс’, і.-е *ol‑kʼ‑is: ст.-ісл. elgr, швед. älg, ст.-в.-ням. ëlho, ëlaho, ст.-англ. eolh, лац. alcēs, ст.-грэч. ἄλκη ’лось’, ст.-інд. ŕ̥śyas ’самец антылопы’, памір. rus ’каменны баран’. Паводле асновы — роднаснае да алень (Фасмер, 2, 522; Слаўскі, 5, 215–216).

Лось2 ’грыб пеўнік стракаты, Sarcodon imbricatus (Fr.) Karst.’ (Серж. Грам.; маладз., Янк. Мат.; уздз., Нар. словатв.; ТС; віл., Сл. ПЗБ). Да лось1. Названа паводле афарбоўкі і касматасці шапачкі грыба, падобных да шэрсці лася. Сюды ж лосёў грыб ’рагацік жоўты, Clavulina cristata Schroet.’ (ТС). Матывацыя — падабенства формы грыба і рагоў лася.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лотаць, лотась, ло́тоць, лотац, лотать, лоташнік ’лотаць балотная, Caltha palustris L.’ (мін., маг., Кіс.; Сцяшк., Бяльк., Бейл., Шат., Мікуц., Сл. ПЗБ, ТС), а таксама лотаце́нё, ло́точнік, ло́тошнік, локо́тнік, лота́тя ’гарлачык жоўты, Nuphar luteum (L.) Sm.’, ’гарлачык чыста-белы, Nymphaea candida Presl.’, ’падалешнік еўрапейскі, Asarum europeum L.’ (Бейл.). Укр. лата́ття, лата́ч, лота́ття, ло́тач, ло́таш, ло́тарь, ло́так, ло́тань, ло́точ, зах.-рус. лотать, польск. крэсовае łotoć, łotocie, в.-луж. lokaśina, славац. lotač, lotáč, lotaj. Слова не мае надзейнай этымалогіі. Слаўскі (5, 217) адносіць да прасл. olta (параўн. укр. лата́тий ’з вялікімі і шырокімі лістамі’. Мяркулава (Очерки, 26–30) узводзіць да і.-е. асновы *lat‑ ’мокры’, ’балота’, што з’яўляецца малаімаверным. Махэк₂, Jména, 41, беручы пад увагу іншыя слав. назвы лотаці (blatúch, blatník, калужница), звязаныя з паняццем ’балота’, узводзіць разглядаемыя лексемы да прасл. loky ’лужына, месца са стаячай вадой’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вятрэ́ча ’моцны, злы вецер, ветранае надвор’е’ (КСТ, Янк. III). Ад асновы ветр‑ з дапамогай суфікса ‑еча па тыпу гушчэча, пустэча і г. д.; гл. Казлова, Бел. мова і мовазн. 2, 66–71. Паводле Трубачова, Слав. яз. 5, 177–178, бел. ‑еча < прасл. ‑otja, якое рэканструюецца на падставе шэрага бел.-укр.-серб.-харв.-славен. ізалекс. Параўн. бел. халадне́ча, укр. холодне́ча, серб.-харв. хладно̀ћа, бел. гале́ча, укр. голе́ча, рус. смал. гале́ча, серб.-харв. голо̀ћа, славен. golôča і да т. п.; гл. Трубачоў, Проспект, 59–60. Наяўнасць ‑е‑ ў бел. і ўкр. суфіксах тлумачыцца або як вынік варыянтнасці ‑otja/etja, або як дысімілятыўнае змякчэнне ‑otja > ‑etja па тыпу рус. ребенок < робенок (Трубачоў, там жа, 60). Гэты суфіксальны тып распаўсюджаны па ўсёй беларускай тэрыторыі з канцэнтрацыяй (паводле Казловай, Бел. мова і мовазн., 2, 60) у гаворках Усходняга Палесся.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Боўдзіла1 ’жэрдка, якой заганяюць рыбу ў сетку’ (З жыцця). Не вельмі ясны шлях утварэння гэтага слова. Няясна нават, ад якой асновы можна вывесці гэту назву. Паколькі ‑іла ўказвае на аддзеяслоўнае паходжанне слова, а адпаведнага дзеяслова няма, то, можа, трэба думаць пра зыходнае *боўціла (да боўт ’рыбалоўная прылада’, гл.). Але і ў гэтым выпадку марфалогія слова астаецца няяснай. Можна, праўда, думаць пра нейкі зыходны дзеяслоў тыпу *боўдзець, *баўдзець, *баўдзіць, які меў бы гукапераймальны характар. Параўн. рус. дыял. балди́ть гультайнічаць; часта паўтараць адно і тое ж’. Але параўн. і ўкр. бовдур ’комін; густы дым, хмара; жэрдка ў рыбаловаў (!); дурань’. Параўн. яшчэ літ. дзеяслоў báldyti ’стукаць’ (інтэнсіўная форма ад bélsti ’тс’, гл. Фрэнкель, 39). Версія пра зыходнае *боўціла, здаецца, падтрымліваецца словам бо́ўціла ’лаянкавае слова’. Параўн. баўдзі́ла.

