Трая́н1 ‘адзінка вымярэння даўжыні = 3 сажні’ (ПСл), ‘бутля ў тры літры’ (Сцяшк.), троя́н ‘тры рады бульбы, паміж якімі нельга прайсці плугам’ (Выг.), ‘бутэлька ёмістасцю 0,75 л’ (Арх. Вяр.). Як і ўкр. троя́н ‘трое коней’, ‘бацька трох блізнят’, ‘від танца’, утвораны ад асновы троj‑ і суф. *‑ěnъ (< *trojь‑ěnъ), параўн. трайны́, рус. тройной, серб. тро̂јан, тро̂јни, славен. trôjen. Прасл. *trojь (пад уплывам *dvojь) развілося з і.-е. *trei̯ó‑ (ст.-інд. trayā‑, літ. trejì ‘тры, трое’), якое з’яўляецца зборным лічэбнікам з *tréi̯es ‘тры’ (Сной₂, 786). Сюды ж трайня́к ‘моцны пітны мёд’ (Нас.).

Трая́н2 старое ‘здагадлівы, здатны, выдатны чалавек’ (Ю. Віцьбіч, Плыве з-пад Святое Гары Нёман. Мінск, 1995, 22; тое ж Спадчына, 1991, 5, 42), сюды ж, магчыма, трыяньскі: на кыяньской горе, на трыяньской траве стоиць яблыня; на той яблыни зылотое гняздо, у том гняздзе зьмея‑царица Елена (Рам., 5, 180) — фрагмент замовы, які, хутчэй за ўсё, з’яўляецца рэмінісцэнцыяй рукапіснай «Аповесці аб Троі» (пач. XVI ст.), параўн. і ст.-бел. троянский з рукапісу XVII ст. «Траянская гісторыя», побач з трояновый, траяновый, апошняе суадносяць з імем рымскага імператара Траяна (Слова аб паходзе Ігаравым). Існуе некалькі версій паходжання адпаведных славянскіх слоў, гл. найбольш поўны агляд у Паўлік, Scando-Slavica, 38, 170–184. Калі прыняць у якасці зыходнага непацверджаны ўказаннем на канкрэтную крыніцу апелятыў, то найбольш верагоднай падаецца этымалогія Скока (3, 488), які на падставе формаў тыпу харв. trãjan ‘працяглы; моцны’, в.-луж. trać ‘працягвацца, трываць’ і інш. рэканструюе аснову прасл. *tra‑, суадносную з санскр. taratí ‘спраўляцца’, trāyate, trate ‘абараняць’, гл. трываць. Што да УІ Трая́н (Бірыла, Бел. антр. 2, 414), параўн. рус. Троя́н, чэш. Troian (з 1184 г.), серб. Тро̀јан, харв. Trajan, макед. Тројан, якія, верагодна, абазначаюць боства ці міфалагічную істоту, то ў іх аснове можа ляжаць як адпаведны апелятыў (Скок, 3, 489), гістарычнае імя (Фасмер, 4, 107), так і лічэбнік *tri ў сімвалічна-міфічнай ці дыстрыбуцыйнай функцыі, параўн. серб. дыял. троја̀ним ‘прыводжу на свет, нараджаю тройню’ (СДЗб, 52, 395). Гл. Мартынаў, СБФ, 1989, 75; Карпенка, Зб. Супруну, 102; Цыхун, там жа, 274. Пра магчымыя іранскія ўплывы гл. Жураўлёў, Язык и миф, 625; Вопросы этнических культур в зеркале языка. М, 2002, 256.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туды́ ‘ў той бок, у тое месца, туды’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Шымк. Собр., Сержп. Прымхі, Пятк. 2, Бяльк., Шат., Касп., Мал., Растарг., ТС, Сл. ПЗБ), ту́ды і туды́ ‘тс’ (Нас.), туда́ ‘тс’ (Федар. 1; лудз., шальч., Сл. ПЗБ), тудэ́ ‘тс’ (беласт., шчуч., драг., Сл. ПЗБ), ‘туды, там, той дарогай’ (Скарбы₂), ст.-бел. туды, туда, туде ‘тс’ (ГСБМ), сюды ж туды́ж‑тыкі ‘туды ж’ (Нас.), туды́ка ‘туды’ (Сцяшк.), туды́нака ‘тс’ (Жд. 2), туд ‘тс’ (ТС). Укр. туди́, туди́ка, туди́й, туди́йки, рус. туда́, дыял. туды́, туды́‑ка, стараж.