пылі́ць, пылю, пыліш, пыліць; незак.

1. Узнімаць пыл. Перасадзіла [Агата] цераз нізкі паркан [Стасюка] і глядзела, як пабег ён на той бок вуліцы і пыліў па зямлі босымі пятамі. Чорны. Пад вішнямі, млеючы ад гарачыні, капашыліся куры — грэбліся, пылілі, закапваліся глыбей у пясок. Ракітны. // Разм. Ехаць, ісці, узнімаючы пыл. Ліпеньскім надвячоркам машына пыліла на Каралін. Сабаленка. З палеткаў каменне калгаснікі звозілі, Пылілі нястомныя грузавікі. Панчанка.

2. Тое, што і пыліцца (у 2 знач.). Пацямнеўшая вуліца пыліла ад прайшоўшага з поля быдла. Чорны. За леспрамгаскімі прычэпамі пыліла перасохлая дарога. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Перала́з, пэрэла́зы ’ход цераз паркан, плот’ (Нас., ТСБМ, Гарэц., Янк. 3., Бес., Федар., Касп., Растарг.), ’лавачка ў плоце ў тым месцы, дзе пералазяць праз яго’ (зах.-палес., Нар. сл.; ТС), ’плот з жэрдак’ (ц.-палес., Нар. сл.; драг., Сл. Брэс.; Ян.; пін., іван., ЛА, 4); ’месца ў плоце, дзе пералазяць’ (усх.-палес., Нар. сл.); ’нізкая агароджа вакол пчальніка’ (Нас.); перала́зы ’варотны ў двор’ (Сцяшк. Сл.). Укр. перела́з ’месца, дзе пералазяць праз пляцень’; рус. перела́з ’лавачка ў плоце, дзе пералазяць’; польск. prełaz ’месца, дзе пералазяць; лавачка, сходцы для пералазання на другі бок’, н.-луж. pśelězk, чэш. přelez, přílazek, славац. prielaz ’тс’, славен. prelàz ’горны праход, перавал’, серб.-харв. пре́лаз ’пераход, пераезд; брод’, макед. прелез ’лаз, пралаз’, балг. пре́лез ’пералаз, пераезд, пераход’. Прасл. *per‑lazъ/per‑lězъ. Да пера- і ле́зці, ла́зіць, ла́заць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; незак., што.

1. Ставіць плот, паркан і пад.; абгароджваць што‑н. Гарадзіць плот. □ [Ладымер] да поўдня быў у хаце, а тады выйшаў гарадзіць капуснікі. Чорны. Я выган плотам гарадзіў. Купала.

2. перан. Разм. Гаварыць бяссэнсіцу, выдумляць. Старая Рындзіха хадзіла па вёсцы і гарадзіла на ўсіх Шамраёў за тое, што адбілі ад бацькоў роднага сына. Машара. Стары гаворыць — гародзіць, ды па праўду выходзіць. Прыказка.

•••

Агарод (гарод, плот) гарадзіць — а) пачынаць якую‑н. клапатлівую і безнадзейную справу. Не бачыць Грамабою гэтай зямлі. А калі так — дзеля чаго і гарод гарадзіць. Крапіва; б) гаварыць бяссэнсіцу, выдумляць. Тут Саўка хмурыць свае бровы: — Ты, сын, гарод не гарадзі... Гаўрусёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

агле́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; заг. агледзь; зак., каго-што.

1. Акінуць позіркам, разгледзець з усіх бакоў. Агледзеў майстар камень ды выкаваў з яго споднік для млынавых жорнаў. Якімовіч. // Пазнаёміцца, разглядаючы прадмет за прадметам. За дзень звяно ў сталіцы На вуліцах і пляцах Агледзела святліцы, Тэатры і палацы. Аўрамчык.

2. Заглянуць усюды, шукаючы каго‑, чаго‑н. Міколка агледзеў вагон — няма дзеда. Лынькоў.

3. Выпадкова ці знарок адшукаць, напаткаць прыхаванае. Назаўтра раніцай агледзеў.. [Максімку] дворнік і выгнаў мятлою вон. Якімовіч.

4. Абследаваць, вызначыць стан здароўя арганізма або асобнага органа шляхам агляду, выслухвання і пад. Устрывожаная,.. [Граноўская] агледзела нагу. Рана была невялікая. Гурскі.

5. Прывесці ў парадак; падправіць, паднавіць. Агледзеў іх [будынкі] Антось, падправіў І шулы новыя паставіў У гнілы паркан. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

агароджа, агарожа, загарад, загарадзь, загарадка, загародка, загарода, загарада, згарода, абгародка, плот, паркан, тын, частакол / мураваная: мур / плеценая: пляцень, плетнік / з жэрдак: жардзянік / з дошчачак: штыкетнік / з расліннасці: жываплот

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

падаткну́ць, ‑ткну, ‑ткнеш, ‑ткне; ‑ткнём, ‑ткняце; зак.

