Ма́ціца ’перламутр’ (ТСБМ), пярловыя маці́цы ’пацеркі з жэмчуга’, крывавыя маціцы ’пацеркі з граната’ (Малч.); ма́ці́ца, ма́тіца (шчуч., беласт., бяроз.) ’галоўны корань у дрэве’, воран. маці́чны кароне ’тс’ (Сл. ПЗБ); ма́ціца, мацяры́к ’тс’ (Сцяшк. Сл.); ма́ціца, ма́тіца ’падоўжная бэлька ў будынку, трам’ (Нар. сл., Касп., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Мат. Маг.), ’бярвенні, якія кладуцца ўпоперак зруба ў верхнім вянку’ (шкл., лун., рас., Шатал.), ст.-бел. матица ’вінаградная лаза’, ’перламутр’ (XVI ст.). Яшчэ ст.-рус. матица ’асноўная, апорная частка чаго-небудзь’, жемчужная матица ’ракавіна жэмчуга’ (XVII ст.), польск. macica, в.-луж. maćica, чэш. matice, славац. matica, славен. mática, серб.-харв. ма̏тица, макед., балг. матица. Прасл. matica — вытворнае ад mati > ма́ці 1 (гл.). (Бязлай, 2, 171; БЕР, 3, 685–686; Булахоўскі, Выбр. пр., 3, 352). Гл. таксама маці́ца.

Маці́ца ’матка, uterus’ (Нас.; гродз., шальч., воран., Сл. ПЗБ). Паводле Грынавяцкене (там жа, 3, 50), паходзіць з польск. macica ’тс’. Відавочна, толькі ў паўн.-зах. зоне. Параўн. яшчэ ст.-рус. матица ’тс’ (XVII ст.) < прасл. matica ’пачатак, крыніца чаго-небудзь’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Многа, мно́го, драг. мны́го ’шмат; больш, чым патрэбна, лішне’, ’часта, значна’ (ТСБМ, Яруш., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ); а таксама ’многае, многія’ (ТСБМ). Ст.-бел. многый ’вялікі, істотны, сур’ёзны, моцны’, многые, многи (мн. л.) ’шматразовы, шматлікі’. Укр. мно́го, рус. мно́го, мно́гий, ст.-рус. много, многий, мъногый, польск. mnogo, mnogi, н.-луж. m(ł)ogi, чэш., славац. mnoho, mnohý, славен. mnógo, mnȏg, vnogo, серб.-харв. мно̑г, мно̏го, mnógo, mlogo, макед. многу, балг. много, ст.-слав. м(ъ)ного, м(ъ)ногъ, м(ъ)ножити. Прасл. mъnogo, mъnogъ, якое супастаўляецца з гоц. manags ’шматлікі’, ст.-в.-ням. manag ’іншы, некаторы’, ст.-ірл. menice ’часты, шматлікі’ (Фасмер, 2, 633–634). Насуперак шматлікім аўтарам Бязлай (2, 190) не адносіць сюды літ. minià ’натоўп’ і, як і Фасмер, адмаўляе герм. паходжанне прасл. лексем. Ён зыходзіць з і.-е. *men(e)gh‑/*mn̥gh‑: ст.-інд. *magha‑ ’падарунак’ (гл. Майргофер, 2, 546); Махэк₂ (370) яшчэ супастаўляе з лац. magnus, ст.-грэч. μέγασ ’вялікі’, хец. mekki ’шматлікі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мы́каць 1, му́каць, мі́каць ’раўці (аб карове, цяляці)’ (ТСБМ, Юрч., Гарэц.; дзярж., ДАБМ, к. 300), ’ціха мычэць’ (ц.-бел., лельч., там жа; Нас.). Рус. пск., валаг., калін., арханг. мы́кать ’тс’. Гукапераймальнае. Ад аднаразовага выклічніка мы‑ы! (Васілеўскі, Прадукт. тыпы, 79).

Мы́каць 2, му́каць, мы́каты ’часаць лён на грэбені і скручваць яго ў мычкі’ (Гарэц., Юрч., Бяльк., Ян.; іван., петрык., лельч., Уладз.), мы́кнуць ’зрабіць трохі мычак’ (Юрч.). Укр. ми́канець ’расчасанае і падранае з мычкі пачассе’, ми́канка ’горшы гатунак прадзіва’, ми́кати ’торгаць, рваць, цягнуць’, рус. мы́кать ’мыкаць лён, пачассе’, польск. mykać ’рваць лён’, ’часаць лён’, ст.-чэш. mykati ’часаць воўну’, славац. mykať, славен. míkati ’часаць’. Прасл. mykati. Да імкну́цца (гл.).

