Свет ‘зямля з усім тым, што на ёй існуе; сусвет’, ‘асобная частка сусвету, планета’, ‘чалавечае грамадства’ (ТСБМ, Ласт., Гарэц.), свет, белы свет ‘акаляючая прастора; далёкі край’ (ТС, Сержп., Сл. ПЗБ), той свет ‘замагільная існасць’ (ТС), свет ‘святло; світанне’ (Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), ‘шмат, безліч’ (Сл. ПЗБ, ТС, Гіл.), ст.-бел. светъ ‘планета; сусвет’, ‘зямное ці замагільнае існаванне’, ‘святло, ззянне’. Укр. світ ‘святло, світанак’, ‘сусвет; людзі’, рус. свет ‘тс’, ст.-рус. свѣтъ ‘святло; светач’, ‘сусвет’, польск. świat, в.-луж., н.-луж. swět ‘тс’, чэш. svět, славац. svet ‘свет’, серб.-харв. све̑т, сви̏јет, славен. svȇt ‘свет; людзі’, балг. свят ‘свет’, макед. свет ‘тс’. Прасл. *světъ ‘святло’ > ‘сусвет’, звязанае чаргаваннем галосных са ст.-слав. свьтѣти(сѧ) ‘свяціцца’. Паралелі ў ст.-інд. śvetáh ‘белы, светлы’, авест. spaēta ‘тс’, літ. šviẽsti, šviẽčia ‘свяціць’, лац. vitrum ‘шкло’, ст.-в.-ням. hwîʒ ‘белы’; гл. Траўтман, 310; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1165; Майргофер, 3, 405 і наст.; Фасмер, 3, 575. Шустар-Шэўц (1387) лічыць *světъ дэвербатывам ад прасл. *svьtěti sę, *svítati (гл. свяціць), гл. таксама Мартынаў, Лекс. взаим., 169. Сной₁ (622) тлумачыць семантычны пераход ‘святло’ — ‘свет’ як ‘дзе святло, дзе бачна’, што характэрна і для іншых індаеўрапейскіх моў (Борысь, 623). Пераход ‘акаляючая рэальнасць; святло’ — ‘мноства’, акрамя славянскіх моў, вядомы балтыйскім і фінскім мовам, гл. Непакупны, Связи, 53.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Светаві́т, Светові́т ‘міфічная істота, што ўвасабляе сонца’: Световіт — бог Слонца і самы глаўны (маст., шчуч., Сл. ПЗБ). Няясна, параўн. све́таць ‘свяціць’: лучына светая (Сл. ПЗБ) (гл. свяціць, святло). Нягледзячы на фармальнае падабенства, няяснымі застаюцца адносіны да назвы бога ў пантэоне балтыйскіх славян Svantavit, Szventevit, Zwantevith — “единственное божество у славян, в чьем имени обнаруживается элемент svęt ‘святой’ в языческом понимании этого слова” (Тапароў, Слав. др., 1, 212), другая частка назвы сустракаецца ў іншых назвах багоў — Яравіт, Руявіт, Паравіт і рэканструюецца як *vitъ пры параўнанні з ц.-слав. домовитъ ‘галава сям’і’, ‘гаспадар’ або пры параўнанні з лац. victima як *viktъ ‘праяўленне сілы’, гл. Тапароў, Этимология 1986–1987, 38. Варыянт з канцавым звонкім *Svętovidъ Скок (3, 370–371) звязвае з культам святога Віда на Балканах, які ў часы хрысціянізацыі замяніў паганскае боства, параўн. харв. Vidova gora (тапонім на востраве Брач). Брукнер (537) атаясамлівае першую частку імені Świętowit, якая шырока вядома ў славянскіх паганскіх імёнах (Святаполк, Святаслаў і пад.; гл. святы), з *jarъ> ‘моцны’ (гл. яры), прадстаўленым таксама ў імёнах Яраслаў, Яраполк і інш.; інакш, як ‘багабойны’, трактуе першую частку імені Святаполк Фасмер, 3, 585. Параўн. таксама заўвагу Машынскага (Kultura, II, 2, 442) аб тым, што “słońce często bywa nazywane przez Słowian świętym”. Гл. Цыхун, Зб. Мальдзісу, 401–402. Гл. таксама Бел. міф.