Та́нуць ’раставаць’: снежок до вечэра тане (ТС). Параўн. укр. та́нути ’таяць’. Дзеяслоў з ‑ну‑ ад таць ’таяць’, гл. Параўн. таяць, гл.

Тану́цьгінуць, паміраць, ідучы на дно; тапіцца’, ’вязнуць’ (ТСБМ), ’залівацца вадой’ (Некр. і Байк., Шат., Бяльк., Сержп. Прымхі, Федар. 4, Сл. ПЗБ, ТС), тана́ць ’тануць’ (карэліц., Нар. словатв.; кіраў., Нар. сл.), то́пнуць, то́нуць ’тс’ (Ласт.), тону́ті ’тс’ (Вруб.), ст.-бел. тонути, танути ’тс’ (канец XV ст., КГС). Укр. тону́ти ’тс’, рус. тону́ть ’тс’, польск. tonąć ’тс’, н.-луж. toniś, чэш. tonouti ’тс’, славац. tonúť ’тс’, славен. toníti ’тс’, серб.-харв. то̀нути ’тс’, балг. тъ́на ’патанаць’, дыял. то́на, макед. тоне ’тс’. З прасл. *tonǫti < *topnǫti ’тануць’, звязанага з *topiti ’тапіць’ (Фасмер, 4, 77; Брукнер, 573; Махэк₂, 647; Голуб-Ліер, 367; Шустар-Шэўц, 1516; ЕСУМ, 5, 597; Борысь, 637; Рачава, Этимология–2003–2005, 186). Гл. тапі́ць1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прэ́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае дастатковай колькасці солі або зусім пазбаўлены яе; не салёны. Прэсная вада. // Які змяшчае ў сабе такую ваду. Прэсныя азёры. □ Рачныя вугры большую частку жыцця праводзяць у прэсных вадаёмах і толькі для нерасту ідуць аж недзе ў акіян, пасля гэтага яны гінуць. Гурскі.

2. Прыгатаваны без дастатковай колькасці солі або цукру, кіслаты, прыпраў; які не мае пэўнага смаку. Юшка не ўдалася. Зварылі яе шмат, і таму не хапіла ні солі, ні спецый. Рыба, як трава, прэсная, не лезла ў горла. Асіпенка.

3. Прыгатаваны без закваскі, не квашаны. Прэсны хлеб. Прэсны корж.

4. перан. Пазбаўлены вастрыні, займальнасці, жывасці; сумны. Прэсныя жарты. □ — Не! Трэба нарэшце вырвацца з-пад улады гэтай прэснай ідыліі! Трэба ўзняцца над ёю самому і ўзняць, вырваць адгэтуль Люду! Брыль. Вядома, ён гаворыць і робіць усё правільна, але сам Туміловіч — чалавек сумны і прэсны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ме́рзнуць ’адчуваць холад’, ’гінуць ад марозу’, ’рабіцца халодным, дубець’ (ТСБМ, Яруш., ТС, Сл. ПЗБ), мёрзлы ’зацвярдзелы, сапсаваны ад марозу’, ’вельмі халодны’ (ТСБМ). Укр. ме́рзнути, рус. мёрзнуть, ст.-рус. мьрзнути, польск. marznąć, каш. mʼařǫc, н.-луж. marznus, в.-луж. mjerznyc, чэш. mrznout, славац. mrznuť, славен. mŕzniti, серб.-харв. мр̏знути, макед. мрзне, балг. мръзна, ст.-слав. мръзнѫти. Прасл. mьrznǫti, якое з’яўляецца інхаатывам ад mьrzěti: ст.-бел. меръзки(й), меръзокъ (спачатку) ’халодны’, потым ’гадкі, агідны, брыдкі, непрыстойны’ (Булахаў, Гіст., 130–131), рус. мерзкий, серб.-харв. мр̏зак, чэш., славац. mrzký, mrziti і г. д., аснова якога з’яўляецца другой ступенню кораня morz‑ (гл. мароз). Зычны ‑z‑ у ёй узыходзіць да і.-е. *‑g̑‑ у аснове *merg̑‑, параўн. ірл. meirc ’згорнуты ў складкі’, с.-в.-ням. murc > новав.-ням. morsch ’гнілы, стары, трухлявы, паморхлы’ (Скок, 2, 472–3). Аб прагерм. marzjan — пранікненні з прасл. mьrzěti, morziti гл. Мартынаў (Лекс. взаим., 218–220). Гл. таксама мерзці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

у́хать несов.