Мы́каць 3 ’раздаваць, марнатравіць’, ’насіцца’ (Юрч.). Рус. валаг. мы́кать ’траціць час’. Семантычна блізка стаіць да мы́кацца (гл.).

Мы́каць 4 ’мармытаць, неразборліва гаварыць’ (ТСБМ, Шат.), любан. мы́каць‑пы́каць ’тс’ (Нар. словатв.), мы́кнуць ’буркнуць, крыкнуць’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб.). Гукапераймальнае. Утворана ад м‑м‑м! (Васілеўскі, Прадукт. тыпы, 72).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мі́лы, мі́лый, мэ́лы ’які выклікае прыемнае ўражанне’, ’абаяльны’, ’дарагі, любімы’, ’каханы’, мі́ленькі, мілю́сенькі, мілёхенькі, мілю́тэнькі, мілюхны́ ’тс’ (ТСБМ, Нас., Шат., Бяльк., Кліх, ТС, Сл. ПЗБ, Нар. Гом.), ст.-бел. милъ, милый ’любы, любімы, дарагі, вельмі блізкі, прыемны, паважаны’ (Булахаў, Гіст., 132). Укр. милий, рус. милый, мил, польск., н.-, в.-луж. miły, чэш., славац. milý, славен. mȋł, míla, серб.-харв. ми̏о/ми̏ла, ми̏ло, мак., балг. мил, ст.-слав. милъ. Прасл. milъ. Утворана пры дапамозе суфікса ‑lo‑ ад і.-е. *mei̯- ’сябраваць’ (як і mirъ). І.‑е. адпаведнікі: літ. míelas, mýlas ’мілы, шаноўны’, méilė ’каханне’, mylė́ty ’кахаць’, лат. mīļš ’мілы’, ст.-прус. mijls ’любы’, ст.-інд. máyas‑ ’радасць’, ст.-грэч. μείλιον ’прыемны падарунак’ (Бернекер, 2, 58; Мее, 413, 421; Траўтман, 174; Фасмер, 2, 622). Махэк₂ (363) услед за Р. Раскам выводзіць прасл. milъ са ст.-грэч. φίλος (< *bhilos) — неверагодна. Сюды ж мі́ласць, мі́лысьць ’велікадушнасць’, ’ахвяраванне, дар’, ’пачцівы зварот’, ’дабрадзейства для бедных і няшчасных’ (ТСБМ, Др.-Падб., Бяльк., Яруш.; КЭС, лаг.), брасл. мі́лосць ’ласкавасць’ (Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мі́ма ’не спыняючыся, не затрымліваючыся пасля чаго-небудзь’, ’каля, побач’ (ТСБМ, Яруш., Кліх; паст., Сл. ПЗБ), мі́мо ’акрамя, паміма’ (ТС), мімаходзь ’мімаходам’ (карм., Мат. Гом.). Укр. ми́мо, рус. ми́мо, ни́мо, ст.-польск. mimo, nimo, imo, mieno, mino (як і н.-луж. і славен.), каш. mimö, славін. mjĩvo, палаб. maimü, в.-луж. nimo, арх. mimo, чэш. mimo, ímo, мар. mimová, mimové, славац. mimo, славен. mȋmo, mímo, memo, mem, mino, серб.-харв. ми̏мо, макед. у прэфіксе: мимолетен, балг. арх. мимо, ст.-слав. мимо. Значэнні: ’каля, побач’, ’без’, ’акрамя’, ’супраць’, ’нягледзячы на’, ’над-, вышэй-, больш за’, ’у параўнанні з іншымі’. Прасл. mimo з’яўляецца прыслоўем, утвораным ад дзеяслова mi‑nǫti пры дапамозе суфікса ‑mo, як бел. крычма, дарма і інш. (Міклашыч, 197; Бернекер, 2, 59; Зубаты, Studie, 412; Фасмер, 2, 622; ESSJ SG, 1, 112–114; БЕР, 3, 798; у іншых слав. мовах: Шлівіч–Шымшыч, ЗФЛ, 3, 1960, 135–152; Рытталь, Por. jęz., 2, 1972, 72–82; Кочыш, Kult. sl., 1, 1971, 14–17).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лаве́ц 1 ’лавец, паляўнічы’, ’той, хто ловіць’ (Янк. II, Бяльк., ТС), укр. лове́ць ’тс’, рус. лове́ц ’тс’, ’рыбак’, польск. łowca ’паляўнічы’, ст.-польск. ’паляўнічы сабака’, устар. łowiec (з XIV ст.) ’паляўнічы’, каш. łȯvca ’тс’, łȯvc ’той, хто ловіць’, н.-луж. łowc ’паляўнічы; той, хто займаецца лоўляй’, чэш., славац. lovec, славен. lóvec, łȍu̯c, серб.-харв. ло̀вац ’паляўнічы’, ’егер’, ’ястраб-перапёлачнік’, макед. ловец, балг. ловец ’паляўнічы’. Прасл. lovьcь ’той, хто ловіць звяроў, птушак, рыб’. Першаснае nomen agentis ад loviti > лавіць (гл.), утворанае пры дапамозе суф. ‑ьcь (Слаўскі, 5, 232; SP, 1, 100). Ст.-бел. ловца ’птушкалоў’ (XVII ст.) < ст.-польск. łowca ’тс’ (Булыка, Запазыч., 90).