-рус. туды ‘туды’, польск. tędy ‘сюдою’, дыял. tądy, каш. tądë, в.-луж. tud(y), н.-луж. tud ‘тут’, дыял. tuder, чэш. tudy ‘сюдою’, славац. tudito ‘гэтай дарогай, сюдою’, славен. tôdaj, tód ‘тут, сюдою’, старое харв. tudi, серб. ту̏д, ту̀да(р) ‘туды’, ‘тут’, ‘сюдою’, балг. тъдя́(ва) ‘недзе тут, у гэтым месцы’, ст.-слав. тѫдоу, тѫдѣ ‘туды, тут, стуль’. Прасл. *tǫdy (з варыянтамі *todě, *tǫdu, *tǫda) утворана ад t‑асновы (як *kǫdě — ад k‑асновы), хутчэй за ўсё, ад формы *ta‑mo‑dě ў выніку гаплалагічнага скарачэння (ESSJ SG, 2, 696), ці ад праславянскага ўказ. займ. *tъ ‘гэты’ (з В. скл.) у форме *tǫ з рознымі часціцамі з элементам *‑d‑ (Борысь, 631), або ‑ǫd, які супастаўляюць з лац. unde ‘адкуль’, inde ‘адтуль’ (ЕСУМ, 5, 669). Паводле ESJSt (16, 974), слова няяснага паходжання. Сной₂ (790) дапускае першаснае значэнне ў прасл. *tudy ‘тут’, якое маецца ў прыслоўі *tu ‘тут’. З індаеўрапейскіх паралелей можна ўказаць на гоц. thadei ‘куды’. Ст.-прус. (is)stwendau ‘стуль’, якое прыводзіцца ў этымалагічнай літаратуры ў якасці адпаведніка stwendau ‘скуль’, фанетычна не зусім адпавядае прасл. tǫdy, паводле Мартынава (Прасл. яз., 28), зыходная форма рэканструюецца як ст.-прус. *istandau, паралельная прасл. *jьztǫdu ‘стуль’. Сюды ж спалучэнні сюды́‑туды́ ‘ў той і ў другі бок’, туды́‑сюды́ ‘сюды-туды’, ‘сыйдзе, нічога’, ‘куды-небудзь’, ‘там і сям’, ‘як-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Федар. 4, Растарг., Арх. Вяр., Бяльк., Байк. і Некр.), ‘далёка не адыходзячы’ (Варл.), ‘абы-як, нядбайна’ (Юрч. Сін.), ‘у розныя бакі’ (смарг., швянч., пух., астрав., Сл. ПЗБ), туда́‑сюда́, тудэ́‑сюдэ́ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. туды и сюды, туда и сюды, туды и сюда ‘ў той і другі бок’ (ГСБМ). Гл. таксама сюды́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сіга́ць ‘скакаць’, ‘бегчы, шпарка ісці шырокімі крокамі’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Др.-Падб., Гарэц., Байк. і Некр., Сцяшк., Жд. 1, Нар. сл., ЛА, 2), ‘імкнуцца, жадаць, дамагацца’ (Варл.), сігну́ць ‘ступіць’ (Нас.; карэліц., Сл. ПЗБ), сіг ‘крок, скок’ (Нас., Бяльк., Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр.). Рус. сига́ть ‘скакаць’, сиг ‘скок’. Брукнер (490) адносіць сюды ж і польск. дыял. (у XVI ст. запісана як мазавецкае) sigać ‘кідаць’, а таксама ц.-слав. сиг ‘костка для гульні’ і серб.-харв. си̏га ‘stalactites’. Апошнія два прыклады няпэўныя, у іншых крыніцах не згадваюцца. Бліжэйшыя паралелі бачаць у ст.-інд. śīghráh̥ ‘хуткі, скоры’, ст.-англ. hígian ‘спяшыць, напружвацца, імкнуцца’; гл. Сольмсен, KZ, 38, 143; Майргофер, 3, 348. Іншая версія — ад *sęgati (гл. сягаць) з другасным ‑i‑, як гэта мяркуе Праабражэнскі (2, 248), менш верагодная, аднак для некаторых значэнняў тыпу лаг. sihać ‘дамагацца’ цалкам дапушчальная. Думку Расянена (FUF, 29, 198) аб запазычанні з чув. sik‑ ‘скакаць’, тур. säkmäk ‘тс’ Фасмер (3, 618) адвяргае з прычыны наяўнасці слова ў беларускай мове. Меркаванні Дабрадомава (Бел.