Ка́дка1 ’невялікая кадзь, кадушка’ (ТСБМ, Бяльк., Нас., Сцяшк.). Слаба зафіксавана ў гаворках, што, улічваючы іншыя назвы для гэтай рэаліі, можа ўказваць на запазычанне. Слова вядома ў некаторых слав. мовах, аднак шырока засведчана толькі ў рус. мове. Магчыма, стар. утварэнне суфіксам ‑ъka ад kadь (гл. кадзь).

Кадка́2 ’тупы канец яйка’ (Нас.). Можна параўнаць з рус. (зах.-бран.) кадка ’дно ў бутэльцы’, што пашырае геаграфію слова і, відавочна, сведчыць аб пераносным ужыванні слова кадка (гл.) на ўсх.-бел. тэрыторыі для абазначэння падобных да маленькай бочкі прадметаў. Больш шырока такія другасныя назвы вядомы гаворкам рус. мовы: параўн. рус. арл. кадка ’адтуліна ў сцяне печы для абпальвання цэглы; праз яе накладваюць цэглу’; ярасл. ’патоўшчаны канец ручкі цэпа, у якім замацоўваецца раменьчык’, цвяр., наўг., алан. і інш. ’драўлянае дзяржанне цэпа з патоўшчаным верхнім канцом’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калёўка ’спецыяльны рубанак для выстругання дошак і планак з фігурнымі краямі (багетаў, карнізаў і інш.)’ (БРС, ТСБМ; драг., Жыв. сл.; Касп., Клім., Мат. Гом.), ’фігурны профіль дошкі або бруска, які атрымліваецца струганнем’ (ТСБМ, Мат. Гом.). У рус. мове адзначана калёвка ’жалабок, канаўка (у сталярнай справе)’, колёвки ’паглыбленні, выемкі, канаўкі ў налічніках; розныя ўпрыгожанні на іх’. На рус. слова звярнуў увагу яшчэ Матцэнаўэр (LF, 8, 41), які лічыў, што яно запазычана з франц. cale ’клін, падстаўка’, супраць Фасмер (2, 166). Ён лічыць асноўнай формай дзеяслоў калевать ’выдзёўбваць, выразаць (карніз, жалабок)’, для якога ў якасці крыніцы запазычання мяркуецца (aus) kehlen у тым жа значэнні. З пункту погляду рэаліі такая этымалогія можа быць прынята; аднак няясным застаецца шлях запазычання. Лінгвагеаграфія выразу (калі толькі бел. слова не запазычана параўнальна позна з рус. мовы) сведчыць аб магчымым польскім пасрэдніцтве.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каша́ра ’загон, адроджанае месца па полі, у лесе, дзе летам трымаюць жывёлу’ (ТСБМ), ’аўчарня ў маёнтку’ (Шат.), ’аўчарня’ (Нас.), ’пастаўнік’ (Сл. паўн.-зах., 2: «Кашара — эта выгарадзь для ската»). Параўн. рус. дыял. паўдн. коша́ра ’загарадзь для жывёлы (авечак)’, укр. коша́ра ’аўчарня’, польск. koszara, koszar, ц.-слав. кошара ’аўчарня’, балг. кошара ’тс’; параўн. далей фармальна аднолькавыя, але з іншай семантыкай серб.-харв. ко̀шара, ко̏ша̑р ’кашолка для рыбы’, славен. košȃra, košár ’круглая кашолка’. Паводле Фасмера, 2, 360, звычайным з’яўляецца тлумачэнне, якое звязвае даныя лексемы з кош ’плеценая кашолка і да т. п.’ Падрабязны агляд семантыкі ў слав. форм (праформ) *košara, *košarъ, *košerъ гл. у Трубачова, Эт. сл., 11, 183–186, дзе даецца агляд праблематыкі ў шырокім арэальным аспекце. Слова гэта было ўжо ў ст.-бел. мове (з XVI ст., гл. Булыка, Запазыч., 174).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Світа́нне ‘світанак; золак (ТСБМ, Ласт., Гарэц., Сл. ПЗБ). сьвіта́ньня ‘тс’ (Бяльк.), ст.-бел. свитане: зпоранку на свитаню (XVII ст.; Карскі 2–3, 433), параўн. славен. svitanje ‘тс’. Аддзеяслоўны назоўнік ад світа́ць ‘днець’ (ТСБМ, Ласт., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), што да прасл. *svitati, параўн укр. світа́ти, свита́ти ‘світаць, слаба свяціцца’, польск. świtać ‘світаць’, чэш. svítati ‘тс’, в.