уздыха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Рабіць уздыхі. — Добрая душа гэта паненка, — казала бабка і ўздыхала. Колас. Відаць, не лягчэй на сэрцы было і ў Паўліка, бо ён прыціх і толькі час ад часу ўздыхаў. Бяганская. / у перан. ужыв. Вада і неба былі чорныя, глуха ўздыхала бездань акіяна. Хомчанка. Уздыхаў на пероне цягнік, Залатыя губляючы іскры. Глебка.

2. перан.; па кім-чым. Сумаваць, тужыць. Уздыхаць па далёкай радзіме. □ [Цёця Каця:] Вас мне шкада, Аляксандр Пятровіч. [Чарнавус:] Чаго ж па мне ўздыхаць? Я ж не памёр. Крапіва. Трэці быў няўклюдны малы, які ўвесь час уздыхаў па нейкай сваёй гармоні. Лынькоў. // па кім. Быць закаханым у каго‑н. Добры быў хлопец, А зараз па ім Болей дзяўчына Не будзе ўздыхаць, — П’яніц дзяўчаты Не хочуць кахаць. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лапаву́хі, лыпаву́хі ’аблавухі’ (Шат., ТСБМ, Яўс.; паўн.-усх., КЭС) ’някемлівы, непаспешлівы’ (ТСБМ), рус. наўг., валаг. лопоу́хий ’кіжлай, цяльпук, цюхцяй’, ’разява’, ’ёлуп’, а ў літаратурнай мове і ’аблавухі’. Бел.-рус. ізалекса старажытнай пары. Балтызм, параўн. літ. lapaaũsis ’лапавухі’, ’разява’. Ёсць і інш. балт.-усх.-слав. ізалекса: літ. aplėpaũsis, nulėpaũsis, лат. ļutausis, lutàusisбел. віславухі, рус. вислоухий ’аблавухі; павольны, някемлівы, няўклюдны’. Першая частка звязана са значэннем ’вісець, абвісаць’. Такі ж сэнс і ў літ. luzgaũsis (дзе luzgė — ’галіна павіслай бярозы’). У ідэнтычных (паводле семантыкі) лексемах польскай, украінскай і паўднёва-славянскай моў першая частка звязана з klepati: польск. klapouchy, укр. клапоухий, капло(в)ухий, славен. klapoúch, серб.-харв. кле̏мпав, балг. клепоу́х ’аблавухі’, макед. клапушест ’нязграбны, няспрытны’. Сюды ж лыпаву́шка, лыпаву́шына ’аблавушка’ (Яўс.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Недацёпа асудж. ’дурны чалавек’ (міёр., З нар. сл.), недоцёпа экспр. Здагадлівы чалавек’ (ТС), укр. недотепа ’няздольны, няўмелы чалавек’, рус. недотёпа ’няўклюда’ і ’памылка пры тканні — прапушчаная ці выцягнутая нітка ў аснове’ (пск., СРНГ). З неда- ’недастаткова’ і цепсці ’біць, трапаць’ або цяпаць ’стукаць’, якія ў экспрэсіўным ужыванні могуць мець і іншыя пераносныя значэнні, у тым ліку ’разумець, цяміць, кеміць’, параўн. укр. дотеп ’досціп’, дотёпний ’дасціпны’; калі дапусціць наяўнасць падобнага, незафіксаванага ў беларускай мове слова, то з не і *дацёпа ці *дацяпа, параўн. расцяпа ’разява’; рус. недотяпа ’няўмека’; ткацкі тэрмін у рускай мове сведчыць аб магчымай крыніцы слова ў сферы тэрміналогіі з пераходам канкрэтнага значэння ў экспрэсіўнае, што здараецца вельмі часта, тады развіццё значэння ад ’недастаткова выцягнуты’, ’нестаранна зроблены’ (параўн. цёпкаць ’выцягваць ніткі з тканіны’) да ’няўклюдны’ і ’дурны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Няўклю́да, няўхлю́да ’няўдалы чалавек’ (Сл. ПЗБ), не́ўклюдзь ’недарэка’ (слаўг., Нар. словатв.), няўклю́дны ’непрыгожы, непрывабны’ (Яўс.), неўклюдны ’няскладны, няспрытны’ (ТС), няўклюдня ’мізэрнасць, непрывабнасць, няўтульнасць’ (Яўс.), рус. неуклю́д ’няскладны, няспрытны чалавек’, неуклюдный, неуклюжий ’непаваротлівы’. Да прасл. *klʼudъ, прэфіксальныя ўтварэнні прадстаўлены ў рус. уклюжий ’лоўкі, спрытны’, чэш. ukliditi ’давесці да ладу’ і пад. Паводле Трубачова (Эт. сл., 10, 55), застаюцца нявысветленымі суадносіны форм *klʼudъ, *sklʼud‑, *xlʼud‑, параўн. схлюдны (гл.). Не адпавядае рэчаіснасці таксама сцверджанне (там жа) аб адсутнасці адпаведных формаў у паўднёваславянскіх мовах, параўн. балг. дыял. неоклюжав ’нялоўкі’ (р‑н г. Трын), якое Добраў (Старинни бълг. думи. София, 1987, 86) суадносіць з рус. неуклюжий ’тс’. Гл. таксама Кузняцова, РР, 1977, 2, 82–86; Фасмер, 3, 69. Ці не паўплывала на семантыку беларускага слова літ. kliùdýti ’чапляць за што-небудзь, перашкаджаць’, а таксама ’пападаць’ (параўн. неўпапад ’недарэчы’)?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сугло́б ’сустаў, патаўшчэнне на суставах’ (усх.-палес., Б. Сачанка), ’гарбаты чалавек’ (Бяльк.), сугло́біна ’высокі сагнуты чалавек’ (Бяльк.), сугло́п, сугло́біна ’высокі, няўклюдны падлетак’ (кіраў., Нар. сл.), сугло́бісты ’сутулы’ (Ян.), сугло́бы ’пануры’ (Ласт.), сугло́біцца ’згорбіцца, скрывіцца’ (Варл.). Параўн. укр. сугло́б ’згіб, сустаў’, рус. смал. сугло́бый, сугло́ба ’хмурны чалавек, нелюдзень’; сюды ж польск. zgłoba ’перашкода, запор; клопат, турботы’, серб.-харв. зглоб ’тс’, славен. zglób ’тс’, балг. сглоб ’стык, злучэнне; сустаў’, макед. зглоб ’згіб; сустаў’. Прасл. *sǫglobъ/*sъglobъ — аддзеяслоўны дэрыват ад *sъ‑globiti ’злучыць’, параўн. укр. згло́бити ’злучыць клінам’, балг. сглобя́вам ’злучаць, складваць, прыводзіць у парадак’, прэфіксальнага дэрывата ад прасл. *globiti < прасл. *globa ’кол, шост, жэрдка’ (Борысь, Prefiks., 118–119; Фасмер, 3, 793). Развіццё значэнняў ’злучэнне, патаўшчэнне’, ’сагнуты, нахілены, гарбаты’ > ’той, хто глядзіць спадылба’. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 466; ЭССЯ, 6, 131–134. Параўн. аглобля (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