-рус. ізал., 39) пра рускае і беларускае слова як булгарызм не пераконваюць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сіпе́ць ‘утвараць сіплыя гукі’, ‘гаварыць сіплым голасам’ (ТСБМ, Нас., Др.-Падб.), ‘шыпець’ (Сл. ПЗБ), ‘злавацца, сварыцца’ (маладз., Гіл.), ‘ціха шапацець (пра дробны дождж)’ (гродз., Сл. ПЗБ; гродз., З нар. сл.), ‘імжаць’ (гродз., лун., мазыр., ЛА, 2), ‘рассыпацца, раскісаць (пра снег)’ (ТС), сіпоцець ‘шумець, пеніцца (аб страве пры закісанні)’ (ТС), сіпа́ць ‘сіпець’ (ТСБМ, Шат., Бір. дыс.), сіпа́ты, сі́плы, сі́пы ‘сіплы’ (ТС), сіпа́ты ‘макраносы’ (калінк., Арх. ГУ), сюды ж назоўнік ст.-бел. сипанїе ‘шыпенне’: оукγсить змїе без’ сипанїа (Альтбаўэр). Рус. сипе́ть ‘сіпець’, укр. оси́плый, ц.-слав. остнѫти, польск. sipieć, чэш. sipěti, sípati ‘сіпець, хрыпець’, славац. sipieť ‘шыпець’, харв. sípiti, славен. sípati, sípljem ‘пыхкаць, фыркаць’, балг. оси́пвам, макед. осипнува ‘сіпнуць’. Гукапераймальнага паходжання; гл. Праабражэнскі, 2, 288; Фасмер, 3, 626. Параўноўваюць з лац. sībilus ‘свіст’, sībilō, ‑āre ‘шыпець, свістаць, асвістваць’, новаперс. siflīden ‘свістаць, шчабятаць’ (Вальдэ-Гофман, 2, 531 і наст.), з герм. *sip‑ ‘капаць, цурчэць’ (ст.-англ. sípisn, англ. seep, с.-в.-ням. sīfen, гал. sijpelen і інш., гл. Глухак, 548). Паралелі ў літ. šypauti ‘высмейваць, насміхацца’, лат. sĩpa ‘бура’ Фасмер (там жа) лічыць спрэчнымі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Такро́к ’летась’ (навагр., Жыв. сл.; Нар. словатв., Скарбы; карэліц., Янк. Мат.; Сцяшк.; шчуч., З нар. сл.; Сл. ПЗБ; вілен., гродз., ЛА, 2), такрі́к ’тс’ (брэсц., ЛА, 2), такру́к ’летась’ (лях., ЛА, 2; Сл. ПЗБ), ст.-бел. такрок ’у мінулым годзе’ (1579 г.), такрочны ’леташні’, сюды ж такро́чны ’леташні, мінулагодні’ (Скарбы, Сцяшк.), такро́чны, такро́чні, такро́шні ’мінулагодні’ (Сл. ПЗБ), такро́шні гот ’летась’ (навагр., ЛА, 2), такрі́чнэ лі́то ’тс’ (кам., ЛА, 2), такро́чні цялю́к ’цяля-перазімак’ (воран., ЛА, 1). Запазычана з польск. tak rok ’год таму, летась’, tak roczny ’мінулагодні, леташні’, навагодняе пажаданне na tak rok! ’каб так за год дачакацца’ (Варш. сл.), у спалучэнні з іншымі назоўнікамі: tak miesiąc ’месяц таму’, параўн. таксама чэш. мар. tak rok ’год таму’. Гл. так, рок1, параўн. тарок (гл.). Пацюпа (Станкевіч, Язык, 1164) на падставе выразу тот рок (Баркулабаўскі летапіс) лічыць самастойным утварэннем, што сумніўна. Параўн., аднак, такро́к ’штогод’: то ж ён такрок прыезджаў к матцы (Мат. Гом.), калі гэта не памылковая семантызацыя, то яго можна разглядаць як незалежнае ўтварэнне ці другаснае пераасэнсаванне запазычання.