1. што. Падабраўшы канец, край чаго‑н., падсунуць, засунуць пад што‑н. Мар’ян паклаў свой шынель на мяне, падаткнуў і мой, і свой мне пад бакі. Васілёнак. [Жанчына] скупа кінула мне «добры дзень», не саромеючыся, падаткнула падол спадніцы, выцерла рукой мокры ад дажджу твар і ўзялася мыць падлогу. Хомчанка. // Заткнуць пад што‑н. [Піліп] падаткнуў пад паху верхнюю адзежу, пералез цераз паркан і агародамі падаўся да свайго дому. Сачанка.

2. што і чаго. Разм. Падсунуць, падкінуць чаго‑н. куды‑н. — Каб ведалі, хто падаткнуў агню [у пасеку], — судзілі б, не шкадуючы. Пташнікаў.

3. перан.; каго. Разм. Падбухторыць на што‑н. Напіўшыся,.. [Антось Кнюх] успамінае ўсе крыўды і можа зрабіць усё, хто на што ні падаткне. Дуброўскі.

4. перан.; на каго і з дадан. сказам. Разм. Удаць, данесці на каго‑н. Нехта з «добрых» людзей падаткнуў, што стары ў партызанскім атрадзе. Кудравец.

•••

Камар носа не падаткне гл. камар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ні́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Тонка ссуканая пража, якая выкарыстоўваецца для шыцця, вязання і пад. [Варвара:] — Збегай, Косцік, вазьмі ў шуфлядзе чорны гузік і іголку з чорнай ніткай. Васілевіч. За прасніцай некалі маці тужыць, Суровая нітка праз пальцы бяжыць. Вялюгін.

2. Нізка (пацерак, караляў і пад.). Да .. шыі [мадонны на карціне] была падвешана (прыбіта цвічкамі) нітка сапраўдных караляў. Чорны.

3. Прадмет, які па сваёй форме падобны на нітку. У іржэўнік парванымі, патузанымі ніткамі паўпляталася павуцінне. Скрыган. // перан. Аб чым‑н. такім, што нагадвае нітку. [Самалёты] пакідалі за сабой танюткія серабрыстыя ніткі следу. Лынькоў.

4. перан. Аб чым‑н. пабудаваным, што выцягнулася ў выглядзе простай лініі. Нітка чыгункі. Нітка трубаправода. □ Чырванаватая нітка брукаванага тракту паблісквае вільгаццю. Лужанін.

5. перан. Тое, што злучае, служыць для сувязі. Газеты з’яўляюцца для Міхалкі вышэйшай школай — універсітэтам. Яны злучаюць яго нябачнымі ніткамі з усім светам. Бядуля. // Рад, чарада чаго‑н. Нітка ўспамінаў. □ Думкі паўзуць шэрай, блытанай ніткай. Лынькоў.

•••

Да (апошняй) ніткі — усё, поўнасцю, да канца (аграбіць, абабраць, праліць і пад.).

На жывую нітку — нетрывала (зрабіць што‑н.). Двор зарос травой, паркан пастаўлен на жывую нітку, на хляве — прагніўшая страха. Навуменка.

Прамокнуць да ніткі гл. прамокнуць.

Праходзіць чырвонай ніткай гл. праходзіць.