недарэ́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Сказаны, зроблены неўпапад, не да месца, недарэчы. [Юрка] хмурыўся і з прыкрасцю адмахваўся ад сясцёр, якія.. прыставалі з недарэчнымі роспытамі. Карпаў. Каб скасаваць сваю недарэчную выхадку, [Аніс] узяў пад локці Макара і Есіпа, якія, крыху збянтэжыўшыся, супыніліся ў парозе, і павёў іх наперад. Дуброўскі.

2. Неразумны, бяссэнсавы. Недарэчныя думкі. Недарэчная балбатня. □ Прэч усе недарэчныя разважанні, усе крыўды і дробныя непаладкі! Рамановіч. Самы факт, калі смерць вырывае са строю чалавека, які не прайшоў і паловы таго, што мог прайсці, здаецца недарэчным і несправядлівым. Хадкевіч. // Які робіць падобныя ўчынкі. Недарэчныя людзі.

3. Няўклюдны, няскладны (знешне). Маленькі, недарэчны яфрэйтар Кугель, які ляжаў у шпіталі ў мінулым годзе, выхваляўся, што ўласнымі вачыма бачыў крамлёўскія вежы. Дудо. Прайшлі апошнія рады [вясковых хлопцаў] — самых нізкарослых, крыху недарэчных, у вялікіх, не па росту шынялях. Арабей.

