укарані́цца, ‑ранюся, ‑рэнішся, ‑роніцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пусціць глыбока карэнне, добра ўрасці ў зямлю. Пагукваў дзядзька ўжо на полі І ткаў сахою кросны-ролі, Ды пырнік так укараніўся, Што дзядзька з конікам таміўся. Колас.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Трывала замацавацца, атрымаць шырокае распаўсюджанне, увайсці ў звычай, звычку. У калгасе ўкараніўся строгі парадак ва ўсім. Дуброўскі. Як аграном, Мікалай Аляксеевіч добра бачыў тыя недахопы, якія ўкараніліся ў гаспадарцы. Навуменка. Яго звычка, што ўкаранілася яшчэ ў тыя часы, калі ён [Сцяпан Фёдаравіч] камандаваў ротай ці батальёнам, — быць у самым пекле бою. Мележ.

3. Асталявацца дзе‑н., умацаваць сваё становішча. [Генадзь] уладзіў .. [Вікторыю] працаваць на тэлебачанне і чакаў, калі яна там укарэніцца, каб звязаць з ёй сваё жыццё. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ткаць, тку, тчэш, тчэ; тчом, тчаце, ткуць; пр. ткаў, ткала; незак., што і без дап.

Вырабляць тканіну шляхам перакрыжаванага перапляцення ніцей асновы (падоўжных) і ўтку (папярочных). Ткаць палатно. Ткаць кужаль. Ткаць ручнікі. □ Тут [у хаце Нявады] стаялі кросны, і час ад часу Волька прыходзіла сюды ткаць зрэб’е на мяшкі і ручнікі. Чорны. Зімой работы няшмат .. Толькі жанчыны працуюць; да палавіны зімы прадуць, а потым ткуць. Брыль. // Займацца ткацтвам, быць ткачом, ткачыхай. Усё ўмее жанчына Рукамі рабіць: Ткаць на кроснах тканіну І трактар вадзіць, І ўзводзіць палацы І пакой прыбіраць. А. Астапенка. // Упрыгожваць тканіну тканымі ўзорамі, рысункамі. Ткаць кветкі на ручніках. // Плесці, віць. Павук тчэ павуцінне. // перан. Ствараць што‑н. Дзяжа не спіць, не можа спаць, Хоць сон і хіліць прыдрамаць, А думкі ткуць сваю тканіну. Колас. Залатой непарушнаю пражаю Тчэ гісторыю моладзь сваю. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гу́бка 1, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

Памянш.-ласк. да губа ​1.

•••

Губкі банцікам — пра невялікі, звычайна жаночы, рот з крыху ўзнятай і прыгожа выгнутай верхняй губой.

гу́бка 2, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

1. Мнагаклетачная беспазваночная марская жывёліна тыпу прасцейшых, якая вядзе сядзячы спосаб жыцця.

2. Мяккі, порысты касцяк некаторых відаў гэтых жывёлін, які добра ўбірае вільгаць і выкарыстоўваецца ў медыцыне і тэхніцы. // Порыстая мачалка з гумы або іншых матэрыялаў. Мыцца губкай.

гу́бка 3, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

Высушанае цела губы-грыба, якое служыць для здабывання агню. Сымон, як злодзей, мех знімае, У хлеў падпал кладзе ў куток, Па скалцы крэсівам чок! чок! І іскру ў губцы раздзімае. Колас.

