Ко́рпацца ’капацца, калупацца’ (ТСБМ, ТС, Сл. паўн.-зах., Жд. 3, Жыв. сл., Сцяшк., Мат. Гом.). Укр. корпати ’калупаць, павольна рабіць што-небудзь’. Параўн. бел. карпаць (гл.) у значэнні ’кепска шыць’ (Нас., 230). Апошняе звязана з рус. корпать ’зашываць адзенне, лапіць’ і іншымі славянскімі паралелямі: серб.-харв. кр́пати ’лапіць абутак і адзенне’, славен. kŕpati ’тс’, польск. karpać ’лапіць адзенне’, славац. krpať ’тс’. Прасл. kъrpati вытворны дзеяслоў ад kъrpa ’лапік’ (балг. кърпа ’анучка, лапік’, серб.-харв. кр̏па ’тс’, славен. kŕpa ’лапік’, серб.-харв. кр̏пље ’від абутку’, kŕplja ’тс’, чэш. krpec, славац. krpec, польск. kierpce ’тс’). З гэтым славянскім словам, якое збераглося толькі спарадычна, генетычна звязана вядомая балтыйская назва абутку: ст.-прус. kurpe, літ. kùrpė, лат. kur̄pe (Тапароў, K–L, 323–333). Цікава, што першасны дзеяслоў літ. kur̃pti мае значэнне ’кепска шыць, вязаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лані́ты ’шчокі’ (слуц., клец., Жд. 1) і ў літар. мове ўстар. паэт. ’тс’ (ТСБМ). Бел.-паўд.-слав. ізалекса (Цыхун, БЛ, 5, 50). Параўн. славен. рэзьянск. laníta, серб.-харв. чак. lȃnita, макед., балг. радоп. лани́та, ла́нта ’тс’. Рус., укр. лани́ты, лани́та — са ст.-слав. ланита ’тс’. Прасл. ol‑n‑ita ’сагнутая частка цела’ (а ў Слаўскага, 4, 460 і ol‑n‑itva > толькі польск. łanitwa ’палазы саней’) — роднаснае да ст.-грэч. ὠλένη ’локаць’, лац. ulna ’ніжняя частка рукі, локаць’, гоц. aleina, ст.-в.-ням. elina, брэт. ilin ’локаць’, ст.-інд. āṇíṣ ’выгіб’, ’загваздка’. Фасмер (2, 457) у ліку славянскіх паралелей падае і чэш. lanitva ’шчака, твар’, якое, аднак, Махэк₂ (320) выводзіць з герм. *an[t]vīlta (> ням. Autlitz). Раней аб olnita пісалі таксама Лідэн, Arm. St., 1906, 127–129; Покарны, 307–308).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бары́цца ’марудзіць’ (Нас., Гарэц., Кос.), барі́цца (Бяльк.), бары́ць затрымліваць’ (Нас.). Ст.-бел. барити ’тс’ (Нас. гіст.). Укр. бари́тися, рус. дыял. (арл., кур., варонеж.) бари́ться ’тс’, бари́ть ’затрымліваць’. Цёмнае слова. Ільінскі (РФВ, 62, 251) бачыў тут аблаутную форму да і.-е. *bheu̯ā‑ ’быць’ + суф. ‑r‑ (*bhu̯ar‑ > *bar‑) і знаходзіў сувязь з серб.-харв. бо̀равити ’знаходзіцца’ (але аб серб.-харв. слове параўн. Чоп, SR, 12, 170–176, там і літ-pa). Іншая версія: сувязь з дзеясловам *variti (з часовым значэннем). Так, ужо Насовіч (Нас. гіст., пад барити), пазней Трубачоў (ZfSl, 3, 671). Але з семантычнага погляду гэта не пераконвае. Магчыма, таго ж паходжання, што і рус. дыял. ба́риться ’важнічаць; лодарнічаць, ляпіцца’ (параўн. і ноўгарад. бари́ться ’важнічаць’; усё ад ба́р(ин)); так ужо Даль (гл. Краўчук, БЛ, 1973, 4, 68). Параўн. яшчэ Рудніцкі, 81.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Булдоўнік1 ’расліна Cirsium arvense, бадзяк палявы’ (гл. Кіс.). Напэўна, расліна так названа паводле сваіх круглых кветак-галовак. Параўн., напр., яе назвы ва ўкр. мове, якія адлюстроўваюць гэту прыкмету: головатник, наголоватень, наголоватка (Макавецкі, Sł. botan., 99). У бел. мове тут выступае тая ж аснова булд-, што азначае круглыя, пузатыя прадметы (гл. булд-, булдава́, булды́р, булды́га і г. д.) і ’сустракаецца ў іншых назвах раслін (гл. булдоўка). Менш верагоднай здаецца здагадка, што булд‑(оўнік) < *будл‑(оўнік) < *бодл‑(оўнік); параўн. укр. назвы для Cirsium arvense тыпу бодлак (ад бод‑ ’калоць’).