₂, 455–456.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сем, Р. скл. сямі́ ‘лік і лічба’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ст.-бел. седмь, семь, семъ (Альтбаўэр). Укр. сім, Р. скл. семи́, рус. семь, Р. скл. семи́, стараж.-рус. семь, седмь, польск. siedem, палаб. siděm, каш. sėtme, в.-луж. sedom, sydom, н.-луж. sedym, чэш. sedm, славац. sedem, серб.-харв. се̏дам, славен. sédem, балг. се́дем, се́дъм, макед. седум ‘тс’, ст.-слав. седмь. Прасл. *sedmь. Гэта форма з’яўляецца вынікам змяшэння парадкавага лічэбніка *sedmъ і колькаснага *setь (аналагічна і ў ліч. pętь < pętъ, šestь < šestъ); падрабязна гл. Семерэньі, ВЯ, 1967, № 4, 9 і наст. Слав. *setь заканамерна працягвае і.-е. *septṃ‑, параўн. літ. septynì, лат. septiņi, ст.-інд. saptá, грэч. έπτά, лац. septem, ням. sieben ‘тс’; гл. Траўтман, 257; Мюленбах-Эндзелін, 3, 819; Вальдэ-Гофман, 2, 517 і наст. Прычыну захавання ‑d‑ у заходне- і паўднёваславянскіх мовах (параўн. выпадкі з заканамерным яго выпадзеннем plemę < *pledmę, vymę < *vydmę) і страту яго ва ўсходнеславянскіх (Карскі, 1, 352 адзначае, што д выпадае часам у помніках XI ст.) Трубяцкой (ZfslPh, 4, 375 і наст.) тлумачыць розным часам працякання працэсаў асіміляцыі і скарачэння канцавой групы зычных. Гл. таксама Борысь, 545; Сной₁, 557; Фасмер, 3, 599; Шустар-Шэўц, 1396–1397; БЕР, 6, 579; ESJSt, 13, 797; Нов. в рус. этим., 205; SEK, 4, 259–260.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ску́так1 ‘вынік, вывад; паляпшэнне спраў’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сцяшк.), ‘прыбытак’ (Касп.), ‘ужытак’ (Нас.), ‘паразуменне, згода, аднадумнасць’ (Скарбы); скутак: дабіцца скутку ‘упарадкаваць, раскласці належным чынам думкі ці рэчы’ (Мілк.). Запазычанне з польск. skutek ‘вынік, вывад’, якое да *kutiti ‘упрыгожваць, убіраць’ (Кюнэ, Poln., 98), мажліва звязанага з кутаць (гл.). Скуткава́ць ‘карыстацца’ (Нас.) таксама з польск. skutkować ‘прыносіць карысць, памагаць’. Ст.-бел. скутокъ ‘вынік, канец’ з ст.-польск. skutek фіксуецца з 1507 г. (Булыка, Лекс. запазыч., 193).

*Ску́так2, ску́ток ‘нясцерпнае становішча’ (драг., З нар. сл.), скутова́цца ‘мучыцца, цярпець боль’ (ТС). Няясна. Магчыма, звязана з ску́чыць ‘сумаваць’: баба скучыць без вас (ТС), параўн. серб.-харв. ску́чити ‘прыцясніць, паставіць у невыносныя ўмовы’, а таксама каш. skąčëc ‘енчыць, скардзіцца, капрызіць’, чэш. skučeti ‘выць, скавытаць’, славац. skučať ‘тс’, славен. дыял. skúčati ‘тс’, што ўзыходзяць да прасл. *skučiti ‘скавытаць’, звязанага з *ščemiti (гл. шчаміць), што ўрэшце лічыцца зыходным для скучна ‘сумна, нудна’ (Ян.), ску́чно ‘тс’ (ТС), якія ўспрымаюцца ў сучаснай мове як русізмы, параўн. рус. скучно ‘тс’. Аднак фанетычныя цяжкасці (немагчымасць т > ч) прымушаюць крыніцу слова бачыць у скутак1 праз значэнне ‘выйсце са становішча’ — ‘цяжкае становішча’, параўн. трээ шукаць іньшаго скутку (Сержп. Прымхі, 188), ён і хворым памагае, й у клопаце дае скутак (Сержп.). Параўн. Фасмер, 3, 661; ЕСУМ, 5, 290; Борысь, Etymologie, 647–648.