1. разг. (издавать громкий звук) бу́хаць, грыме́ць; (громко кричать) ву́хкаць, во́хкаць;

вдалеке́ у́хал гром удалечыні́ бу́хаў (грыме́ў) гром;

2. (с шумом падать) прост. бу́хаць, го́паць; па́даць;

3. (класть в большом количестве) прост. бу́хаць, гаці́ць, пе́рці;

4. (пропадать) прост. ма́рна прапада́ць, гі́нуць;

5. (расходовать) прост. бу́хаць;

6. (ударять) прост. сту́каць;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ліць, лью, льеш, лье; льём, льяце і лію, ліеш, ліе; ліём, ліяце; пр. ліў, ліла, ліло; заг. лі; незак.

1. што. Даваць магчымасць выцякаць якой‑н. вадкасці; выліваць. [Кабета] скінула хустку, падышла к вядру і стала ліць на рукі ваду. Чорны. Варожаць сёстры. Над лучынай льюць воск у поўнае вядро. Бялевіч.

2. (1 і 2 ас. не ужыв.). Вельмі моцна ці безупынна цячы, ісці. З раны ліла кроў. □ Было цёмна, асенні дробны дождж ліў на зямлю, з ракі рваў халодны вецер. Мікуліч.

3. перан.; што. Распаўсюджваць (святло, гук, пах і пад.). Узышоў месяц і ліў над зямлёй сваё сумнае серабрыстае святло. В. Вольскі. Шчодра ліло цяпло яскравае красавіцкае сонца. Шамякін.

4. што. Рабіць што‑н. з расплаўленага рэчыва; выплаўляць. Ліць гарматы. Ліць свечкі.

•••

Ліць ваду на млын каго, чый — ускосным чынам дапамагаць сваімі выказваннямі, справамі процілегламу боку.

Ліць кракадзілавы слёзы — двудушна, няшчыра скардзіцца або спачуваць каму‑н.

Ліць пот — многа, цяжка працаваць. І не будуць болей людзі Пот і слёзы ліць ракой. Грахоўскі.

Ліць (праліваць) кроў — а) за каго-што; гінуць, абараняючы каго‑, што‑н., змагаючыся за каго‑, што‑н.; б) каго, чыю; забіваць каго‑н.

Ліць слёзы — плакаць; моцна плакаць.

Лье як з вядра — аб праліўным дажджы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. сох, ‑ла; незак.

1. Рабіцца сухім, траціць вільгаць; высыхаць (пра што‑н. мокрае). Над палаткамі сохлі недаробленыя палазы. Чорны. Ля кастроў гаманілі вясёлыя хлопцы, сохла мокрая вопратка. Брыль. Увачавідкі сохне трава ў валках. Васілевіч. // Рабіцца занадта сухім, трацячы неабходную вільгаць; смагнуць. Нешта сціскала сэрца, у галаве стаяў сапраўдны тлум, ад смагі сохлі губы. Хадкевіч. Зямля пачала прыкметна параваць і сохнуць. Мележ. / у безас. ужыв. У горле сохне. // Рабіцца цвёрдым, трацячы вільгаць; засыхаць. Хлеб сохне. // Выпарацца, высыхаць (пра вадкасць, вільгаць). Раса на лузе сохне. / Пра вадаёмы. Рэчка сохне. Сажалка сохне.

2. Вянуць, гінуць (пра расліны). [Юрка:] — Мы з Наташай былі ў парку, што летась увосень пасадзілі камсамольцы. Дрэўцы сохнуць. Ніхто не налівае. Пяць таполяў зусім засохла... Бяганская.