Лаве́ц 2 ’ражон, завостраная палачка, дубчык, на які чапляюць сала і смажаць яго на агні’ (Янк. II, Бяльк., Мат. Гом.; жлоб., Нар. словатв.) з *ламец (уплыў народнай этымалогіі) пры перастаноўцы м > в, параўн. ломжа — лаўжо — лобжа (Мат. Гом.). Суфікс ‑ец той жа, што і ў дубе́ц. Корань лом‑ у роднасных ламы́, лам’ё, ламяйко, ламата́ ’абцярэбленыя сукі, дробнае галлё’ (Сцяшк., Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абало́нка 1, параўн. укр. болона ’тонкая плеўка’, польск. błona, чэш. blona, славац. blana ’тс’, якія, магчыма, генетычна суадносяцца з лац. follis ’пузыр’, folliculus ’плеўка’ < і.-е. *bholnis (гл. Покарны, 120), хаця лінгвагеаграфія гэтых слоў супярэчыць непасрэднаму супастаўленню з лацінскімі формамі. Яшчэ менш верагодна з фармальнага і семантычнага боку супастаўленне са ст.-грэч. φόλίς ’луска паўзуноў’ (гл. Фасмер, 1, 189). Цікавая здагадка аб генетычнай суаднесенасці з прасл. *pelna, *pelena (рус. пелена і інш. славянскія паралелі) (гл. Махэк₂, 55 і 458). Пры бездакорнасці семантычнага боку даводзіцца ў гэтым выпадку дапусціць змяшэнне p/b. Лінгвагеаграфія, магчыма, сведчыць у карысць такога збліжэння. Мяркуемыя прасл. bolna і pelna знаходзяцца арэальна ў дадатковым размеркаванні (bolna — захад і цэнтр, pelna — усход і поўдзень). Гл. Мартынаў, SlW, 62–63. Параўн. абалонь.