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сло́ва ‘адзінка мовы, маўлення’, ‘фраза, выказванне’, ‘мова’ (ТСБМ, Нас., Шат., Бяльк., Байк. і Некр., Др.-Падб.), сло́во ‘тс’ (ТС, Федар. 4), слові́на ж. р., экспр. ‘тс’ (ТС), сюды ж слове́чно ‘вусна’ (мазыр., Нар. Гом.), ст.-бел. слово ‘адзінка маўлення’, ‘выказванне’, ‘выражэнне волі, загад’, ‘павучэнне’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 75). Укр., рус. сло́во, польск. słowo, в.-луж., н.-луж. słowo ‘слова’, чэш. slovo ‘слова’, sloveso ‘дзеяслоў’, славац. slovo, серб.-харв. сло̏во ‘літара’, славен. slovọ̑ ‘развітанне’, slóvọ ‘літара; слова’, балг. сло́во, макед. слово ‘літара’, ст.-слав. слово, Р. скл. словесе. Прасл. *slovo ‘слова’ (аснова на ‑es). Роднасныя ўсх.-літ. šlavė ‘пашана; ушанаванне, слава’, šlȧvinti ‘славіць, шанаваць’, лат. slava, slave ‘пагалоска; рэпутацыя; пахвала; слава’, авест. srávah‑ ‘слава, павага; кліч’, грэч. κλέος ‘слава’, ст.-ірл. clù ‘слава’; гл. Траўтман, 368; Мюленбах-Эндзелін, 3, 920; Фрэнкель, 1008; Майргофер, 3, 389; Мее, Études, 356–357; Покарны, 606–607. Узводзяць да і.-е. кораня *kʼleu̯os < *kʼleu̯‑ ‘чуць, слухаць’ (Сной₁, 583). У славянскіх мовах звязана чаргаваннем галосных з слава, слыць (гл.). Гл. Фасмер, 3, 673; Глухак, 563; Махэк₂, 557 (падкрэслівае, што ў склад прасл. *slovo уваходзіў семантычны кампанент ‘пашана, слава’, прадстаўлены ў *slověti, *sloviti, ст.-слав. благословити ‘гаварыць, прапаведваць, велічаць, славіць’). Гл. яшчэ Скок, 3, 288–289; Трубачоў, Этимология–1968, 58; Шустар-Шэўц, 1308; Сной₁, 583; Борысь, 559; ЕСУМ, 5, 306.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смала́1 ‘загусцелы сок хваёвых і іншых раслін’, ‘пра назойлівага, надакучлівага чалавека’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.; ашм., Стан.; астрав., драг., Сл. ПЗБ), ‘жывіца сасны’ (Пятк. 2), смола́ ‘тс’ (ТС), ст.-бел. смола ‘тс’ (Сташайтэне, Абстр. лекс.), сюды ж смалі́ць ‘насычаць смалой’ (ТСБМ, Байк. і Некр.). Укр., рус. смола́, стараж.-рус., серб.-ц.-слав. смола ‘тс’, польск. smoła, в.-луж., н.-луж. smoła, палаб. smüla ‘смала; пекла, печ’, чэш. smůla, славац. smola, серб.-харв. смо̀ла, славен. smóla, балг. смола́, макед. смола. Прасл. *smola утворана ад і.-е. кораня *(s)mel‑ ‘гарэць, тлець’ (Сной₁, 586). І.‑е. адпаведнікі: лат. smeļi мн. л. ‘смольныя паленні’, літ. smėla ‘тлее’, smelà ‘смала’, н.-ням. smelem ‘гарэць доўга і дымна’, с.-ірл. smál, smól, smúal ‘агонь, попел’ (Праабражэнскі, 2, 337; Фасмер, 3, 690; Шустар-Шэўц, 1322; Сной₁, 586; Глухак, 566; Скок, 3, 294; ЕСУМ, 5, 326–327). Махэк₂ (563), Борысь (563) лічаць *smola дэрыватам ад незахаванага ў славянскіх мовах дзеяслова *smelti ‘тлець, злёгку гарэць’, суадноснага з *smaliti, гл. смаліць.

