Танк ’баявая бронемашына’, ’цыстэрна для транспарціроўкі і захоўвання вадкасцей’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), ’баявая бронемашына’ (Некр. і Байк., Вруб.), та́нка ’тс’ (Янк. 2, Сцяшк. Сл., Мат. Маг.). У славянскія мовы (як і ў заходнееўрапейскія: франц. tank, ням. Tank паралельна з Panzer і інш.) — з англ. tank ’вадаём; цыстэрна, бак, чан’, а ў канцы 1916 г. — ’танк’; спецыялізацыя значэння звязана са знешнім падабенствам. Англ. tank у першасным значэнні звязваюць з с.-англ. stanc ’басейн, сажалка’ (Фасмер, 4, 19) або парт. tanque ’рэзервуар; вадаём; затока’, якое этымалагічна звязана са ст.-франц. estanc, франц. étang ’затока’, лац. stagnum ’балота; затока; вада, што выйшла з берагоў; лужына; штучная затока; басейн’ (Чарных, 2, 228). Менш пераконваюць меркаванні, што англ. tank ’баявая машына’ паходзіць ад прозвішча вынаходніка Танка (Фасмер, 4, 19).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́лезны ’такі вялікі, такі шматлікі’ (Ласт., Некр. і Байк.). Экспрэсіўнае ўтварэнне з суф. ‑(е)зн‑, параўн. велічэ́зны, вялі́зны (гл. вялікі), што ўзыходзіць да прасл. *toli, *tolě ’так, столькі’, параўн. укр. дыял. толь ’тс’, тіль ’трохі, не надта многа’, рус. дыял. то́ли, толь ’столькі, настолькі’, стараж.-рус. толи ’потым, і, а’, польск. tyle ’так многа’, дыял. toli ’вось, толькі, а як жа’, чэш. дыял. toli ’столькі, так многа’, н.-луж. toli ’таму што’, a toli ’ўсё ж, аднак, тым не менш’, славен. toli ’так, столькі’, старое серб.-харв. toli, tolje ’настолькі, так’, ст.-слав. толи, толь ’столькі, настолькі’. Спалучэнне дэманстратыўнага займенніка *to з часціцай *li, суадноснае з літ. tõlei ’да таго часу’ і роднаснымі tõl, tolì ’далёка’ (ESSJ SG, 2, 675; Фасмер, 4, 70; Шустар-Шэўц, 1514).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вол (БРС, Янк. Мат., Бяльк., Бес., КТС, Ліс.), вюл ’вол’ (Дразд.). Рус. вол, вола́, укр. віл, вола́, ст.-рус. волъ, ст.-слав. волъ, польск. wół, в.-луж., н.-луж. woł, каш. vȯł, чэш. vůl, славац. vol, серб.-харв. во̑, славен. vòl, макед. вол. Старая аснова на ‑u; параўн. ст.-рус., ст.-слав. прыметн. волоуи. Прасл. volъ. Агульнапрынятай этымалогіі няма. Мейе (242) і Вальдэ (857) звязваюць з вялікі, г. зн. ’вялікая жывёліна’ ў адрозненне ад грэч. μῆλον ’дробная жывёла’, ірл. míl, якія роднасныя малы. Менш верагодна збліжэнне Младэнава (75) з польск. wołać ’зваць’, прычым ён указвае на аналагічнае бык. Махэк₂ (703) параўноўвае з ням. schwellen ’набухаць’, што таксама няпэўна, як і супастаўленне Гараева (54) з ням. Bulle ’бык, вол’. Непрымальная версія Праабражэнскага (1, 95) з волох, г. зн. ’раманская жывёліна’. Грубор (JF, кн. 8, 13 і наст.), якога падтрымлівае Трубачоў (Происх., 43 і наст.), выводзіць слав. volъ ад і.-е. *u̯el‑ ’ціснуць’, спасылаючыся на старажытную тэхніку пакладання, г. зн. volъcastratus, compressis tęstikulus. Менш пераканаўчая версія Якабсона (БЕР, 174), які ўзводзіць вол да *vel‑ ’валяць’ (волъ — ’жывёліна, якая павалена для кастрацыі’, паколькі валяць ’кастрыраваць’ з’яўляецца толькі рускай інавацыяй). Як праславянскую апафанічную ступень да прабалт. *velti (літ. vélti ’валяць, катаць, біць, мяць’, лат. vel̂t ’тс’) рэканструюе слова Мартынаў (БЛ, 9, 11 і наст.): *volъ ’той, хто нешта валяе, коціць, б’е’, паколькі валы выкарыстоўваліся старажытнымі славянамі для малацьбы снапоў, прычым вол цягнуў за сабой цяжкі кавалак дрэва, які выконваў функцыю біча або цэпа’. Параўн. літ. volė̃ ’драўляная калатуша’, рус. вал ’валёк’. У семантычных адносінах параўн. літ. árti ’араць’, árklas ’плуг’, arklỹs ’конь’ (Гл. таксама Фасмер, 1, 335 і наст.; Шанскі, 1, В, 146; Скок, 3, 610).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ру́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Перамяшчацца, перасоўвацца. Гадзіны дзве ўся калона рухалася разам з партызанамі. Колас. І калі полымя ахапіла сцены і з вокан, праз выбітыя рамы, пачалі вылазіць людзі, здольныя яшчэ рухацца, узнялася страляніна. Лынькоў. / у перан. ужыв. І тым не менш справа не рухаецца з месца. «Звязда». // перан. Развівацца ў якім‑н. напрамку. Па шляху капіталістычнага развіцця даволі хутка рухалася ў паслярэформенны перыяд і Беларусь. Ларчанка.