Абало́нка 2 ’шыба ў акне’ (Шат., Касп., Сцяшк., Янк. I, Маш.), оболонечка ’фортачка’ (Булг., Доўн.-Зап.), ст.-бел. оболонкі ’плеўкі жывёл, якія ўжываліся як шыбы ў вокнах’ з 1494 г. (Нас. гіст., 249), польск. błona, чэш. blána, славац. blana ’тс’. Гл. абалонка 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ава́д ’авадзень’ (Бір. дыс., Нас., Янк. II), авадзень (БРС, Шат., Бір. дыс., Арх. Бяльк., Касп.), авадзье (Бір. дыс.), говыдьде (Клім.). Агульна- і праславянская назва авадня: ovadъ або obvadъ. Параўн. укр. овад (рус. овод да овад як гіперкарэкцыя), чэш. ovad, польск. owad, балг. авад, бел. абадзён (Сцяц.), серб.-харв. о̏бад паралельна з о̏вад, славен. obàd. Ёсць формы без пачатковага ‑а: вадзень (гл.). Бліжэйшыя паралелі: літ. úodas ’камар, мошка’, лат. uóds ’тс’, Міклашыч, 218; Зубаты, Studie, 1, 2, 111. Найбольш верагодна, звязана з і.-е. *ōd‑, *ēd‑ ’есці’. Пад гэтым значэннем можна аб’яднаць авад і вадзень. Параўн. літ. ė́sti ’есці (аб жывёлах)’ і ’паліць, пячы’. Трэба таксама ўлічыць палескае заедь у значэнні ’авадні’, дзе ўнутраная форма захавана зусім не двухсэнсоўна. Гл. Шульцэ, KZ, 43, 41. З гэтай версіяй мяжуе версія Трубачова, Происх., 71, згодна з якой ovadъ < *ov‑odos ’той, хто есць аўцу’. Супраць Махэк₂, 432, які суадносіць ovadъ з лац. tabānus (зыходная славянская форма obadьnь).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апа́чына ’прыстасаванне для кіравання плытом’ (Сцяшк.), пачы́н(а) ’вясло’ (Бяльк.). Ст.-бел., ст.-укр. опачина ’вясло’ (Сінаніма). Укр. опачина ’тс’, (о)пачина ’вязка галля, ламачча, лазы’. Ст.-польск. paczyna ’рулявое вясло’, чэш., славац. opačina ’вясло’, ст.-чэш. дыял. opačina ’руль’, ’доўгі брус у задняй частцы воза’, ’процівага’, паморск. pácəna ’руль’, макед. опачина ’зваротны бок’, серб.-харв. опа̀чина ’грубасць, жорсткасць, паскудства’, балг. опачина ’ўпартасць’, славен. opačina ’памылка’, балг. опашка хвост’, рус. дыял. опачина ’хара’. Паводле Міклашыча, Махэка, Брукнера, польскія, чэшскія, славацікія словы ўтвораны ад opak ’наадварот’, а першаснае значэнне іх ’руль’ (Брукнер, 380); лепш суаднесці гэтыя формы з дзеясловам тыпу ўкр. пачити ’паварачваць’. Значэнне ’вясло’ можа быць выведзена з ’руль, рулявое вясло’. Аднак на магчымасць сувязі з ст.-рус. опашь, балг. опашка ’хвост’ указвае фанетыка рус. сіб. опашня ’вялікае бакавое вясло на барках’; з чэшскім значэннем ’брус у возе’ параўн. рус. дыял. опашина ’бервяно паміж стойкамі ў штольні’. Укр. (о)пачина ’звязка’, згодна з Бялецкім-Насенкам, ад фашина, якое з ням. Faschine. Гл. фашына.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жале́за 1 Рус. желе́зо, укр. залі́зо, польск. żelazo, чэш., славац., в.-луж. železo, н.-луж. zelezo, палаб. zilʼozü, балг. желязо, макед. железо, серб.-харв. жѐлезо, славен. želę́zo ’тс’. Ст.-слав., ст.-рус. желѣзо ’тс’. Літ. geležìs, лат. dzèlz(i)s ’тс’, ст.-грэч. χαλκός ’медзь’. Покарны (1, 435) дае праформу *ghel(ē̆)ĝh‑. Паводле Трубачова (ВСЯ, 2, 1957, 31–34), які адкідвае думку некаторых папярэднікаў (Мейе, Общеслав., 408) пра запазычаны характар слова, яно звязваецца са словамі, што абазначалі камяні, косці (перанос па падобнасці і функцыі): польск. głaz, рус. глаз ’каменьчык’ > ’вока’, ст.-слав. желы, бел. жаўлак (гл.), грэч. χέλῦς ’чарапаха’, галава (гл.). Тады выдзяляецца і.-е. корань *ghel‑ ’камень’. Улічваючы польск. żeliwo ’чыгун’, ‑z‑о (< *‑gʼh‑) мае суфіксальны характар (Шанскі, 1, Ж, 281). Гл. яшчэ Фасмер, 2, 42–43; Траўтман, 83; БЕР, 535 (дзе этымалогія Трубачова кваліфікуецца як няпэўная).

Жале́за 2 ’жалезная рэч’ (у тым ліку ’свяцільня’) (Сл. паўн.-зах.). Пераноснае, паводле матэрыялу, ад жале́за 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)