3. перан. Разм. Худзець (ад хваробы, цяжкай працы, перажыванняў). На тутэйшай зямлі Дзве сястрыцы жылі, Як забытыя ў лесе, каліны; Жыватворных крыніц Не было для сястрыц, Яны вялі і сохлі націнай. Купала. Маці ўпотайкі выцірала слёзы, ёй здавалася, што Алёша ад працы сохне. Шамякін. // Пакутаваць ад кахання, ад гора. Сохнуць сэрцы ў разлуцы, у горы. Астрэйка. Патанцавалі вечар у школе, а праводзячы дадому, Аніс сказаў: — Даўно праз цябе сохну. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тапі́ць1 ’апускаць у ваду, прымушаць тануць, губіць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Ян., Бяльк., Федар. 4): тапіць русалку ’(траецкі) звычай’ (Сержп. Прымхі), ’навадняць, заліваць вадой’ (Нас.), топі́ць ’губіць у вадзе’, ’затапляць, заліваць вадой’ (ТС), тапі́ццагінуць у вадзе’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Федар. 4), ’ехаць па гразкай дарозе’ (Нас.), топі́ццагінуць у вадзе’ (ТС), топі́тісʼе ’тс’ (Вруб.). Укр. топи́ти ’прымушаць захлынуцца; заліваць (пра ваду)’, рус. топи́ть ’прымушаць тануць’, польск., в.-луж. topić ’засоўваць у ваду’, н.-луж. topiś ’тс’, чэш. topiti ’тс’, славац. topiť ’тс’, славен. topíti ’акунаць’, серб.-харв. то̀пити ’затапляць’, макед. топы ’засоўваць у ваду’, балг. топя́ ’тс’. З прасл. *topiti ’тапіць’, якое звязана з *topnǫti ’тануць’. Корань *top‑ у гэтым значэнні Фасмер звязвае з аманімічнымі прасл. *top‑ ’награваць’ і *topь ’балота’, ’месца, дзе растаў снег, лёд’ (Фасмер, 4, 78–79). Паводле Шустара–Шэўца (1504), схема развіцця семантыкі ’награваць’ > ’расплаўляць’ > ’затапляць’ > ’тапіць’. Паводле Борыся (638): ’растапляць’ — ’апускаць у растопленае’ — ’пагружаць у ваду’. Праславянскі корань *top‑ супастаўляюць таксама з прасл. *tep‑ ’біць’ > польск. tepać ’тс’ (Брукнер, 573; Младэнаў, 636; Варбат, ОЛА, Исследов. 2003–2005, 220) з развіццём значэння ’біць, прыбіваць’ — ’трамбаваць’ — ’тапіць’.

Тапі́ць2 ’награваючы, распускаць, расплаўляць; вытопліваць або ператопліваць (масла, сала і пад.)’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ), топі́ць ’тс’ (ТС). Укр. топи́ти ’расплаўляць’, рус. топи́ть, польск. topić ’растопліваць, плавіць’, чэш. topiti ’тс’, славац. topiť ’растопліваць, плавіць’, славен. topíti ’награваць, плавіць’, серб.-харв. то̀пити ’растопліваць, плавіць’, макед. топи ’тс’, балг. топя́ ’тс’. З прасл. *topiti ’награваючы, распускаць, расплаўляць’, паводле Борыся (638), каўзатыва ад незахаванага прасл. *tepti ’быць цёплым’, параўн. *teplъ (гл. цёплы) і далей роднасныя ст.-інд. tápati (tápyati) ’награвае і награваецца, гарыць’, tāpáyati ’спальвае’, авест. tãpayeiti ’тс’, лат. tepeo, ‑ēre ’быць цёплым’ да і.-е. *tep‑ ’быць цёплым’. Гл. таксама Фасмер, 4, 78; Брукнер, 62; Махэк₂, 647; Голуб-Ліер, 484; Глухак, 633; ЕСУМ, 5, 599.