-луж. switać, н -луж. switaś ‘тс’, харв. svȉtati, славен. svítati ‘тс’, ст.-слав. свитати ‘світаць, днець’. Праславянскі дзеяслоў выводзіцца як шматкратны з прасл. *svьtěti ‘свяціць’ (гл. свяціць) і мае паралелі ў літ. švitéti ‘ззяць, свяціць’ < і.-е. *kʼu̯ei̯t‑ ‘свяціцца, светлы, белы’, параўн. гоц. hweits ‘белы’, нарв. kvit, дац. hvid, ст.-англ. hwít, англ. white, ст.-в.-ням. (h)wïz, ням. weiss ‘белы’ (Глухак, 600; Бязлай, 3, 352; Сной₂, 716). Сюды ж світа́льна зорка ‘заранка’ (гродз., Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарб ‘казна; скарб; маёмасць; багацце’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Байк. і Некр., Варл., Сл. ПЗБ, Гарэц., Др.-Падб., Касп., Сцяшк.), ‘схаваныя каштоўнасці’ (Сл. ПЗБ), ска́рба ‘казна’ (Шпіл.). Запазычанне з польск. skarb ‘тс’, таксама як і рус. скарб; гл. Кюнэ, Poln., 96; Фасмер, 3, 633; Праабражэнскі, 2, 294. Польскае слова ўзыходзіць да ст.-в.-ням. scerf, нов.-в.-ням. scher(p)f ‘манета’ (Міклашыч, 298; Праабражэнскі, там жа), якія звязаны з ст.-в.-ням. scarbôn ‘рабіць надрэзы’ і першапачаткова азначала манету з зубчастым краем (Клюге-Гётце, 514; Праабражэнскі, там жа). Ст.-бел. скарбъ з ст.-польск. skarb (Булыка, Лекс. запазыч., 299). З польск. таксама скарбо́вы(й) ‘казённы’ (Нас., Касп.), ‘дзяржаўны або грамадскі’ (Варл.), ска́рбніца ‘схоў’ (Байк. і Некр.), скарбні́ца ‘будынак, дзе захоўваюць грошы ў гатоўцы’ (Ласт.); гл. Кюнэ, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скве́рня ‘смурод, гразь, брыдота’, скверната́ ‘нечыстата’, скверня́вый ‘брыдкі, гразны’ (Нас.), сквірна́, мн. л. сквярны́ ‘нагар, бруд на кноце лямпы’ (Варл.), ст.-бел. скверныи ‘брудны’ (Альтбаўэр). Укр. скве́рна, скве́рный, рус. царк. скве́рна; скве́рный, стараж.-рус. сквьрна ‘агіднасць, брыдота’, сквьрнъ ‘брыдкі’, чэш., славац. skvrna ‘пляма’, славен. skvȓna, skrȗna ‘агіднасць’, ст.-слав. скврьна, сквръна. Прасл. *skvьrna, *skvьrnъ. Набліжэнне да рус. скаред, польск. szkarada ‘агіднасць, брыдота’, грэч. σκῶρ, οκατός ‘гной, адкіды’ на аснове блізкасці значэнняў Фасмер (3, 637) лічыць сумніўным з-за наяўнасці ‑v‑. Сной₁ (576) выводзіць ад *skveriti (гл. скварыць) ‘растопліваць тлушч’ з першасным значэннем ‘замаслены, тлусты’. Паводле Махэка₂ (311), роднаснае з чэш. дыял., славац. kvariť, укр. ква́рити, серб.-харв., славен. kvariti ‘псаваць’, што падтрымлівае Мяркулава (Этимология–1982, 43 і наст.), ўзнаўляючы прасл. *skvьrěti ‘гніць’, якое сумесна з *skvьriti утвараюць адно этымалагічнае гняздо.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Со́рам ‘збянтэжанасць, хваляванне ад усведамлення свайго ўчынку’, ‘ганьба’, ‘сарамяжлівасць’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Нас., Сержп., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 3), со́рам, сарамо́к ‘дзетародны член’ (Нас.), сарамаце́не ‘палавыя органы’ (Сержп.), ст.-бел. сорамота ‘стыд’ (Альтбаўэр). Укр. со́ром, рус. со́ром і таксама срам, якое запазычана з ц.-слав. срамъ, стараж.-рус. соромъ, польск., н.-луж. srom, sromota, серб.-харв. сра̑м, славен. srȃm, балг., макед. срам, ст.-слав. срамъ. Прасл. *sormъ лічыцца роднасным авест. fšarəma‑ м. р. ‘сорам’, новаперс. šarm, ст.-в.