2. Разм. Рушыцца з месца; ісці, адпраўляючыся куды‑н. [Камандзір:] — З’явіцеся да нашага каменданта.., і ён вам скажа, што рабіць. А нам трэба рухацца далей. Маўр.

3. Рабіць рухі; варушыцца. Пад смуглай скурай загарэлых худых шчок рухаліся жаўлакі. Самуйлёнак. [Таня] так змарылася ад перажытага хвалявання, што не магла ні рухацца, ні гаварыць ці нават думаць. Шамякін.

4. Зал. да рухаць (у 1, 2 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыці́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.

1. Перастаць шумець; прыціхнуць. Нават работнікі галерэі пачалі ўжо на.. [хлопцаў] падазрона паглядаць. Прыйшлося крыху прыцішыцца. Шыцік.

2. Перастаць рухацца; замерці, супакоіцца. Калі .. [матыль] сеў і прыцішыўся на бервяне, сарока хацела яго клюнуць, але перадумала і ад вярнулася. Пташнікаў. Святлана прыцішылася, трошкі супакоіла сваю крыўду і пачала слухаць, што тата дыктуе. Кулакоўскі. // Паслабець у сіле свайго праяўлення, трохі суняцца. На дварэ прыцішылася пагода, нават сонца косымі праменямі адбілася ў акно і снег быў мяккім... Каваль. — Правільна, зараз такі час, калі рэвалюцыйны рух прыцішыўся. Колас.

3. Запаволіць свой рух; замарудзіцца. Рух канвеера крыху прыцішыўся: некалькі шкляных будак стаялі на ўз’ездзе на мост. Лынькоў. Новыя казакі, чалавек дваццаць, несліся наўскач, і адзін, рабы, віхрасты, прыцішыўся і завярнуў мяне назад. Гарэцкі.

4. Паслабець, стаць менш адчувальным (пра якое‑н. пачуццё, адчуванне). Боль прыцішыўся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ране́йшы, ‑ая, ‑ае.

1. Выш. ст. да прым. ранні (у 1 знач.).

2. Які мае адносіны да мінулага, былога; колішні. Гэта не ранейшы час, што да бліжэйшай станцыі трэба было дабірацца па бездарожжы не менш за паўдня. Кулакоўскі. [Гарлахвацкі:] Зямныя нетры нямала хаваюць у сабе .. астаткаў ранейшай флоры і фауны. Крапіва. // Такі, якім быў некалі, у мінулым, раней. Толькі кароткая завіўка замест кос як бы падменьвала ранейшую Касю нейкай другой... Васілевіч.

3. Які быў перад гэтым, папярэдні. Хадзіць гуляць да сваіх ранейшых сяброў.. [Міхасю] не хацелася. Якімовіч. Каморка, прыбраная дбала, Свой від ранейшы прыняла. Колас.

4. Той самы; такі, які і быў. Затым [Місюк] адсунуў бляшанку, падзякаваў і зноў вярнуўся да ранейшай гаворкі. Пальчэўскі. Страказа час ад часу ўзлятала, рабіла ў паветры некалькі замыславатых кругоў і зноў садзілася на ранейшае месца. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. што. Падцягваючы канцы чаго‑н., завязаць, абвязаць тужэй. Падціснуць воз з сенам. □ Старшыня нейкім адмысловым жаночым рухам падціснула ражкі касынкі пад падбародкам і дакранулася да локця юнака. Даніленка. // Закруціць тужэй. Агледзеў [Міша станок].. знешне, гайкі падціснуў, замяніў пасы ад злектраматора на прывод, уключыў. Мыслівец.

