Тра́тва ‘плыт’ (З нар. сл.), ‘від плыта для невялікіх рэк’, ‘кладка для мыцця бялізны на рацэ’ (ТС). З польск. tratwa ‘платформа з бярвёнаў для рачнога транспарту’, якое з больш ранняга trafta, trawta ў выніку перастаноўкі зычных ft (wt) > tw, што ад tref з с.-в.-ням. tref ‘звязаны плыт’, trift ‘сплаў бярвенняў’ < с.-в.-ням. triften ‘гнаць, піхаць, прыводзіць у рух’ (Вінцэнц; Борысь, 640); метатэза тлумачыцца ўплывам фіналі ‑twa ў словах тыпу brzytwa, dratwa. Семантычна і фармальна палескія словы набліжаны да пратва (гл.). Формы без метатэзы трапта, трапты (гл.) сведчаць аб больш раннім запазычанні спецыфічнай плытніцкай тэрміналогіі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Забулды́га ’гуляка’. Рус. забулды́га ’тс’. Паводле версіі Гараева (113), метатэза з заблудыга. Але наяўнасць рус. дыял. булды́га, смал., уладз., маск., ніжнегар. ’гуляка, п’яніца’, сімб., калуж. ’грубіян, скандаліст’, уладз. ’дубіна’, калуж. ’высокае пустазелле’, ’маслак’, з якім, відаць, звязана забулдыга, робіць прапанову Гараева малаверагоднай (Фасмер, 2, 71). Булдыга ад булда, якое ў сваю чаргу ад була ’шышка, ком’ (Шанскі, 2, З, 11) ці ў выніку кантамінацыі булыга і балда (Краўчук, БЛ, 1975, 7, 66–67). Дабрадомаў (Этимология, 1967, 260) кантамінацыю булава і балда, з аднаго боку, і волдыга, забулдыга, з другога, бачыць у самым слове булдыга, што выклікае сумненні. Бел. слова, магчыма, запазычана з рус., але, улічваючы пашырэнне ў смал. гаворках, магчыма, агульнае з рус. утварэнне. Гл. булд-, булдава.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жму́рыць ’прыплюшчваць вочы’. Рус. жму́рить, укр. жму́рити ’тс’, польск. дыял. żmurzyć, в.-луж. žmrikać ’маргаць’, н.-луж. zmriś ’маргаць, жмурыць’, чэш. žmukati ’жмурыцца ў гульні ў жмуркі’, уст. žmourati ’тс’, славац. žmuriť, славен. žmúriti, žmeriti ’жмурыць’, серб.-харв. жму́рити, жми́рити ’тс’, балг. дыял. жмуря (літ. жумя̀). Прасл. дыял. *žьmuriti ўтворана ў выніку метатэзы з *mьžuriti; параўн. мігаць, рус. мгновение, смежить (очи). Метатэза магла адбывацца пад уздзеяннем народна-этымалагічнага збліжэння з коранем *žьm‑ ’сціскваць’ (гл. жаць2). Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 295; Фасмер, 2, 60; Міклашыч, 208; Брандт, РФВ, 23, 1, 87; Аппель, РФВ, 4, 3, 65; Махэк₂, 730; Скок, 2, 420; Праабражэнскі, 1, 235; Мартынаў–Міхневіч, Маладосць, 1970, 8, 142. Ва ўкр. мружити, польск. mrużyć сувязь з маргаць, а не перастаноўка rż, на што ўказваюць апошнія (Брукнер, 346).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Воўк (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк.). Рус. волк, укр. вовк, ст.-рус. вълкъ, ст.-слав. влькъ, польск. wilk, каш. vêlk, vilk, в.-луж. wjelk, н.-луж. weľk, чэш., славац. vьklъ, серб.-харв. ву̑к, славен. vȏłk, балг. вълк, макед. волк. Прасл. vьlkъ. Роднаснае літ. vil̃kas, лат. vìlks, гоц. wulfs, алб. ulk, ст.