Шыта белымі ніткамі гл. шыты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тын ‘агароджа з папярочных або вертыкальных жэрдак, пераплеценых прутамі лазы, хворастам’ (ТСБМ, Касп., Сцяшк., Шушк., Сл. ПЗБ, ЛА, 4, Байк. і Некр., Яруш., ТС), ‘агароджа з калоў’ (Шымк. Собр., Некр. і Байк., Пятк. 1, Ласт.), ‘агароджа як сцяна з бярвенняў’ (маладз., Янк. Мат., П. С.; валож., ЛА, 4, Маш., Варл.), ‘абкладка калодзежа з плашак’ (ТС, Мат. Маг.): тоўстая жанчына не павінна садзіцца на тыну калодзіся (Сержп. Прымхі), тынь ‘агароджа з дошак’ (Нас., Шушк.), ст.-бел. тынъ ‘плот, паркан’, ‘колле, жэрдкі’ (1579 г., ГСБМ). Сюды ж тыно́к ‘плот, тын’ (бярэз., Жыв. НС), ‘частакол’ (Гарэц.), ‘агароджа з тонкіх прутоў’ (Касп.), ‘агароджа з тонкіх яловых кійкоў, якія пераплятаюцца між жэрдак’ (в.-дзв., Шатал.), тъно́к ‘тс’ (мёрск., Нар. сл.), тыні́ць ‘абгарадзіць тынам’ (Нас., Юрч.), ‘абстаўляць драўлянымі плахамі пограб, сажалку’ (Юрч.), ты́навы ‘зроблены з частаколу’ (брасл., Сл. ПЗБ), ты́неный ‘абстаўлены драўлянымі плахамі’ (Юрч.). Параўн. укр. тин ‘агароджа’, ‘драўляная абліцоўка ў калодзежы’, рус. тын ‘плот’, стараж.-рус. тынъ ‘агароджа, плот’, ‘сцяна’, ‘аблогавае ўмацаванне’; польск. tyn ‘загарадзь, агароджа’; палаб. (vå)tåin ‘тын’, чэш. týn ‘агароджа’, славац. дыял. týn, týň ‘тычка, лата’, славен. tȉn ‘перагародка’, tȉnj ‘агароджа з дошак, жэрдак’, харв. tȉn, серб. ти̏н ‘перагародка’, чак. tȋnj ‘прасценак’, tinac ‘перагародка з ясеневых прутоў, пакрытая тынкам’, шток. ти̂њ ‘набіўка (напханая сенам, саломай, мякінай) між сцен’, ц.-слав. тынъ ‘перагародка, сцяна’. Прасл. *tynъ ‘жывая агароджа’, першапачаткова ‘густы зараснік’, якое ад *tyti ‘густа расці’ (Мартынаў, Лекс. взаим., 145–153; ЕСУМ, 5, 568–9). Іншая шырока распаўсюджаная версія паходжання прасл. *tynъ са ст.-герм. tún ‘двор, сад’, ст.-в.-ням. zûn, ням. Zaun ‘плот’ (Міклашыч, Lex. palaeosl., 1020; Брукнер, 589; Фасмер, 4, 132; Борысь, Czak. stud., 86). Кароткі агляд версій гл. Арол, 4, 126.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плот1, плу͡от, плут, пліт, плыт, плет ’агароджа вакол чаго-н.’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’паркан’ (Нас.; ТСБМ; Варл.), ’агароджа з жэрдак, пераплеценых галлём’ (Яруш., Сцяшк. МГ, Гарэц., Шпіл., Бес., Шушк., Выг., П. С.; Зн., дыс.; ДАБМ, к. 246; Шат., Касп., Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк., Сл. Брэс.; івац., Жыв. НС); ’пляцень, агароджа з тонкіх кійкоў, пераплеценых лазой’ (Чуд.; Клім.; ЛА, 4), ’частакол’ (ЛА, 4); ’плот з жэрдак’ (усюды, апрача ўсх.-маг. і ўсх.-гом., ЛА, 4); плот ’застаўкі ад снежных заносаў на дарозе’ (Сцяшк. МГ), ’дубцы, галлё з якіх плятуць агароджу, кашы’ (Сцяшк. Сл., Сцяшк. МГ). Укр. пліт, рус. зах., паўд. плот, польск. płot, н.-луж. płot, в.-луж. płót, чэш., славац. plot, славен. plọ̑t, серб.-харв. пло̑т, макед. плот, балг. плет, ст.-слав. плотъ. Прасл. *plotъ ці *ploktъ (Трубачоў, Ремесл. терм., 163) — гэта іменнае вытворнае з о‑вакалізмам ад дзеяслоўнай асновы *plesti > пле́сці (гл.) < і.-е. *plektō з пашыральным суф. ‑t‑ пры больш старажытным *plekō, параўн. ст.-грэч. πλέκω ’плягу’. Мяркуецца, што *plesti першапачаткова адносіўся да пляцення з гнуткіх, тонкіх атожылкаў і галінак дрэваў. Аналагічнае паходжанне ням. Wand ’сцяна’ < winden ’плесці’ (Мерынгер, IF, 1904–1905, 17, 139 і наст.) ці манг. хэрэм ’сцяна’ < хэрэх ’звязваць, сплятаць’ (Аткупшчыкоў, Из истории, 233). Сюды ж в.-дзв. плутуваць ’пераплятаць плот лазой’ (Сл. ПЗБ).

Плот2, плыт, плытюх, плытюга́ ’хлус, балбатун, пляткар’ (Клім.; пін., Сл. Брэс., Нар. лекс.; івац., Жыв. НС). Да пле́сці (гл.). Паводле Банькоўскага (2, 607), пераход ’плесці’ > ’выдумляць, хлусіць’ — польская спецыфіка. Аднак параўн. рус. арх. плоти́ть ’хлусіць, вярзці лухту’ і фразеалагізм плести плетень ’гаварыць бязглуздзіцу’.

Плот3 ’плыт’ (Сцяшк. Сл.; ваўк., Сцяшк. МГ; вільн., астрав., Сл. ПЗБ). Да плыт1 (гл.). Сюды ж плот ’спосаб укладкі лёну і канапель для вымочвання’ (калінк., мазыр., Уладз.).