Тапі́ць3 ’паліць (у печы і пад.)’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Барад., Пятк. 2, Жд. 1; усх.-бел., палес., ЛА, 4): баню тапіць (гом., Д.-Хадак.), ’палячы дровы, ацяпляць’ (Сл. ПЗБ), топі́ць ’паліць у печы’ (ТС), топі́ті ’тс’ (Вруб.), топі́ты, топы́ты ’паліць у печы’ (Сл. Брэс.), тапі́цца ’ацяпляцца’ (Мат. Гом.), топі́цца ’паліцца (пра печ)’ (ТС). Параўн. укр. топи́ти ’падтрымліваць агонь’, рус. топи́ть ’паліць (у печы і пад.)’, польск. дыял. topić (w piecu) ’паліць (у печы)’, в.-луж. tepić ’паліць, апальваць’, н.-луж. topiś ’тс’, чэш. topit ’тс’, славен. topiti ’награваць’. Ад прасл. *topiti з сінкрэтычным значэннем ’награваць, абпальваць; плавіць’, з далейшымі роднаснымі сувязямі (гл. тапіць2) да і.-е. *tep‑ ’быць цёплым’ (ЕСУМ, 5, 599; Фасмер, 4, 78; Брукнер, 62; Махэк₂, 647; Голуб-Ліер, 484). Няясныя адносіны з тапіць1 тлумачаць развіццём семантыкі праз стадыю тапіць2 (асабліва ў адносінах да снегу, лёду) і прыродных наступстваў гэтага працэсу (затапленне, паводка). Ластоўскі (Выбр. тв., 417) меркаваў пра табуізацыю слова паліць (параўн. палаць ’гарэць буйным полымем’, гл.) шляхам замены яго словамі тапіць (“быццам кідаць агонь у ваду”) і цепліць (гл.) з мэтай пазбегнуць т. зв. слоўнай магіі (каб не запалілася хата), параўн. мокнуць у значэнні ’гарэць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́рна, ма́рня ’бедна жыць, апранацца’ (ваўк., шальч.), гродз. ’дрэнна выглядаць’ (Сл. ПЗБ); ма́рна, ма́рне, ма́рня, марня́ ’дарэмна, бескарысна, упустую’ (ТСБМ, Нас., Касп., Булг., Растарг., Шат., Ян., Янк. 2; КЭС, лаг.; паст., Сл. ПЗБ), ма́рно, ма́рне, ’марна, кепска’ (ТС, Сцяшк. Сл.), калінк. ма́рне ’зусім’ (З нар. сл.), ма́рнасць ’дарэмнасць, бескарыснасць’ (ТСБМ, Нас., Яруш.), ма́рны ’дарэмны, бескарысны’ (ТСБМ, Нас.), ’слабы, змарнелы, чэзлы’, ’невялікі па велічыні’, ’нязначны’, ’дрэнны (аб надвор’і)’, ’нешчаслівы’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС); марне́ць ’засыхаць, чэзнуць, нудзіцца, гібець, чахнуць, жыць без уцехі, занепадаць’ (ТСБМ, Яруш., Мядзв., Шат., Касп., Бяльк., Растарг., ТС; КЭС, лаг.); марня́віць ’марнаваць без карысці’, ма́рніць ’губляць дарэмна час, без карысці’ (Нас.), марніцца (БЛ, 10, 17), марнава́ць ’збыткаваць, нішчыць, марнатравіць’, ’мучыць, стамляць’, ’псаваць’ (ТСБМ, Янк. БП, Шат., Касп., Сл. ПЗБ), марнаваццагінуць’ (Яруш.). Укр. марно́, ма́рни́й, марнува́ти, марні́ти, ма́рність, рус. пск. марный, пск., смал. марнеть; польск. marnie, marnieć, marność, marny; н.-луж. marnjeś, marny, в.-луж. marność, marny; чэш. marný, marnost, marnivý, ганацк. zmárnit ’страціць’, márné ’слабы’; славац. marný, márnosť, márniť, márnivý, славен. máren ’руплівы, старанны’. Прасл. marьnъ. Бернекер (2, 21), Фасмер (2, 575) і за імі Шустар-Шэўц (12, 888–889) выводзяць гэтую лексему з мара́ (гл.). Махэк₂ (352–353) мяркуе, што ў чэш. mařiti < marьnъ сышліся дзве лексемы: адна ’пазбаўляць жыцця’, роднасная да mříti (mьrěti) — фактытыў да mořiti (прасл. moriti), а другая mařiti ’разбіваць (планы, надзеі), траціць (маёнтак)’, якая роднасная да ст.