-інд. vr̥̄́kas, авест. vəhrka‑, грэч. λύκος, лац. lupus (запазычана з сабін.) (Траўтман, 359; Вальдэ, 447; Уленбек, 291; Богач, LF, 33, 103 і наст.; Шпехт, KZ, 66, 26 і наст.). Узыходзіць да і.-е. ue̯l‑ ’рваць’, г. зн. воўк ’той, які разрывае, раздзірае’ (Праабражэнскі, 1, 92; Фасмер, 1, 338; Шанскі, 1, В, 148). Сюды ж валачыць (гл.). У грэч. λύκος і лац. lupus, якія ўзыходзяць да і.-е. *lukos, адбылася табуістычная метатэза (Трубачоў, ВСЯ, 3, 123). Абаеў (ОЯФ, 1, 592 і наст.) указвае на верагоднасць захавання спрадвечна лац. *vulcus, *volkus ’воўк’ у Vulkānus ’бог Вулкан’. Карнуа (Трубачоў, Дополн., 338) параўноўвае апошнюю лексему з грэч. Ϝελχανός ’Зеўс у крыцян’ і хец. u̯alh̯‑ ’біць’, адкуль этрус. vel, velx.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́ндыш, ла́ндаш, ла́ндуш, маг. лантуш, лануш ’ландыш майскі, Convallaria majalis L.’ (Кіс., Бейл., Бяльк., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.), укр. ла́ндиш, ландош, рус. ла́ндыш ’тс’, польск. łanuszka, łanysz, łanka, ст.-польск. łanie uszko ’вуха лані’, што з’яўляецца перакладам сярэдневяковай назвы ландыша — Auricula cervi. Паводле Брукнера (306) і Слаўскага (4, 47–48), Унбегаўна (BSL, 52, 169), Кохмана (Kontakty, 80), ва ўсх.-слав. мовы лексема прыйшла з польскай. Няясным з’яўляецца ‑д‑ у некаторых формах, аднак Унбегаўн мяркуе, што яно — паразітычнае, а паводле народнай этымалогіі лексема збліжаецца з прыметнікам гладкі (параўн. усх.-бел., смал. глад́ыш ’ландыш’). Гл. таксама Фасмер, 2, 457; Махэк₂, 320. Інакш КЭСРЯ (233): рус. ландыш утворана ад ладьнъ ’ладан’ і суф. ‑ыш‑ > ладьнышь, у якім адбылася метатэза д і н. Сюды ж маг. ландыш белы, віц. ландышкі ’грушанка круглалістая, Pyrola rotundifolia L.’ (Кіс.), рус. перм. ландыш ’тс’ — у выніку пераносу паводле падабенства суквецця. Параўн. таксама адваротны перанос: славац. hruštička азначае ’ландыш’ (hruška — ’Pyrola’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пялёстак ’асобны лісток з вяночка кветкі’ (ТСБМ, Гарэц., Др.), мн. л. пялёсткі перан. ’губы’: пялёсткі развесіць іран. ’ныць, румзаць’ (Даніл. Сл.). Няясна. Магчыма, метатэза з рус. лепесто́к ’асобны лісток з вяночка кветкі’; аднак не выключана сувязь з пе́лесць ’вуха (канец) у ночвах або карыце; пласт’ (Нас.), з унутранай формай ’пластоў перыферыйная плоская частка прадмета’, сюды ж, магчыма, польск. мазав. pieleść ’хвост бабра’ (1472), якое Банькоўскі (2, 551) ідэнтыфікуе з бел. пелесць (пра “хвост” ночваў) і чэш. дыял. pelest (пра “хвост” ложка, печы, карыта), якія разглядаюцца як “рэліктавыя” словы няяснага паходжання (гл. таксама Махэк₂, 443). Борысь (SFPS, 23, 106) з далучэннем паўднёваславянскіх фактаў, параўн. балг. радопск. пе́лест, пелестьо́ ’выступаючая частка хаты, дзе сушаць адзенне, плады і інш.’ рэканструюе *pelestъ, *pelʼustь ’канец, край чаго-небудзь’, якое абагульняецца як ’выступаючая ці прыпаднятая частка чаго-небудзь’ (БЕР, 5, 139). Параўн. і пе́лясць ’біла ложка’ (Сцяшк. Сл.), пе́лішчы (piéliščy) ’папярочныя канцы начовак, карытаў і чаўноў’, пе́люшцы ’закраіны ў начоўках’ (ТСБМ, Варл.). Гл. таксама Куркіна, Этимология–1991–1993, 32–45. Гл. пялюстка, пелюсць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слаката́ць ‘казытаць’ (Сержп.; браг., Нар. словатв.), слокота́ць ‘тс’ (ТС), слаката́ць, слеката́ць, слокота́ць, шлаката́ць ‘тс’ (ЛА, 3), сюды ж сло́кат ‘ласкатанне’, сло́катка ‘шлокат, козыт’, сло́катна ‘шлокатна’ (Ян.). Укр. дыял. слокота́ти, рус. зах. шлокота́ть, алан. шелокта́ть ‘тс’, чэш. дыял. loktať, lochtati, ст.-чэш. loktati побач з lektati, lechtati. Махэк₂ (325) мяркуе аб варыянтах прасл. *lokъtati, *lekъtati, *lъktati (для польск. łektati), якія ён лічыць роднаснымі літ. kuteloti і kãtulti ‘тс’, kutulỹs ‘козыт’, прычым для славянскіх слоў дапускае рад метатэз: k–t–ll–k–t; ъ–е > е–ъ, ъ–о > о–ъ. Застаецца пытанне аб анлауце ўсходнеславянскіх слоў. Фасмер (4, 424) рус. шелоктать утварае ад экспрэсіўнай прыстаўкі ше‑ і слова, блізкага да лоскотать (гл. ласкатаць). Відаць, таго ж прыставачнага характару с‑ і ш‑. Гл. яшчэ ляхотна. Усе прыведзеныя формы сведчаць, што і корань гэтых слоў, насуперак Махэку, вызначыць цяжка, паколькі яны зазналі розныя экспрэсіўныя змены (к–х–ск) і ўплыў іншых слоў, параўн. макед. скокотка ‘ласкатаць’. Для беларускага слова не выключана метатэза з ласкатаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бажа́ць ’моцна жадаць, прасіць’ (Нас.), бажа́ць (быжа́ць) ’хацець, жадаць’ (Бяльк.). Ст.-бел. бажати ’прасіць’ (Нас. гіст.: бажати о помочь). Рус. бажа́ть, бажи́ть, бажа́нить, баже́нить, укр. бажа́ти, бажи́ти, бага́ти, багну́ти, багти, багчи, польск. zabagać, чэш. bažiti se, zabahnouti. Вельмі няяснае слова. Знаходзяць сувязь з грэч. φώγω ’пяку, смажу’, ст.-в.-ням. bahhan ’пячы’. Семантычная паралель: польск. prażyć ’абпальваць, смажыць, сушыць’, pragnienie ’моцнае жаданне’; літ. garas ’выпарэнне, пара; моцнае жаданне’. Бернекер, 38; Фасмер, 1, 104–105. Іншыя версіі: 1) *bažati — каузатыў да *bežati (Остэн–Закен, IF, 22, 312 і наст.; супраць Бернекер, 38 і наст.; Ільінскі, ИОРЯС, 23, I, 127 і наст.); 2) сувязь з бог і грэч. φαγετν есці’ (Ільінскі, там жа; супраць, Фасмер, 1, 105); 3) запазычанне з цюрк. (уйгур. bakarmak ’жадаць’) неверагодна; 4) bag‑ ’жадаць’ — метатэза з *gab‑ (параўн. літ. gobėti ’жадаць, вымагаць’, gobùs ’прагны, скнара’); Петарсан, 5 і наст.; Махэк, 28, 5) сувязь з *bogatъ (*bažati ’хацець багацця’, Голуб-Копечны, 67); 6) сувязь з *bag‑ ’чырвоны, багровы’ (*bažati ’чырванець ад жадання’, Голуб-Копечны, 67; параўн. таксама Брукнер, 19). Этымалогія застаецца няяснай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Знібе́ць ’аднастайна, тупа балець’ (Юрч. Сін., Мат. Гом.), знібіла ’ныцік, плакса’ (Юрч. Вытв.), — у Юрчанкі без націску. Рус. знобить ’адчуваць холад’, смал. знобе́ть ’пакутаваць’, смал., паўд.