гу́бка 4, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

Уст. Мера асновы, палатна даўжынёй на хатнюю сцяну. Рукі ўжо вядуць несканчона доўгую нітку па бярвенчатай сцяне: на хвіліну спыніўшыся, яны палічаць пасмы і зноў снуюць і снуюць — губка за губкай, губка за губкай. Палтаран. Ішла.. [Хіса] пазычыць у сястры бёрда — скора трэба выткаць кросны губак на восем. Каваль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Перабіра́ць ’пластаваць сена; сартаваць; чысціць (кішкі); перабіраць з ядой; выбіраць, перабіраць з дзяўчатамі’ (Сл. ПЗБ); ’прыцэньвацца, таргавацца; гаварыць лішняе; нанава вязаць світэр’ (ЖНС), пірабіра́іць (вушамі) ’стрыжэ (аб кані)’ (сен., ЛА, 1), перабіра́ць ’патрашыць рыбу’ (лаг., глыб., там жа). Прасл. *per‑birati са значэннем шматразовага дзеяння, утворанае ад *per‑bьrati. Да пера- і браць (гл.). Сюды ж перабіраны ’сабраны ў фалды’, перабіра́нец ’даматканы ручнік’, перабіра́чка ’дзяруга, вытканая асаблівым, складаным спосабам’ (ЖНС), перабі́рысты ’від дывана, які ткаўся спосабам перабору рознакаляровых нітак’ (Скарбы); перабіра́нка, перэбіра́нка ’посцілка, вытканая перабіраным спосабам (у 4–6–8 нічальніц), саматканы дыван’ (маладз., Янк. Мат.; Сл. ПЗБ, ТС; жытк., Мат. Гом.; З нар. сл.; валож., Жыв. сл.; глус., Мат. Маг., Сцяшк. Сл.), ’пласт сена’ (Юрч.); пераборы ’падрыхтоўка да ткацтва’ (мсцісл., Жыв. сл.), пірабіра́ньне ’нарад, падрыхтоўка да ткацтва’: перва ныря́д здзе́лыюць, а тады ткуць (мсцісл., Жыв. сл.); пірабіра́ньніца ’жанчына, якая нараджае, г. зн. рыхтуе кросны да ткацтва’ (там жа); пірябі́ркі ’рэшткі пасля неаднаразовага перабірання’ (Юрч. СНС), перабірка ’рэшткі, адыходы’ (Скарбы), астрав. перабіранка ’адабраная для пасадкі бульба’, перабіра́нік ’саматканы дыван, вытканы ніткамі аднаго колеру на чорнай ці белай аснове’ (Сл. рэг. лекс.). Паводле Грынавяцкене і інш. (SOr, 39, 317), перабі́ранкі ’саматканыя пасцілкі з узорамі’ калькуе літ. rinktíniai ’тс’, што цяжка давесці, хутчэй наадварот.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пруг ’падоўжаная палоска па краі тканіны’ (ТСБМ, Нас., Касп., Сцяшк., Уладз.; бых., шкл., КЭС) ’рубец у шытве’ (Нас., Уладз.), ’рубец на скуры’ (беласт., Сл. ПЗБ), ’ліштва ў бёрдзе для замацавання трасцінак’ (ТС), ’папярочка паміж слупамі ў калодзежы’ (ельск., Нар. сл.), пругі́, пругы́, пруге́ ’тонкія дошчачкі, якія прытрымліваюць палатно, каб яно не сцягвалася’ (Шат., Уладз., Бяльк.; брагін., Нар. сл.) або ’каб не блыталіся ніткі асновы’ (Касп., ТС, Дабрав., Кросны, Інстр. 3, Сл. ПЗБ). Рус. пру́га ’пружына’, укр. пруг ’край, рабро, кант’, ст.-рус. пругъ ’сетка’, польск. prąg, pręga, в.-луж. pruha, н.-луж. pšuga, чэш. pruh, prouha, славац. pruh ’паласа’, серб.-харв. пру̏г ’расцягнуты’, пру́га ’паласа, лінія’, славен. próga ’паласа, лінія, кант’, балг. пръг ’кій (у кроснах), рама’, пъ́ргав ’пругкі’, макед. пруга ’паласа’. Прасл. *prǫgъ, prǫga ’паласа, край’. Першапачаткова ’тое, што нацягвае, напружвае’, звязанае чаргаваннем галосных з *pręgti ’нацягваць, запрагаць’. Параўноўваюць з літ. sprangùs ’той (або тое), што душыць’, с.-в.-ням. sprinke ’пастка’, нова-в.-ням. Sprenkel ’сіло для птушак, зажым’, ст.-в.-ням. springen ’скакаць; біць струмянём’, ст.-ісл. springa ’тс’ (гл. Фасмер, 3, 387 і наст.; там жа і інш. літ-pa; БЕР, 5, 816). Відаць, няма падстаў аддзяляць ад папруга (гл.), параўн. Скок, 3, 31; Шустар-Шэўц, 2, 1164; Бязлай, 3, 126. Памылкова Кюнэ (Poln., 90) разглядае віцебскае пруг ’край; рубец’ як запазычанне з польск. próg ’парог’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скро́мны ‘неганарысты’, ‘стрыманы, умераны, сціплы’ (ТСБМ), ‘скнарлівы’ (навагр., З нар. сл.), скрамі́ць ‘заспакойваць’ (Нас.), скрэ́мнічаць ‘быць сціплым’ (Ян.). Паходжанне слова не вызначанае. Як мяркуе Крукоўскі (Уплыў, 74), з рус. скро́мный, аднак у рускай мове слова фіксуецца адносна позна і лічыцца паланізмам (Брукнер, 496; Віткоўскі, Słownik 174 і інш.). Паводле Тапарова (Этимология–1994–1996, 158), значэнне слова можа трактавацца падвойным чынам — як ‘той, хто трымаецца ў пэўных рамках’ і ‘той, хто трымаецца з краю’, г. зн. знае сваё месца і не прэтэндуе на большае. У залежнасці ад гэтага прасл. *skromьnъ, рэфлексы якога яшчэ ў польск. дыял. skromny ‘скупы’, каш. skromn ‘скупы; бедны, худы’, в.-луж. skromny ‘тс’, чэш. skromný, славен. skrómen, серб.-харв. скроман (< з чэш., Скок 3, 271), балг. скром ‘тс’, скро́мен ‘тс’, выводзіцца ад кораня *krom‑, параўн. рус. кро́мыкросны; рама ў кроснах’, першапачаткова ‘той, хто трымаецца ў рамках’; гл. Сабалеўскі, РФВ, 70, 87; Фасмер, 3, 658; Бернекер, 1, 622. Аднак больш прымальным падаецца другое значэнне, захаванае ў рус. кро́мы ‘ўскраіна’, в.-луж. skromny, přikromny ‘які знаходзіцца з краю, крайні’, што дазваляе звязаць слова з скроміць, кром1 (гл.). Урбанчык (JP, 26, 6 і наст.) рускае слова лічыць запазычаннем з польск. skromny; ён мяркуе, што польскае з ст.-чэш. skrovný ‘тс’, якое да крыць (гл.), што адмаўляюць Басай і Сяткоўскі (Słownik, 317). Гл. таксама Глухак, 555 (першасна адносілася да жывёлы, якую вылегчалі, абрэзалі, “скрамілі”).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