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Талакно́ ’мука з ачышчанага пражанага аўса; страва з такой мукі’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Касп., Серб. Вічын, Шат., Бяльк., Сержп. Прымхі, Пятк. 2, Сл. ПЗБ, ЛА, 4), ’страва з аўса’ (Жд. 3), ’кісель з аўсянай мукі’ (полац., ЛА, 4), ’зацірка з цёртага канаплянага семені’ (Мат. Гом.), ’страва, прыгатавала з грэцкай мукі і кіслага малака’ (лях., Сл. ПЗБ), талакно́, толокно́ ’страва з аўсянай мукі або патоўчанага канаплянага семені’ (Лекс. Бел. Палесся), толокно́ ’страва з аўсянай мукі’ (ТС). Параўн. укр. толокно́ ’мука з падсушанага аўса, тоўчаных сухароў’, рус. толокно́ ’тоўчаная аўсяная мука, каша з гэтай мукі’, польск. tłokno ’ежа з аўсянай мукі, гарачай вады і малака’. Паводле Сноя (гл. Бязлай, 4, 187), сюды ж славен. *tlakno ’нейкая мучная ежа’, рэканструяванае на падставе запазычання ў ням. бавар. Talken ’аўсяныя крупы’, што да *tolkъno, з якога праз усходнеславянскія мовы было запазычана фін. talkkuna ’аўсяная каша’ (Фасмер, 4, 73). Звязана з таўчы (гл.), паколькі рэдкая словаўтваральная мадэль з суф. ‑ъno (параўн. сукно, валакно і пад.) характэрна для старых назваў вынікаў дзеяння, выражаных зыходным дзеясловам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тата́рын ’прадстаўнік аднаго з народаў цюркскай моўнай групы’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Федар. 4), тата́р ’тс’ (ушац., Полымя, 2001, 3), тата́ры ’народ, асноўнае насельніцтва Татарстана, а таксама некаторыя іншыя народнасці цюркскай моўнай групы’, гіст. ’цюркскія, мангольскія і некаторыя іншыя плямёны Залатой Арды’ (ТСБМ), ’спецыяльныя вайсковыя фарміраванні ў ВКЛ (“казакі, а менавіта татары”)’ (Arche, 2008, 1–2, 89), ст.-бел. татаринъ, татарынъ ’татарын’ (1340 г., КГС), сюды ж татарчу́к ’татарскае дзіця’ (Некр. і Байк.), ’татарын’ (Сл. ПЗБ), татарва́ зборн. ’татары’ (там жа), тата́ршчына ’нашэсце татар’ (ТС), тата́рскі прым. (ТСБМ, Некр. і Байк.), тата́рсʼкі ’тс’ (Вруб.). Укр. тата́ри́н, та́та́р ’тс’, рус. тата́рин, польск. Tatar, Tatarzyn, чэш. Tatar, славац. Tatár, славен. Tatar, серб.-харв. Tàtar, макед. татар, балг. тата́рин, ц.-слав. татаринъ. Запазычанне з цюркскіх моў, дзе тат. татар ’татарын’, тур. Tatar ’тс’, манг. та́тар ’тс’, чув. тутар ’тс’, чагат. татар ’жыхары краіны, што на поўначы ад Кітая’, ст.-цюрк. tatar ’мангол’, магчыма, звязанае з манг. tatari, калм. tatṛ ’той, у каго іншамоўная вымова’ (Фасмер, 4, 27; Анікін, 539). Пачатковы кампанент цюркскага слова tat‑ першапачаткова значыў ’іранец’ (ЕСУМ, 5, 527).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́яць (та́иць) ’раставаць’ (Нас.), та́яць ’тс’ (Ласт., Бяльк.; ашм., Стан.), та́е, та́я, та́іць, та́не, та́ня ’растае’ (ЛА, 2), ст.-бел. таяти ’тс’ (КГС); сюды ж таць ’тс’ (гл.). Укр. та́яти ’раставаць’, рус. та́ять ’тс’, польск. tajać ’тс’, н.-луж. tajaś ’тс’, в.-луж. tać ’тс’, чэш. tát ’тс’, славен. tájati se ’тс’, серб.-харв. та̏јати ’прасочвацца, працякаць’, макед. дыял. таи ’тс’, ’раставаць’, балг. та́я ’тс’, дыял. та́е ’прапускае (пра порысты, няшчыльны посуд)’. З прасл. *tajati (*ta‑ja‑ti ад асновы цяп. ч. *tajǫ, *taješь) ’раставаць’, роднаснага да ст.