пярэ́сціць 1, ‑рэшчу, ‑рэсціш, ‑рэсціць; незак.

1. што. Рабіць пярэстым, надаваць чаму‑н. пярэсты выгляд. Светлыя пасмы, як шоўкавыя істужкі, усюды весела пярэсцілі цяністы прыцемак лесу. Мележ. Цені выцягваліся, раслі, пярэсцілі і ўкрывалі сабою невялікія круглыя лужкі. Сачанка.

2. звычайна безас. Пра адчуванне пярэстасці, мітусні (у вачах). Нарэшце балота кончылася. Густы бярэзнік падымаўся некуды ўгару. Ад белых ствалоў пярэсціла ўваччу. Асіпенка. За вокнамі вагона мільгалі — аж пярэсціла ў вачах — тэлеграфныя слупы, чыгуначныя будкі. Сабаленка. Збажына калыхалася ад лёгкага подыху ветру і пярэсціла ў вачах. Сіўцоў.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вылучацца сваёй пярэстасцю сярод чаго‑н. Дзе-нідзе на выгане пярэсцяць рознай велічыні лужыны. Бядуля. // чым або ад чаго. Быць пярэстым ад чаго‑н. Уся сцяна, у даўжыню, пярэсціла дзявочымі фотакарткамі. Ракітны.

пярэ́сціць 2, ‑рэшчу, ‑рэсціш, ‑рэсціць; незак.

Разм. Моцна біць. Купец выхапіў з кішэні пасак ды прывязаў пана да хвоі. Потым выняў з-пад крыса п[о]пліску, паказаў пану і пытаецца: — Што гэта, пане: бяроза ці лаза? Я ж прадаў табе вала, а не казла! І пачаў пярэсціць пана... Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раке́та, ‑ы, ДМ ‑кеце, ж.

1. Напоўнены піратэхнічнай сумессю снарад, які пасля выстралу ярка свеціцца ў паветры і ўжываецца для феерверкаў і светлавых сігналаў. Усё вакол грымела і грукатала, ракеты асвятляла хмызняк і балота. Краўчанка. Дзесьці непадалёку ўжо ўзвіваліся сігнальныя ракеты нямецкіх патрулёў. Лынькоў.

2. Лятальны апарат з рэактыўным рухавіком. Лунай жа горда над усёй планетай, Як першы госць, як першы наш дазор, Імклівая касмічная ракета, Рубінавым святлом крамлёўскіх ясных зор. Хведаровіч. // Баявы снарад, які прыводзіцца ў дзеянне рэактыўнай сілай. Фугасная ракета.

3. Невялікае пасажырскае судна на падводных крылах.

•••

Балістычная ракета — ракета дальняга дзеяння, якая рухаецца па балістычнай траекторыі пасля спынення дзеяння рухавіка.

Глабальная ракета — ракета, здольная данесці баявы зарад у любы пункт зямнога шара.

Звышдалёкая ракета — міжкантынентальная ракета.

Ракета-зонд — беспілотная ракета з радыёперадатчыкам для перадачы навуковай інфармацыі з космасу або з вялікіх вышыняў на Зямлю.

Ракета-носьбіт — шматступеньчатая балістычная ракета для вывядзення ў космас штучных спадарожнікаў Зямлі, касмічных караблёў, аўтаматычных міжпланетных станцый і пад.

Ракета-спадарожнік — кіруемы ракетны баявы снарад, выведзены на арбіту спадарожнікам Зямлі.

[Іт. rocchetta.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пусці́ць, пушчу́, пу́сціш, пу́сціць; пу́шчаны; зак.

1. каго-што. Перастаць трымаць, даць каму-, чаму-н. волю, выпусціць.

П. птушку на волю.

2. каго-што. Дазволіць, даць магчымасць каму-, чаму-н. ісці ці ўвайсці куды-н.

П. у адпачынак. П. жывёлу на пашу. П. ў хату. П. начаваць.

3. што. Прывесці ў рух, у дзеянне, у рабочы стан.

П. гадзіннік. П. струмень вады. П. аўтаматычную лінію.

4. каго-што. Прымусіць, даць магчымасць каму-н. рухацца якім-н. чынам ці куды-н.

П. каня наўскач. П. плуг глыбей у зямлю.

5. каго-што. У спалучэнні з назоўнікамі ўжыв. ў знач. падвергнуць чаму-н. або выкарыстаць з якімі-н. мэтамі, накіраваць у якуюн. сферу дзейнасці.

П. у абыходак. П. участак пад авёс.

6. што. Распаўсюдзіць, разнесці (разм.).

П. погалоску. П. плётку.

7. што. Кінуць што-н. у каго-, што-н.

П. камень у акно. П. грошы на вецер (перан.; патраціць дарэмна, упустую).