Бо́ўдзіла2 ’дурань’. Гл. баўдзі́ла.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бабачка ’матыль’ (Інстр. II). Рус. ба́бочка, укр. (бойк.) ба́бочка ’тс’. Памяншальная форма ад ба́бка (гл.), якая абазначала і розных насякомых. У аснове называння ляжыць уяўленне, што душа памершага (продка, бабулі) працягвае сваё існаванне ў выглядзе матыля. Як семантычную паралель параўн. рус. дыял. ду́шачка ’матыль’ (ад душа́), новагрэч. ψυχάρι ’матыль’ (< ψυχή ’душа’), лац. animula, animulus ’начны матыль’ (< anima ’душа’). Патабня, К истории, 4, 78; РФВ, 7, 69; Праабражэнскі, 1, 10; Фасмер, 1, 100. Але Махэк (Studie, 118 і наст.) лічыць, што справа ідзе аб уяўленні пра «бабу-чарадзейку» (з гэтым згаджаецца Важны, O jménech, 86, гл. таксама Лапацін, Этимология, 1963, 288, дзе прыводзяцца новыя семантычныя аргументы). Не пераконвае Ёль, Elern., 99 (слав. baba ’матыль’ — гэта народнаэтымалагічнае пераўтварэнне першапачатковай элементарнай «вобразнай» асновы тыпу pepe‑, якая маецца ў розных мовах; крытыку гл. Важны, O jménech, 86).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суга́к ’касцяное або драўлянае шыла з плоскім вастрыём для падплятання лапцей’, ’роўная тонкая палачка, якая прасоўваецца ў вушкі асновы лапцей’ (Бяльк.; маг., ЛА, 4), ’жалезны прут’ (Маш.), ’пруток з дроту для прапальвання дзірак у дрэве’ (Пятк. 2), ’спічак, швайка, шыла’ (глус., Янк. 3.; Мат. Гом.), ’завостраная палачка падплятаць лапці’ (Сцяшк. Сл.). Укр. суга́к ’жалезнае (або касцяное) шыла для праколвання дзірачак у пасталах, для развязвання вузлоў’. Паводле ЕСУМ (5, 465), з сува́к ’шыла, засаўка, хамуцік’ (гл. суваць), набліжанае да гак. Не выключана сувязь з соўгаць (гл.) з пераходам оў > у, параўн. саўга́к (пра старога чалавека), су́гнуць ’хуткім рухам пасунуць, усадзіць’ (дзятл., Сл. ПЗБ), сугану́ць ’саўгануць, рэзка перамясціць’ (Юрч. Вытв.), або з укр. суга́к, польск. suhak ’антылопа’ < караім. soɣak (sohak) ’малады алень, антылопа’ (Slavica Tarnopolensia, 1, 69), з рагоў якіх вырабляліся прылады. Гл. сайга.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сухме́нь ’сухое гарачае надвор’е’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Нас., Гарэц., Мат. Гом., Растарг.), ’сухое месца’ (Нас.; слаўг., Яшк.), ’сухое месца паміж балотамі’ (ц.-палес., Талстой, Геогр., 128), сукмеɣннік ’грудок на балоце; падсохлая глеба ў берага’ (< сухменнік) (зах.-палес., Талстой, там жа), сухмі́нь ’сухое месца’ (слаўг., Яшк.). Укр., рус. сухме́нь ’сухое месца’ і да т. п.; дакладную паралель бачыць у літ. sausmenà ’сухое месца’ Аткупшчыкоў (Этимология–1984, 193). Дэрываты ад сухі (Фасмер, 3, 813) з фармантам ‑мень/‑мінь; да суфіксацыі гл. Сцяцко, Афікс. наз., 76. З іншым суф. ‑ель‑ сухме́ль ’цеплата, суш’ (круп., Сл. ПЗБ), сюды ж сухмельня ’ёўня’ (Мат. Маг.). Паводле Карскага (2–3, 29), у выніку змены ранейшага суф. ‑ман‑ пад уздзеяннем суф. *‑men‑, які ўтвараў асновы на зычны, параўн. сухмя́ны ’сухі’ (Ласт.), сухме́ць ’засуха’ (Касп.