4. Які не адпавядае сітуацыі, абставінам. Снегавыя шапкі елак і хвой ледзь прыкметна пераліваліся недарэчным ружовым святлом. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лаху́дра ’неахайны, апушчаны, дрэнна апрануты чалавек’ (Янк. II, Мат. Маг., Янк. БП; докш., Мат. Янк., КЭС, лаг.; жытк., КЭС; стаўб., Нар. сл., Юрч. Вытв.), ’неахайная, непрычасаная жанчына, дзяўчына’ (Шат., Бяльк., Яўс., Мат. Маладз.; драг., Нар. лекс.; трак., беласт., Сл. паўн.-зах.), ’абшарпаны, абадраны’ (міёр., З нар. сл.), ’скамечаная, парваная фуражка ці адзенне’ (Шат.), лаху́дры (мн.) ’валасы’ (б.-каш., глус., Мат. Маг., Мат. Гом.), лаху́тры ’скамечаная пасцель’ (Сл. паўн.-зах.), лахудры ’неахайны, няўклюдны’ (глус., Янк. II; хойн., Мат. Гом.), лахудрысты ’тс’ (Юрч. Вытв.). Рус. валаг., ярасл. лаху́дра ’абадранец’, ’жабрак’, ’хваравіты, слабы’, ’неахайны, непрыглядны’, тул. ’парванае, паношанае адзенне’, польск., малапольск., ц.-польск. łachudra, кацеўск. łachuder ’бедны чалавек у падраным убранні’. Паўн.-слав. словаскладанне łachu‑dьra з laxъ < лах (гл.) і derti > драць (гл.) ’абадранец’ (Слаўскі, 4, 409). Параўн. аналагічнае ўтварэнне лахтадрай (гл.). Менш імаверна ў Абнорскага (РФВ, 72, 380–382; 73, 347–349) і Фасмера (2, 468) — з лахон і кудри, а таксама ў Маркава (РФВ, 73, 103) — з мяркуемага фін. *laahutra ’няшчасны бадзяга’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыбло́, трэбло́ ‘жывот, страўнік (жывёлы)’ (Рэг. сл. Віц.), ‘пуза, трыбух’ (ТС), трэбло́ ‘тоўсты, няўклюдны і прагны да яды’ (Растарг.), тры́бло ‘пузаты’ (Зайка Кос.), ‘трыбух’ (пін., ЖНС), трабло́ ‘жывот, чэрава’ (Мат. Гом.), трубло́ ‘чэрава’ (рас., ЛА, 1), трыбла́ты, трэбла́ты ‘чэраваты’ (лун., стол., лельч., ЛА, 1; лельч., Нар. лекс.; шуміл., Сл. ПЗБ), ‘тоўсты’ (Сцяшк. Сл., ТС), ‘трыбухаты, з вялікім чэравам’ (кам., Сл. ПЗБ), трыбла́тый ‘тс’ (лун., Шатал.; кам., Жыв. НС), трібластый ‘тс’ (сен., ЛА, 1), трубла́ты ‘тс’ (ельск., там жа). Укр. три́бло ‘вялікі ненасытны жывот’, ‘чалавек, які шмат есць’, рус. пск., смал. требло́ ‘вялікі жывот; тоўсты чалавек, прагны да яды’. Няясна. На сувязь з требух (гл. трыбух) указвае ЕСУМ, 5, 626. Паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 5, 135), слова запазычана з літ. driblà ‘той, хто вялікі’, ‘тое, што вялікае’, параўн. і літ. tribuliúoti ‘мяць’. Як праславянскі дыялектызм разглядае *treb(ъ)lo Трубачоў (Труды, 1, 284), роднасны лац. strebula ‘мяса на бёдрах ахвярнай жывёлы’. Гл. таксама трубло.