-ням. har(am), лат. šermelis ‘жах, жудасць’, далей таксама, відаць, літ. šarma ‘іней’ (аб апошнім гл. Ларын, История, 67–68: зыходным значэннем слова было ‘холад’ і на балтыйскай глебе ‘іней’). Гл. таксама Траўтман, 299; Фасмер, 3, 724 з літ-рай, Шустар-Шэўц, 1351; Бязлай, 3, 303; Борысь, 573; Глухак, 572; ЕСУМ, 5, 357.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Старана́ ‘бок’; ‘напрамак свету’, ‘край, краіна’, ‘бок (у судзе)’, ‘бок (у адзенні)’, ‘бок гумна; прыстаронак’ (ТСБМ, Ласт., Стан., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), сторона́ ‘бок, бакавіна’, ‘край, мясцовасць’ (ТС), ст.-бел. сторона ‘край, краіна’, ‘напрамак’, ‘супрацьстаўныя групы’, ‘юрыдычная асоба’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 69). Параўн. укр., рус. сторона́, стараж.-рус. сторона, польск., в.-луж., н.-луж. strona, палаб. stárna, чэш., славац. strana, серб.-харв. стра́на, славен. strána, балг. страна́, макед. страна, ст.-слав. страна. Прасл. *storna утворана з суф. ‑na ад прасл. *sterti (гл. прасціраць), якое, у сваю чаргу, ад і.-е. *ster‑ ‘тс’. Гл. Слаўскі, SP, 1, 116; Шустар-Шэўц, 1364–1365; Бязлай, 3, 323. Роднасныя лат. stara ‘паласа’, ст.-інд. str̥ṇā́ti, str̥ṇā́ti ‘разлёгся’, лац. sternō ‘рассыпаць, распасцерці’, sternere ‘сыпаць, сцяліць’. Гл. Фасмер, 3, 768 з літ-рай; Глухак, 586–587.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стос1 ‘ворах, груд, штабель’ (ТСБМ, Нас., Гарэц.), ‘груда, куча’ (Сл. ПЗБ), ‘груда, капец’ (ТС), ‘касцёр, куча лому’ (Сержп. Прымхі), ‘сажань дроў’ (Арх. Федар.); сюды ж, магчыма, сто́са ‘стайма’ (Сл. ПЗБ), стэ́сам ‘з імпэтам, вельмі шпарка’ (Варл.), сто́сам ‘гуртам’ (Сл. ПЗБ), у сто́сы ‘ў поўнае падпарадкаванне’ (Ян.). Праз польск. stos ‘удар’, ‘куча’ з с.-в.-ням. stoʒ, суч. Stoß ‘тс’. Гл. Карскі, Белорусы, 163; Кюнэ, Poln., 100 з аглядам літры. Ст.-бел. стосъ, стусъ ‘стос, штабель, удар’ (XVI ст.) з той жа крыніцы, гл. Булыка, Лекс. запазыч., 189. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 420. Для польскага слова мяркуецца чэшскае пасрэдніцтва, гл. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 373–374. Гл. яшчэ стус.

Стос2 ‘слізь’ (рас., Шатал.). Значэнне вызначана недакладна, параўн.: чысьціла трыбух і стосу многа было. Відаць, гэта тое, што “счышчаецца”. Слова цьмянае. Да цяса́ць (гл.)?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Труна́ ‘дамавіна’ (ТСБМ, Нас., Багушэвіч, Байк. і Некр., Бес., Ласт., Федар. 4, Шым. Собр., Сержп. Прымхі, Бяльк., Шат., Касп., Сцяшк., Яруш., Мал., Булг., Гарэц., Мат., Др.-Падб., Варл., ТС, Вруб., Растарг.; петрык., Яшк. Мясц., ЛА, 3, Сл. ПЗБ), ‘пагібель, канец; вельмі дрэнна’ (ТСБМ), ст.-бел. труна (трумна, трунна) ‘труна’ (1577 г., ГСБМ). Запазычана са ст.-польск. trona, truna, trumna, trunna < с.-в.-ням. truhe ‘скрыня, труна’ (Булыка, Лекс. запазыч., 102), якое з’яўляецца роднасным ням. сілез. trūne ‘тс’, truhe, н.-в.-ням. truhne ‘тс’, ‘сундук’, trügge ‘карыта’, нарв. trygja ‘кошык для рыбы’, англ. trough ‘карыта’, ‘дзяжа, кадка’, якія, відаць, зводзяцца да гоц. triu, англ. tree ‘дрэва’, што да і.-е. *dereu̯(o)‑ ‘дрэва’ (Фасмер, 4, 109; Брукнер, 577; Шустар-Шэўц, 1538; ЕСУМ, 5, 656; Васэрцыер, 236, 237; Борысь, 644). Польск. trumna Вінцэнц (гл.) лічыць гіперкарэктнай формай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)