стано́к, ‑нка, м.

1. Машына для апрацоўкі якіх‑н. матэрыялаў (металу, драўніны і пад.) і для вырабу чаго‑н. Такарны станок. Свідравальны станок. □ — Тут у нас сабіраюць унікальныя станкі, — нарэшце парушае маўчанне сакратар, — таму канвеера ці яшчэ якіх тэхнічных навінак, як бачыце, няма. Асіпенка.

2. Прыстасаванне для якіх‑н. работ; апора для якіх‑н. прылад, механізмаў. Станок для прамывання золата. □ Гараць над ракою заранкі У сонечных іскрах вясны, Прыйшлі да станкоў віцяблянкі Квяцістыя ткаць дываны. Русак.

3. Металічная аснова, на якой умацоўваюцца гарматы, кулямёты; лафет.

4. Спец. Прыстасаванне для ўмацавання палатна, устаноўкі каркаса, скульптурнага матэрыялу пры рабоце над карцінай, скульптурай.

5. Спец. Прыстасаванне для апоры ў час некаторых заняткаў, трэніроўкі. Станок для прыцэльнай стральбы.

6. Прыстасаванне, у якое ставяць жывёлу (для лячэння і пад.); стойла. Вера зайшла ў станок, пагладзіла карову па цёпламу боку. Асіпенка. Шэмет хацеў быў ступіць у кароўнік, прайсці ўздоўж паміж станкамі, але Клім спыніў яго: — Не трэба, усё там як паложана. Лобан.

•••

Бесчаўнаковы станок — станок, які не мае чаўнака.

Карусельны станок — вертыкальны такарны станок для апрацоўкі вялікіх дэталей.

Рэвальверны станок — такарны станок з рухомай (вакол восі) галоўкай.