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Недалу́га ’ненармальная, недаразвітая з нараджэння істота’ (мсцісл., З нар. сл.), ’нямоглы, хваравіты чалавек’ (Мядзв., Макар.), ’няздольны, няздатны чалавек’ (Сцяшк.), ’няўдаліца’ (Яўс.), недалу́гі ’хваравіты, слабы’ (Федар., Рам., Мат. Маг., Ян.), ’неправорны, непрыгодны да справы’ (Сцяшк.), ’няўклюдны’ (Сл. ПЗБ), недалу́жны ’ганебны, няўдалы, непрыгожы, мізэрны’ (Яўс.), ’бездапаможны, слабасільны; закінуты, сіратлівы, няшчасны’ (Гарэц.), ’слабасільны, нездаровы’ (Нас.), недолу́жны ’слабы, хворы’ (ТС), недалу́жнік ’слабасільны чалавек’, укр. недолу́га ’тс’, недолу́гий, недолу́жний ’бяссільны, слабы, нямоглы’, рус. недолу́га ’слабы, худы чалавек; капун’, недолу́гий, недолу́жный ’хворы, хілы; няўмелы’, польск. niedołęga ’слабы, хілы, бездапаможны чалавек; калека; няздольны мець дзяцей’, ’слабасць, бяссілле, няздатнасць’, ’недахоп, адсутнасць чаго-небудзь’; niedołężny ’які мае фізічныя недахопы, слабы, няздатны’, чэш. дыял. nedoluha ’хвароба’, nedolužný ’неразвіты ў разумовым і фізічным плане’. Прасл. *nedolǫga, *nedolǫžьnъ утворана пры дапамозе прыставак ne‑do‑, якія абазначаюць недастатковасць (гл. неда-), і каранёвай марфемы lǫg‑/lǫž‑, роднаснай ням. langen ’быць дастатковым, хапаць’, што чаргуецца з lęg‑ (гл. недалягаць), параўн. Махэк₂, 393–394. Слав. *nedolǫżьnъ разглядаецца звычайна як паўночнаславянскі дыялектызм, аднак мае працяг у славенскай і заходніх сербахарвацкіх дыялектах (гл. Борысь, SOr, 36, 23–30).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мядзве́дзь1, мядзьве́дзь, недзве́дзь, вядзьме́дь, мідве́дь, мыдьві́дь, мэдві͡едь, хоц. мадзмедзь; мядзве́дзіца, мыдвідэ́ха, мядзьве́дзіха, медзве́жыца, мядзьвіга ’драпежная млекакормячая жывёліна Ursus arctos’, ’няўклюдны, непаваротлівы дужы чалавек’ (ТСБМ, Бес., Зн., Нас., Кліх, Яруш., Касп., Бяльк., Сцяшк., Шат., Нар. Гом., ТС, Сл. ПЗБ, Мат. Маг.). Укр. ведмі́дь, медві́дь, рус. медве́дь, польск. niedźwiedź, miedźpiedź, н.-луж. mjadwjeź, в.-луж. mjedujedź, чэш. medvěd, nedvěd, славац. medveď, славен. médvẹd, серб.-харв. мѐдвјед, медо; макед. мечка, мечор, мечок, мечорок, балг. медвед, мечка, ц.-слав. медвѣдь. Прасл. medvědь ’той, хто есць мёд’ — да мёд і е́сці (гл.) — табуістычная замена і.-е. назвы мядзведзя *r̥k̑tþos: параўн. ст.-інд. ṛkṣá‑, ст.-грэч. ἄρκτος, лац. ursus (Бернекер, 2, 30; Фрэнкель, ŻfSlPh, 13, 207; Фасмер, 2, 589; Скок, 2, 398; Бязлай, 2, 175).

*Мядзве́дзь2, драг. мыдьві́дь, мэдві́дь, мыдвэ́дык ’грыб пеўнік жоўты, Hydnum repandum’ (драг., пін., Жыв. сл.); лід. мядзведзія вушы, в.-дзв. мядвежжы вушы ’пеўнік стракаты, Sarcodon imbricatum’ (Сл. ПЗБ). Рус. калуж. медвежьи ухи ’грыбы (якія?)’. Да мядзве́дзь1 (гл.). Названы паводле карычневага колеру грыба і варсістага покрыва яго капялюшыка. Параўн. таксама літ. meškà ’нейкі карычневы грыб’ і ’мядзведзь’, а таксама назвы іншых жывёл, напр. каза6 (гл.).

Мядзве́дзь3 ’бульбяная каша’ (Жд. 1). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)