Плот4 ’кнот, зроблены з напаўспаленых акрайкаў палатна’ (Мік.). Відаць, да пле́сці (гл.), г. зн. ’сплецены з акрайкаў палатна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

перахапі́ць, ‑хаплю, ‑хопіш, ‑хопіць; зак.

1. што. Спыніць, затрымаць што‑н. у час руху. Перад вачыма ў Алеся мільгалі твары. Ён, бы ў калейдаскопе, бачыў, як замахнуўся на яго, Алеся, Гальяш і як Мсціслаў перахапіў руку Цялкоўскага. Караткевіч. // Заўважыць, сустрэць (позірк, усмешку і пад.). [Васіль] хмурна адарваў вочы, .. паглядзеў на сваіх, перахапіў востры матчын позірк. Мележ.

2. каго. Затрымаць, спыніць каго‑н. У доўгім інстытуцкім калідоры [Антанюка] перахапіў зяць. Шамякін. Адразу пасля прыёму.. два браты Таркайлы перахапілі.. [Алеся] і чамусьці сталі запрашаць да сябе. Караткевіч. Сказалі [казакі], з каровамі ды авечкамі мы далёка не заедзем: немец насцігне і перахапіць нас з усім нашым скарбам. Якімовіч. Пасля адной з .. удалых вылазак Марата партызаны перахапілі важнага гітлераўскага начальніка. В. Вольскі. // каго-што. Ідучы наперарэз, перагарадзіць шлях, дарогу каму‑н. І ніхто яго [самалёт] у такую ноч не перахапіць, толькі хіба над лініяй фронту абстраляюць зеніткі. Шамякін.

3. каго-што. Захапіць каго‑, што‑н., прызначанае для іншых; схапіць раней за іншых. Барадаты, атросшыся ад пылу, хуценька бег да чырвонаармейцаў, каб раней Мішкі перахапіць адпаведную плату за прадстаўленне. Лынькоў. Хутка зайгралі танга, юнак амаль подбегам падаўся да Чыліты, баючыся, каб яе не перахапілі. Скрыпка. // Захапіць што‑н. чужое ў час дастаўкі, перадачы адрасату. Фашысты маглі перахапіць і расшыфраваць... [радыёграму], і тады смельчакоў чакаў верны правал. Шашкоў. «А што калі перахапіць пісьмо?! Перахапіць — і канцы ў ваду», — працяла Веньку нечаканая думка. Шыловіч.

4. каго-што. Абвязаць, абвіць, аперазаць; перавязаць. Гэткім жа лоўкім рухам .. [Коўбец] адразу ж перахапіў аорту і, спыніўшы кровацячэнне, пачаў сцягваць яе швом. М. Ткачоў.

5. што. Размясціцца ўпоперак чаго‑н. А праз масток, які перахапіў .. [рэчку] ў адным месцы, на сядзібу РТС узыходзіла дарожка. Гроднеў.

6. што. Сціснуць спазмай. Там сядзела Мацючыха. Хацелася крыкнуць, каб і яе сюды, за гэты паркан, але нешта перахапіла голас, і Галя хуценька выбегла з залы на свежае паветра. Сабаленка. Роб глыбока ўздыхнуў і адчуў, як горла перахапіў пякучы боль. Гамолка. / у безас. ужыв. Сэрца неяк тужліва сціснулася і ў горле адразу перахапіла. Алешка.

7. што. Схапіць, абхапіць рукамі што‑н. інакш або ў другім месцы. Дотык пальцаў з чырвоным лакам манікюру на пазногцях быў непрыемны, і Васіль непрыкметна, нібыта трэба было перахапіць лейцы, вызваліў руку. Савіцкі.

8. што і чаго. Пазычыць на кароткі час. Лепш перахапіць у каго лішні рубель, чым ісці ды ніякавата адводзіць убок вочы, пакуль прадаўшчыца запісвае ў тоўсты сшытак твой даўжок. Даніленка.

9. што і чаго. З’есці чаго‑н. на скорую руку, перакусіць. Пасля .. [Джыавані] думаў збегаць на суседнюю вуліцу перахапіць парудругую сасісак у знаёмым ларку. Лынькоў. — Дзякую, не хачу. Я там у буфеце перахапіў сёе-тое, — адмовіўся я, бо пасля таго, што чулі мае вушы, наўрад ці палезла б мне ў рот цешчына перакуска. Сабаленка.

10. што і без дап. Разм. Перабраць меру, праявіць празмернасць у чым‑н. Яўхім зразумеў, што перахапіў, схібіў, паспрабаваў паправіцца. Мележ.

•••

Дыханне перахапіла — тое, што і дыханне заняло (гл. заняць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)