8. (1 і 2 ас. не ўжыв.), што. Даць з сябе парастак, карані.

П. атожылкі.

9. ( 1 і 2 ас. не ўжыв.). Не вытрымаўшы напружання, цяжару, перастаць утрымліваць што-н. (разм.).

У мяшку пусціла шво.

10. асаб. і безас. Адтаяць (разм.).

Балота месцамі пусціла.

Замарозіла, а потым зноў пусціла.

Пусціць (з) агнём або (з) дымам што (разм.) — спаліць.

Пусціць з торбай каго (разм., уст.) — давесці да жабрацтва.

Пусціць на свет каго-што (разм.) — нарадзіць, даць жыццё.

Пусціць юшку каму (разм.) — ударыць, разбіць нос да крыві.

|| незак. пуска́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. пуск, -у, м. (да 3 знач.).

П. ракеты.

|| прым. пускавы́, -а́я, -о́е.

П. аб’ект.

Пускавая ўстаноўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

праве́сці сов.

1. в разн. знач. провести́; (совершить — ещё) произвести́;

п. атра́д це́раз бало́та — провести́ отря́д че́рез боло́то;

паспяхо́ва п. сяўбу́ — успе́шно провести́ сев;

п. вялі́кую рабо́ту — провести́ большу́ю рабо́ту;

п. до́следы — провести́ (произвести́) о́пыты;

п. рэзалю́цыю — провести́ резолю́цию;

п. зага́дам — провести́ прика́зом;

п. грані́цу — провести́ грани́цу;

п. кана́л — провести́ кана́л;

п. руко́й па валаса́х — провести́ руко́й по волоса́м;

п. каня́ за по́вад — провести́ ло́шадь за пово́дья;

п. час — провести́ вре́мя;

2. (прощаясь, пройти вместе) проводи́ть;

п. на вакза́л — проводи́ть на вокза́л;

п. ў жыццё — провести́ в жизнь;

п. во́кам (вача́мі) — проводи́ть взгля́дом (глаза́ми)

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

не́тры, ‑аў; адз. (рэдка) нетра, ‑ы, ж.

1. Глыбіні зямлі, месцы пад зямной паверхняй, а таксама тое, што там змяшчаецца. Зямныя нетры. Распрацоўка нетраў. □ «Лясы і нетры — усё цяпер наша, народнае!».. Брыль. Праца кіпіць несціхана, Пласт падразае ствол: «Вось яна доўгачаканая Ў нетрах схаваная соль!» Звонак. Ішлі рудакопы У цёмныя нетры. Вялюгін.

2. перан. Унутраная прастора, унутраная частка чаго‑н. Падвальныя нетры, падвальныя нетры... Ну хоць бы глыток, хоць маленькі — паветра! Арочка. // Унутраныя, глыбінныя часткі краіны, раёна і пад. Нетры Палесся.

3. Непраходныя, глухія мясціны; прастора, парослая густым лесам. Ні чалавек, ні жывёла не можа ступіць на гэтыя нетры Гнілога балота. Колас. Чым далей, тым лес гусцей, а ў ім такія нетры, што і выбрацца нельга. Якімовіч. У час цяжкі ў лясныя нетры Радзіма склікала сыноў. Аўрамчык.

4. перан. Унутраная, глыбінная частка чаго‑н. Нетры памяці. // Пра народ, шырокія колы грамадства. [Паўліна Цітаўна:] — На выберуць [у дэпутаты] — значыцца народ знайшоў у сваіх нетрах больш дастойнага. Шамякін.

5. перан. Цяжкія, складаныя, глыбокія пытанні, бакі чаго‑н. Ніхто лепш за .. [Рэню] не разбіраўся ў каварных нетрах алгебры. Лынькоў. З Андрэем Пятро пачаў размову асцярожна, абыходным шляхам, але хутка залез у такія нетры, што з іх нельга, было ўжо выбрацца. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыго́да 1, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Нечаканы выпадак. Гэта былі звычайныя апавяданні пасажыраў аб прыгодах, якія давялося перажыць ім. Васілёнак. Амаль без асаблівых прыгод дабраліся .. [дзед і Міколка] да горада. Лынькоў. // (са словамі «злая», «ліхая» і пад.). Нежаданая, непрыемная, небяспечная для каго‑н. падзея. Гора-ліха па лесе брыло у нядобрай прыгодзе: Моцна дроздзіку нехта крыло Пакалечыў, пашкодзіў. Колас.