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сікляк ‘мурашка’ (Інстр. 2), сіклі́ўкі, сікля́хі, сікуны́, сіку́чкі ‘малыя рудыя мурашкі’ (чэрв., віл., паст., круп., лудз., Сл. ПЗБ), сіку́шкі ‘мурашкі’ (Сл. рэг. лекс.), сі́каўка ‘малая рудая мурашка’: сікаўка як сікнет ядам (барыс., Сл. ПЗБ). Ад сікаць і асновы прым. сікл‑, параўн. сіклі́вы ‘які выдзяляе пякучую вадкасць’ (чэрв., Сл. ПЗБ). Тое ж рус. пск. сікля́ха ‘мурашка’, сікля́шнік ‘мурашнік’. Лаўчутэ (Балтизмы, 131) мяркуе, што разглядаемыя назвы мурашкі таго ж паходжання, што і назва рыбы сікла (гл.). Асноўны прызнак, што іх аб’ядноўвае — ‘невялікі, дробны’ — прадстаўлены лат. sîks ‘маленькі, дробны’. Аднак шырокае распаўсюджанне назваў мурашак з коранем сік‑ і наяўнасць такой матывацыі ў іх назвах далёка за межамі балтыйскага рэгіёна, параўн. ненец. javoroptsa ‘мурашка’ < jaw ‘мача’ і інш., цалкам адводзіць такую версію іх паходжання, гл. Анікін, Опыт, 277; Трубачоў, Труды, 1, 505–506.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́ста1 ’дзіцё, якое песціцца’ (ТСБМ, Мядзв., Касп., Мат. Гом.; пух., лаг., Сл. ПЗБ; зэльв., Жыв. сл.), ’свавольніца’ (Сцяшк. МГ), ’выпеставаны хлапчук, дзяўчынка’ (навагр., Нар. словатв.), пе́сты ’пяшчотныя, ласкавыя адносіны’ (ТСБМ), пе́стун ’пястун’ (Бяльк.), ’збалаванае дзіцё’ (Мядзв.), пе́стак ’малады воўк’ (глыб., Сл. ПЗБ); пе́стаць ’пеставаць’ (брасл., Сл. ПЗБ), чач. пе́стацца ’песціцца’ (Жыв. сл.), пе́ставаць, пе́стываць ’песціць’ (ТСБМ, Касп., Бяльк.), пе́стовацца ’няньчыцца’ (ТС), пе́сціць, пэсьтіті ’любоўна даглядаць, гадаваць; праяўляць ласку; пялегаваць’ (ТСБМ, Яруш., Бес., Бяльк.; парыц., Янк. Мат.), песціцца ’тс’ (Касп.), ’патакаць у прыхацях дзіцяці’ (Бір. Дзярж.). Укр. пести́ти, пе́стувати і пістовати (Фасмер, 3, 251), рус. пе́стать, пе́статься, польск. pieścić, piastować, в.-луж. pěsćić, чэш. pěstovati, pěstiti, славац. pestovať, славен. pẹ́stovati, старое харв. дуброўн. pjȅstovati, балг. пестя̀ ’ашчаджваць’, ц.-слав. пѣстовати. Прасл. *pěstati і *pěstiti, *pestovati. Шэраг этымолагаў (Міклашыч, 245; Мацэнаўэр, LF, 12, 344; Мее, MSL, 14, 353; Фасмер, 3, 251; БЕР, 5, 190) генетычна адносяць слова да *pitati ’карміць, выжываць’ (Бязлай, 3, 29) — гл. пітава́цца; Махэк₂ (446) разам з Міхалкам (LF, 84, 29) адмаўляе такую роднаснасць, мяркуючы, што трэба выходзіць з асновы *kep‑, якая ў выніку перастаноўкі дала *pek‑ (параўн. ст.-чэш. péči se čim ’клапаціцца аб кім’), і пасля далучыўся пашыральнік асновы суфікс ‑st‑ інтэнсіўнага характару.

