Ла́ндыш, ла́ндаш, ла́ндуш, маг. лантуш, лануш ’ландыш майскі, Convallaria majalis L.’ (Кіс., Бейл., Бяльк., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.), укр. ла́ндиш, ландош, рус. ла́ндыш ’тс’, польск. łanuszka, łanysz, łanka, ст.-польск. łanie uszko ’вуха лані’, што з’яўляецца перакладам сярэдневяковай назвы ландыша — Auricula cervi. Паводле Брукнера (306) і Слаўскага (4, 47–48), Унбегаўна (BSL, 52, 169), Кохмана (Kontakty, 80), ва ўсх.-слав. мовы лексема прыйшла з польскай. Няясным з’яўляецца ‑д‑ у некаторых формах, аднак Унбегаўн мяркуе, што яно — паразітычнае, а паводле народнай этымалогіі лексема збліжаецца з прыметнікам гладкі (параўн. усх.-бел., смал. глад́ыш ’ландыш’). Гл. таксама Фасмер, 2, 457; Махэк₂, 320. Інакш КЭСРЯ (233): рус. ландыш утворана ад ладьнъ ’ладан’ і суф. ‑ыш‑ > ладьнышь, у якім адбылася метатэза д і н. Сюды ж маг. ландыш белы, віц. ландышкі ’грушанка круглалістая, Pyrola rotundifolia L.’ (Кіс.), рус. перм. ландыш ’тс’ — у выніку пераносу паводле падабенства суквецця. Параўн. таксама адваротны перанос: славац. hruštička азначае ’ландыш’ (hruška — ’Pyrola’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)