2. звычайна мн. (прыго́ды, ‑год). Учынкі, здарэнні, звычайна цікавыя, незвычайныя або рызыкоўныя. Самай любімай спадарожніцай ва ўсіх Алёшкавых паходах ды прыгодах была яго маленькая рагатка. Якімовіч. Апанаваны пчоламі, .. [Мішка] кінуўся бегчы ў рэчку і толькі там пазбавіўся ад іх нападу, крыху ачухаўся ад сваіх злачынных прыгод. Лынькоў. — Яшчэ ў школе мы марылі аб незвычайных прыгодах, аб подзвігах. Няхай.

3. Тое, што парушае звычайны парадак чаго‑н. — Будзе нейкая прыгода, Ходу, хлопча, падбаўляй, — Ці не пройдзе дождж, глядзі ты: Млявасць чуецца, цяжар. Колас. А на рэчцы на Арэсе Сталася прыгода: Ідзе наступ на балота З поўначы, з усхода. Купала.

прыго́да 2, ‑ы, ДМ ‑дзе, м.

Уст. У выразе: быць (стаць) у прыгодзе — згадзіцца, спатрэбіцца. [Таццяна] яшчэ будзе сёння ў прыгодзе, хай .. [Зелянюк] будзе спакойны аб ёй, яна яшчэ пакажа сваё! Зарэцкі. [Жучок:] — Я табе, як бяда будзе, у прыгодзе стану. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утаймава́цца, ‑муюся, ‑муешся, ‑муецца; зак.

1. Уціхамірыцца, супакоіцца (пра чалавека). Пачалі будаваць дарогу праз балота. Старыя працівіліся, але моладзь не ўтаймавалася, пакуль не ўзяла верх... Чарот. Стыпендыю [студэнты] атрымалі, праз дзень-два паедуць на бульбу, так што ёсць усе падставы павесяліцца. Толькі пад раніцу ўтаймуецца інтэрнат. Навуменка. // Стаць паслухмяным, падпарадкавацца волі чалавека (пра жывёл). Вінавата апусціўшы хвост, Кудлік трохі ўтаймаваўся, але ненадоўга. Рылько.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зменшыцца, суцішыцца або суняцца (пра боль і пад.). — Дарагі браце Сцяпане! Пойдзем да мяне, паляжыш, адпачнеш, боль утаймуецца... Дубоўка. [Алімпа] думала, што гэта яшчэ не роды, а проста забалеў жывот і калі яна будзе рухацца, дык боль утаймуецца. Сабаленка. // Заглушыцца, прыглушыцца (пра якое‑н. пачуццё, хваляванне і пад.). Калі агульная ўзрушанасць і захапленне, нарэшце, утаймаваліся, я пайшоў да Сені. Шамякін. — А чаго я цябе не бачыў да гэтага дня? — спытаў Пятро Ізобаў свайго даўняга сябра, калі радасць нечаканай сустрэчы крыху ўтаймавалася. Савіцкі. // Прыйсці ў нерухомы стан, стаць спакойным. На трэці дзень Утаймаваўся акіян. І хвалі, Прыкмеціўшы бязлюдны астравок, Як трэску, лодку іхнюю прыгналі І выплеснулі ціха на пясок. Куляшоў. Я Чорнае мора зялёным назваў бы, Калі ўтаймуецца бура і шторм. Грахоўскі. Пад раніцу завіруха трохі ўтаймавалася. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Багу́н1, таксама багно́, баго́н, баган, бахун, багульнік, бугу́н, баго́ннік (гл. Кіс., Талстой, Геогр., 155). Рус. багу́н, багу́нник, багу́льник, укр. багно́, багу́н, баго́н, багу́льник і г. д. (Макавецкі, Sł. botan., 205), польск. bagno. Вытворнае ад *bag(ъ)no ’багна’ (гл.). Брукнер, 11; Фасмер, 1, 103; Слаўскі, 1, 25; параўн. яшчэ Мяркулава, ЭИРЯ, III, 16–17; Якобсон, Word, 7, 189; Машынскі, Uwagi; Талстой, Геогр. Але Абаеў (Зб. Фальку, 1–4) на аснове рэдкай рус. формы вагульник хоча бачыць сувязь з ням. wacholWacholder ядловец’) і асец. waɣyly ’шыпшына’. Няпэўная думка (Машынскі, Pierw., 214) пра сувязь з *bagnę (гл. багня́1, 2): у час цвіцення багун нагадвае воўну ягнят. Няправільна Сабалеўскі, AfslPh, 33, 477, ЖМНП, 1911, май, 162, пра роднасць з грэч. φηγός дуб’, дар. φᾱγός, лац. fāgus ’тс’ (акрамя семантыкі, тут і фанетычныя перашкоды: у грэч. і лац. словах і.-е. *‑g̑‑, якое б дало слав. Гл. таксама Шанскі, 1, Б, 8–9 (дзе прыводзяцца некаторыя новыя меркаванні). Параўн. бахун.