Саматкацкі станок — ткацкі станок; кросны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Таўчы́ ’здрабняць; мяць’, ’біць, збіваць; штурхаць’, ’вытоптваць’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Касп., Федар. 4, Ласт., Шат., Стан.), ’біць’ (Жд. 3), ’выціскаць мёд з сотаў’ (круп., слуц., ЛА, 1), товчы́ ’апрацоўваць таўкачом, штурхаць’ (бяроз., драг., кобр., іван., стол., ЛА, 2), таўчы́ і тоўч ’тс’ (Бяльк.), тоўч ’тс’ (Растарг.): тоўч кросны ’апрацоўваць аснову (кроснаў)’ (мсцісл., Жыв. сл.), ст.-бел. толчи, товчи ’біць, таўчы’ (пач. XVI ст., КГС), толчи ’гучаць, раздавацца’ (?): голос милостника моего толчетъ (Альтбаўэр); сюды ж таўчы́ся ’біцца, грукаць’ (Барад.), ’знаходзіцца ў цеснаце; сноўдацца без справы’, ’круціцца на адным месцы (пра насякомых, птушак)’ (ТСБМ, Шымк. Собр.), ’патрабаваць спарвання (пра жывёл)’ (Касп.), ’гайняваць, знаходзіцца ў стане цечкі (пра ваўкоў)’ (валож., воран., слонім., ЛА, 1), ’бесперастанку працаваць, завіхацца’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ’забаўляцца, гуляць, дурэць’ (брасл., Сл. ПЗБ), таўчы́са ’штурхацца; рабіць што-небудзь, увіхацца’ (ст.-дар., ЖНС); тоўчы́са ’тс’ (ТС), товчы́са ’штурхацца’ (стол., ЛА, 2), товчы́сʼе ’тс’ (Вруб.), товчы́ся ’тс’ (кам., ЛА, 2), товчы́сь ’тс’ (іван., бяроз., ЛА, 2). Укр. дыял. товчи́, рус. толо́чь, толчы́, стараж.-рус. тълчи, толочи ’біць, таўкці’, польск. tłuc, чэш. tlouci, славац. tľcť, в.-луж. tołc, н.-луж. tłuc, палаб. tauet, славен. tólči, серб.-харв. тући, балг. дыял. тълча́, то́лчем, макед. толче, ст.-слав. тлъшти, тлѣшти ’біць, таўкці, расціраць’. Прасл. *teltʼi ’тс’ (Сной у Бязлай, 4, 193), роднаснае прасл. *telkti, *tolkti ’тс’, гл. таўкці; параўн. кантамінаванае товкчи́ ’абточваць (проса, ячмень); таўчыся на сонцы (пра камароў, мошак)’ (Горбач, Зах.-пол. гов.). Гл. таксама Фасмер, 4, 73–74; Шустар-Шэўц, 1512. Параўн. талоць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́шва1 ’драўляны вал у ткацкім станку, на які навіваюць ніткі асновы або вытканае палатно’ (Касп.; Інстр. 2), ’пярэдні навой’ (рас., Шатал.), ’папярочная перакладзіна ў кроснах’ (лудз., Сл. ПЗБ), ’частка кроснаў’ (Дабрав., Кросны), прышва ’сувой’ (Мат. Гом.). Рус. пришва ’пярэдні вал у ткацкім станку для ўмацавання нітак асновы і намотвання вытканага палатна’, ’абрэзак палатна, да якога прымацоўваюцца ніткі асновы’. Як сведчыць апошняе, прышва ад прышыць, тут у значэнні ’далучыць, прымацаваць’. Гл. прышыцца.

Пры́шва2, мн. л. пры́швы, пры́шву ’пярэдняя частка ботаў, якая пакрывае пальцы і пярэднюю частку ступні; галоўкі’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Касп., Мат. Гом., ТС; ашм., Стан.), прышы́ва ’тс’ (Мат. Гом.), пры́швы ’новыя перады, галоўкі, прышытыя да старых халяў’ (Растарг., Інстр. 1), сюды ж з падобнай матывацыяй ’частка, прышытая да асноўнай’ — пры́шва ’частка (рыбалоўнай) сеткі; крыло ў жаку’ (петрык., нараўл., З нар. сл.; Маш.). Рус. при́швы ’новыя галоўкі, прышытыя да старых халяў; боты з новымі галоўкамі, прышвамі’, дыял. ’сеткавае палатно, дадаткова прышытае да крылаў невада’, укр. при́шви ’галоўкі ў ботах’, при́шивка, при́шовка ’кожны з кавалкаў сеткі, з якіх яна пасшываная’, польск. przyszwa ’саюзка’. Гл. прышва1, а таксама Банькоўскі, 2, 952.