Пе́ста2 ’ступа’ (гродз., Нар. сл.; Скарбы), рус. пест ’палка з патаўшчэннем на канцы; калатоўка для замешвання цеста’, ст.-рус. пест ’стрыжань з патоўшчаным круглым канцом’ (XIII ст.), польск. piasta, piazda, piauzda ’калодка кола, якая ахоплівае вось’, н.- і в.-луж. pešta ’тс’, ’песцік’, ’трамбоўка’, чэш. píst, písta ’поршань’, славац. piest ’пранік’, ’поршань’, славен. pẹ́šta, pẹ́sto, pẹ́st ’калодка кола’, харв. кайк. pešča, pešče. Прасл. *pěstъ ’прыстасаванне, якім таўкліся розныя рэчы, зерне, крупы, выбіваўся бруд з бялізны’, роднаснае літ. piestà ’ступа’, piestas ’пест’, лат. pìesta ’ступа’ (< і.-е. *poi̯s‑t‑o‑s), а таксама з літ. paisýti ’ачышчаць зерне ад мякіны’ > бел. пойсаваць (гл.). Дэрыватамі з’яўляюцца словы са значэннем ’абнімаць вакол’ — *pěstovati, *pěstiti > пе́сціць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Не́вад ’вялікая рыбалоўная сетка, нерат’ (Некр. і Байк., БРС, ТСБМ, Сцяшк., Сл. ПЗБ), ’вялікая рыбалоўная сетка з двума крыламі і кулём пасярэдзіне’ (полац., З нар. сл.), не́вод ’самая вялікая перасоўная рыбалоўная аднасценная сетка з заходам’ (палес., Крыв., ТС), нэ́вуд ’тс’ (Бес.; пра распаўсюджанне назвы і рэаліі ў Беларусі больш падрабязна гл. Браім, Рыбалоўства, 48–49), укр. не́від, рус. не́вод, нёвод, польск. niewód, чэш. nevod, в.-луж. njewod, н.-луж. nawod, балг. на́вод, нъво́д, ст.-слав. неводъ ’рыбалоўная сетка’. Прасл. *nevodъ, паходжанне якога застаецца няясным; пры наяўнасці рус. пск. вод ’вельмі вялікі невад’, славен. дыял. vada ’доўгая рыбалоўная сетка з двума крыламі’, літ. vãdas ’сетка’, лат. vads ’вялікая сетка, крыло невада’, літ. vedė́ja ’рыбалоўная сетка, якую абслугоўваюць два чалавекі’ хутчэй за ўсё звязана чаргаваннем галоснага асновы з *vesti (< ved‑ti), параўн. згадку Пярвольфа аб наяўнасці ў балтыйскіх славян назвы рыбалоўнай сеткі невед (nyewede in vulgari vocatur, гл. Первольф, Германизация балт. славян. Спб., 1876, 113). Адмоўе тлумачыцца табуізацыяй назвы («каб рыбы не пазналі небяспечнага для іх прыстасавання», гл. Фасмер, 3, 55; Махэк₂, 398) ці непрадуктыўным словаўтваральным тыпам усходнеславянскіх назваў з не- для аб’ектаў, што падобныя да адпаведных ім аб’ектаў, але маюць прыкметныя адрозненні тыпу рус. кленне́клен ’Acer campestris’, егла ’ёлка’ ∼ негла (*неегла) ’лістоўніца’, тады водне́вод ’не надта вялікая сетка’ (Маркаў, ЭИРЯ, 8, 1976, 114–115). У рамках той жа этымалогіі тлумачацца аманімічныя формы балг. навод ’невад’ і ткацкі тэрмін ’прасоўванне нітак асновы праз бёрда’ — ад *navesti, у прыватнасці ’прыстасаванне, пры дапамозе якога рыбы накіроўваюцца ў сетку, лавушку’ (гл. Герай–Шыманьска, БЕ, 31, 1981, 49). Гл. таксама Шаур, SP, А 24, 33–37. Непераканальна Ільінскі, IF, 50, 1932, 59–62 (збліжэнне са сновать + суф. ‑од‑). Махэк₂ (398), улічваючы шырокае распаўсюджванне слоў тыпу паўн.-ням. Wate, швед. vada, fin. nuotta, эст. noot ’невад’, лічыць слова «праеўрапейскім», параўн. ват ’тс’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)