Смала́2, смыла́, смэла́, смо́лка ‘малодзіва’ (бяроз., пін., хойн., Шатал.), смала́, смаліна́, смо́лак, смо́лка ‘(ліпкае саланаватае) малако перад ацёлам’ (Мат. Гом.), смола́ ‘тс’ (ТС), смо́лка ‘тс’ (Шат., Сцяшк., Мат. Маг., Сл. ПЗБ). Гл. папярэдняе слова. Семантычнае развіццё аналагічна развіццю ў сера ‘малодзіва’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смаржо́к ‘ядомы грыб з маршчыністай шапкай, Morchella esculenta (Pers.) Fr.; Morchella conila Perg.’, смарчо́к ‘тс’ (ТСБМ), смаржо́к, смаршо́к, смаршчо́к, смарчо́к ‘тс’ (ЛА, 1, Сярж.–Яшк.), сморжкы́ ‘грыбы Morchella’ (Бейл.), а таксама сморж ‘тс’ (малар., Сярж.–Яшк.), ст.-бел. сморщкы ‘тс’ (Скарына). Укр. сморж, смо́ржій, змо́ршка, сморч, рус. сморчо́к, польск. smarz, smardz, в.-луж. smorž, smorža, н.-луж. smarž, чэш. smrž, славац. smrž, серб.-харв. смр́чак, славен. smȓček, макед. смрчка. Прасл. *smъrčь, smъržь (потым з другасным суф. ‑ъk‑). Фасмер (3, 692) звязвае з смаркаць і сморгаць (гл.), што да прасл. *smъrkati, *smъrgati. Мяркулава (Очерки, 168 і наст.) мяркуе, што гэтыя словы з’яўляюцца вымаўленчымі варыянтамі аднаго дзеяслова, магчыма, з экспансіўнай менай заднепаднябенных ‑к‑ і ‑g‑, а семантычна яны выступаюць як сінонімы са значэннем ‘тузаць, шморгаць’ і, не выключана, мелі адценне значэння ‘сцягваць, сціскаць, мяць, моршчыць’, адкуль у аснове назвы грыба магло быць уяўленне як аб нечым памятым, зморшчаным. На карысць гэтага сведчыць сморжкы́ ‘сукруткі’: пэрэкручэная пражка, збыраюцца сморжкы (Уладз.). Рэйзак (586), узводзячы назвы да тых жа праславянскіх дзеясловаў, першасным значэннем лічыць ‘слізкі грыб’, параўн. лат. smur̃gat ‘мазаць, пэцкаць’, літ. smùrgas ‘соплі’, што не ўзгадняецца з вонкавым выглядам грыба, ён таксама звяртае ўвагу на падобнасць славянскіх назваў да ням. morchel ‘смарчок’. Махэк₂ (562) мяркуе, што слова мае “праеўрапейскае” паходжанне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сму́глы1 ‘з больш цёмнай афарбоўкай (у параўнанні са звычайным колерам) скуры’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Сцяшк.; іўеў., Сл. ПЗБ), сюды ж смуго́лы ‘блякла-чырвоны, ружаваты’, смуго́ль ‘загарэлы, зрудзелы на сонцы’ (Барад.). Укр. смугли́й, рус. сму́глый, рус.-ц.-слав. смугльныи ‘цёмны’, серб.-харв. смугао. Лічыцца роднасным літ. smáugti ‘ціснуць, душыць’, с.-в.-ням. smouch ‘дым’, англ.-сакс. sméocan ‘дыміць’, англ. to smoke ‘дыміць, курыць’, грэч. δμύχω ‘вару; смажу на слабым агні’ і інш., гл. Фасмер, 3, 693 з іншай літ-рай. На падставе існавання формы смяглы (гл.) Брандт (РФВ, 24, 181) і інш. дапускалі чаргаванне галосных *smǫg‑:*smęg‑, якія працягваюць і.-е. *(s)mū̆k(h)/(*s)meuk(h)‑/(*s)meug(h)‑ ‘дыміць, павольна спальваць; дым’; гл. ЕСУМ, 5, 330. Міклашыч (311), Праабражэнскі (2, 340) меркавалі таксама аб сувязі са смага (гл.), як у пары хмура/хмара. У Огледна св. (69–70) выводзіцца з прасл. *smugъ, акрамя серб. смуг ‘попельна-шэры’, прадстаўленага і ў бел. смуга ‘імгла, імжа’, як варыянта да *smǫglъ, што паходзіць ад незахаванага *smǫgnǫti. Гл. таксама Рачава, Studia Etym. Brun., 3, 326.