Пры́шва3, прышвы, прішва, прішвы ’паплёт (у страсе паверх саломы)’; ’жэрдка ў паплёце’ (Касп., Бяльк., паст., Сл. ПЗБ; ТС; полац., слаўг., чэрык., ЛА, 4), пры́швіна ’паплеціна, прывязка’ (ТС), прышыўка ’жэрдка, мацаванне крокваў’ (Мат. Гом.), прышывала ’жэрдка ў паплёце’ (паст., глыб., Сл. ПЗБ), прышывала, прышывалі ’паплёт (у страсе паверх саломы)’ (паст., шарк., глыб., ЛА, 4). Рус. смал. пришва ’жэрдка, каб прыціснуць салому на возе7. Да прышываць ’прымацоўваць, прывязваць’, гл. прышыцца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калаўро́т ’прыстасаванне для ручнога прадзення кудзелі, якое прыводзіцца ў рух панажом’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., П. С., Сцяшк., Шат.), калаўротак ’тс’ (БРС, ТСБМ, Сержп. Грам., Сцяц. Нар.; лях., Янк. 1, Сцяц. Нар., Сцяшк. МГ), калаўротка ’тс’ (івац., Бір. Працы IM, 6), калаўрот ’прыстасаванне для падымання грузаў: вал з ручкай, на які намотваецца канат, ланцуг’ (ТСБМ), ’свердзел’ (Касп.), ’рухавік з кола, якое прыводзіць у бег санкі на лёдзе’ (Касп.), ’месца на лёдзе, дзе кола надзета на забіты кол і пры дапамозе жэрдкі прыстасавана для катання санак па крузе’ (Яшк., эскцэрпцыя з БелСЭ), кылаўрёт ’частка самапрадкі’, ’прылада для разматвання маткоў’ (Бяльк.), ковроток ’самапрадка’ (Уладз.), калаваруот ’тс’ (Серж. Грам.), коворыдка, ковориток ’тс’ (Уладз.). Адносна гісторыі рэаліі параўн. у Нікіфароўскага, Очерки, 174: «Самопрялка… появляется позже и вытесняет веретено и прялку». Укр. усх.-палес. коловороток ’самапрадка’ і калаварот ’корба ў студні’, рус. шуйск., уладз. калаброд ’самапрадка’? ’кросны’?, кастр. калаброды ’у кроснах прыстасаванне для навівання цэвак’, рус. коловорот ’ручны свердзел’, дыял. коловрат як назва тэхнічных прыстасаванняў, пск. коловорот ’загіб, паварот ракі’ і пск., цвяр. коловрат ’тс’. Рус. паралелі не даюць падстаў сцвярджаць аб магчымасці існавання непаўнагалоснага варыянта ад прасл. *vr̥těti на ўсх.-слав. тэрыторыі. Рус. калаброд наогул выглядае як сапсаваная пры запазычанні лексема. Верагодна, для непаўнагалосных бел. слоў факт іх запазычання нельга аспрэчваць. Больш цяжка вытлумачыць тыя факты, дзе значэнне ’кола для катання санак’ можа ўказваць на спрадвечнасць слова. У такім разе замену поўнагалоснай формы няпоўнагалоснай можна разумець як уплыў запазычанай, сэнсава блізкай лексемы. Сумнявацца ў тым, што ў бел. мове былі і ёсць кантынуанты прасл. злучэння kolovortъ (аб якім гл. Слаўскі, 2, 373) няма прычын (параўн. калаварот), аднак паслядоўны паралелізм фармальна розных структур вытлумачыць без іншамоўнага ўплыву цяжка. Параўн. яшчэ коурат (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)