падціснуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. што. Падцягваючы канцы чаго‑н., завязаць, абвязаць тужэй. Падціснуць воз з сенам. ▪ Старшыня нейкім адмысловым жаночым рухам падціснула ражкі касынкі пад падбародкам і дакранулася да локця юнака. Даніленка. // Закруціць тужэй. Агледзеў [Міша станок].. знешне, гайкі падціснуў, замяніў пасы ад злектраматора на прывод, уключыў. Мыслівец.

2. што. Падцягнуць пад сябе ці прыціснуць да сябе. Калмаценькі сабачка падціснуў хвост і стрымгалоў кінуўся ў садовы бункер, дзе звычайна хавалася ўся сям’я падчас ваенных нягод. Лужанін. // Шчыльна стуліць, сціснуць губы. Жанчыны сурова падціснулі вусны. Даніленка.

3. перан. Разм. Трохі павялічыцца (пра мароз, холад). Была адліга, потым падціснуў мароз, лісце падмерзла і цяпер звінела, быццам зробленае з гучнай жоўтай фольгі. Савіцкі. / у безас. ужыв. Уначы неяк сыпанула сёння [снегам] ды лёгенькім марозцам падціснула. Шынклер.

•••

Падціснуць (падцяць) хвост — стаць больш сціплым, менш ганарыстым, фанабэрыстым. Балбатуны падціснулі хвасты. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)