-в.-ням. marrjan ’перашкаджаць, забараняць’, англ. mar ’псаваць’. Кюнэ (76) бел. лексему марна выводзіць з польск. marny. Бел. марне, марня — з польск. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тлець, тле́цца ’гніючы, разбурацца’, ’гарэць без полымя’, ’гніць, трухлець, парахнець’ (ТСБМ, Гарэц., Некр. і Байк.), ’гарэць без полымя’; ’гніць’, (Ласт., ТС), tly ’бедаваць, цярпець нястачу’ (Федар. 4), тлі͡еті ’гніць, слаба гарэць’ (Вруб.), ст.-бел. тлети ’тс’ (XV ст., КГС), сюды ж тліць ’ператвараць у прах’ (Нас.). Укр. тлі́ти ’гнісці, распадацца, разбурацца’, рус. тлеть ’тс’, ’гарэць без полымя’, польск. tleć ’тс’, н.-луж. tłaś ’гнісці, разбурацца’, в.-луж. tłać ’тс’, чэш. tlít ’гнісці; павольна гаснуць’, славац. tlieť ’павольна гаснуць, тлець’, славен. tléti ’ціха без полымя гарэць; гнісці, распадацца’, макед. тлее ’гаснуць’, балг. тле́я ’гарэць без полымя; гнісці’, ст.-слав. тьдѣти ’тлець, гнісці, псавацца, гінуць’. З прасл. *tьlěti ’тлець’, звязанага з *tьliti ’губіць, псаваць’ і роднаснага да лат. tilt ’мякчэць, выбельвацца (пра лён)’. Лічаць верагоднай і сувязь з літ. tìlti ’сціхаць, замаўкаць’, tylė́ti ’маўчаць’, tylùs ’ціхі, маўклівы’, грэч. τέλμα ’калюжа, балота’, τελμίς ’гніль, твань’, арм. tełm, tiłm ’глей, гразь’, і.-е. *tel‑ ’быць ціхім’. Мартынаў (Язык, 30–31, 88) лічыць прасл. *tьlěti роднасным да *tьlo ’апрацаваная (выпаленая) зямля’, якое параўноўваецца з прагерм. tila, гоц. til ’урадлівая зямля’, асец. tillaeg ’ураджай’; паводле Куркінай (Этнолингвистика, ономастика, этимология. Екатеринбург, 2009, 151), *tьlo ’тс’ ад *tьlěti ’гарэць без полымя’, параўн. рус. дыял. тлиль ’выпаленае месца ў лесе’, ’выпалены ўчастак ў лесе, што засяваецца і дае добры ўраджай’, якое суадносіцца з серб.-харв. тљати ’спаць’, адсюль развіццё прыметы ’слабое праяўленне дзеяння, працэсу’ ў ’гарэць без полымя’. Фурлан (Бязлай, 4, 187) на падставе тло н. р., да тла: дровы догорѣли до тла (Нас.), ст.-слав. тьло, тьлꙗ ’цвёрдая зямля’, стараж.-рус. тьло ’зямля; под’ выводзіць адназоўнікавыя дзеясловы прасл. *tьlěti, *tьliti, роднасныя прасл. *toliti ’заміраць, супакойваць’ (гл. таліць1). Гл. яшчэ Фасмер, 4, 64; Махэк₂, 645; ЕСУМ, 5, 583; Борысь, 634 (адназоўнікавы дзеяслоў з семантыкай ’ператварацца ў зямлю’); Жураўлёў, Язык и миф, 110–111.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жуда́1 ’жах’ (ТСБМ). Рус. кур., арл., смал. жуда ’тс’, ’непакой’, ’нястача’. Сюды ж, відаць, рус. жуть, жуткий (> жудь, жудкий). Параўн. серб.