2. што. Падцягнуць пад сябе ці прыціснуць да сябе. Калмаценькі сабачка падціснуў хвост і стрымгалоў кінуўся ў садовы бункер, дзе звычайна хавалася ўся сям’я падчас ваенных нягод. Лужанін. // Шчыльна стуліць, сціснуць губы. Жанчыны сурова падціснулі вусны. Даніленка.

3. перан. Разм. Трохі павялічыцца (пра мароз, холад). Была адліга, потым падціснуў мароз, лісце падмерзла і цяпер звінела, быццам зробленае з гучнай жоўтай фольгі. Савіцкі. / у безас. ужыв. Уначы неяк сыпанула сёння [снегам] ды лёгенькім марозцам падціснула. Шынклер.

•••

Падціснуць (падцяць) хвост — стаць больш сціплым, менш ганарыстым, фанабэрыстым. Балбатуны падціснулі хвасты. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памякчэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца больш мяккім, эластычным; пазбавіцца цвёрдасці. Косцю здалося, што памякчэў пад нагамі асфальт, пасвяжэла на вуліцы. Адамчык.

2. перан. Страціць суровасць, стаць больш лагодным. — Ды я не пра гэта, — адразу ж памякчэў, палагаднеў бацька, — я хацеў сказаць, каб ты не дурэў, не смяшыў людзей... Сачанка. Кастусь ведаў шмат сентыментальных рамансаў, якія даходзяць да таямніц жаночае душы, прымушаюць жанчыну расчуліцца, сэрца яе — памякчэць. Шынклер. // Стаць больш прыветлівым, сардэчным (пра твар, голас і пад.). Твар у Валянціна памякчэў, засвяціўся радасцю. Кулакоўскі. Суровы голас Яўгенні Пятроўны тут памякчэў. Грамовіч.

3. Стаць слабейшым, менш адчувальным; паменшыцца (пра з’явы прыроды). Памякчэлі Маразы, Сталі ветлымі Вятры, Паласкавелі Снягі, Раздабрыліся Дажджы. Лужанін.

4. Стаць цяплейшым (пра надвор’е, клімат). Надвор’е памякчэла. □ І ўсё ж памякчэла зіма, стала больш лагоднай. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пабо́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які існуе побач з галоўным, асноўным; менш істотны; другарадны. Першае месца сярод пабочнага тыпажу [у паэзіі М. Танка] па праву належыць вобразам бацькоў. У. Калеснік.

2. Чужы, не свой, старонні. З пабочных людзей толькі .. [Пруцікаў] адзін ведаў сцежку на наш новы астравок і мог хадзіць да нас самастойна. Казлоў. [Таццяна] апранацца стала .. па-сялянску, каб не кідацца ў вочы пабочным людзям. Шамякін.

3. Які не мае непасрэдных адносін да чаго‑н. [Дзяўчаткі] заўсёды прыходзяць сюды рыхтаваць урокі і амаль увесь час трацяць на пабочныя гутаркі. Гарбук.

4. Чый‑н., не свой, не ўласны. Пабочны ўплыў. □ [Таня:] Вера мае добрую прафесію. Гэта робіць яе незалежнай ад пабочнай ласкі. Машара.

5. Народжаны без шлюбу. Пабочны сын.

6. У граматыцы — які не звязаны фармальна-граматычнымі сродкамі са сказам і выражае адносіны да выказанай думкі. Пабочнае слова. Пабочнае словазлучэнне. Пабочны сказ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усё-такі і (разм.) усё-ткі, злучн. і часціца.

1. злучн. супраціўны (звычайна ў спалучэнні са злучн. «а», «але», «і»). Тым не менш, аднак, нягледзячы на што‑н. Ад гульні падлога наша не гудзе, А ўсё-такі слава на ўвесь край ідзе. Бялевіч. [Сцяпан:] — Эх, колькі я сваімі нагамі папамераў зямлі! І ўсё-такі люблю сваю работу. Скрыган. Нямала я пражыў, а ўсё-ткі Такой не бачыў я паводкі. А. Александровіч.

2. часціца. Ужываецца пры выказванні пярэчання, проціпастаўлення папярэдняму або ўзмацняе значэнне таго, што выказана. [Шарадода:] «Трэба будзе ўсё-такі купіць яму [Аліку] матор». Кулакоўскі. Раптам зводдаля, адтуль, куды напрасцяк імчаўся бяляк, пачуўся стрэл, і Мікола ўбачыў, як далёка нехта з яго сяброў усё-такі ўлажыў небараку... Краўчанка. Але хлопец не зважаў на гэтыя нягоды, адчуваў сябе нават шчаслівым: як-ніяк усё-ткі едзе, набліжаецца! Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)