Багун2 ’расліна Cynoglossum officinale L., касталом лекавы’ (Кіс.). Мабыць, назва перанесена з багу́н1 ’Ledum palustre’, таму што Cynoglossum, як і Ledum, мае вельмі непрыемны пах. Не выключаецца, што ёсць сувязь і з ба́гнабалота’ (бо расліна расце ў пясчаных месцах і на берагах рэчак).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Карма́1 ’задняя частка карабля’, укр. корма, рус. корма ’тс’, ст.-слав. кръма, балг. кърма, серб.-харв. кр́ма ’рулявое вясло’, славен. kŕma ’тс’. Слова, відаць, праславянскае. Яго архетып — kъrma ’рулявое вясло’. Параўн. ст.-слав. кръмчии ’кормны, рулявы’, кърмило ’руль’. Існуе гіпотэза аб старажытнагрэчаскіх сувязях гэтай групы слоў. Параўн. ст.-грэч. πρύμνη ’карма’. Марфалогія і семантыка славянскага і грэчаскага слоў супадаюць, але фанетыку вытлумачыць цяжка. Такія змены ў фанетыцы могуць узнікнуць у працэсе запазычання і адаптацыі. Больш пераканаўчая грэчаская паралель: κορμός ’вясло’ (Гесіхій) (κορμός ναυτικός). Не выключаны таксама палеабалканскі характар гэтых слоў, роднаснасць іх і πρύμνη (*k​ > π або κ у розных дыялектах). Ва ўсякім разе гэта слова, як і назва карабля ў цэлым (гл. карабель), магла мець палеабалканскую моўную крыніцу (Бернекер, 668; Пэрсан, Beitr., 172).

Карма́2 ’сярэдняя частка невада ў выглядзе доўгага вузкага мяшка, куды пападае рыба пры лоўлі, куль’ (ТСБМ, Касп., З нар. сл., Яшк., Нік., Мат. АС), рус. корма ’мяшок невада’. Сабалеўскі (ЖМНП, 1886, сент., 151) бачыў сувязь з карман ’кішэня’ (гл.), якое, аднак, само патрабуе этымалагічнага тлумачэння.

Карма́3 ’затока, завадзь у форме рукава’, ’выступ сушы ў выглядзе паўвострава, які ўразаецца ў балота’ (Яшк.). Семантычная сувязь з папярэднім словам відавочная. Агульная сема для карма2 і карма3 — ’куль, мяшок, рукаў’, але этымалагічнага рашэння пакуль што няма.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плю́ндра ’неахайная, нязграбная жанчына’ (зэльв., Сл. рэг. лекс.); плю́ндріна (Юрч. СНЛ; Юрч. Вытв.). Паралельная форма флюндра ’тс’ (беласт., Жыв. НС) сведчыць, што гэта — запазычанне з польск. flądra ’няхлюйная жанчына, прастытутка’ (з XVIII ст.), якое Слаўскі (1, 232) разглядае як запазычанне з ням. дыял. Flunder, Flander ’анучы, рыззё’, ’прастытутка’, што паходзяць, напэўна, з назвы краіны Фландрыі, адкуль разыходзіліся па Еўропе сукны. Банькоўскі (2, 600) мяркуе, што фармальна блізкае польск. plądra ’вандроўная ашуканка-зладзейка’ паходзіць ад plądrować, plondrować і plundrować ’грабці’, ’шарыць, шукаць’, а гэтае — з н.-ням. plündern ’грабіць, спусташаць’. Таго ж паходжання ўкр. фльондра, чэш. plundra ’гуляшчая, блудніца, прастытутка’, pladry ’адзенне’, ’паношанае адзенне, латы, анучы’, н.-луж. plundrawa ’абадранка’, славен. plȗndra ’снежная слота’, ’балота, дрыгва’, plọ̑dra, plọ̑jndra ’дождж са снегам’ (з факультатыўнай экспрэсіўнай назалізацыяй — Бязлай, 3, 62). Адносна літ. pliùndra ’слата’, pliùdra ’непраходная дарога з-за дажджу’, pliù(n)dra ’бадзяга, блудніца, прастытутка’, ’пляткарка’, ’неахайная жанчына’ Фрэнкель (1, 625) мяркуе, што яны ўзыходзяць да і.-е. *pel‑, *pleu̯‑d ’плыць, лётаць’, што дае падставы Лаўчутэ (Балтизмы, 71) следам за Блесэ (SB, 5, 17) лічыць балтыйскія словы зыходнымі для бел. плюндра ’той, хто заўсёды пэцкаецца’, што ў святле вышэй прыведзеных фактаў не мае падстаў, гл. спецыяльна Віткоўскі (LB, 4, 149–152). Гл. і хлюндра.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)