-інд. tṓyam ’вада’, грэч. τήκω ’растопліваць; расчыняць’, дар. τάκω ’тс’, лац. tābeo, ‑ere ’раставаць, расцякацца; распадацца, разлагацца’, асец. t‘ayun ’раставаць’, арм. t‘anam ’змочваю, увільгатняю’, ст.-в.-ням. douwen, ням. tauen ’тс’, ст.-англ. þāwian, англ. thaw ’тс’, ст.-ірл. tām ’чума’, вал. tawdd ’растоплены’; усё да індаеўрапейскай асновы *tā‑ ’раставаць, расплаўляцца’ (Фасмер, 4, 30; Чарных, 2, 230; Брукнер, 563; ЕСУМ, 5, 515; Борысь, 625; Шустар-Шэўц, 1494; Бязлай, 4, 147; Трубачоў, Труды, 1, 313–314). Варыянты асновы ў раставаць, растаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пя́дзя ’адлегласць паміж канцамі расстаўленых вялікага і ўказальнага пальцаў рукі; старая мера даўжыні’ (ТСБМ; барыс., шальч., беласт., Сл. ПЗБ; Сцяшк.), пʼя́дзя ’тс’ (ТС), пядзь ’тс’ (Шымк. Собр., Ян., Сцяшк.; чэрык., Мат. Гом.), пʼядзь ’тс’ (ТС), пядь (пйядь) ’тс’ (Бес.), пядь ’тс’ (Бес.), пя́дя ’тс’ (Растарг.), ст.-бел. пядь, сюды ж пядень ’тс’ (Шымк. Собр.), пя́да ’мера адлегласці ад верху вялікага пальца да канца сярэдняга (роўная 3 кархам або 1/2 локця)’ (свянц., Крывіч, 1926, 12, 106). Параўн. укр. пʼядь, рус. пядь, дыял. пя́да, пя́дя, польск. piędź, чэш. píď, славац. piaď, в.-луж. pjedź, н.-луж. pěź, славен. pẹ̑d, серб.-харв. пе̑д, балг. пе́дя, макед. педа, ст.-слав. пѧдь. Прасл. *pędь суадноснае з *pęti (суфікс *‑dь, SP 1, 64), гл. пяць ’цягнуць, напружваць’; роднаснае да літ. spęsti, spéndžiu ’расстаўляць сіло, лавіць у пастку’, spiñdis ’пастка’, ст.-літ. spándyti ’нацягваць’, лат. spanda ’перавязь у плузе’, параўн. таксама лац. pendēre ’вісець’, ст.-в.-ням. spanna ’пядзя’ (Фасмер, 3, 423; Бязлай, 3, 20; Шустар-Шэўц, 2, 1075; Махэк₂, 448; Скурат, Меры, 17–18).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пярсце́ц1 (пярсьце́ц) ’безыменны палец’ (Ласт., Стан.). Памянш. да *pьrstъ > (гл. пярсты), параўн. ст.-польск. pierściec ’палец’ у складзе батанічных назваў piącipierściec, pięćpierściec (1437 г.) ’дуброўка, Potentilla L.’ (*pьrst‑ьcь, гл. Банькоўскі, 2, 559), балг. пръсте́ц ’від грыбоў; узор на кажуху’ (ад пръст ’палец’) і пад.

Пярсце́ц2 (персце́ц) ’яма на тарфянішчы пасля пажару’ (ТС). Відаць, да прасл. *pьrstь ’попел, прах’, параўн. ст.-бел. персть ’зямля’, укр., рус. пе́рсть ’тс’, польск. pierść ’сухая сыпкая зямля, пыл’, чэш., славац. prsť ’зямля, верхні пласт глебы’, в.-луж. pjeršć ’тс’, славен. pȓst ’тс’, серб.-харв. пр̑ст ’тс’, балг. пръст ’выкапаная зямля; попел, пыл’, макед. прст ’зямля, пыл’, ст.-слав. прьсть, пръсть ’прах’, роднасныя літ. pir̃kšnys мн. л. ’жар, прысак’, лат. pìrkstis ’прысак’, ст.-інд. pŕ̥s̥an ’плямісты, стракаты’, ст.-ісл. fors ’вадапад’ (Фасмер, 3, 245; Шустар-Шэўц, 2, 1082; БЕР, 5, 829; Скок, 3, 57; Сной₂, 589; ЕСУМ, 4, 355). Да семантыкі параўн. балг. пръ́стник ’заглыбленне, яма’, пръстница ’месца, дзе капаюць гліну’ і пад.; тапонім польск. Pierściec (1550 г.) у Сілезіі (Банькоўскі, 2, 559). Матывацыйна звязана з порах, перхаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)