Ланцу́г1, ланцу́х, ланцу́к, лынцю́г, ланьцу́г ’жалезны ланцуг’ (Нас., Гарэц., Грыг., Мядзв., Касп., Бяльк., Сцяшк., Шат.; кам., Выг.; паўд.-усх., рагач., КЭС, Сл. паўн.-зах.), ланцужок, ланцу́жык ’ланцужок да гадзінніка, медальёна’ (Нас., Гарэц., Касп., Сцяшк.). Ст.-бел. ланцухъ, лонцухъ, ланцугъ, ланчухъ, ленцухъ (XV ст.) (вытворныя: ланцужокъ, ланцужно, ланцужный, ланцуговый, ланцушокъ, поланцужное) былі запазычаны са ст.-польск. łańcuch (łancuch, lancuch, lańcuch) < с.-в.-ням. *lannzug, якое з lanne ’ланцуг’ і zuc, zuges ’працяг; тое, што цягнецца’ (Брукнер, 306; Слаўскі, 4, 462; Кюнэ, Poln., 73; Булыка, Лекс. запазыч., 101). У сучаснай беларускай мове лексема набыла наступныя значэнні: ’назва прыстасаванняў, прылад, фізічных з’яў’, ’рад гор’, ’лінія стралкоў’ (Крукоўскі, Уплыў, 151). Сюды ж шальч. ланцу́х ’ключ птушак у палёце’ < літ. lenciū̃gas ’тс’ (Грынавецкене, Сл. паўн.-зах., 2, 617), а таксама ланцу́г, ланцужо́к, ланьцу́х, ланьцушо́к ’пляцёнка пражы, аснова, заплеценая ў петлі пасля таго, як яе знялі са снавальніцы ці сцяны’ (Уладз.; трак., вільн., Сл. паўн.-зах.), ланцу́жка ’дзявочы танец, які складаецца з кругападобных фігур’ і ланцу́жнік ’злачынец, закаваны ў ланцуг’, ’злодзей’ (Шат.).

Ланцу́г2 ’страўнік’ (?) (Герд, Беларус. ізал., 32). Да ланту́х (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)