-харв. жу̑д ’жаданне’, балг. дыял. жу̀дя ’не спаць, мучыцца, не засынаючы’. Параўн. літ. žudýti ’мардаваць; забіваць, мучыць’, žū́tiгінуць’, лат. zust ’знікаць, страчвацца’, zudums ’страта’, zaudēt ’губіць’. Карскі (Труды, 392–393) указваў на роднасны характар бел. (рус.) і літ. слоў (Фасмер, 2, 63, недакладна прыпісаў Карскаму думку пра балт. паходжанне слова: у Карскага чытаем: «жуда́… сродни лит. žudaũ, žudýti умерщвлять»). Булахаў (Курс суч., 159) ўказваў на слова жуда як балтызм. Мартынаў Міхневіч (Маладосць, 1970, 7, 150) лічылі жудасны ўтвораным па балт. тыпу ад жуда (параўн. дзіва > дзівосны), а пра слова жуда адзначалі яго пашыранасць толькі на бел. і рус. глебе і пісалі: «магчыма, таксама з’яўляецца балтызмам». Буга (2, 688) прыводзіў для жуда іншыя балт. адпаведнасці: літ. жэмайц. žiadùs ’суровы, шурпаты’ і да т. п., аднак яны не мяняюць справы, бо Фрэнкель (1303) звязваў іх з тым жа літ. žudyti. Трубачоў адносіць рус. і бел. жуда да дыялектызмаў прасл. слоўніка (Слав. языкозн., V, 172). Фасмер (2, 63) на семантычнай падставе думку аб балт. паходжанні слова жуда лічыў няпэўнай. Ён, аднак, не ведаў семантычна цікавага дадатку Бугі. Праабражэнскі (1, 236) прывёў думку Патабні (РФВ, 2, 10) аб суаднесенасці жуда з літ. gañsti ’пужацца’, што выклікала пярэчанні Фасмера па фанетычных матывах. Скок (1, 564) адносіць серб.-харв. жуд < *ghьḷd‑ да кораня glad ’голад’. БЕР (1, 556) звязвае балт. жудя з рус. жуда, балт. формамі тыпу літ. žudyti і услед за Фасмерам, параўноўваючы з ірл. gūas ’небяспека’, англа-сакс. gietan ’забіваць’, узводзіць да і.-е. *gʼheu̯d‑. Аднак, калі прымаць такі пункт гледжання, слав. формы павіяны былі б мець не ž, а z, а ж тлумачыцца як запазычанне з літ. Магчыма, таму Покарны (1, 448), прыводзячы балт., ірл., герм. формы, не ўключыў у адпаведны артыкул слав. Дабрадомаў (РР, 1977, 3, 157–160), зыходзячы з пашырэння слова на бел. і рус. тэрыторыях, выказаў думку пра балт. крыніцу, хаця балт. этымон няясны. Балт. паходжанне прымае Лаўчутэ, Сл. балт., 54. Але балт. паходжанне, калі ўлічваць пашырэнне кораня на балг. тэрыторыі, малаверагодна: трэба або аддзяляць балг. слова (жу̀дав ’слабы, няплённы (аб зямлі, збожжы)’), або знаходзіць іншую этымалогію. Шанскі (1, Д, Е, Ж, 300–301) вагаецца паміж рознымі супастаўленнямі кораня. Магчыма, трэба лічыць жуда бязафіксным наз. ад дзеяслова жудзець (гл.) з развіццём значэння ’гусці, шумець’ > ’дакараць’ > ’выклікаць непрыемныя пачуцці’ ці ’перашкаджаць спаць’ (для балг.). Параўн. жуда2. Вытворнае жу́дасны зусім не абавязкова балтызм. У слав. мовах ёсць шэраг вытворных ад асноў на ‑s‑, спіс якіх не закрыты (параўн. неба, чуда), але жудасны лёгка тлумачыцца як вытворнае ад жудасць (жуд‑ост‑ьн‑ > жудостн‑ > жудасн‑). Бардовіч–Шакун, Марфемны слоўнік беларускай мовы, 1975, с. 200.

Жуда́2 ’дзеці’ (навагр., Нар. словатв., 43). Параўн. рус. арл. жуд ’шум, гудзенне’. Магчыма, развіццё знач. ’шум’ > ’тыя, хто робіць шум’. Не выключана і сувязь з жуда1, нават перанос ’жах’ > ’непакой’ > ’крыніца непакою’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)