Сму́глы2 ‘гонкі (пра дрэва)’ (брасл., Сл. ПЗБ). З польск. smukły ‘высокі і шчуплы; тонкі, стройны’, якое ад ст.-польск. smuknąć ‘пагладзіць, дакрануцца’; гл. Борысь, 564.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Со́рак ‘лік і лічба 40’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Стан.), со́рок ‘тс’ (ТС), ст.-бел. сорок. Укр., рус. со́рок, стараж.-рус. сорокъ ‘сорак’, ‘звязка з 40 скур собаля’. Польск. sorok ‘звязка з 40 скур собаля’ (XVІ–XVІІ стст.) запазычана з рус. (Брукнер, 507). Гэтае слова замяніла больш старажытнае четыре десѧте. У старабеларускай мове яшчэ ў XVII ст. для абазначэння лічэбніка ўжывалася четыредесять і сорокъ, а ў XVI і XVII стст. сорокъ таксама шырока ўжывальнае як адзінка лічэння футравых скурак (гл. Скурат, Меры, 167–168). Існуючыя этымалогіі спрэчныя. Тлумачылі (Міклашыч, 316; Брукнер, там жа і інш.) з грэч. (τε)σσαρακοντα ‘сорак’, новагрэч. σαράντα, або з грэч. τεσσαρακοστή, с.-грэч. σαρακοστή ‘саракадзённы пост’, але гэта версія не ўлічвае значэння ‘звязка футравых скурак’. Таму дапускалі сувязь з сарочка (гл.) аналагічна ст.-сканд. serkr ‘кашуля’ і ‘200 скур’; гл. Кіпарскі, Gemeinslav., 100; Фасмер, 3, 722–723 з літ-рай. Груненталь (AfslPh, 42, 318) прыводзіць яшчэ славац. meru ‘сорак’ з венг. mérő ‘футра’. Трубачоў (у Фасмер, 3, 723) не выключае магчымасці запазычання ст.-усх.-слав. *съркъ, да якога можа ўзыходзіць сорак, з цюркскіх моў, параўн. тур. kirk ‘сорак’, з дысіміляцыяй kk > sk. Агляд праблематыкі гл. Жураўлёў, Язык и миф, 641–642. Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 356.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Траці́ны1 ‘пілавінне’ (Скарбы; гродз., Нар. сл.), троці́на ‘тс’ (кам., ЛА, 1). З польск. trociny ‘тс’, дыял. treciny і tręciny ‘тс’ < trot ‘тс’, troty ‘сечка з саломы і сена’, ‘смецце ў азаддзі, найгоршым збожжы’, а таксама каш. tråt ‘людскія і жывёльныя выдзяленні, адкіды’, якое з паўн.-прасл. *tertъ — дэрывата з суф. ‑tъ і менай карэннай галоснай *‑e‑ ў *‑o‑ прасл. *terti, гл. церці (Борысь, 642; Брукнер, 576; SEK, 5, 161; Калашнікаў, Этымалогія 1997–1999, 61–62).

Траці́ны2 ‘памінанне і абед па нябожчыку праз тры дні пасля яго смерці’ (Шат., Касп., Мат. Гом., Жд. 2, Ян.; чэрв., Сл. ПЗБ, Гіл.); трацці́ны ‘тс’ (Нас.; в.-дзв., Шатал., Рэг. сл. Віц.), траці́нкі, траці́ны ‘хаўтуры па нябожчыку на трэці дзень пасля пахавання’ (Сцяшк. Сл.), ст.-бел. третини ‘трохдзённае памінанне памерлых’ (ГСБМ). Параўн. укр. дыял. трети́ни, трейті́ни ‘памінанне на трэці дзень пасля смерці’. Да трэці (гл.) пры дапамозе суф. ‑ін‑ы са значэннем традыцыйнага абраду, як дзевяціны, саракавіны, гадавіны (Сцяцко, Афікс, наз., 214). Максімаў (Восточнослав. и общ. яз., 1978, 154) лічыць, што адлічэбнікавыя старарускія назвы абрадаў на ‑ін‑ы распаўсюдзіліся з захаду пад уплывам аддзеяслоўных назоўнікаў тыпу радзіны, запазычаных з польскай мовы, што малаверагодна, параўн. балг. трети́ни ‘памінанне на трэці дзень пасля смерці’, девети́ни ‘памінанне на магіле на дзявяты дзень пасля смерці’ і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)