Булдоўнік2 ’расліна Pulsatilla patens L., сон раскрыты’ (Кіс.). Назва (аснова булд- ’штосьці круглае, збанкаватае, выпуклае’; гл. булд-, булдава́, булды́р, булды́га, а таксама іншыя назвы раслін: булдоўка гарлачык жоўты’ і булдоўнік ’бадзяк палявы’) паводле збан-кападобнай, як у цюльпана, кветкі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́бмаль ’малавата’ (БРС, Янк. I, Бір. Дзярж., КТС, КЭС). Укр. во́бмаль ’тс’. Прэфіксальна-суфіксальнае ўтварэнне ад малы з дапамогай прыстаўкі (в)об‑ і суф. ‑jь або ўтварэнне ад прыметніка вомалы з гэтым жа суф. Магчыма, узыходзіць да старажытнай мадэлі (параўн. серб.-харв. о̏дуг, чэш. obdlouhý, obdloužný, славац. obdlžný, н.-луж. hobdłujki, ст.-польск. obdłužny ’прадаўгаваты’, в.-луж. wobdłuz прысл. ’прадаўгавата’), дзе прыстаўка *ob‑ мае колькаснае значэнне (Трубачоў, Проспект, 66 і наст.). Філін (Зб. Аванесаву, 268 і наст.) адносіць сюды ж і рус. дыял. (паўн.-усх.) прыметнікі і прыслоўі з прыстаўкай о‑ ў тым жа самым значэнні (вокрасный ’чырванаваты’, восинь, восине ’сінявата’ і г. д.), што цалкам магчыма з прычыны частага чаргавання прыставак о‑ (об‑); параўн. таксама бел. і ўкр. вобмаль, вомаль (гл.); усё гэта, відавочна, пацвярджае праславянскі характар гэтых утварэнняў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́страў (БРС, КТС, Касп., Яруш., Яшк.), во́страва ’поле паміж лугамі’ (Яшк.). Рус. о́стров, укр. о́стрів, ст.-рус., ст.-слав. островъ ’востраў’, польск. дыял. ostrów ’участак поля пасярод сенажаці’, каш. ostróv ’узвышанае месца на полі або на сенажаці’, чэш., славац. ostrov, балг. о́стров, серб.-харв. о̏стрво, славен. ostróv, в.-луж. wotrow, н.-луж. wótšow, палаб. våstrüʼv. Прасл. o‑strovъ ’тое, што абцякаецца, рачны востраў’. Да струмень (гл.). Роднаснымі з’яўляюцца літ. sravà ’цячэнне, крывацёк’, prasrava ’цячэнне вады’, лат. stràva ’цячэнне’. З іншай ступенню вакалізму: літ. srovė̃, strovė̃ ’цячэнне’, лат. stràva, strāve ’тс’, усх.-літ. sraujà, ст.-інд. girisravā ’горны паток’ (Міклашыч, 318; Траўтман, 279 і наст.; Фасмер, 3, 165). Параўн. у семантычных адносінах серб.-харв. ȍtok ’востраў’. Асаблівасці семантыкі слова востраў у бел. мове гл. Талстой, Геогр., 116 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аспа́ласць ’санлівасць, вяласць, неахайнасць’ (Нас., Др.-Падб., Гарэц.), аспала, аспалы (Нас.). Укр. оспалий, оспалість, польск. ospały, ospałość, чэш. ospalý, ospalost, славац. ospalý, ospalosť, паморск. u̯ospałi ’санлівы, вялы’, ’санлівасць, вяласць’. Ст.-бел. оспалый ’санлівы, вялы’ (з 1593 — Булыка, Запазыч., 231, дзе таксама: оспалость, оспальство, оспальца, оспале; параўн. Гіст. лекс., 96). Унутраная форма слова ясная: аспаласць і інш. утворана ад аспалы, якое ў сваю чаргу — дзеепрыметнік ад дзеяслова *аспаць. Паколькі, аднак, такі дзеяслоў у беларускай мове не фіксуецца, не без падстаў оспалый разглядаецца як паланізм. Але і ў польскай мове не зафіксаваны такі дзеяслоў. Між тым у старачэшскай ён быў вядомы (пач. XV ст.). Таму, магчыма, што крыніцай дзеепрыметніка для польскай была чэшская мова, адкуль слова магло трапіць у беларускую непасрэдна або праз польскае ці ўкраінскае пасрэдніцтва. Назоўнік