-сіб., алан., ярасл., паўн. зноби́ть ’пакутаваць’, укр. зноби́ти ’прастуджваць’, польск. дыял. znobić ’халадзіць’, чэш. znobiti ’астуджаны, адчуваць холад’, славац. znobiť ’марозіць, халадзіць’. Ст.-рус. знобити ’марозіць, халадзіць’ (XII∼XVII стст.). Параўн. балг. дыял. зно̀ба ’хваравіты стан’. У бел. захавалася форма з дзеяслоўным вакалізмам у адрозненне ад адназоўнікавай формы тыпу рус. знобить, якая прадстаўлена ў зазноба (гл.). Бел. і рус. дыял. значэнне ’балець’ магчыма разглядаць як пашырэнне значэння ’адчуваць холад’, якое можа лічыцца першасным. Znobiti ’марозіць’ звязваюць з zęb (гл. зяб1). Міклашыч, 401; Фасмер, 2, 101, БЕР, 1, 650; тут магла быць метатэза *zenb‑ > *zneb‑ (?) У супастаўленне ўключаюць зіма (гл.). Праабражэнскі, 254, Махэк₂, 707–708. Выдзяляюць прасл. корань *zьn‑, да якога далучаецца суфікс ‑ob‑a (але як тады быць з бел. формай?). Шанскі, 2, З, 102; Скок, 3, 659. Параўноўваюць з і.-е. *gʼen‑ ’нарадзіць, нарадзіцца’. Трубачоў, ВЯ, 1957, 2, 90; Трубачоў, Ист. терм., 153–154. Не выключана энатыясемічная сувязь з znojь (гл. зноіць); гл. зазноба. Адзінцоў, Этимология, 1974, 117–120. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ракі́та ’дрэва або вялікі куст сямейства вярбовых’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ, Ласт., Кіс.), ’вербалоз’ (Бяльк.), ’нарост на дрэве, гуз’ (шарк., Цыхун, вусн. павед.), ракі́ціна ’лазіна’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Шатал.), ’від бярозы з вельмі цвёрдай драўнінай’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), рокі́та ’дробналістная лаза з тонкімі галінкамі’ (ТС; беласт., Сл. ПЗБ), ракі́тавае дзерава ’карэльскя бяроза’ (?) (шарк., Цыхун, вусн. павед.), ракі́тнік ’зараслі ракіты’ (чэрв., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. роки́та ’гатунак вербы’, рус. раки́та ’вербалоз’, ’тып, гатунак вербы, што расце па берагах ракі, ў нізінах’, польск. rokita, rokicina, в.-луж. rokot, н.-луж. rokit, rokita, палаб. rükåita, прым. rühtjeitna (= rokitna), чэш., славац. rokyta, rakyta, славен. rakȋta, серб. ра̀кита, харв. ràkita, балг. раки́та, макед. ракита, ст.-слав. ракыта. Прасл. *orkyta. У слав. мовах метатэза з рэфлексамі ro‑/ra‑. Значэнне ’гібкасць’ і ’цвёрдасць’, магчыма тлумачаць фармальную блізкасць з лат. ērcis, ērcetis ’ядловец’, грэч. αρκευθος ’тс’ (Фасмер, 3, 438; Бязлай, 3, 148; Шустар-Шэўц, 2, 1233; БЕР, 6, 168). Абсалютызацыя значэння ’гібкі’ схіляе да параўнання са ст.-інд. arkáh̥ ’лук’, лац. arcus ’лук, дуга, скляпенне’, arka ’куфэрак, сундучок’, гоц. arhwazna ’страла’, што звычайна не прымаецца этымолагамі (гл. Фасмер, там жа, з літ-рай; параўн. аднак Глухак, 517; Сной₂, 601). Адмаўляецца таксама сувязь з чэш. rakos, rokos ’трыснёг’ (гл. рагоз).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)