утварыўся на беларускай глебе ці быў таксама запазычаны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ахіне́я ’бязглуздзіца, выдумка’, укр. ахінея, рус. ахинея. Звычайна лічыцца т. зв. семінарысцкім словам, узнікшым на базе спалучэнняў тыпу «афинейские плетения», «ахинейская премудрость» сумбурная, цяжкая для зразумення прамова’ ад грэч. ἀθηνατος ’афінскі’ (з Афін), гл. Фасмер, 1, 97; Рудніцкі, 1, 43; паводле Шанскага, 1, А, 180, беларускае і ўкраінскае словы з рус. ахинея. Згодна з Вінаградавым (РР, н. с., 3 (1928), 28–46), ад хинить ’лаяць, ганьбіць’, хинь ’бязглуздзіца, глупства’ з адлюстраваннем на пісьме акання, што сведчыць пра паўднёварускае паходжанне слова (аднак пры гэтым не ўлічваецца, што зыходныя словы вядомы пераважна на паўночнай тэрыторыі). Па семантыцы бліжэй да царкоўнаславянскага (серб.) хынити ’хлусіць’, серб.-харв. хи́нити ’прытварыцца, быць няшчырым, хлусіць’, якія фанетычна адпавядаюць польск. chynąć, бел. хі́нуць ’сагнуць’, параўн. прастамоўе загнуць, загібаць, ’выдумляць, гаварыць бязглуздзіцу’, а таксама мсцісл. пускаць хі́нню ’марнатравіць’ (Юрч. Фраз. 2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жаўла́ць ’крычаць’ (Мат. Гом.), жаўні́ць ’паўтараць адно і тое’ (Касп.), жаўрі͡ети ’размаўляць, жартаваць’ (Бес.). Рус. перм., ярасл. жа́вля́ть ’жаваць, чаўкаць’, валаг. желва́чить бурчаць, лаяцца, прасіць’, наўг., алан., тамб., смал., валаг. желнить ’ціха, доўга гаварыць’, балг. дыял. жавре се, жевря се ’крыўляцца пры гаварэнні’, джевря(м) се ’скардзіцца’, чэш. želovati. У бел. гаворках прадстаўлены тры тыпы падаўжэння (‑l‑, ‑n‑, ‑r‑) і.-е. кораня *gōu‑, *gou̯‑, *gū‑ ’крычаць, клікаць’, адлюстраванага ў говар, гаварыць, гутарыць (гл.); пры чаргаванні галоснага ое вынікаюць формы тыпу *geur‑, *geuər‑, адкуль журыцца (гл.), жаўрэць, а з іншымі падаўжэннямі жаўлаць, жаўніць. Параўн. яшчэ гом. жаўна ’крыклівае дзіця’. Гл. жаўна. Краўчук, Зб. Крапіве, 195–196; Супрун, Бюлетин за съпост. изследв., 1976, 5, 76. Іначай, як гукапераймальнае, тлумачыць балг. формы БЕР (t, 529), што мала верагодна, калі мець на ўвазе не ўлічаныя там паралелі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жыгу́н ’няўрымслівы, неспакойны чалавек’ (маладз., Янк. Мат., 98). Параўн. рус. дыял. смал. жыгу́н ’гарэза, свавольнік’, перм. ’насякомае, якое джаліць’, тул. дыял. ’бізун’ > назвы розных раслін, укр. джигун ’вісус, залётнік’, ’гатунак ежы на квасе’. Ад дзеяслова жыг‑а‑ць ’бліскаць’ з суфіксам ‑ун (як вяртун, кульгун). Іншае тлумачэнне (Лаўчутэ, Baltistica, VI (2), 199) з літ. žygūnas ’веставы, хадок’ выклікае сумненні. Звычайна літ. аддзеяслоўныя назоўнікі на ‑unas, вядомыя літ. мове, а не дыялектам, маюць негатыўную афарбоўку, у дыялектах суфікс ‑unas амаль не выкарыстоўваецца, што дае падставу лічыць многія літ. словы на ‑ūnas слав. запазычаннямі (Атрэмбскі, Gramatyka, II, 208; Мартынаў, Дерив., 38). Апрача таго, сема хуткасці лягчэй тлумачыць развіццё значэння ’няўрымслівасці’, чым значэнне ’хадака, веставога’ (хаця і апошняе не выключаецца), а слова жыгун не стаіць асобна ў бел. мове, а мае шэраг паралелей: жыг, жыга, жэг.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)